• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    — А мы думалі, ты захварэла!
    — 3 днюхай!
    Толькі пачаўся трэці ўрок — гэта была фізра ў 11 «Д». Вельмі дарэчы — Соня праслізнула ў школу праз спартыўную залу, абмінуўшы галоўны ўваход, шатню, вахцёрку, дзяжурных, а магчыма, і дзірыка з завучамі. Прабегшы па зале пад прывітальныя крыкі аднакласнікаў, яна ўвайшла ў дзявочую шатню.
    Форму яна, вядома ж, забыла. Гэта значыць, давядзецца выкручвацца перад фізручкай.
    Яна пабачыла найлепшых сябровак у шатні на лавачцы. Галя ўжо ўлезла ў кеды і спартыўную форму, а Снежка, мусіць, і не думала пераапранацца. Яна ляжала на каленях у Галі і ўсхліпвала. Соня тут жа забылася пра свае праблемы — у Сняжаны яўна здарылася вялікае гора.
    — Што з ёю? — заклапочана спыталася яна ў Галі.
    — Зрабілася ахвярай прагрэсу, — адказала тая.
    — У сэнсе?
    — У сэнсе інтэрнэт — зло... Ну, учора, памятаеш, італьянец? — ціха працягнула Галюня. — Які каля яе круціўся. I калі мы дадому ехалі, яна схлусіла, што едзе да таты начаваць, а сама ў боўлінг вярнулася. Яна ж гэтаму італьянцу зацерла, што ёй дваццаць гадоў. А ён яе на дыскатэку запрасіў. Ну, Снежка пільнасць страціла, спыталася ягонае прозвішча і проста за сталом зафрэндзіла яго ў фэйсбуку.
    — I што?
    — Той яе адразу дадаў... А ў яе ж у профілі дата нараджэння! Я думаю, ён проста вырашыў не звязвацца з малалеткай... I яны з таварышам адышліся ціпа ў прыбіральню і проста звалілі! Снежка там патыкалася, патыкалася, не знайшла яго і дадому паехала... А сёння зранку адчыняе інтэрнэт — а там усё завалена ягонымі фоткамі з той самай дыскатэкі, толькі пазней на пару гадзін. Ён там быў ужо з нейкай іншай дзеўкай. Прыгожай і, трэба думаць, сапраўды дваццацігадовай.
    — Прыгожай? Курыца яна абшчыпаная!!! — выгукнула Снежка і зноў зайшлася ў рыданнях.
    — Ну, Снежка яму адразу месагу ўваліла. Маўляў, як ты мог, навошта табе яна, я лепей... А ён прачухаўся, відаць, пасля гарачай ночкі і такі адказвае, бамбіна, я не разумею, што за прэтэнзіі. Ю а світ гёрл, але знайдзі мяне праз годзік. Чао. А Снежка яму і піша, ай лав ю, дарлінг! Ай міс ю! Так і напісала, Сініца. Я сама бачыла.
    — Што ты разумееш? Я сапраўды яго кахаю-ю-ю! — завыла Снежка.
    — А ён яе ўзяў і заблакаваў. Вось толькі што, на хіміі. Снежка ад нечаканасці прабірку з лакмусам на канспект выліла. Да канца ўрока яшчэ неяк пратрымалася, але цяпер — во, — скончыла Галя справаздачу, сумна кіўнуўшы сабе на каленкі.
    — Што тут адбываецца? Чаму не ў зале? Званок звінеў не для вас? — незадаволена паморшчылася Ала Юр’еўна, зазірнуўшы ў дзявочую шатню.
    — Я зараз іду! — сказала Галя.
    — А ў мяне... нага вельмі баліць! — схлусіла Соня.
    — Так... А ў Кавалёвай што баліць? Я так разумею, душа?
    — Ала Юр’еўна, яе ўчора хлопец кінуў! — заступілася Галя за сяброўку. — Бачыце, у якім яна стане?
    — Анягож, трагедыя... — сказала фізручка з іроніяй. — Нехта са школьных аболтусаў?
    — He... Джава-а-ані! — азвалася Снежка, размазваючы вадкія смаркачы па твары.
    — А божухна, — адказала Ала Юр’еўна. — Знайшла гора. Супакойвайся давай. Забудзеш ты заўтра свайго Джавані, знойдзеш сабе нармальнага нашага Ванюшу і будзеш з ім усё жыццё мучыцца.
    Гэткая вясёлкавая перспектыва выклікала ў Снежкі новы прыступ плачу.
    — Ала Юр’еўна, я з ёй тут пабуду, — сказала Соня. — Бачыце, яе нельга адну пакідаць.
    — Ну што з вамі паробіш, — уздыхнула фізручка. — На наступным уроку адпрацуеце абедзве. Вайтовіч, шыхтавацца давай!
    Галя акуратна пераклала Снежку са сваіх каленак на Соніны і выйшла з шатні.
    Некаторы час Снежка ціха ўсхліпвала, а Соня моўчкі гладзіла яе па галаве, як маленькую. Нарэшце, крыху аціхшы, Снежка прамовіла:
    — Соня... Я такая няшчасная... Гэта так балюча: мець надзею — і раптам яе страціць... Ты сабе не ўяўляеш.
    — I праўда, не ўяўляю, — ціха адказала Соня і горка ўсміхнулася.
    ххх
    Пасля фізры, пазычыўшы ў дзяўчат лішні пакецік, Соня ўвапхнула ў яго куртку ды шапку і пад выглядам спартыўнай формы панесла з сабой на ўрокі. Яна ўздымалася на другі паверх па сходах, што вялі ад сталоўкі і спартыўнай залы на школьную «біржу»...
    На «біржы», на той самай выгоднай банкетцы каля акна, сядзеў Максім і чытаў нешта з «кіндла». Соня спынілася ад нечаканасці, загледзеўшыся на яго скрозь парэнчы. Сонца вызірнула з-за хмар, рассыпаўшы мядзяныя яскаркі па яго каштанавых валасах... Але тут жа згасла, бо краты парэнчаў засланілі фальбонкі клятчастай спадніцы.
    — This is my spot!* — пачула яна гуллівы голас Ротмістравай. — Што ты чытаеш?
    — Адгадай!..
    — А божа ж, я гэта яшчэ ў восьмым класе прачытала. Лямур-тужур пад соусам ранняга хрысціянства!
    — Ага, я вось спрабую зразумець, за што аўтару далі Нобелеўку...
    Соня знайшла ў сабе сілы і працягнула ўздымацца па сходах. Цяпер трэба прайсці праз іх. Што ж, калі яна вырашыла быць моцнай, яна мусіць прыняць і гэта.
    Яна прамінула «біржу» спакойна, ні разу не азірнуўшыся. Магчыма, за ёй у гэты момант цікавалі дзве ўважлівыя пары кплівых вачэй. Але яна з усіх сіл намагалася пераканаць сябе, што ёй няма справы.
    * Гэта маё месца! (англ.)
    У такім стане яна самнамбулічна пасунулася па калідоры і, вядома ж, наляцела на Ніначку. Класная схапіла вучаніцу за локаць.
    — Сінічка, як добра, што я цябе сустрэла! Ты мне патрэбная.
    Быць патрэбнай Ніначцы — у гэтым было штосьці экзатычнае. У русіцы з «дэшкамі» быў падпісаны своеасаблівы пакт пра ненападзенне. Тая, вядома, крычала на іх на ўроках, але ў душу нікому не лезла — і нават класныя гадзіны, а дакладней, класныя пяціхвілінкі ладзіла добра калі раз на месяц. I гэта пры тым, што набліжаўся выпускны і арганізацыйных спраў усё прыбывала. Навошта, калі можна вырашыць усю «цякучку» на ўроку рускай мовы...
    Нічога не разумеючы, Соня слухмяна пайшла з настаўніцай на чацвёрты паверх, у лабаранцкую.
    У цесным пакойчыку без вокнаў, заваленым кнігамі і кардоннымі тэчкамі, яны селі на рыпучыя крэслы абапал хісткага стала. Ніначка дзелавіта пакорпалася ў моднай, але абтрапанай ужо сумцы са штучнай скуры, выцягнула новенькі чырвоны нататнік і разгарнула яго на старонцы, дзе ейным нервовым почыркам сіняй гелевай асадкай было тлуста выведзена: «Соф’я Сінічка». Далей ішлі нейкія пазнакі. Соня вылупіла вочы ад нечаканасці.
    — Соня... — адкашляўшыся, пачала класная. — Ты ведаеш, што мой, так бы мовіць, абавязак — правесці з усімі вамі гутарку наконт вашай будучыні пасля школы. Наконт прафарыентацыі... Дык вось... Ты ўжо вызначылася, куды будзеш паступаць?..
    — Я... Вы толькі не смейцеся, калі ласка, — адказала Соня.
    — Ну, давай, паспрабую.
    — Мне вельмі хацелася б у лінгвістычны. На англійскую мову. Але... — і яна пераказала Ніначцы свае сённяшнія балы за спробнае НЦТ, а таксама размову з татам,
    у выніку якой яна, цалкам імаверна, увосень стане студэнткай наргаса.
    — 3 матэматыкай у цябе не надта, — сказала Ніначка, пастукаўшы пальцам па старонцы нататніка. Соня ўздыхнула.
    — Ведаеш што? Я тут, мусіць, салідарная з тваім бацькам, — працягнула русіца. — У лінгвістычны табе не трэба... Але гэта і не значыць, што табе трэба ў наргас...
    Соня здзіўлена паглядзела на Ніначку.
    — Разумееш, — прамовіла тая, зноў адкашляўшыся, але гэтым разам неяк вінавата, — я за апошнія тры гады, лічы, заваліла ўсю педработу па вашым класе. Занятая была толькі асабістымі праблемамі, а вас пусціла на самацёк... I вось нядаўна я падумала, што гэта непрафесійна і нават непрыгожа з майго боку. Я стала разбірацца, наводзіць парадак у вашых справах... Па-новаму прыглядацца да вас. I ведаеш, наш «Д» клас — ён жа цудоўны! Магчыма, адзнакі ў вас не вельмі, але ў кожнага столькі нечаканых граняў, столькі прыхаваных талентаў... Вось ты, Соня. На вакацыях я зайшла ў школьную бібліятэку, і мне прыйшло да галавы прагледзець вашы абанементы. Соня, я не ведала, што ты столькі чытаеш! Я не магу паверыць, што ты брала «Белую гвардыю» пасля нашай паездкі ў Кіеў! I хоць бы слова сказала пра гэта на ўроку пра Булгакава! Бібліятэкарка цябе вельмі добра ведае, і яна мне сказала, што гэтую дзяўчыну лепей характарызуюць не тыя кнігі, якія яна бярэ, а тыя, якіх не бярэ, бо іх проста няма ў школе! Напрыклад, не так даўно ты пыталася пра Яўгенія Замяціна...
    Соня маўчала, таму што сапраўды не знаходзіла, што сказаць.
    — Ведаеш, я заўсёды чытала твае сачыненні па дыяганалі: была перакананая, што ты іх спісваеш. Але на днях я падняла твае сшыткі за дзясяты клас... — Ніначка так захапілася сваім расследаваннем, што ажно паружавела ад узбуджэння. — Слухай, ты ж сапраўды чытала «Абломава».
    I напісала тое, што думаеш! Няхай стыль у цябе не такі складны і мудрагелісты, як у некаторых надта адораных вучняў, — тут яна падціснула вусны, — але ж там было некалькі вельмі трапных і арыгінальных назіранняў. У цябе аналітычныя схільнасці! — урачыста падсумавала яна. — Далей — болей, — працягнула настаўніца, перавёўшы дух. — Я пагаварыла з Дар’яй Аляксандраўнай. Ты, аказваецца, са студзеня ходзіш на факультатыў па англійскай мове... Яна вельмі цябе хваліла. Казала, што ты вельмі стараешся. I яшчэ яна мне паказала адно тваё эсэ, якое дало мне цудоўную ідэю.
    — Якое маё эсэ? — напружылася Соня.
    — «Мае любімыя пісьменнікі», — адказала Ніначка. — Ты там згадваеш Дыкенса, Тэкерэя і Остэн... I нешта мне падказвае, што гэта ўсё ты сапраўды прачытала...
    Ніначка ўзнялася і, пашнарыўшы рукой на адной з паліц, паклала на стол «Даведнік абітурыента».
    — На філалагічным факультэце ўніверсітэта ёсць спецыяльнасць «англійская мова і літаратура». Я пра яе добра ведаю, бо чатыры гады пражыла ў інтэрнаце з дзяўчынай, якая на тым патоку вучылася. Яна цяпер выкладае на факультэце замежную літаратуру. I ўсе гэтыя Дыкенсы і Тэкерэі ў нас горкамі ў пакоі ляжалі, таму я вельмі добра ўяўляю, пра што кажу... Соня, у лінгвістычным ты вывучыш мову, але гэта хіба што ўсё. А на філфаку табе будзе вельмі цікава вучыцца, там выкладаюць вельмі шмат літаратуры. I там ты дакладна будзеш на сваім месцы. Здаецца, гэта будзе кампраміс для вас з татам.
    Соня маўчала. Яе першай рэакцыяй было абурэнне — якога ляду Ніначка мяшалася ў ейную будучыню? Але тут яна згадала пра знішчаную скрынку з кнігамі Дыкенса, і ў грудзях нешта заварушылася. Ідэя вывучаць англійскую літаратуру падалася ёй не такой ужо кепскай.