Acta Anniversaria Том 1

Acta Anniversaria

Том 1
92.73 МБ
Вясной 1806 г. Ганна Мараўская ўзяла Тэафілію з сабою ў кароткае падарожжа да Нясвіжа, дзе і адбылося яе знаёмства з Дамінікам Радзівілам. Князь пасля паўналецця выехаў ад апекуна Адама Казіміра Чартарыйскага з Пулаваў і пасяліўся ў радавой рэзідэнцыі, налажваючы закінутую за 15 год гаспадарку. Дваццацігадовы ардынат, адзіны з галіны роду, быў першай партыяй на Літве і Польшчы і адным з найбагацейшых людзей Еўропы. Для Тэафіліі ён быў проста кузэнам. Тэафілія і Дамінік адразу зразумелі адно аднаго. «Князь страсна любіў коней і конную язду, цэлымі днямі з'язджалі разам дзікія коні, палявалі, стралялі і хутка князь Дамінік закахаўся ў яе па вушы»,  пісаў яго сябра Леон Дэмбоўскі [1, с. 161]. Так пачаўся раман маладога ардыната і графіні Стажэньскай, і з таго часу Тэафілія амаль не выязджала з Нясвіжа. Аднак юрыдычная працэдура яе развода цягнулася два гады, да канца 1808 г. Варта сказаць, што яе першы муж Юзаф Стажэньскі быў паслом на сейме 1830 г., пасля ў часы лістападаўскага паўстання быў арыштаваны і памёр палітычным вязнем у 1831 г. у Варшаве.
Дамінік, нягледзячы на сваё каханне да Тэафіліі, таксама не быў свабодным. Яго звязвалі ранейшыя дамоўленасці, якія цяжка было парушыць. У лютым 1807 г. у Вішняўцы адбыўся шлюб найбагацейшага польскага магната Дамініка Радзівіла з Ізабэлай Мнішхавай. Заключэнню гэтага саюза паспрыяла маршалкова Уршуля Мнішхава, якая як маці ўсё рабіла для сваёй адзінай дачкі Ізабэлы, для рэалізацыі сваіх матрыманіяльных планаў. Аднак праз 14 дзён пасля вяселля Дамінік адаслаў жонку з Нясвіжа да бацькоў. I пачаўся яшчэ адзін развод.
Дамінік і Тэафілія былі разам нягледзячы на тое, што ў абодвух былі сем’і  жонка і муж. Дамінік «схапіў свой лёс», як акрэсліў Міхал Стажэньскі аб'яднанне каханкаў [3, с. 34]. Тэафілія не звяртала ўвагу на радню, агульнапрынятыя правілы добрага тону, шлюбную прысягу, атмасферу скандалаў, якія пачаліся ад сустрэчы з Дамінікам і не адпускалі яе да канца жыцця  яна абрала асабістае шчасце, верыла ў яго і была спакойнай.
23
Ганна Барвенава
Абодва чакалі разводу. Судовыя працэсы цягнуліся каля двух год, былі патрачаны шалёныя грошы на кампенсацыю «маральнай шкоды» (2 млн. злотых Уршулі). Закаханыя вырашылі чакаць развязання жыццёва важных для сябе пытанняў за мяжой і таму паехалі ў Варшаву. Спыніліся ў палацы Радзівілаў, у якім сёння размешчана рэзідэнцыя прэзідэнта Рэспублікі Польшча. Тэафілія і Дамінік, усё больш закаханыя адно ў аднаго, радаваліся свайму шчасцю. Яны мелі блізкае выхаванне, былі аднадумцамі, мелі падобныя характары, аднолькавыя прыхільнасці. Поўны гумару, схільны да жартаў князь і ў гэтым знайшоў у Тэафіліі партнёрку. Іх сябра Францішак Гаеўскі так узгадваў Тэафілію: «Княжна Дамінікава была ў свой час адной з першых львіц усяго свету. Уся варшаўская моладзь была да яе паслут. Бавіліся ў яе цудоўна, збіраліся там усе маладыя людзі з першых сем'яў краю. Кабет княжна не любіла, менавіта такіх, якіх французы акрэсліваюць “des prudes” (ханжы), для іх была бізуном божым», «страляла трапна з пісталета, хадзіла на паляванні..., ездзіла конна як мала які з мужчын, кіравала сама за павады чатырма коньмі, паліла файку2, горача іграла ў карты...» [2, с. 194195]. Пасля Варшавы закаханыя выехалі ў Вену. Ім тэрмінова быў патрэбен развод, паколькі Тэафілія была цяжарнай, а юрыдычная сітуацыя будучых бацькоў так і не вырашылася. Каля Вены ў Грацы 29 лютага 1808 года нарадзіўся іх сын Аляксандр. Летам яны пакінулі сына ў Вене і вярнуліся ў Нясвіж.
5	верасня 1808 г. пасля двух гадоў сыходу ад мужа і чакання разводу Тэафілія стала вольнай (сыну Аляксандру было 7 месяцаў). 15 сакавіка 1809 г. у Нясвіжскім касцёле бенедыктынак адбыўся шлюб Дамініка Радзівіла, ардыната на Нясвіжы і Алыцы, з Тэафіліяй з Мараўскіх. Калі Тэафілія афіцыйна выйшла замуж за Дамініка Радзівіла, яна стала першай дамай на Беларусі. 3 гэтага часу пачалі яе называць «княжна Дамінікава», і кожны ведаў пра каго ідзе размова. За кароткі час Тэафілія стала «вядома прыгажосцю, прозвішчам і багаццем» [4, с. 105].
У канцы 1809 г. Тэафілія і Дамінік паехалі ў падарожжа па Еўропе па маршруце Берлін  Вена  Парыж. У Парыжы 9 снежня 1809 г. нарадзілася іх дачка, якую назвалі Стэфаніяй. Амаль адначасова свет абмяркоўваў яшчэ адну падзею  16 снежня французскі сенат выдаў спецыяльны дэкрэт пра развод імператара Напалеона з Жазэфінай. У Парыжы нашы
2 Файка  люлька (заўв. рэд.)
24
Строй часоў «свабоды, роўнасці, братэрства»
маладажоны тры месяцы пагулялі на калядных і іншых карнавалах і балях, у салонах, у дамах палякаў (у тым ліку хроснай маці Дамініка Гелены Апалоніі з Масальскіх Патоцкай), што жылі ў сталіцы Францыі. Тэафілія ведала Берлін і Вену, а Парыж яна адкрыла для сябе ў самы важны для свайго асабістага жыцця час закаханасці і мацярынства. У сакавіку яны вярнуліся ў Вену, а адтуль Дамінік пісаў «ужо хацеў бы як мага хутчэй прыехаць да Нясвіжа» [3, с. 64].
У маі 1810 г. Дамінік, Тэафілія і маленькая Стэфанія вярнуліся ў родны Нясвіж. Тэафілія мела 19 год, была на вяршыні маладосці і прыгажосці, а 24гадовы Дамінік стаў адказным мужчынам, дбайным гаспадаром. Дзякуючы Дамініку і Тэафіліі наступіў чарговы залаты час Нясвіжа. Каханыя ўпарадкавалі замак, пабудавалі люксавыя стайні (1000 коней сіваяблыкавай масці, 300 арабаў), апекаваліся мануфактурамі, горадам, скамплектавалі свой двор (Ян Нарбут, Станіслаў Чапскі, Ян Лап'ерр, Францішак Гаеўскі і інш., у тым ліку сябры Дамініка па навучанні ў Пулавах). Нават з падарожжа да Парыжа Дамінік клапаціўся пра Нясвіж, пісаў да свайго любімага памочніка Антонія Рагазінскага: «Прашу Васпана, каб мне прысылаў частыя весткі пра маю стайню, статак, людзей», «Знаючы цябе ўпэўнены, што ўсё як найлепей зробіш» [3, с. 6364].
У канцы 1810 г. Напалеон чакаў нараджэння спадчынніка ад аўстрыячкі Марыі Луізы, а час забаў і спакою ў Еўропе сканчаўся. Навісала чарговая вялікая вайна. Менавіта ў гэты момант Дамінік Радзівіл уступіў у армію Княства Варшаўскага. Тэафіліі пагражала адзінота.
Тэафілія Радзівіл была ўнікальнай жанчынай свайго часу не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы. Яна аднолькава камфортна адчувала сябе і за сталом караля, і на паляванні. Яна імгненна ўспрыняла моду часоў Французскай рэвалюцыі, коратка пастрыглася як французскія дамы ў знак салідарнасці з тымі, хто загінуў на гільяціне. Менавіта ў такім строі і з кароткай прычоскай адлюстравана Тэафілія на апісаным партрэце. Узгадаем, што такіх унікальных жанчын, носьбітаў ідэй эпохі, якіх вялікія мастакі адлюстравалі на партрэтах, адзінкі (Мадам Рэкам'е, мастакі Жак Луі Давід, 1800 г. і Франсуа Жэрар, 1802 г.). Файку Тэафілія пачала паліць значна раней, чым Жорж Санд адважылася зрабіць гэта ў Парыжы. Тэафілія была ўзорам, першай дамай салонаў і беларускай амазонкай, кабетай незалежнай, поўнай тэмпераменту, з троху блефуючай свабодай у паводзінах. Яна атрымала ў спадчыну ад сваіх бабулі і бацькі арыгінальнасць, фантазію.
25
Ганна Барвенава
любоў да коней і старальбы, адвагу і запальны тэмперамент. «Агністая, шалёная з дзіцячых гадоў...» [4, с. 105]. Яна ўсёй сваёй сутнасцю і паводзінамі была магнаткаю з блакітнай крывёю, адчувала і даравала свабоду, можа таму да яе цягнуліся людзі, і многія з іх у сваіх лістах, успамінах гавораць пра ўнікальнасць гэтай асобы. Праз гады першы свёкар Тэафіліі Міхал Стажэньскі ў мемуарах напіша, што «яна была бажаством». Гэта толькі часткова тлумачыць трыумфы Тэафіліі і факт, што каля яе ног знаходзіліся нават каранаваныя асобы  малодшы брат Напалеона і кароль Вестфаліі Жэром Банапарт, кароль Прусіі Фрэдэрык Вільгельм, расійскі цар Аляксандр, уладары краін  Артур Патоцкі, вялікі князь Канстанцін.
Даследчыца жыцця Тэафіліі Магдалена Ястжэмбска ў сваёй кнізе «Historia pi^knej kobiety» («Гісторыя прыгожай жанчыны») яскрава акрэслівае асобу княгіні. He прэстыж, прозвішча і грошы былі прычынаю знаходжання Тэафіліі каля Дамініка. Раскоша і магнацкая пышнасць не былі мэтай яе жыцця. Аўтар звяртае ўвагу на той факт, што ў лістах яна падпісвалася заўсёды проста «Тэафілія Радзівілава», ніколі не дадаючы тытул “княгіня”. Гонар і пыха, перавелічэнне і празмернае акцэнтаванне ўвагі на тытул былі ёй не ўласцівыя. Звычайную беларускую шляхту трактавала таксама, як і манархаў, не была пафаснай, пыхлівай і снабістычнай. Княжацкі тытул, які падараваў ёй Дамінік, быў прэзентам, а не самамэтай [3, с. 57]. Разалія Ржэвуская так яе характарызавала: «якая б не была яе неразважлівасць у паводзінах, ніколі тая бедная кабета не была абвінавачана ва ўласных інтарэсах або какецтве» [5, с. 60]. Тэафілія як асоба вельмі багатая, а з часам і вельмі ўплывовая, характарызавалася велізарнай добразычлівасцю, бескарыслівасцю. Кожны, хто да яе звяртаўся, мог спадзявацца на дапамогу. Юзаф Залускі ўзгадвае яе як асобу архідобрую і міласэрную, Францішак Гаеўскі дадае, што была добрая, падатлівая і даступная [3, с. 57]. Пасля вайны на баку Напалеона і страты маёмасці многія беларускія магнаты і шляхціцы былі ўдзячныя ёй за падтрымку і дапамогу ў вяртанні маёнткаў.
Княгіня Тэафілія Радзівіл і яе строй, адлюстраваны на партрэце, вытрыманы ў стылі эпохі, улюбёнай у антычнасць. Гэта адзіны, захаваны да нашага часу, партрэт Тэафіліі. Сёння яго можна ўбачыць у галерэі польскага жывапісу ў кракаўскіх Сукенніцах. Даследчыкі сцвярджаюць, што Юзаф Пешка выканаў яшчэ адну версію партрэта, а можа іх было і некалькі, бо экспанат з Сукенніц адрозніваецца ад рэпрадукцый, змешча
26
Строй часоў «свободы, роўнасці, братэрства»
ных у перадваенных дакументах. Партрэты адрозніваюцца фрызурай або ўкладаннем валасоў, разваротам крылаў арла. Існуе думка, што былі намаляваны мінімум два блізкія па духу партрэты, з якіх адзін шчасліва ацалеў. Партрэты Тэафіліі знаходзіліся ў Нясвіжскім замку, у палацы Вайніловічаў у Савічах [3, с. 61], але лёс гэтых палотнаў невядомы.
Тэафілія Радзівіл была вялікай дамай свайго часу, натуральным носьбітам вялікіх ідэй свабоды, роўнасці, братэрства. Антычны міф пра багіню Гебу, пакладзены ў аснову партрэта, строй і фрызура эпохі Вялікай французскай рэвалюцыі выражалі канцэпцыю чалавека, роўнага багам. Натхнёныя вочы і натуральна складзеныя вусны жанчыны з партрэта дэманструюць розум і радавую ўпэўненасць у сабе. Уласна, такую Тэафілію, якая зведала вялікае каханне, будавала сваё шчасце і праходзіла праз шматлікія выпрабаванні жыцця, разумную, поўную тэмпераменту, адважную прадставіў партрэт мастака Юзафа Пешкі.