• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    Калі экскурсія скончылася, аўтобус павёз іх у гатэль. Той, здавалася, быў зусім далёка ад цэнтра, але пазней экскурсанты зразумелі, што жывуць за пару крокаў ад станцыі метро. Таму перамяшчацца па горадзе было зручна. Выявілася, што пасля абеду (боршч, катлета па-кіеўску) на пешаходную экскурсію яны паедуць падземкай. Дзяўчаты-«ашкі» пачалі
    незадаволена бурчэць, але кіеўскае метро выявілася дадатковым атракцыёнам. Таксама разу ў паўтара большае за мінскае, але галоўнае — страшэнна глыбокае. А ў адзін момант цягнік выехаў на паверхню — на мост над Дняпром. Гэтага ўвогуле ніхто не чакаў.
    Выйшлі на станцыі «Залатыя вароты». Пешая экскурсія была нават цікавейшай за аўтобусную, бо датычыла старажытнага Кіева. Найбольш Соні запаў у душу Сафійскі сабор. Калі іх правялі ў сціплую з выгляду царкву, усярэдзіне якой, як пад белым каўпаком, мігцелі старажытныя роспісы ды мазаікі незямной прыгажосці, у нашай гераіні перахапіла дых.
    Вось так і з людзьмі. Гледзячы на звычайнага чалавека, можна нават не падазраваць, наколькі ён неверагодны.
    Працягнулася экскурсія на даўжэзнай вуліцы пад назвай Андрэеўскі спуск, над якой царавала велічная Андрэеўская царква.
    — Мы называем гэтую вуліцу «узвіз» — «узвоз». Так што вы, турысты, па ёй спускаецеся, а мы, кіяне, заўжды падымаемся, — жартаваў экскурсавод Раман, стылёва апрануты чарнявы хлопец гадоў дваццаці пяці. — I не дзіва: гэта ж адна з дарог, якая вяла з Падола на Замкавую гару...
    Раман меў фурор у дзяўчат. Усе яны імкнуліся сфоткацца з сімпатычным гідам на фоне кожнага архітэктурнага помніка. Групкамі і індывідуальна. I, здаецца, самому Раману гэта вельмі імпанавала.
    — Перад вамі — Кіева-Магілянская акадэмія. Самы важны архітэктурны здабытак Кіева. Бо гэта — універсітэт, дзе я вучыўся, — абвясціў Раман, калі яны канчаткова спусціліся са спуску. Беларускія дзяўчаты завішчэлі, як на поп-канцэрце, і зладзілі новаму куміру авацыі. Той самазадаволена ўсміхнуўся, бо разлічваў на такую рэакцыю.
    А яшчэ кажуць, што Максім Статкевіч — самазакаханы тыпус, думала Соня. На фоне кіеўскага Рамана ён сама сціпласць.
    Пад вечар, калі пачало цямнець, група пагрузілася на рачны параходзік, які гадзіну катаў яе па Дняпры. Велічная рака з высокімі берагамі, дзе прыгожа дагарала залатая восень... Настрой у Соні быў ускрай лірычны.
    Яе толькі засмучала, што побач не было Максіма.
    Соні чамусьці вельмі хацелася глядзець на ўсю гэтую прыгажосць разам з ім. Няхай ён не размаўляе з ёю пры людзях, але яна магла б бачыць ягоную рэакцыю на ўсё навокал. Тады ёй здавалася б, што яна глядзіць на Кіеў яго вачыма.
    Параходзік прайшоў пад пешаходным мостам — і над імі па канаце, працягнутым з правага высокага берага да вострава пасярэдзіне Дняпра, праляцеў чалавек, прышпілены да каната карабінам.
    — Атракцыён «Рэдкая птушка»! — пажартаваў хтосьці з дарослых, а хлопцы з Сонінай школы тут жа замітусіліся па карабліку, высвятляючы, што гэта за штука такая, колькі гэта каштуе і, галоўнае, як туды трапіць.
    — I думаць забудзьце! — заверашчала Ніначка.
    Добра Максіму, падумала Соня. Ніякай Ніначкі над ім не стаіць, хадзі дзе хочаш, рабі што хочаш... I тут раптам на сэрцы стала неспакойна. Яна ж зусім не ведае, дзе ён і з кім ён. Ці ўсё ў парадку? He, усё мусіць быць у парадку — бо гэта ж Максім, але рознае можа здарыцца, а яна нават не ведае, як з ім звязацца.
    — У «А» класе бракуе Максіма Статкевіча! — абвясціла Паўзункова, калі група пагрузілася ў аўтобус на вакзале. Яна вельмі імкнулася надаць голасу дзелавіта-занепакоены тон, але атрымалася, як заўсёды, — плаксіва і какетліва.
    — Усё ў парадку, — сказаў Мікалай Іванавіч, — я яго адпусціў.
    Калі б Соня мела ўплыў, дастатковы, каб прыдумваць і пашыраць мянушкі настаўнікам, яна б празвала біёлага Амёбай. Бо гэта быў шэры, бляклы чалавек няяснага веку без якіх-кольвек адметных рыс. Без хрыбта і характару, без улас-
    нага погляду на рэчы і, здавалася, без асаблівай ахвоты да чаго-кольвек. Урокі ён вёў ускрай нецікава — здавалася, яму самому не была патрэбная ягоная біялогія. «Д» клас яе часта прагульваў — дастаткова было прыдумаць любую драбязу, каб адпрасіцца, — і біёлаг без пярэчанняў адпускаў з урокаў.
    Зрэшты, біёлаг быў такім нецікавым, што нават мянушкі яму прыдумляць было нецікава. У школе дзеля зручнасці яго называлі проста Іванавіч.
    — Усё ў парадку?!! — не паверыла вушам Ніначка. Яна аж падскочыла на сваім пярэднім сядзенні. — Ты... Вы адпусцілі непаўналетняга гуляць аднаго ў чужым горадзе?! Гэта ж чэпэ!!!
    — Максім правядзе час з сям’ёй кіеўскіх сяброў. Ён вернецца да цягніка. У яго тут будзе тэлефон, мы на сувязі, -— невыразна адказаў Іванавіч.
    Якія яшчэ кіеўскія сябры? Соні стала крыўдна. Яна зусім нічога не ведае пра Максіма.
    — Добра, пад вашу адказнасць, Мікалай Іванавіч, — Ніначка палічыла за разумнае ўтаймавацца, але ўсё яшчэ глытала ротам паветра. — Але дамовімся: ледзь што якое, у турму пойдзеце вы, а не я.
    «Як справы ў нашых вандроўнікаў?» — запіпікала эсэмэска ад мамы Юлі.
    «Усё добра. Катаемся на карабліку па Дняпры», — адпісала Соня.
    Пасля вячэры (боршч, варэнікі) іх адпусцілі пагуляць на Хрэшчатык і Майдан Незалежнасці. Галоўная вуліца Кіева была перакрытая, як заўсёды на выхадных, і на ёй спявалі, танцавалі, агітавалі за палітыкаў, збіралі грошы на дабрачыннасць... Соні было цяжка ўявіць нешта такое ў цэнтры Мінска.
    Дзяўчаты ўвесь час забягалі ў модныя крамы памераць шмотачкі, у той час як хлопцы разглядалі вулічныя латкі з сувенірамі. Ваня Каланіцкі ўсё прыцэньваўся да футболак
    і ўрэшце набыў адну з партрэтам Рэнэ Дэкарта і подпісам: «Дякую тобі, Боже, іцо я не Паскаль». Якую тут жа апрануў, да радасці іншых фізікаў.
    Урэшце тры настаўнікі трыма групкамі канваявалі стомленых школьнікаў да месца начлегу. Соня — разам з Ніначкай — вярнулася сярод самых стойкіх ледзь не апоўначы. Ho­ri гулі, а ўваччу каруселлю круціліся агні вечаровага горада.
    Пасялілі Соню ў трохмясцовы нумар з Ленай і Ірай, што нашу гераіню вельмі ўзрадавала. 3 выгляду дзяўчаты нават нагадвалі ёй Галю і Снежку — толькі без камічных перабольшанняў у аблічнасці. Іра была далікатнай натуральнай бландзінкай, Лена — пякучай брунеткай з усходнімі вачыма. Соня сказала Лене, што ў яе прыгожыя вочы. «Гэта маміны. Мама ў мяне з беларускіх татараў», — патлумачыла дзяўчына.
    Вось толькі Лена з Ірай былі далёка не Галя са Снежкай. Соню яны, вядома, ласкава прынялі да сябе, але ўсё адно пераважна шушукаліся міжсобку. Мусіць, мелі свае сакрэты.
    У нядзелю Ніначка згледзела на Андрэеўскім спуску доммузей Міхаіла Булгакава і раптам прачнулася, што дзецям конча трэба яго наведаць. Бо яны акурат у другой чвэрці праходзяць «Майстра і Маргарыту». Русіца не злезла з Рамана, пакуль той не замовіў ім на панядзелак прагляд музея — за кошт вольнага часу. Таму на другі дзень, пасля Кіева-Пячэрскай лаўры, спехам паабедаўшы (боршч, галушкі), Ніначка зноў павезла школьнікаў на Андрэеўскі спуск. Праўда, ладная частка іх вялікай групы з дадатковай экскурсіі шчасліва саскочыла, але Соня вырашыла далучыцца.
    Па-першае, Ніначка ўсё-ткі яе класная кіраўніца, і яе трэба падтрымаць.
    Па-другое, можна яшчэ раз паглядзець сувеніры.
    Усе рэчы ў музеі былі пафарбаваныя ў белы колер, а ўваход у кватэру Булгакавых меў выгляд старасвецкай шафы. Як у «Хроніках Нарніі».
    — Ці чыталі вы «Белую гвардыю»? — спыталася ў іх натхнёная экскурсаводка тыпу «тургенеўская паненка».
    — Вы што, у нас яе і ў праграме не было ніколі, — адказала за школьнікаў Ніначка.
    — Я чытала, — раўнадушна прамовіла Маша Ротмістрава. Ніначку аж перасмыкнула.
    Цяпер Соня стаяла на Андрэеўскім спуску і засяроджана вызначала, купіць ёй драўляную гетманскую булаву памерам з таўкачык або драўляную ж плашачку з прымацаваным да яе латунным трызубам і надпісам «Украіна». Булава выглядала даволі ўніверсальна і пасавала па стылі да інтэр’ера татавай рэстарацыі «Пан Сцяпан». 3 іншага боку, калі купіць трызуб — то адразу ясна, адкуль падарунак. Учора яна ўжо набыла на Андрэеўскім магніцік для мамы Юлі, завушніцы для Галі і Снежкі ды — на памяць пра паездку — туркусовыя каралі для сябе. Важкія, буйныя пацеркі самі паклаліся ёй у руку, апёкшы восеньскай прахалодай — яна не змагла прайсці міма. А вось падарунак для таты яна не выбрала — адклала на апошні дзень.
    Разважаць не было калі. Хутка трэба было рушыць да станцыі метро «Тэатральная». Адтуль яны ўчора з’язджалі ў гатэль, адтуль сёння ехалі на вакзал — у Соні гэтае месца было пазначана крыжыкам на мапе.
    — Соня, прывітанне, — раптам пачула яна за спінай ялейны галасок. Каля суседняга латка стаялі, трымаючыся за рукі, паўзункоўскія падпявалы Віка Крылова і Крысціна Віткевіч.
    — Прывітанне, — здзіўлена адказала Сінічка.
    — Сувеніры выбіраеш? Мы таксама. Глядзі, што я маме купіла...
    Неяк рэзка яны заўважылі яе існаванне. Якога ляду?
    — Ай, Сонька, што ты куксішся як няродная, — нібы пачуўшы яе нямое пытанне, прамовіла Віка.
    — Проста Паўзункова — яна ў нас з прыбабахам. Зусім са сваёй статуснасцю з’ехала, — хлопаючы вачыма, паскардзілася Крысціна.
    — Ага. Хварэе на «зорачку». У яе паразмаўляць з кімсьці «не з „А“ класа» карона зваліцца. I на нас злуецца, калі што якое.
    — Але мы не такія. Мы не забываем сяброў.
    Соня не магла згадаць, каб Віка і Крысціна калі-кольвек з ёй сябравалі. Але, прынамсі, яны добра да яе ставяцца. Калі, вядома, Паўзункова не бачыць.
    — Вой, добра, што мы цябе сустрэлі! — раптам хлопнула сябе па лбе Крысціна. — Іванавіч з матэматыцай памянялі месца збору.
    Што за навіны?
    — Усё адно ўсе ламануліся ў гэтую частку Кіева, — падхапіла Віка. — Бліжэй сустрэцца ў той жа час, але на «Залатых варотах». Ніначка вам не казала ў музеі?
    He, Ніначка не казала.
    — Ну і балда гэтая Ніначка! Карацей, прыходзь туды. Мы пабеглі. Нам яшчэ біжутэрыю трэба зірнуць.
    I, памахаўшы Соні ручкай, дзяўчаты пашыбавалі па спуску.
    Соня зірнула на мапу. Станцыя метро «Залатыя вароты» была, лічы, побач.
    — Трызуб, калі ласка.
    Расплаціўшыся, яна паволі пасунулася ўверх па спуску.
    ххх
    Соня сядзела на лавачцы каля Залатых варотаў і ела марозіва на тры шарыкі. У яе ружовых марах марозіва ў Кіеве ёй, зразумела, купляў Максім, але раз не склалася, то яна і сама можа зрабіць сабе гэткі падарунак. Адзначыць цудоўнае завяршэнне цудоўнай паездкі.