• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    — Галоўнае, усе пішуць: пофіг дзе вучыцца, усё адно не адгадаеш. Вось тут адна цётка 40 гадоў, скончыла палітэх, а ўжо дзесяць гадоў працуе... фларыстам у салоне кветак — і ёй па кайфе. Піша, што знайшла сябе. I шкадуе толькі, што паслухалася бацькоў і прамарнавала больш за дзесяць гадоў. А сама ў школе вельмі хацела на гістфак, бо заўсёды цікавілася гісторыяй, і цяпер шмат кніг чытае... Ага, вось тут пагаджаюцца, што адукацыя і прафесія — гэта дзве розныя рэчы...
    — Дык навошта тады вучыцца? -— хмыкнула Галя.
    — Во, тут ёсць адказ: «Паўлінка, 30 гадоў. Нават калі вы замужам за мільянерам і вам ні дня ў жыцці не давядзецца працаваць, варта атрымаць добрую гуманітарную адукацыю хоць бы для таго, каб ваш муж меў вартую жонку а дзеці — разумную, развітую маці».
    — Дарэчы, Соня, а Статкевіч — мільянер?
    Вось пра гэта Соня ніколі не задумвалася. Вядома ж, тата Віця — уладальнік буйной фірмы і шмат зарабляе. У Статкевічаў — вялікі дом, яны маюць усё неабходнае і нават крыху болей. Але ў кішэні да іх яна не зазірала, а багаццем сваім яны не патрасаюць. Усе іх рэчы дарагія і якасныя, але не раскошныя. Максім можа быць як проста заможным, так і вельмі багатым.
    Яна не ведала, ці Максім мільянер. Але безумоўна, калі глядзела ў будучыню, ясна бачыла тое, што будзе ягонаю жонкай.
    I, безумоўна, не дзеля грошай.
    Пра «гуманітарную адукацыю», дарэчы, гэтая Паўлінка добра сказала. Бо, скажам, Соні вельмі хацелася гаварыць па-англійску гэтак жа хораша, як усе ў «лялечным доме». Статкевічы часта ўключалі англамоўныя каналы — і калі там жартавалі, смяяўся нават малы Вадзік. А Соня пачувалася зусім адсталай.
    I калі на зімовых вакацыях настаўніца англійскай мовы арганізавала факультатыў, Соня туды таемна запісалася. Схавала сваю раптоўную прагу ведаў нават ад Галі са Снежкай. Пагатоў групы па інглішы ў дзяўчат былі розныя.
    Адным словам, у трэцяй чвэрці Соня стала цішком зубарыць мову Шэкспіра і «Бітлз». Абклалася слоўнікамі і падручнікамі ды чытала граматыку перад сном, аблеплівала спінку ложка стыкерамі з мудрагелістымі словамі. Спрабавала глядзець анлайн брытанскія фільмы без перакладу. Балазе ў Соні цяпер быў асабісты ноўтбук! Лёгкі, хуткі, прыгожы і новы — няюзаны. Тата падарыў на Новы год. Сказаў ашалелай ад шчасця дачцэ, што нельга вечна збіраць грошы, пара пажыць для сябе.
    Спачатку фільмы зусім не заходзілі. Потым Соня даўмелася тытры падключаць. I нічога так — праз месяц і на слых разбіраць пачала. Усё новыя словы праточваліся ў бедны Сонечкін лексікон. Паводле класіфікацыі Максіма, ёй цяпер было гадоў дзесяць з паловай.
    «Лінгвістычны ўніверсітэт. Факультэт англійскай мовы. Лінгвіст, выкладчык дзвюх замежных моў». Выдраўшы палоску паперы з канспекта па хіміі, Соня паклала ў даведнік закладку.
    XXX
    Сёмага лютага Соніна дылема «кім быць?» увайшла ў крытычную фазу. Сёмага лютага — яна добра запомніла
    дату, бо цэлы ўрок разглядала надпіс на дошцы, зроблены беларусіцай і не сцёрты гісторыкам, — Соня сядзела, як заўсёды, схаваўшыся за Снежкай, і думала. Гісторыя была апошнім урокам у пятніцу ў «Д» класе — але не для яе. У яе яшчэ факультатыў па інглішы, на які настаўніца задала прынесці чарнавік новай тэмы. Каб разам яго праверыць і паправіць.
    I ўсё было б добра, калі б не тэма. «Му Future Profes­sion»*. Гэтыя тры словы Соня напісала на паперцы, двойчы падкрэсліла асадкай, пасля чаго машынальна пачала ўпрыгожваць іх завіткамі ды кветачкамі.
    — He вызначылася — нічога страшнага, — сказала Соні англічанка. — Ты ж не да споведзі рыхтуешся, а да іспыту. Галоўнае — прадэманстраваць моўны ўзровень.
    I праўда. Снежка Кавалёва, падхалімка — а ў іхняй групе гэтае заданне было на мінулым тыдні, — напісала, што хоча быць настаўніцай. Дакладней, з інтэрнэту скатала. «The teacher is a sculptor of a young personality»**. Цьху. I яшчэ цэлая старонка туфты, якой бы яна сама ў жыцці не прыдумала.
    Ці не зрабіць так Соні? Але яна не магла напісаць няпраўды. Яна ўсё прымярала на сябе.
    А можа сапраўды — у лінгвістычны, а потым — настаўніцай англійскай мовы?
    Але Снежка сказала, што настаўніцай — гэта ўвогуле жах, бо ім нічога не плацяць, а маладых цяпер размяркоўваюць у вёскі.
    Быць настаўніцай у вёсцы Соня не хацела.
    Зрэшты, калі б у тую ж вёску паехаў настаўнічаць Максім, гэта было б вельмі рамантычна. Яны б жылі ў простай драўлянай хатцы на ўскрайку сяла, грэліся б каля груб-
    * Мая будучая прафесія (англ.).
    ** Настаўнік — скульптар юнага індывідуума (англ.).
    кі, варылі б на вячэру бульбу ў чыгунку, слухалі б завіруху знадворку і доўга размаўлялі б пра ўсё на свеце... А ўдзячныя бацькі іх вучняў прыносілі б ім сала і гуркі ў слоіках... 3 Максіма б выйшаў выдатны вясковы настаўнік!..
    У нейкі момант Соня заўважыла, што яна зусім не ўяўляе, кім быць, але вельмі добра ведае, з кім.
    Добра гэта ці кепска? У каго б спытацца?
    — Мама Юля, а гэта добра ці кепска, калі, напрыклад... мужчына выбірае прафесію, каб заўсёды быць побач з жонкай? — пацікавілася Соня, калі яны засталіся сам-насам у гасцёўні.
    — Гэта здараецца, — паціснула плячыма мама Юля. — Мусіць, гэта нармальна. Але мне здаецца, мужчыны так ніколі не робяць.
    — Што, зусім ніколі?
    — Ну, тата Віця любіць расказваць, што заснаваў ІТ-кантору, каб даць працу такому шыкоўнаму спецыялісту, як я. Але гэта проста прыгожая байка для застолляў Я ў ягонай кампаніі пісала ўсё што заўгодна, апроч кодаў. Справаздачы, бізнес-планы, плакаты для карпаратываў... А ўвогуле, мне падабаецца працаваць жонкай і мамай. Як у Лондане было: дома муж, на працы муж... Сварыліся мы часта. He ведаю, як мужчыны... Мне здаецца, жанчыны часта выбіраюць прафесію, каб пабыць асобна ад сям’і. Самімі сабою. Дарэчы, хочаш табе маё новае працоўнае месца пакажу? — усхапіўшыся, кабета падляцела да хатняга камп’ютара.
    — Вы на працу выходзіце?
    — Ну, не зусім. Хутчэй на рынак, — і яна з гонарам націснула закладку ў браўзеры. «Фотаблог Юліі Арцёмавай» — высвецілася на маніторы.
    — Я даслала некалькі здымкаў у суполку беларускіх фотамастакоў, і яны дазволілі мне адкрыць профіль на сваім рэсурсе. Пакуль буду змяшчаць тут працы. Каму яны спадабаюцца — могуць замаўляць фотасесіі. А яшчэ тут можна
    прадаваць здымкі медыя. Праўда здорава? A то Вадзік хутка зусім вялікі стане... Увогуле, гэта вельмі цікавы сайт. Давай я табе старонкі тутэйшых зорак пакажу...
    Сузіраючы чорна-белыя фота закінутых заводаў і каляровыя — закінутых вёсак, Соня так і не наважылася спытацца: «Мама Юля, а кім хоча стаць Максім?»
    Паводле афіцыйнай, «татавіцевай», версіі Максім атрымае дыплом за мяжой і ачоліць фірму Стакевічаў. Або адзін з яе філіялаў.
    Але Соня надта добра адчувала людзей, каб зразумець: усё не так проста.
    Кожны раз, калі старэйшы Статкевіч паспяваў да вячэры, ён заводзіў за сталом размову пра Максіма і Лонданскую школу эканомікі. Максім у адказ маўчаў. Часам ён спрабаваў нешта запярэчыць. Тады тата Віця зіркаў на Соню і маму Юлю і казаў сыну: «Хадзем прагуляемся. Ёсць мужчынская размова». Аднойчы, вяртаючыся з крамы, Соня бачыла такую размову здалёк. Сын і бацька стаялі на беразе Цнянкі, зацята жэстыкулюючы.
    У чым Максім сапраўды бачыць сваё пакліканне? Соні конча трэба было ведаць гэта, каб вызначыць, кім быць ёй. Каб усё жыццё ісці з ім поруч.
    Яна паспрабавала спытацца ў хлопца наўпрост і падпільнавала ў калідоры каля пакоя.
    — Максім...
    — Чаго табе яшчэ?
    — Скажы, толькі шчыра: кім ты хочаш быць?
    — Ты ж чула. Я буду вучыцца ў Лондане, а потым працаваць з бацькам.
    — Я не пра гэта спыталася. Я спыталася, кім ты сапраўды хочаш быць.
    — Гэта ўсё, што табе належыць ведаць, — пасля некаторай замінкі прамовіў Максім.
    — Але...
    — Усё. Прэс-канферэнцыя скончаная.
    На іншы вынік не варта было і разлічваць.
    Сонінай цікаўнасці, аднак, было не ўтаймаваць. I гэта зрабілася прычынай таго, што адбылося толькі што, перад гісторыяй, і цяпер рвала Соні сэрца.
    У трэцяй чвэрці Соня адпісалася ад школьных абедаў, толькі зрэдчас забягаючы ў сталоўку па шакаладку ці булачку. Але сёння з самага ранку Вася сеў ёй на галаву. Маўляў, цётка Тоня — ягоная мама — гатуе сваю каронную тварожную запяканку, якую Соня заўсёды вельмі любіла. Са слоў Васі вынікала, што запяканка запякаецца ледзь не выключна дзеля Соні і тая проста мусіць спусціцца на абед.
    I Соня пайшла. Найперш таму, што ўсё яшчэ пачувалася вінаватай перад Васем і не хацела крыўдзіць яго, а пагатоў ягоную маму.
    Запяканку ў школе любіла не адна Соня. Перад раздачай пашыхтавалася галаслівая чарга.
    — Ну, як вам? Праўда шык? — даляцеў да яе раптам ялейны галасок.
    — Ваў! Суперскае адценне.
    Соня ўскінула галаву. Перад ёй у чарзе стаяла Паўзункова ў кампаніі дзвюх «гэшак».
    Гэта былі даставучкі, якіх звалі Соня і Соня. Наша Соня ведала іх з дзіцячага садка і заўсёды завочна не любіла, бо яны самім сваім існаваннем нагадвалі, якое папсовае яна мае імя.
    Пабачанае адпавядала чуткам. Крылова і Віткевіч, замірыўшыся пасля эстафеты, пастанавілі сябраваць супраць Паўзунковай. Канчаткова рассварыўшыся з аднакласніцамі, Паўзункова набрала новую світу падхалімак. I, стусаваўшыся з імі, рэзка гламурызавалася. Цяпер яна падціскала да бока кампактную лакаваную сумку з кракадзілавай скуры. Няшчасны рыдыкюль ажно распірала ад падручнікаў ды сшыткаў, а Соня і Соня з фальшывым захапленнем углядаліся ў паўзункоўскія скулы, падкрэсленыя яркімі румянамі.
    Усе тры паненкі ледзьве трымалі раўнавагу на высачэзных шпільках, якія рабілі рост абедзвюх Сонь блізкім да мадэльнага, а Лізін — амаль баскетбольным.
    — Мама прывезла з Беластока. Каштавала як такі ж аб’ём какаіну, але хіба на такое шкада?
    — Абалдзець. Твой Максік, напэўна, у экстазе!
    — I не кажы! Сёння ўсе ўрокі глядзеў толькі на мяне. Вачэй не адводзіў!
    Соні аж дыхалку заняло ад абурэння. «Твой Максік!» Што за беспардоннасць! Нават Соня мае большае права называць яго «сваім»! А наконт «вачэй не адводзіў» дык увогуле смешна. Цікуючы за «А» класам, Соня добра ведала, што Паўзункова сядзіць на пятай парце, на варыянце Статкевіча, адразу за ім. I бачыць яе на ўроку ён мог бы, толькі скруціўшы шыю на 180 градусаў... Ведаем мы гэтыя фокусы: «Максім, пазыч сцірку... Максім, а які ў цябе адказ у пятым заданні?»