Беларускі Гістарычны Зборнік
11
24 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 13, с. 1436, a. 1.
25 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 6, с. 1999, а. 2
26 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 26, с. 100, а. 42.
22 ПСЗ РН, собр. 2, т. 39, № 40582, 40655, 40806, 41035, 41236.
28 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 13, с. 1455, а. 68-84.
29 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 26, с. 100, а. 4.
66
службу добранадзейных рускіх чыноўнікаў з прычыны прадугле-джанага ўрадам абрусення краю і ўвогуле зліцця яго з астатнімі часткамі імперыі”30. 23 ліпеня 1865 г. была выдадзена ўрадавая ін-струкцыя аб продажы казённых маёнткаў31. У ёй было запісана, што для прыцягнення чыноўнікаў „рускага паходжання” ў „Заходнія” губерні і для заахвочвання іх працягваць там службу „патрэбна пра-даваць ім на ільготных умовах дзяржаўныя землі”. Права на такое набыццё зямлі давалася толькі прыехаўшым з унутраных губерняў чыноўнікам паводле прадстаўлення губернскага начальства аб іх „стараннай службе і абсалютнай добранадзейнасці ў палітычных ад-носінах”. Гэтая палітыка хутка пачала даваць свой плён. 3 1863 г. па 1865 г. у Гродзенскай губерні паступілі на службу 818 праваслаў-ных чыноўнікаў, большасць з якіх прыехала сюды з цэнтральных губерняў імперыі32. У 1867 г. віленскі генерал-губернатар наватза-гадаў начальнікам губерняў спыніць выклік чыноўнікаў з унутра-ных губерняў імперыі, бо многія з іх не маглі ўжо ўладкавацца тут на працу. Чыноўнікі мясцовага паходжання каталіцкага веравыз-нання ў большасці былі звольнены са службы. Паводле даных гро-дзенскага губернатара за красавік 1866 г. у яго губерні знаходзіла-ся 186 такіх чыноўнікаў, адстаўленых ад сваіх пасад33. На працягу ўсяго некалькіх гадоў асабовы склад служачых мясцовых дзяржаў-ных устаноў у Беларусі быў кардынальна абноўлены. Каляндар Ві-ленскага генерал-губернатарства за 1868 г. прыводзіць такія лічбы пра канфесійны склад класных чыноўнікаў Гродзенскай губерні: праваслаўных — 496 (75,6%), католікаў — 115 (17,5%), мусульман — 23 (3,5%), пратэстантаў — 21 (3,2%), іншых — I34. Паводле гэта-га календара ў паліцэйскіх, судовых і гарадскіх установах Беластоц-кага, Бельскага і Сакольскага паветаў служылі 63 праваслаўныя чы-ноўнікі, 15 католікаў і 2 мусульман. Аднак трэба заўважыць, што каляндар не ўлічваў ніжэйшых канцылярскіх чыноўнікаў.
Намі былі даследаваны 82 фармулярныя спіскі чыноўнікаў, якія служылі ў паліцэйскіх, судовых і гарадскіх установах Беласточчы-ны ў 1869 г.35 Паводле веравызнання яны падзяляліся: праваслаў-ных — 62, католікаў — 15, мусульман — 3, лютэран — 2. Такім чы-нам, рэлігійны склад чыноўнікаў кардынальна змяніўся ў параўнан-ні з перыядам да паўстання 1863 г. Абсалютную большасць цяпер 30 Там жа, а. 13.
31 ПСЗ РМ, собр. 2, т. 41, № 42328a.
32 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 22, с. 1574, а. 9.
33 НГАБ у Гродне, ф. 1, в. 6, с. 511, а. 1-42.
34 Адрес-календарь Вйленского генерал-губернаторства на 1868 г., Санкт-Пе-тербург 1868.
33 НГАБ у Гродне, ф. 2, в. 37, с. 2305, 2306, 2308.
67
складалі служачыя праваслаўнага веравызнання. Найбольш выраз-на гэта праяўлялася ў паліцэйскіх установах трох паветаў: праваслаў-ных — 40, мусульман — 3, католікаў — 1. Крыху іншая сітуацыя назіралася ў судовых установах. Так, у Бельскім і Беластоцка-Са-кольскім павятовых судах у 1869 г. служылі 27 чыноўнікаў. Паводле веравызнання яны размяркоўваліся: праваслаўныя — 17, католікі — 8, лютэране — 2. Працэнтны паказчык католікаў тут быў значна вышэйшы, чым у паліцэйскіх установах, але яны пераважна займалі канцылярскія пасады. Аднак католік Дыянісі-Юльян Кабылінскі зай-маў нават пасаду судовага засядальніка. Адначасова ён быў і два-ранскім прадвадзіцелем Беластоцкага павета. 3 11 разгледжаных намі чыноўнікаў дваранскіх апек і гарадскіх дум Беласточчыны паводле веравызнання 6 былі католікамі і 5 праваслаўнымі.
Абсалютную большасць кіруючых пасад ува ўсіх павятовых уста-новах займалі чыноўнікі, якія прыехалі ў Беларусь з іншых, пера-важна велікарускіх губерняў у час і пасля паўстання 1863 г. Так, бе-ластоцкім паліцмайстрам быў Парфен Савіцкі, ураджэнец Екаце-рынаслаўскай губерні, які больш за 20 гадоў праслужыў у царскім войску, прыняўшы ўдзел у падаўленні венгерскай рэвалюцыі і паў-стання 1863 г. Беластоцкім павятовым спраўнікам быў штаб-рот-містр Іван Кісялеўскі, патомны дваранін Калужскай губерні, сын генерал-маёра царскай арміі. 3 мясцовых ураджэнцаў у паліцыі най-больш высокую пасаду займаў памочнік бельскага спраўніка ка-лежскі асэсар Вікенці Харламповіч. У судовых установах працэнт мясцовых ураджэнцаў быў вышэйшы. У Бельскім павятовым судзе мясцовыя ўраджэнцы складалі большасць — 11 чалавек з 16. Пры-чым 8 чыноўнікаў усё жыццё служылі ў гэтай установе. А пасаду павятовага суддзі займаў ураджэнец Магілёўскай губерні Сямён Ат-рашкевіч. Сярод 11 канцылярскіх чыноўнікаў дваранскіх апек і га-радскіх дум акрамя аднаго ўсе былі ўраджэнцамі Гродзенскай гу-берні, дзе і служылі ўвесь час.
Змены ў асабовым складзе чыноўніцтва адбіліся і на яго саслоў-най структуры. Паводле саслоўнага паходжання разгледжаныя на-мі чыноўнікі павятовых устаноў трох азначаных паветаў падзяля-ліся: дваране — 38, дзеці обер-афіцэраў — 21, дзеці духавенства — 12, дзеці чыноўнікаў — 4, мяшчане — 2, сяляне — 2, дзеці салдатаў — 1, кантаністы — 1, ганаровыя грамадзяне — 1. У параўнанні з да-нымі за 1857 г. істотна знізілася ўдзельная вага дваранства за кошт павелічэння выхадцаў з так званых „розначынцаў” і духоўнага са-слоўя. Гэта тлумачылася наплывам служачых з цэнтральнай Расіі, сярод якіх пераважалі менавіта „розначынцы” паводле сацыяльна-га паходжання.
68
Землеўладальнікаў сярод разгледжаных чыноўнікаў налічвалася 12 чалавек. Галоўным землеўладальнікам быў беластоцкі спраўнік Кісялеўскі, бацькам якога ў Калужскай губерні належала 4 500 ты-сяч дзесяцін зямлі. Акрамя таго, ён яшчэ купіў у Беластоцкім паве-це 2 612 дзесяцін. Зямельныя валоданні мелі таксама 6 чыноўнікаў судовых устаноў. Сярод іх вылучаўся следчы Беластоцка-Саколь-скага суда Васіль Фрэйганг, маці якога мела ва ўласнасці ў Кіеў-скай губерні 8 736 дзесяцін. У бацькі засядальніка Бельскага суда Лаўрэнція Каўроўскага было ва ўласнасці 400 дзесяцін зямлі ў Чар-нігаўскай губерні. Бацькі канцылярыста Флора Вярцінскага мелі ў Ваўкавыскім павеце 390 дзесяцін. У астатніх уласнікаў зямельныя валоданні былі вельмі дробныя. Сярод мясцовых ураджэнцаў зя-мельную ўласнасць, выключна дробную, мелі 7 чалавек (18,9%).
3 82 павятовых чыноўнікаў 63 атрымалі адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах (76,8%). Розныя ўстановы скончылі 28 па-ліцэйскіх служачых (64%). 3 іх 9 ў гімназіях, 2 — у духоўных семі-нарыях, 1 — у ваенным вучылішчы. Сярод судовых служачых аду-кацыю атрымалі 25 чалавек (92,6%). 3 іх вышэйшую адукацыю ме-лі 5 чалавек, сярэднюю — 10, пачатковую — 10. Паводле ўзроўню адукацыі судовыя чыноўнікі перавышалі паліцэйскіх служачых. Ся-род 11 канцылярыстаў апек і дум мелі адукацыю 10 чалавек, з іх сярэднюю — 7. Адзін канцылярыст скончыў у Санкт-Пецярбургу вучылішча для глуха-нямых.
Усяго сярод разгледжаных намі 82 чыноўнікаў дзяржаўных уста-ноў Беластоцкага, Бельскага Сакольскага паветаў да мясцовых ура-джэнцаў, якія ўвесь час служылі ў Гродзенскай ці суседніх белару-скіх губернях, належала 35 чалавек (45%). Паводле веравызнання чыноўнікі мясцовага паходжання размяркоўваліся: праваслаўных — 22, католікаў 12, мусульман — 3. Саслоўны склад выглядаў на-ступным чынам: дваран — 20, дзяцей обер-афіцэраў — 7, выхадцаў з духоўнага саслоўя — 6, сялян — 2, мяшчан — 1, кантаністаў — 1. Адукацыю ў навучальных установах атрымалі 32 чыноўнікі мяс-цовага паходжання (86,5%). Сярэднюю адукацую мелі 20 чалавек, з іх 10 вучыліся ў Беластоцкай гімназіі. Сярод павятовых вучыліш-чаў найбольш было прадстаўлена Драгічынскае — 6 чалавек. Та-кім чынам паказчык узроўню адукацыі сярод мясцовых чыноўні-каў, дзе служачых з сярэдняй адукацыяй налічвалася 20 чалавек, быў вышэйшы, чым сярод прысланых з цэнтральных губерняў, дзе 14 чалавек мелі сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Гэта можна па-тлумачыць вышэйшым узроўнем развіцця сістэмы сярэдняй і па-чатковай адукацыі ў Гродзенскай губерні і на Беласточчыне ў пры-ватнасці ў параўнанні з уласна расійскімі губернямі.
69
Такім чынам, пасля паўстання 1863 г. кардынальна змяніўся аса-бовы склад служачых дзяржаўнага апарату мясцовых устаноў Бе-ластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў шляхам звальнення мясцовых ураджэнцаў каталіцкага веравызнання і прызначэння на іх месцы чыноўнікаў з унутраных, пераважна велікарасійскіх, гу-берняў імперыі. Хоць веравызнанне служачых у дадзенай сітуацыі фактычна атаясамлялася імперскай уладай з нацыянальнасцю, ад-нак мясцовыя праваслаўныя чыноўнікі не карысталіся поўным да-верам урада. На ўсе самыя адказныя, асабліва з палітычнага пунк-ту гледжання, пасады прызначаліся як правіла прыезджыя чыноў-нікі. Менавіта на апошніх і апіралася царскае самадзяржаўе пры правядзенні сваёй палітыкі ў „Паўночна-Заходніх” губернях у апош-няй трэці XIX — пачатку XX ст.
Да канца XIX ст. істотных зменаў у кадравай палітыцы царска-га ўрада фактычна не адбылося. Аднак улады не маглі запаўняць усе мясцовыя пасады толькі прыезджымі чыноўнікамі і разам з ро-стам бюракратычнага апарату мусілі ўсё ў большай колькасці на-біраць на службу мясцовых ураджэнцаў. Аб гэтым сведчаць і выні-кі перапісу 1897 г. Паводле даных гэтага перапісу 335 чыноўнікаў і ніжэйшых служачых Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага па-ветаў прызналі сваёй роднай мовай расійскую, 161 — беларускую, 132 — польскую, 29 — маларускую36. Гэтыя лічбы сведчылі аб тым, што вельмі значная частка дзяржаўных служачых належала да мяс-цовых ураджэнцаў. Аднак трэба адзначыць, што беларускамоўныя служачыя амаль выключна належалі да вясковых жыхароў. Так, у Беластоку 178 чыноўнікаў прызналі роднай мовай расійскую, 67 — польскую, 6 — беларускую, 4 — маларускую, 9 — іншыя мовы. У той жа час усе 99 служачых Сакольскага павета, за выключэннем Саколкі і астатніх заштатных гарадоў прызнала роднай мовай бе-ларускую. Даныя аб роднай мове дзяржаўных служачых Беласточ-чыны прыведзены ў табліцы 1.
Можна зрабіць выснову, што на беларускай мове размаўляла са-мае ніжэйшае звяно мясцовага дзяржаўнага апарату. Гэтыя людзі нават уласна кажучы не з’яўляліся чыноўнікамі, паколькі не мелі штатных чыноў і звычайна не маглі прэтэндаваць на іх атрыманне.