Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
— Вадзік, перастань рабіць урокі на хаду. Зрок сапсуеш!
— Мама, не магу! Я распачаў важныя назіранні. За птушкамі.
Максім хмыкнуў у кулак.
— Сынок, ты ж ракету праектаваць не скончыў. Куды табе яшчэ птушкі?
Юлія Статкевіч як дэмакратычная маці аддала Вадзіка адразу ў два гурткі: юных тэхнікаў і юных натуралістаў. Маўляў, хай асвойтаецца там і там ды вызначыць, што яму больш даспадобы. Вадзік, аднак, выбраць не змог, таму патрабаваў вадзіць яго ў абодва. Хатнія заданні гурткоў ён выконваў з усім фанатызмам, на які быў здольны.
— Дай зірну, што там у цябе, — нахілілася да малога Соня.
Але той зрабіў страшны тварык, пагрозліва выставіўшы локаць. Соня адвярнулася.
Запаркаваліся каля вакзала. Цягнік на Кіеў стартаваў праз дваццаць хвілін. Соня выйшла з машыны, як з камеры смяротніка. Зараз яны ўсёй кампаніяй з’явяцца на пероне...
...На пероне побач з правадніцай стаялі Ніна Віталеўна ды Мікалай Іванавіч — настаўнік біялогіі і класны кіраўнік 11 «А» — са спісамі ў руках. А яшчэ там стаяла Ліза Паўзункова з бацькамі. Пабачыўшы «ашку», Соня чамусьці адчула пах ацэтону.
— На любыя вольныя месцы. Увесь вагон наш, — сказала Ніначка, па сваёй завядзёнцы не павітаўшыся.
Мама Юля абняла Максіма, потым Соню.
— Пакуль, малы, — сказаў Максім Вадзіку, які шмыгаў носам, прыціскаючы да грудзей сшытак. Пасля гэтага хлопец спрытна заскочыў у вагон, нават не падумаўшы дапамагчы Соні. Сяк-так ускараскаўшыся па крутых прыступках, дзяўчына апынулася ў тамбуры, а потым — у вузкім вагонным калідорчыку. Каля тытана яна пабачыла Максіма, які шнарыў рукой у заплечніку.
— Трымай, — увапхнуў ён Соні ў рукі скрутак з канапкамі, банан і яблык. — He размаўляй са мной у цягніку!!!
Ну вось. Прыехалі.
ххх
Толькі ўвайшоўшы ў вагон, Соня зразумела, чаму не хоча на экскурсію. Бо па сутнасці едзе туды зусім адна. Няхай яна і была крыху з імі пасварыўшыся, але ў гэты момант Соня моцна засумавала па Галі і Снежцы. I, як ні дзіўна, па Васю. Хлопец, да якога яна прызвычаілася ставіцца як да блазна, у гісторыі з ацэтонам павёўся па-рыцарску. Гэта яе моцна ўразіла.
Да таго ж Соня ўпершыню ў жыцці ехала ў цягніку. I ўпершыню ў жыцці — за мяжу. Было зусім ніякавата. У 234-й школе чыйсьці бацька быў шышкай на Беларускай чыгунцы, таму вучням з топ-45 прапанавалі цэлы плацкартны Baron у цягніку «Мінск — Кіеў». Квіткоў не было — сядай дзе хочаш. Але лёгка сказаць: месцаў ужо амаль не заставалася. У першую чаргу школьнікі пазабівалі бакавушкі — на іх ужо не было як прыткнуцца, бо месцы для кагосьці «трымалі». Да таго ж панавала цісканіна, бо з некаторымі дзяўчатамі і хлопцамі ў вагон увайшлі бацькі.
У апошнім нязручным плацкарце каля прыбіральні заставалася тры вольныя месцы. Загваздка была ў тым, што на чацвёртым ужо сядзеў Максім.
Соня спынілася, не ведаючы, што рабіць. Статкевіч зірнуў на яе, як памежны аўчар на кантрабандыста.
Дапамога, аднак, прыйшла адкуль не чакалі. Траха не зачапіўшы Соню, на паліцу бухнулася здаровая лакаваная сумка.
— Тут занята! He бачыш? Гэта месцы «А» класа!
У праходзе высілася Ліза Паўзункова з сяброўкамі Вікай і Крысцінай. Апошнія калісьці былі аднакласніцамі Соні, а цяпер вучыліся ў англійскім і ўваходзілі ў паўзункоўскую світу. 3 Соняй яны, натуральна, не павіталіся.
— Ды калі ласка.
Сінічка развярнулася і пайшла назад. Дзе тут месца? Ну мусіць жа быць недзе месца...
Раптам яна ўбачыла адсек, які раней чамусьці прапусціла. У ім завіхалася ўсяго тры дзяўчыны.
— Прывітанне. У вас свабодна?..
I Соня з палёгкай паставіла набіткаваны заплечнік побач з Машай Ротмістравай.
У Сонечнай сістэме 234-й школы Маша Ротмістрава з 11 «А» была планетай зямной групы, бо разам са Статкевічам хадзіла на інгліш. Больш за тое, у гэтай зямной групе Маша Ротмістрава была сама планета Зямля — адзіная, на якой магчымае існаванне разумных істот і ўвогуле — жыцця.
Бо яе яшчэ год таму адзначыў сам Максім Статкевіч, сказаўшы пры сведках: «Ротмістрава — адзіная талковая дзяўчына ў школе».
Гэтая заява сталася сенсацыяй, але ніякіх асаблівых наступстваў не мела. Ротмістрава, магчыма, была адзінай дзяўчынай у школе, не закаханай у Максіма. Ані яўна, ані таемна.
Соня была крыху знаёмая з Ротмістравай — праз сябровак. Як і Паўзункова, тая калісьці вучылася з Галяй і Снежкай у адным класе. Але, у адрозненне ад Лізы-Падлізы, была здольнай вучаніцай і ў спецклас паступіла без усялякіх
рэпетытараў. Магчыма, таму не зафанабэрылася і аднакласніц былых не занядбала. Час ад часу нават тусіла з імі.
Вось толькі Соні чамусьці крыху цуралася.
Ротмістрава была высокай, танклявай і любіла цёмныя доўгія спадніцы, якія ёй шалёна пасавалі. Яна збірала ў хвост доўгія каштанавыя валасы, не насіла ўпрыгожанняў і зусім не карысталася касметыкай. Карацей, была эльфам у царстве троляў.
Ледзьве кіўнуўшы Соні, яна зноў паглыбілася ў кнігу, якую чытала.
Дзве іншыя дзяўчыны выявіліся больш прыветнымі. Гэта былі Лена Канькова ды Іра Жданок з 11 «Б». Абаяльныя паненкі, каля якіх, праходзячы, увесь час затрымліваліся іншыя «бэшкі» — і іх у Кіеў ехала штук дзесяць. Фізікі з адзінаццатай паралелі ўвогуле былі залатымі людзьмі: ад іх бесклапотнага смеху і дасціпных жартаў Соні зрабілася не так непамысна. Да таго ж яны адразу пачалі знаёміцца з Соняй, балбатаць з ёй як нічога-ніякага — у яе сітуацыі гэта было выратаваннем.
Ну і зусім здораўскім было тое, што на заслупаваную таварышам бакавушку насупраць іх паліц перад самым адпраўленнем цягніка засяліўся Ваня Каланіцкі з гітарай.
— Здарова, ясачкі! — павітаўся ён і падміргнуў аднакласніцам.
Карацей, гэта быў угар. Недзе пасля Бабруйска настаўнікі, падбухтораныя роспачнай правадніцай, пачалі хадзіць па вагоне і намаўляць фізікаў класціся, каб хоць крыху паспаць да пашпартнага кантролю.
— Дзяржаўную мяжу, Віялета Максімаўна, мы сустрэнем дэцыбеламі! — заявіў Каланіцкі і ўдарыў па струнах. Пажылая матэматыца — трэцяя суправаджальніца групы — бездапаможна паківала галавою.
Вакол іх плацкарты сабралася ледзь не траціна вагона. Соня шчыра весялілася. Песні, якія ведала, падпявала, якія не ведала — ужо да Гомля вывучыла і падпявала таксама.
— Гэй, можна цішэй? — у праходзе намалявалася Паўзункова. — Нармальныя людзі, між іншага, заснуць спрабуюць.
— «Ліза, не улятай... Ліза, не ішчэзай», — не разгубіўся Каланіцкі. — Спецыяльна для дзяўчыны ў ружовым спартыўным гарнітуры гучыць гэтая калыханка!
I пад радасныя смяшкі грамады праспяваў папсовую песню пра Лізу цалкам.
Ён мог з ходу падабраць любую мелодыю, гэты Каланіцкі.
Толькі пасля таго, як яго праверылі ўкраінскія памежнікі і мытнікі, вагон аціх. Але ненадоўга. Перад восьмай ранку падлеткаў пачала будзіць правадніца, якой, відаць, паспаць зусім не ўдалося. Юныя турысты тут жа падхапіліся, утварылі галаслівыя заторы каля прыбіральняў, сталі запарваць вермішэль і гарбату, расплёскваючы ваду каля тытана.
Раптам нехта закрычаў:
— Дняпро! Дняпро!
Усе папрыліпалі да вокнаў. Цягнік пераязджаў раскошную раку, над якой зіхцелі ў ранішнім сонцы макаўкі прыгажэзных сабораў.
— Лаўра! Лаўра! — замітусіўся вагон, выцягваючы фотаапараты.
...Яны пад’язджалі да вакзала. Ехаць было яшчэ хвілін дзесяць, але хлопцы і дзяўчаты ўжо шыхтаваліся ў праходзе з багажом. Соня таксама паддалася масаваму псіхозу. У адрозненне, напрыклад, ад Ротмістравай, якая спакойна сядзела ў сваім куце з сумкай, заткнуўшы вушы плэерам.
— Выйшаўшы на перон, ніхто не разбягаецца, не разыходзіцца! — надрывалася ўсярэдзіне вагона Ніначка. Мы выгружаемся, робім пераклічку, нас сустракае экскурсавод, і мы арганізавана, я паўтараю, ар-га-ні-за-ва-на ідзём да аўтобуса...
— Сінічка, слухай сюды, — раптам пачула Соня над вухам такі знаёмы ўжо прыцішаны голас.
Соня і не заўважыла, што за ёю стаў Максім. Калі шчыра, яна за вечар і думаць пра яго забыла.
— А як жа «не размаўляй са мной у цягніку?» — з’едліва перапыталася дзяўчына, не абарочваючыся.
— Цішэй ты! Справа ёсць.
— Аўтобус адразу вязе нас на экскурсію. I толькі пасля мы засяляемся ў гас-ці-ні-цу...
— Слухай сюды, Сінічка. На экскурсію я з вамі не пайду і ў гатэлі жыць не буду.
— Ты што, зусім? Мама Юля цябе прыб’е!
— Менавіта. Таму ты будзеш пісаць ёй эсэмэскі, нібы ўсё ў парадку і я з групай.
— Яшчэ чаго! Я не буду ёй хлусіць.
— Навошта хлусіць? Проста ўключы фантазію. Калі ты ёй увогуле ўкамплектаваная. Напрыклад, дазваляю табе напісаць, што мы гуляем па Хрэшчатыку, узяўшыся за ручкі.
Соня сцяла зубы.
— I куды ты намыліўся?
— He твая справа.
— He мая справа? Ды я маме Юлі адразу эсэмэсну, як толькі ты адваліш.
— Ну, эсэмэсні. Але я ў Кіеве, а яна — у Мінску. Ты ж не хочаш маю маму да інфаркту давесці?
— Я ўсё адно не буду яе падманваць!
— Ах так? Ну то слухай, Сінічка. Малы Вадзік — цяжкая артылерыя ў спрактыкаваных руках. Калі ты здасі мяне маці, па вяртанні дадому тваё жыццё ператворыцца ў пекла. Але калі ты зробіш, як я прашу, я, магчыма, згадаю, што я ягоны старэйшы брат, і правяду з ім выхаваўчую гутарку.
— Статкевіч, твой план — фігня. Цябе настаўнік не адпусціць.
— Ужо адпусціў. Я з ім учора дамовіўся. Пакуль вы тут горла дралі.
— Адразу пасля засялення ў нас будзе абед! А потым мы паедзем грамадскім транспартам на пе-ша-ход-ную экскурсію!
— Ну што, мы дамовіліся, Сінічка?.. Маўчанне — знак згоды. Я ведаў, што на цябе можна спадзявацца.
— А цяпер дружна выходзім на перон! I, я нагадваю, ніхто нікуды не адыходзіцца!..
ххх
— Булава або трызуб?
Соня Сінічка закахалася. 3 першага погляду. У Кіеў.
У прынцыпе, закахаць беларускага падлетка ў Кіеў лягчэй лёгкага. Дастаткова яго туды прывезці. Астатняе Кіеў зробіць самастойна.
Гэта былі неверагодныя два дні свабоднага палёту. Усё натхняла Соню ў Кіеве і ўсё было ёй блізка і цікава.
Кіеў адразу падаўся Соні незвычайна жывым. Ужо на вакзале іх сустрэў мітуслівы і рухомы шматлюдны рынак, які расцякаўся ракою па бакавых вуліцах. Навокал было безліч людзей, і ўсё яны нечым былі занятыя, штосьці прадавалі, кудысьці спяшаліся.
Калі ж школьнікі загрузіліся ў аўтобус і экскурсія пачалася, Соню ўразіла, які Кіеў быў вялікі. У сэнсе прапорцый — раскошныя, прадстаўнічыя будынкі ў цэнтры горада, цэрквы, помнікі і сам Дняпро — усё тут было разу ў паўтара, a то і два вышэйшае, шырэйшае і ўнушальнейшае, чым у родным Мінску.