Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
— Ну вось і добра. Заўтра пасля сёмага ўрока вы чацвёра прыходзіце на стадыён у форме для вуліцы. Буду тлумачыць правілы эстафеты...
— Гэта здорава, што Васілеўскі завёўся супраць Статкевіча, — сказала Снежка, калі дзяўчаты рабілі выгляд, што качаюць прэс на матах. — Дзірык пабачыць, як ён актыўнічае, і запіша яму плюсік.
— Ды ладна. Ён бы і так выклікаўся бегчы. Каб падтрымаць Сініцу, — запярэчыла Галя.
— Ой, не думаю. Сініца Сініцай, але Вася не пераносіць дзірыка і ўсяго, з ім звязанага. А эстафету ён сёння абвясціў чарговым дырэктарскім прыбабахам. I вось раптам у бегуны запісваецца. Дзірыка ён, вядома, моцна ненавідзіць, бо той яго пасля восьмага класа хацеў са школы выперці, але з часу як Соня напісала ліст, Статкевіча ён ненавідзіць яшчэ болей. Так што, Соня, ускосна гэта ўсё дзякуючы табе... Гэй, Соня?
— Ты што, не бачыш? Гэта не Соня, гэта вожык у тумане. Яна ж бяжыць з Максі-і-мам!
— He з ім, а супраць яго!
— Якая розніца? Каханне не разбірае.
— А? Што?
— Прачынайся, кажу. Званок праз хвіліну.
ххх
У аўторак пасля вытворчай практыкі Соня сядзела на трыбунах, чакаючы фізручку. Побач уладкавалася Аліна Макей — Соніна таварышка ў няшчасці. Аліна добра бегала кароткія дыстанцыі. Галя і Снежка таксама былі тут: прыйшлі падтрымаць сябровак. Вася і Дубовік насіліся па полі з васьмікласнікамі, ганяючы мяч, — аматары «футбіка» ўжо два дні не вылазілі з новага стадыёна.
Пакрысе збіраліся эстафетныя каманды іншых класаў. Прыйшлі Лена Канькова, Іра Жданок, Ваня Каланіцкі і яшчэ адзін фізік, якога Соня не ведала. «Бэшкі» прывіталі яе, як старую знаёмую. На супрацьлеглым канцы трыбуны тусаваліся «ашкі»: Ліза Паўзункова, Віка Крылова і Марк Бергер — высокі чарнявы хлопец, які займаўся ў валейбольнай секцыі. Максіма нідзе не было. Гледзячы на зыркі ружовы гарнітур старасты «ашак», Соня ўсміхнулася: згадала, як Ротмістрава раскатала тую ў блін па дарозе з Кіева.
— А, слухайце навіны, — схамянулася Галя, калі фізікі адышліся. — Я ж да Машкі хадзіла. Меркі здымаць. Яна мне замовіла спадніцу. Дык вось, у «А» класе — раскол.
— А што, у іх калі-небудзь было святое братэрства? — хмыкнула Снежка.
— He, зусім раскол. Раскол Раскольнікаў. Карацей, калі я правільна зразумела, мама Статкевіча патэлефанавала дзірыку і запатрабавала ад яго крыві Паўзунковай.
Соня кіўнула. Пра тое, чаму Соня заблукала ў Кіеве, маці радасна паведаміў Максім. Хлопец не забыў звязаць паўзункоўскія інтрыгі з вясельным калажыкам, каб лішняга
разу абудзіць у маме Юлі пачуццё віны за зводніцтва. Тая так раззлавалася, што стала шукаць тэлефон Лізавеціных бацькоў, але потым даўмелася патэлефанаваць у школу. Дырэктар уваліў класнаму «ашак», а Ніначку пахваліў, бо тая ў крытычнай сітуацыі не разгубілася, вывезла дзяцей з цэнтра горада на вакзал, пакуль міліцыя не перакрыла метро, і ўрэшце прыдумала, як уратаваць Сінічку. Сёння на літаратуры Ніначка пятнаццаць хвілін расказвала пра Міхаіла Булгакава, яшчэ дваццаць — пра яго выдатны дом-музей, а рэшту часу — пра свой педагагічны гераізм, праяўлены ў Кіеве.
— Дык вось, — працягнула Галя, — дзірык сказаў Іванавічу разабрацца з Паўзунковай. I той пакінуў «ашак» пасля ўрокаў, сказаў, што падманваць няхораша, і замуціў перавыбары старасты.
— Ды ну?
— Ага. Але «электарат» ужо быў як след падрыхтаваны. Паўзункоўская каманда ўзнялася і сказала, што іх усё задавальняе. Потым Віткевіч штурханула спіч пра заслугі правадыра перад нацыяй. Рэшта класа проста прамаўчала. Карацей, засталася Паўзункова пры пасадзе.
— Я не разумею, чаму Ротмістрава не выступіла, — нахмурылася Снежка. — Яна ж Паўзункову ненавідзіць.
— Яна кажа, што стараста — дурная праца і выконваць яе нармальным людзям ляніва, — уставіла шэлег Соня.
— А ты адкуль ведаеш?
Соня нагадала сяброўкам пра сутычку Паўзунковай і Ротмістравай у цягніку.
— Казала ж я табе, Соня... Ротмістрава класная, — прамовіла Снежка, задаволена смеючыся.
— Ну так, — уздыхнула Соня. — Нават не забаялася, што гэтыя гадаўкі могуць зацкаваць яе.
— А чаго ёй баяцца? — паціснула плячыма Галя. — Па-першае, ёй пофіг на клас. У яе ўсе сябры — у клубе «Што? Дзе? Калі?». У школе яна не тусуецца. Машка ж не толькі
Паўзункову не трывае, а ўсіх дзяўчат з «А». Кажа, што палова з іх — завучкі, а другая палова — сцервы. Кажа, у іх толькі хлопцы збольшага нармальныя. Але іх мала. А па-другое, пасля ўчарашняга Паўзунковай не да юру, абы вынесці скуру.
— А што здарылася?
— О-о-о! Яна тут жа, на роўным месцы падставілася! He апраўдала народнага даверу. Пасля перавыбараў Іванавіч выклікаў яе на калідор і сказаў разруліць эстафету. Падліза паляцела на крылах ночы ў спартзалу і даведалася, што трэба скласці каманду ад класа, прычым дзірык ужо асабіста запрасіў Бергера і Статкевіча. I тады яна хуценька ўпісала Крылову і сябе.
— Ты гоніш!
— Прыкінь! Прычым Машка дапускае, што Паўзункова гэта зрабіла з найлепшых памкненняў. «Ашкі» ігнаруюць усё, што можна ігнараваць, і Падліза прызвычаілася кідацца грудзямі на амбразуры і ўсяляк імітаваць сацыяльную актыўнасць. I ніхто б нават не заўважыў ейнай ахвяры на алтар міру і спакою, калі б Статкевіч не пагадзіўся бегчы... Карацей, яе ж сяброўкі закацілі ёй істэрыку, чаму яна не расказала пра эстафету, чаму не запрасіла іншых у каманду, чаму бягуць такія каровы... Енк стаяў на тры паверхі. Асабліва заходзілася Віткевіч, якая фактычна адмазала Паўзункову ад перавыбараў. У выніку Падліза перасварылася з паловай класа, там паходу над ёй самой байкот навісае, так што ёй цяпер не да інтрыг...
Дзяўчаты злацешна захіхікалі. Паўзункова засяроджана махала нагамі на дарожцы, размінаючыся перад бегам. Тоўстай яна не была, але з такой камплекцыяй ёй бы ядро штурхаць, а не кросы бегаць.
— Ты, Галька, не помніш: яна малая, здаецца, мастацкай гімнастыкай займалася? — спыталася Снежка.
— Ага. У цяжкай вагавой катэгорыі, — саркастычна прамовіла Аліна.
Яны б яшчэ доўга перамывалі косці «ашкам», але тут над трыбунамі пачуўся свісток. Соня і Аліна неахвотна ўзняліся са сваіх месцаў. Ала Юр’еўна пачынала інструктаж.
— Як вы думаеце, што самае цяжкае ў эстафеце? -— звярнулася фізручка да купкі школьнікаў, што пасела перад ёй на трыбунах. Калісьці яна прафесійна займалася лёгкай атлетыкай, таму ейныя вочы блішчэлі настальгіяй і фанатызмам.
— М-м-м?
— Самае цяжкае ў эстафеце — правільна перадаць палачку, — урачыста прамовіла Ала Юр’еўна, прадэманстраваўшы доўгі цыліндр чырвонага колеру, які трымала ў руцэ.
Падлеткі недаверліва захмыкалі.
— У мяне таксама ёсць такая палачка! — сказаў Дубовік, але засмяяўся толькі Васілеўскі.
— Вельмі дасціпна, — скрывілася настаўніца.
— «Д» клас дэманструе свой узровень, — пракаментаваў хтосьці з «гэшак».
— Добра, жартаўнік, хадзі сюды і паспрабуй перадаць Васілеўскаму эстафету, — загадала Ала Юр’еўна.
Вася з гатоўнасцю ўстаў на адну з дарожак, а Дубовік, адышоўшыся падалей, разагнаўся з палачкай у руцэ наўпрост на сябрука. Вася павярнуўся да яго тварам, выцягнуўшы наперад руку і заступіўшы сабой усю дарожку. Калі паміж хлопцамі заставалася пяць метраў, Дубовік скеміў, што нешта не так, і пачаў экстранна тармазіць, але цалкам спыніцца не здолеў. Ён з разгону ўрэзаўся ў Васю — і хлопцы паваліліся, як снапы. Палачка, выпаўшы з рукі Дубовіка, пакацілася на футбольнае поле.
Гледачы разрагаталіся.
— Ну што, пераканаліся? — трыумфальна спыталася фізручка. — Пра адзін гэты момант напісаныя цэлыя падручнікі. Існуюць нават матэматычныя формулы, якія дапамагаюць бегунам не згубіць секунд на перадаванні... А вы думалі, толькі вы задачкі ў класах рашаеце? У спорце трэба думаць
галавой... Разбіваемся на пары, разбіраем палачкі. Будзем вучыцца прымаць і перадаваць эстафету... Статкевіч!!!
Соня абярнулася. Максім падыходзіў да іх па беражку стадыёна.
— Ты чаму без формы?!!
— Ала Юр’еўна, я прыйшоў сказаць, што не магу тут заставацца, бо інакш спазнюся на корт.
— Але ў нас таксама занятак!
— Я чытаў правілы эстафеты. Я прабягу ў суботу.
— Мы праходзім важны элемент! Яго трэба адпрацаваць у камандзе!
— Але я сапраўды не магу сёння застацца.
— Максім, ты зараз станеш на дарожку ў пару да Крыловай і будзеш вучыцца разам з усімі!
— He вам загадаваць мне, што і калі рабіць, — нахмурыўся хлопец.
— Што, Статкевіч, зноў засцаў? Баішся, што ўсе пабачаць, які ты слабак завучаны? — злосна выкрыкнуў Вася. — Давай, валі! Сустрэнемся ў суботу, калі ты зліеш мне забег!
— Хочаш сказаць, «Д» клас хоць у чымсьці стане першым? — хмыкнуў Статкевіч. — Вельмі сумняваюся. Усяго добрага, — кіўнуў ён фізручцы і пайшоў да брамкі, якая вяла ў бок казачнага лесу.
Усе дзяўчаты на стадыёне праводзілі яго вачыма.
— I вось як на яго злавацца? — задуменна сказала сабе пад нос Ала Юр’еўна.
ххх
I ўсё-ткі за адну рэч Соня была спорту вельмі ўдзячная. За рэдкія гадзіны, якія магла бавіць з татам.
Амаль усе вечары, выхадныя і святы Пётр Сінічка працаваў у рэстарацыі, бо тады быў самы наплыў кліентаў і трэба было кіраваць працэсам. Адзін кухар не даваў рады з замо-
вамі, афіцыянткі збіваліся з ног, і таму тата разрываўся паміж плітой і касай. Але ў тыя вечары, калі граў «Манчэстар Юнайтэд», ён як штык быў дома да пачатку гульні. Калі Сінічкі жылі ў інтэрнаце, мужчыны збіраліся на футбол па чарзе ў кагосьці з суседзяў, а часам выносілі тэлевізар на калідор — і Соня заўсёды таксама ішла глядзець матч. Часта яна нават не ўздымала вачэй на экран тэлевізара, а ўладкоўвалася ў кутку з кнігай і сачыла хутчэй за татам: як ён гіпнатызуе экран, як перажывае за галы, прапушчаныя «Манчэстарам», і цешыцца забітым. Ёй падабалася, як тата звяртаецца да яе, каментуючы тое, што адбылося на полі. Падабалася, як у перапынку ён абмяркоўвае з ёю імаверны вынік гульні і пераказвае плёткі пра футбалістаў і трэнераў «Манчэстара».
Калі пару гадоў таму тата закупіў вялікія плоскія тэлевізары, каб паказваць футбол наведнікам рэстарацыі, Соня перажывала, што сямейным вечарам надыдзе канец. Але Пётр Сінічка сваёй звычцы глядзець футбол дома не здрадзіў.
Таму, калі, ідучы са школы, Соня атрымала эсэмэску: «Дачушка, рыхтуйся: сёння футбол!» — ейнае сэрца закалацілася ад радасці.