Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
— Ды проста... Гартала даведнік. Матэматыку здаваць не трэба — і на тым дзякуй. Па-англійску я размаўляю кепска — дык хоць навучуся. Але настаўніцай я быць не хачу.
— Дык навошта тады будзеш паступаць? Займаць чужое месца?
— Ну чаму чужое? Паступлю — будзе маё. А так... — Соня задумалася. — Паступаю, бо ўсе паступаюць. Так трэба. Але не факт, што паступлю, — уздыхнула яна і зарылася носам у кубак.
— А я вось увогуле не хачу ва ўніверсітэт. Hi ў які, — сказаў Максім. Соня ўтаропілася ў яго, як у гуманоіда.
— Як гэта — не хочаш? Ты ж можаш паступіць у любы. Увогуле ў любы.
— Менавіта таму не хачу, — панура сказаў хлопец. — I гэта не панты: я праўда не хачу. У мяне няма спартыўнага азарту, бо я загадзя ведаю вынікі тэкстаў. У мяне няма ніякай уцямнай мары. I гэта дзіка прыбівае.
— А як жа Лондан? Школа эканомікі?
— А, гэта мой тата мяне туды ўпарта паступае. Дастаў ужо, — уздыхнуў Максім. — Ты не ўяўляеш, які гэта кашмар, калі баця на цябе цісне.
— А вось і ўяўляю, — амаль пахвалілася Соня. — Мой, думаеш, на мяне не цісне? Ведаеш, што заявіў? Што аплаціць мне вучобу толькі ў наргасе! А ў лінгвістычным — не! I што ім гэты менеджмент даўся? Як мёдам намазана!
— Ха, дык яны ў нас з табой самавукі. Вывучалі эканоміку на калькулятарах у шоп-бусах Варшава — Мінск, калі мы на гаршках сядзелі. I няблага вывучылі, трэба сказаць. Вось мой, скажам. Такую імперыю збудаваць з нуля... Няхай і ў дзевяностыя — тады ўсё іначай было, але ўсё-ткі. Ведаеш, я сваім бацем шчыра захапляюся!
— I я сваім. Яны крутыя!
— Але ў гэтым уся праблема. Ведаеш, адкуль гэтая школа эканомікі выплыла? Тата гадоў пяць таму туды трапіў
на летні семінар для айцішнікаў. На «курсы павышэння кваліфікацыі», як тут сказалі б. Ён там месяц тусаваўся з рознымі знакавымі таварышамі, навязаў кантакты, увайшоў у кібернетычны бамонд. Яму сам Стыў Джобс руку паціснуў. Я вельмі выразна помню, як ён пра гэта мне ўзахлёб расказваў. Але ўсё адно хаўрусуе ён з гэтай усёй элітай на нейкіх птушыных правах. Бо, па сутнасці, як быў савецкім інжынерам, так і застаўся. Я нічога не маю супраць савецкіх інжынераў, яны вельмі пазітыўныя і вынаходлівыя. Але ў таты — сапраўдны комплекс. I вось ён, як жанчына, якая ўсё жыццё марыла быць балерынай, але не выйшла фігурай, прымушае дачку хадзіць у харэаграфічную вучэльню. Хоць той на танцы фіялетава. Можа, яна хоча аўтагоншчыцай зрабіцца. Або матэматыкам.
— Як трапна ты параўноўваеш сябе з дзяўчынкайбалерынкай, — з’едліва пракаментавала Соня, і Максім штурхануў яе ў бок.
— Толькі яшчэ слова! Касцей не збярэш!
Але выйшла гэта ў яго зусім не зласліва, а неяк нават юрліва.
— Дык, значыць, тата хоча, каб ты атрымаў заходнюю адукацыю замест яго? — спыталася Соня.
— Ага. 3 самага дзяцінства прагружае, што я буду там вучыцца, — уздыхнуў Максім. — Спачатку я гэта прымаў як належнае, але чым далей, тым больш мяне накрывала: з чаго раптам? Мне ягоная праца зусім нецікавая.
— Але ж тата Віця не такі звер! Няўжо ён хоча паламаць табе лёс? — засумнявалася Соня.
— Ды не звер, вядома, — адказаў хлопец, адсёрбнуўшы кавы. — Ён мяне кожнага разу, як у нас размова заходзіць, пытаецца: скажы, куды ты хочаш, калі гэта сапраўды сур’ёзна, я не буду пярэчыць. А я не магу. He магу выдумаць, што я хачу стаць доктарам або адвакатам, бо гэта няпраўда. Я не ведаю, кім хачу стаць, я нікім стаць не хачу.
— Дык яшчэ не вечар...
— У тым і бяда, што вечар... У нас у Беларусі дзіўная завядзёнка — выбіраць прафесію ў сямнаццаць гадоў. Лепш бы я тады застаўся ў Лондане... Там, па-першае, вучацца да васямнаццаці, а па-другое, яшчэ пару гадоў ніхто не парыцца, кім быць. I толькі як павучацца крыху — вызначаюць. Або ўвогуле перад універсітэтам едуць па свеце, спасцігаюць жыццё. А тут — я проста абавязаны паступіць у гэтую клятую школу эканомікі, але так неадкладна, нібы гэта сапраўды нейкі наргас і нас суседзі засмяюць, калі я правалюся. Я не разумею: куды спяшаецца тата? У мяне ад выразаў кшталту «згубіць год» вушы вянуць.
— Ты не рады, што вярнуўся ў Беларусь? — запыталася Соня, захлопаўшы вачыма.
— Я не рады, што з’ехаў з Брытаніі.
— Чаму?
— Бо там засталіся сябры, — сумна сказаў Максім. — Яны, праўда, праз год пасля мяне таксама раз’ехаліся, але тады я гэтага не ведаў... Я мог застацца ў Брытаніі ў інтэрнаце, давучыцца і адразу паступіць з іх атэстатам. Але, як ты разумееш, мама была ў шоку ад самой думкі пра гэта. А цяпер — чорце што. Я атрымліваю беларускі атэстат і мушу вяртацца туды як замежны студэнт, хоць вучыўся ў англійскай школе.
— А калі ты давучышся, ты вернешся ў Беларусь?
— Ты разумееш, цяпер са мной тая самая фігня. Цяпер я не хачу з’язджаць з Мінска. Мне паўсюль добра. Але тры гады нада мной вісела татава ідэя фікс, што я мушу вярнуцца ў Лондан. I цалкам імаверна, калі я там буду вучыцца, мне не захочацца з’язджаць і адтуль.
— Там ёсць дзе працаваць?
— У таты застаўся брытанскі офіс. Але ён нязначны. Хутчэй паказны. Фінансавыя справы адбываюцца на Кіпры, а асноўная праца — тут. Я думаю, што тата хоча, каб я з Лондана кіраваў усімі міжнароднымі справамі «Стар сістэмз».
— Ух ты! — акругліла вочы Соня.
— Гэта толькі гучыць крута. На справе я бачыў гэтую кухню... Разумееш, каб нечым кіраваць, мне не трэба вучыцца ва ўніверсітэце. Але брытанская «корачка» патрэбная для сувязей, для пантоў вось, маўляў наш малады дырэктар — выпускнік прэстыжнага ўніверсітэта і бла-бла-бла. Мяне гэта дзіка раздражняе, хоць я і разумею, чаму тата гэта ўсё робіць.
— Iчаму?
— Усё проста, — зноў уздыхнуў Максім. — Ад твайго, здаецца, адмовіліся?..
— Што?.. A — у дзетдоме? Ну, так, — кіўнула Соня.
— To бок твой тата не ведаў, хто ён і адкуль. А мой ведаў, бо яго аднялі дашкалёнкам ад пітушчай маці. У нейкай вялікай вёсцы пад Барысавам. Тата, калі быў ужо дарослы, знайшоў тую вёску. Ён ніколі не расказваў нават нашай маме, што ён там пабачыў, але факт — там быў жасткач. Разумееш, тата выдатна ведае, адкуль ён выйшаў. I для яго паняцце «дынастыя» — святое. Ён вельмі хоча заснаваць дынастыю. 3 усімі гэтымі манаршымі наваротамі. У яго светлых марах ягоныя дзеці — раўнапраўныя фігуранты сусветнай айцішнай «арыстакратыі». Ён рукаўся з Джобсам, дык мая мэта, мусіць, Цукерберг, — прамовіўшы апошняе прозвішча, Максім нервова гігікнуў.
— Твае сябры... Ты вельмі па іх сумуеш? — спачувальна спыталася Соня. Яна згадала фотку: Дэн, украінец, ягоная сястра Ксеня і японскі хлопчык, імя якога яна не запомніла.
Максім паціснуў плячыма.
— Раней вельмі сумаваў. У нас нават група ёсць у пошце, мы пісалі лісты ўчатырох. Гэта пачалося, калі я з’ехаў. Але цяпер абменьваемся мэйламі гады ў рады. На дні народзінаў. О! — падняў ён угару палец. — Трэба мэйл спраўдзіць.
— Але наша школа... Хіба ты там ні з кім не пасябраваў? У цябе ёсць цікавыя аднакласнікі, — асцярожна спытала Соня.
— Ведаеш, не так цяжка зблізіцца з кімсьці. Але калі ведаеш, што ўсё адно давядзецца развітвацца... Я гэтага не разумею. Вось Марк Бергер адразу пасля школы з’едзе да дзядзькі ў Ізраіль. Але ён усё адно завязаў раманчык з аднакласніцай! Гэта несур’ёзна.
— А калі раптам гэта не раманчык, а каханне на ўсё жыццё? — горача запярэчыла Соня. — Можа, яны застануцца разам, нягледзячы ні на што?
— Ну, гэта тэхнічна немагчыма, — саркастычна прамовіў Максім.
— Нейкі ты нерамантычны, — прабурчэла Соня.
— Я ж казаў: не магу трываць усю гэтую ружовую муць.
— А па мне, здорава заводзіць сяброў тут і цяпер, — натхнёна сказала Соня. — Няхай вы развітаецеся... Але ты не страчваеш — ты набываеш. Калі твой аднакласнік з’едзе ў Ізраіль — значыць, цяпер у цябе ёсць сябар у Ізраілі. Памойму, так ты толькі widen your horizons.
— I праўда. Лінгвістычны, Сінічка, па табе плача. 3 гэткім вымаўленнем.
I тут ужо Соня пхнула ў бок Максіма.
— Разумееш, — прамовіў той, крыху памаўчаўшы, — самае цяжкае з гэтым брытанскім паступленнем, што вучыцца ў Англіі халерна дорага. Апроч таго, што трэба плаціць за вучобу, там яшчэ трэба жыць і харчавацца. У таты адзін з самых салідных бізнесаў у краіне, але сваіх грошай не так шмат. За нейкія тры гады яны ўсё спусцяць на мяне. I я нават не асабліва нешта магу зрабіць, бо ў Англіі замежным студэнтам забаронена працаваць больш чым адзін дзень на тыдзень. А калі вучыцца ў тым рэжыме, як хоча тата, пяцігодку за тры гады, то працаваць і не будзе калі. Я буду на бацькоўскім утрыманні. Цалкам ад іх залежны. I ведаючы, колькі бабак у мяне ўбухваюць, буду маральна абавязаны гэта адпрацаваць. Такія справы.
— Але ты такі таленавіты... Я думаю, абавязкова існуюць нейкія стыпендыі, якія ты можаш выйграць, — Соня прыгадала абвесткі пра вучобу за мяжой на сайтах з серыяламі.
— Сколаршыпаў да халеры, — Максім сутаргава правёў рукой па валасах. — Але разумееш... У Полацку на алімпіядзе быў хлопец з Гомельшчыны. Ён каторы год прыязджае, бо займае першае месца ў вобласці, але яшчэ ні разу не браў дыплома на рэспубліцы. I сёлета ён быў як ніколі блізкі — над ім правялі рысу. Быў бы ў яго хоць які дыплом — паступіў бы ён у твой лінгвістычны без іспытаў. I калі ўручалі дыпломы, па ім было відаць, як гэта важна для яго, як ён прагнуў перамагчы. I ў мяне раптам паўстала адчуванне, што я, якому на свой першы дыплом пофіг, займаю ягонае месца. Бо ні ў які лінгвістычны, зразумела, не збіраюся. I калі я выйграю брытанскую стыпендыю, якая на справе больш патрэбная якому-небудзь філіпінскаму хлопчыку з сям’і за рысай беднасці, бо гэта яго адзіная дарога да мары... У мяне зноў будзе адчуванне, што я займаю чужое месца. Хоць, зразумела, гэты гомельскі сам вінаваты, што прайграў алімпіяду, бо быў недастаткова дакладны. Але пачуццё віны нікуды не дзяваецца.
— Карацей, у цябе выбар: абабраць уласнага бацю або абабраць беднага філіпінскага хлопчыка, — дзелавіта падсумавала Соня, і абое засмяяліся.
А потым зноў запанавала ціша. Яны дапівалі каву і глядзелі на чорны экран плоскага тэлевізара. Нічога не хацелася гаварыць.
А што, калі б Максім зараз спытаўся: «Соня, можна я цябе пацалую?» — уявіла сабе Сінічка, але тут жа адагнала прэч гэтую думку. Гэта сапсавала б святасць моманту. Тое, што адбылося, — доўгая, шчырая размова — узрушала больш за любыя пацалункі. Максім аказаўся зусім не цынічным і нават высакародным. Вось што ён хавае пад сваёй непрабівальнай бранёю. Яна будзе даражыць яго прызнаннямі.