Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
Ротмістрава, перасеўшы да брытанца, ціха перакладала таму на вуха бэканне Каланіцкага.
Потым слова перайшло да Сонь-эканамічак, але тут, пабачыўшы, што з гарачым скончана і Снежка прыбірае пустыя талеркі, Соня згадала пра дэсерт.
— Калі ласка, Андрэй Васілевіч, крэм-бруле, — сказала яна праз колькі хвілін, паставіўшы перад дырэктарам сподачак.
— Марозіва? — здзівіўся Лабановіч, разглядаючы жоўтую масу, аздобленую фруктамі ды ягадамі. Увесь вечар кіраўнік школы сядзеў як на шпільках, а на падаваныя стравы глядзеў так падазрона, нібы яму прапануюць з’есці жывога васьмінога.
— Крэм-бруле — традыцыйны дэсерт французскай кухні, які, паводле легенды, прыдумалі ў Трыніці-каледжы Кембрыджа, — зашпарыла як па напісанаму Соня. — Гэта жаўткова-вяршковы ванільны крэм. Але наш кухар прыгатаваў яго з малака. Таму ў ім менш калорый.
Каб яна на ўроках так адказвала...
Перад вячэрай Вася прымусіў дзяўчат прачытаць рэцэпты ўсіх страў, прыцягнуўшы з сабой рассыпаны падручнік па кулінарыі, поўны ўставак, упісак і раздруковак. Каб пры неабходнасці дзяўчаты маглі патлумачыць гасцям, што яны, госці, уласна, ядуць.
— Які кваліфікаваны персанал! — азваўся сівы бізнесмен. — Ды і меню — вышэйшае за любыя чаканні!
Брытанец дадаў штосьці па-англійску.
— Містар Конрад пытаецца, у якой фірмы вы замаўлялі банкет, — пераклаў ягоны кампаньён дырэктару. — Канцэрн «Люцэрна» нядаўна ў Мінску, і яны яшчэ не знайшлі добрай службы кейтэрынгу.
Да Сонінага здзіўлення, Лабановіч, азірнуўшыся на кухню, пачаў няўпэўнена мямліць:
— Ну-у-у, э-э-э, мы карыстаемся паслугамі выключна спецыялістаў з добрым досведам. Але вы ведаеце, бюджэт школы...
— Андрэй Васілевіч хацеў сказаць, што спецнавучанне можа быць розным, — раптам загаварыла Маша Ротмістрава, гледзячы на сівога азіята. Яна паспела вярнуцца на сваё месца побач з Максімам. — Напрыклад, у адным з нашых 11-х класаў вучні праходзяць прафпадрыхтоўку, набываюць розныя працоўныя спецыяльнасці. Гэтыя стравы амаль самастойна прыгатаваў школьнік, без пяці хвілін прафесійны кухар.
Пасля гэтага яна пераключылася на англійскую, перакладаючы свае словы брытанцу. За ёй гаварыць пачаў Максім, таксама па-англійску.
— Максім кажа, што навучанне розным прафесіям: краўчыхі, цесляры, кухары, афіцыянткі — нармальная практыка ў школах, напрыклад, Нямеччыны. I што там зусім не ганебна, а нават прэстыжна засвоіць такую прафесію яшчэ школьнікам, каб з дзявятнаццаці гадоў ісці працаваць. Беларуская сітуацыя, калі ўсе, нават самыя няздольныя вучні, імкнуцца трапіць ва ўніверсітэты, бо гэта дыктуе нам грамадства, на ягоную думку, далёкая ад дасканаласці.
Калі Маша прамаўляла гэта, Максім выразна зірнуў на Сінічку, якая расстаўляла крэм-бруле перад міністэрскімі цётухнамі. Гэтым разам Соня сама заўважыла. Зноў хацеў падкалоць яе! Маўляў, ведай свой узровень, дурніца.
— Ну вось, Францаўна, а вы хацелі скасаваць вытворчую практыку ў сярэдняй школе! — гучна захіхікала адна з чыноўніц, штурхаючы суседку локцем.
— На падпісанне дамовы пра шэфства над вашай школай, Андрэй Васілевіч, я падрыхтаваў жарт, маўляў, мы робім гэта толькі дзеля прыгожых вачэй вашых вучаніц, бо адна з іх так нагадвае мне маю родную ўнучку, — на гэтых словах кампаньён містара Конрада злёгку пакланіўся Лене
Каньковай. — Але, Алах сведка, сапраўдная прычына — той цудоўны стэйк з цяляціны, які мы сёння пакаштавалі.
— I agree, the food was incredible! Could we meet this little chef?*— раптам уключыўся ў размову містар Конрад.
Да свайго здзіўлення, Соня зразумела брытанца без перакладу. Невядома, што на яе напала, але яна з усіх ног кінулася на кухню.
Васілеўскі стаяў пры стале, застаўленым сподачкамі з крэм-бруле. Ён пасыпаў дэсерты цукрам і падпальваў іх запалкамі. Гэтыя сподачкі яшчэ зранку запякла ў вялізнай, фарбаванай шэрай алейнай фарбай духоўцы цётка Тоня. Яе нідзе не было — мусіць, замарылася і пайшла дадому. На твары ейнага сына ззяла мірная ўсмешка чалавека, які завяршыў сваю працу і цяпер насалоджваецца яе плёнам. Побач з ім Галя выкладала на закарамелізаваных ужо дэсертах кветачкі з бананавых скрыдлікаў, журавін і лісткоў мяты.
Падбегшы, Соня схапіла Васю за руку.
— Хадзем! Хутчэй! Цябе клічуць!
He паспеў Вася апамятацца, як яны з Соняй стаялі на выхадзе з кухні. Містар Конрад жвава ўскочыў са свайго крэсла, кінуўшыся да парачкі.
— Nice cook! — выгукнуў ён, паціскаючы хлопцу руку і патрабавальна азіраючыся. Клац! Клац! — заканспіраваная мама Юля не прымусіла кліента доўга пазіраваць перад камерай.
— Пяску? Якога пяску? — занепакоіўся Васілеўскі. — He было там пяску! Скажы яму, гэта французская гарчыца!
— Дурань, ён кажа, што ты выдатна гатуеш! Нават я зразумела! — прашаптала яму на вуха Сінічка.
Потым брытанец хутка залапатаў штосьці, чаго Соня разабраць ужо не здолела. I тут побач з імі вырасла Маша Рот-
* Сапраўды, ежа была неверагоднай! Ці можна пазнаёміцца з гэтым маленькім кухарам? (англ.)
містрава, якая стала перакладаць Васілеўскаму такія выкшталцоныя кампліменты, якіх той не чуў ніколі ў жыцці.
Першай, здаецца, запляскала класная кіраўніца 11 «В». Авацыі доўжыліся амаль хвіліну.
— Сініца, шухер такі, нібы мы з табой не з харчаблока, а з загсу выйшлі, — задаволена сказаў Васілеўскі.
Толькі тут Соня заўважыла, што ўсё яшчэ трымае сябра за руку. Яна тут жа адпусціла яе і крадком зірнула на Максіма. Той не пляскаў, а глядзеў проста перад сабою, гуляючыся дэсертнай лыжачкай.
— Крэм-бруле! — схамянулася дзяўчына і кінулася на кухню...
...Арызона, элегантна абхапіўшы рукой мікрафонную стойку, выводзіла несмяротны хіт «Sometimes»; цётухны з міністэрства танцавалі з настаўнікамі фізікі; ціхмяныя матэматыкі, расхрабрыўшыся, клеілі фанабэрыстых Сонь; CoHi, у сваю чаргу, клеілі Статкевіча, абступіўшы яго з двух бакоў і патрабуючы загадаць жаданне; Ротмістрава балбатала з брытанцам; Лабановіч назвоньваў камусьці праз мабільны; Канькова і Каланіцкі цалаваліся за шырмай. Святочны вечар імкнуўся да свайго лагічнага заканчэння.
ххх
Толькі пераапрануўшыся ў прыбіральні, Соня адчула, што не адчувае ног. У сэнсе, не адчула ног. У сэнсе... Думкі таксама запляталіся. Стома была капітальная. Яна да апошняга мыла посуд, дапамагаючы Васілеўскаму, калі ўсе астатнія разбегліся па дамах. Той яшчэ заставаўся ў кухні, дамываючы бляхі, а яе амаль сілком пагнаў дадому. У пакеце яна несла балеткі, наскрозь мокрую блузку і запырсканую спадніцу. Трэба было хвартух узяць. У чым яна заўтра ў школу пойдзе?.. Можа, хворай прыкінуцца?.. Ці тут ужо мама Юля?..
Як і было дамоўлена, яна за паўгадзіны да выхаду набрала на мабілцы маму Юлю, каб тая па яе прыехала. Але пакуль Соня спусцілася ў вестыбюль, часу прайшло крыху болей за паўгадзіны. Блізілася адзінаццатая вечара.
— Давай хутчэй, a то там цябе кавалер зачакаўся, — сказаў начны вартаўнік, адрываючыся ад крыжаванкі і ківаючы на акно, за якім сыпаў лёгкі сняжок.
— Каго, мяне? — разявіла рот Соня.
— Ну не мяне ж, — рассмяяўся вартаўнік. — Топчацца тут, топчацца. Дарожку ажно вытаптаў — падмятаць не трэба.
Соня выбегла на ганак. Перад прыступкамі каля калоны яна пабачыла высокую постаць Максіма.
— Чаго спазняешся? — буркнуў ён, вымаючы з вушэй слухаўкі ад плэера. — Я тут ужо дзесяць хвілін тырчу. А зараз, калі ты заўважыла, не май месяц!
— Ты?.. А... дзе мама Юля? — толькі і выціснула з сябе Соня.
— Мама вельмі занятая тэрміновай апрацоўкай фотасесіі кактусаў, якія сёння расцвілі ў ейнай спальні, — казаў Максім кіслым голасам, шморгнуўшы пры гэтым носам.
— Праўда? Трэба будзе зірнуць на тыя кактусы, — па-змоўніцку захіхікала Соня.
— Я зараз скапычуся ад холаду. Ты ідзеш дадому ці як?
— Пешкі?!!
— He, знаеш, паедзем у таксо.
— Праз лес?
— А якія яшчэ варыянты?
— Дык позна ж. А раптам маньяк?
— Сінічка, пасля таго, што я сёння бачыў, я табе кампетэнтна заяўляю: ніякі маньяк на цябе не паквапіцца. Хадзем.
Максім заткнуў вушы слухаўкамі, засунуў рукі без пальчатак у кішэні шэрага паліто і пашыбаваў па свежым снезе.
Асуджана ўздыхнуўшы, Соня паспяшалася за Максімам.
XXX
Вася аддзёр бляху так, што бачыў у ёй свой адбітак. Апошні раз пасудзіна выглядала гэтак шыкоўна хіба што ў дзень, калі яе вырабілі. Гэта было адзінае, што заставалася сёння зрабіць, і Вася ніяк не мог спыніцца, нібы яго завялі — і завод усё ніяк не скончыцца.
— Капітан пакідае карабель апошнім, — пачуў ён за спінай.
У дзвярах кухні стаяў Лабановіч.
— Гэта вы пра сябе? — стомлена ўсміхнуўся Васілеўскі.
— Гэта як паглядзець, — усміхнуўся ў адказ дырэктар. — Я табе прынёс сёе-тое, — ён працягнуў хлопцу жаўтаваты аркуш, заляпаны атрамантам.
— Трымай. Заява тваёй маці.
— У мяне рукі мокрыя...
— Ну вось аб яе і вытры... Давучвайся, Аляксей. Вядома ж, давучвайся. Толькі без свавольства.
— Вунь там у шафцы файлік з фактурамі за харчы, — кіўнуў галавой Васілеўскі. — Паклаў, каб не запэцкаліся. Забярыце, калі трэба.
— Дзякуй табе, хлопча. За ўсё дзякуй.
— Калі ласка. Звяртайцеся.
— Частку грошай мне, дарэчы, ужо вярнулі. Ёсць надзея, што справу мы залагодзім.
— Здорава, віншую.
— Ты сам тут зачыніш ці мне застацца?
— Ідзіце. Я сам.
...Пачакаўшы, пакуль дырэктар адыдзецца ад сталоўкі, Вася адкрыў цяжкую фрамугу, пасля чаго запарыў кавы і запаліў першую за дзень цыгарэту. Снег сыпануў у падвальнае акенца, прыемна апякаючы гарачы твар. На дварэ чуваць былі чыесьці імклівыя крокі...
XXX
Як ставіцца да хлопца, які цэлы вечар абзывае цябе прасавальнай дошкай, але пры гэтым чакае на марозе, каб праводзіць дадому? Калі звяртаць увагу не на тое, што кажа мужчына, а на тое, што ён робіць... Так ці іначай, Соня вырашыла перастаць сварыцца са Статкевічам. Яна прыспешыла хаду і, дагнаўшы хлопца каля ўзлеску, кранула яго за рукаво шэрага палітона. Максім абярнуўся і зняў з вуха слухаўку.
— Я хацела сказаць, што ты здорава сёння трымаўся, — пачала Сінічка. — размаўляў з гэтымі бізнесоўцамі на роўных і на такія тэмы... Ведаеш, нават гонар адчуваеш за школу: да нас прыязджае сапраўдны джэнтльмен, такі, як гэты містар Конрад, а мы можам годна сустрэць яго.
— Джэнтльмен, — рассмяяўся Статкевіч. — Як лёгка, выяўляецца, пусціць людзям пыл у вочы, — фанфарон гэты містар Конрад, а не джэнтльмен.