Геаграфія Беларусі
Дадатак да падручн.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 127с.
Мінск 1993
Да асаблівасцей хімічнага комплексу адносіцца высокі ўзровень вытворчай канцэнтрацыі. Шырока развіта камбінаванне вытворчасці — выпуск на адным прадпрыемстве прадукцыі рознага прызна-
чэння. Дзейнічаюць пераважна буйныя вытворчыя аб’яднанні.
На Магілёўскім аб’яднанні «Хімвалакно» занята каля 20 тыс. чалавек, на салігорскім «Беларуськалій» — 15 тыс. Для прадпрыемстваў характэрна складаная, шматступеньчатая сістэма тэхналагічных працэсаў.
Размяшчэнне галін хімічнай прамысловасці. На прадпрыемствах хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці Беларусі выпускаюцца хімічныя валокны і ніткі, мінеральныя ўгнаенні, пластмасы і пластмасавыя вырабы,.шыны і гумава-тэхнічныя вырабы, лакі і фарбавальнікі, тавары бытавой хіміі.
Вытворчасць сінтэтычных і штучных валокнаў розных відаў і прызначэння (лаўсану, нітрону, капронавых, віскозных, ацэтатных валокнаў і інш.) арганізавана на вытворчых аб’яднаннях «Хімвалакно» ў Магілёве, Светлагорску і Гродне, наваполацкім аб’яднанні «Палімір». Хімічныя валокны і ніткі выкарыстоўваюцца для вырабу тканін, трыкатажных вырабаў, дываноў, штучнага футра. Капронавы і віскозны корд спажываюцца шыннай прамысловасцю (гл. мал. 68 у падручніку). У Полацку дзейнічае буйное вытворчае аб’яднанне «Шкловалакно». Наўрад ці мэтазгодна захоўваць існуючы ўзровень вытворчасці хімічных валокнаў і нітак.
Прамысловасць мінеральных угнаенняў вырабляе калійныя, азотныя, фосфарныя і складаныя ўгнаенні. Прыкладна 4/s агульнага аб’ёму складаюць калійныя ўгнаенні. Іх вытворчасць сканцэнтравана ў Салігорску, на аб’яднанні «Беларуськалій». Наша краіна адносіцца да ліку буйнейшых у свеце вытворцаў калійных угнаенняў. Болын чым на Беларусі, іх выпускаецца толькі ў Канадзе.
Калійныя ўгнаенні карыстаюцца попытам на сусветным рынку. «Беларуськалій» пастаўляе іх на экспарт, за кошт чаго рэслубліка мае валюту. Гэта
адзін бок справы. Другі бок — выключна складаныя экалагічныя абставіны Салігорска. Мільёны тон цвёрдых і паўвадкіх адходаў назапасіліся ў выніку болып чым 30-гадовай работы салігорскіх камбінатаў. Разглядаецца магчымасць і мэтазгоднасць будаўніцтва завода кальцыніраванай соды з выкарыстаннем вытворчых адходаў Салігорска.
Азотныя ўгнаенні выпускаюцца вытворчым аб’яднаннем «Азот» у Гродне (сыравіна — прыродны газ і атмасферны азот), фосфарныя — Гомельскім хімічным заводам (сыравіна — апатытавы канцэнтрат і самародная сера). На гэтым жа прадпрыемстве маецца цэх па вытворчасці складаных угнаенняў.
Вытворчасць шын і гумава-тэхнічных вырабаў сканцэнтравана ў аб’яднанні «Бабруйскшына», на заводах у Барысаве, Бабруйску і Магілёве.
Вытворчасць пластмас (поліэтылену) арганізавана на наваполацкім «Паліміры», пластмасавыя вырабы тэхнічнага і гаспадарчага прызначэння выпускаюцца ў Барысаве, Гомелі, Мінску, Рудзенску. Цэнтрамі лакафарбавай прамысловасці з’яўляюцца Ліда і Мінск, бытавой хіміі — Брэст, Баранавічы, Калінкавічы.
Як станоўчую з’яву можна ацаніць стварэнне прадпрыемстваў па выкарыстанню другаснай хімічнай сыравіны. Так, на станцыі Аульс каля Гродна дзейнічае прадпрыемства па перапрацоўцы палімераў, што выйшлі з ужывання. Яно выпускае плёнку, пластмасавыя трубы, пластмасавыя скрыні, вёдры і іншыя вьірабы з палімераў для сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, гаспадарчага ўжытку.
Хіміка-фармацэўтычная і мікрабіялагічная нрамысловасць. На Беларусі дзейнічае два прадпрыемствы хіміка-фармацэўтычнай прамысловасці: Мінскі завод медыцынскіх прэпаратаў і Барысаўскі хіміка-фармацэўтычны завод. Завяршаецца бу-
даўніцтва завода ў Драгічыне, на якім таксама арганізуецца вытворчасць лекавых прэпаратаў.
Працуе 7 прадпрыемстваў мікрабіялагічнай прамысловасці. Самыя буйныя сярод іх Наваполацкі завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў і Мазырскі завод кармавых дражджэй. Тут кармавы бялок атрымліваюць з вадкіх парафінаў нафтаперапрацоўкі. Многія спецыялісты лічаць немэтазгодным і нават шкодным выкарыстанне такога кармавога бялку ў жывёлагадоўлі. Гэтыя прадпрыемствы выкідваюць у атмасферу рэчывы, шкодныя для здароўя чалавека. Да мікрабіялагічнай прамысловасці адносяцца Бабруйскі і Рэчыцкі гідролізныя заводы, Нясвіжскі завод кармавога біяміцыну.
§ 22. ЛЯСНАЯ, ДРЭВААПРАЦОЎЧАЯ I ЦЭЛЮЛОЗНА-ПАПЯРОВАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Адна са старэйшых галін прамысловасці. Лясная прамысловасць адносіцца да ліку старэйшых галін прамысловай вытворчасці на Беларусі. Яна атрымала значнае развіццё ўжо ў другой палове XIX ст. Гэта абумоўлена багатымі ў той час ляснымі рэсурсамі, спрыяльным геаграфічным становішчам Беларусі, попытам на драўніну і прадукты яе перапрацоўкі на сусветным рынку. 3 Беларусі ў вялікай колькасці вывозіліся лесаматэрыялы. Працавалі шматлікія лесапільныя заводы, узнікла запалкавая і фанерная вытворчасць.
Так, першыя беларускія запалкі выраблены ў 1863 г. У гэтым годзе была ўведзена ў дзеянне запалкавая фабрыка ў мястэчку Уна Аршанскага павета. Сто гадоў назад заснавана Пінская запалкавая фабрыка. У 1900 г. на Беларусі налічвалася 7 запалкавых фабрык, у тым ліку фабрыкі ў Барысаве і Мазыры. Дзейнічалі фанерныя заводы, кардонныя і папяровыя фабрыкі.
Лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўка. Максімальнай велічыні аб’ём лесанарыхтовак дасягаў у 1948— 1950 гг. Гэта пасляваенныя гады, калі для аднаўлення разбураных гарадоў і вёсак, прамысловых прадпрыемстваў вялікай была патрэба ў драўніне як будаўнічым матэрыяле. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў аб’ём нарыхтовак драўніны паменшыўся. Трэба імкнуцца да таго, каб аб’ём нарыхтоўкі драўніны за год не перавышаў велічыні штогадовага прыросту. У такім выпадку не будуць памяншацца запасы драўніны.
Лесанарыхтоўчыя прадпрыемствы маюцца ва ўсіх абласцях. Больш за ўсё іх у межах Віцебскай і Мінскай абласцей, менш за ўсё — у Гродзенскай вобласці. Нарыхтоўкі драўніны вядуцца ў басейнах Заходняй Дзвіны, Бярэзіны, Друці, Пцічы, Прыпяці.
Буйныя цэнтры лесапілення і дрэваапрацоўкі гістарычна склаліся перш за ўсё ў гарадах, размешчаньіх на рэках. Рэкі выкарыстоўваліся для сплаву лесу. Барысаў і Бабруйск на Бярэзіне, Гомель на Сожы, Пінск і Мазыр на Прыпяці вядомы рознымі відамі прадукцыі дрэваапрацоўчай прамысловасці. Тут выпускаюцца піламатэрыялы, фанера, мэбля, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты, у Пінску і Барысаве — запалкі. Рэчыца на Дняпры і Масты на Нёмане — перш за ўсё буйныя цэнтры вытворчасці фанеры. Налічваецца звыш 30 прадпрыемстваў па вытворчасці розных відаў мэблі. Апрача названых гарадоў, яны размешчаны ў Мінску, Віцебску, Баранавічах, Гродне, Магілёве, Івацэвічах.
Цэлюлозна-папяровая прамысловасць. Сярод 13 прадпрыемстваў гэтай галіны самым буйным з’яўляецца Светлагорскі цэлюлозна-папяровы камбінат. На прадпрыемствах цэлюлозна-папяровай прамысловасці выпускаюцца розныя віды паперы і кардону (папера абгортачная, чарцёжная, для сшыткаў,
блакнотаў, пішучых машынак; кардон пераплётны, упаковачны і інш.). Слонімскі кардонна-папяровы завод (цяпер народнае прадпрыемства «Альберцін») выпускае розныя віды паперы і кардону, фоташпалеры, Добрушская папяровая фабрыка — сшыткі, альбомы. Вытворчасць газетнай паперы асвойваецца на Чашніцкай папяровай фабрыцы. Да гэтага часу газетная папера на Беларусі не выпускалася. Да ліку старэйшых прадпрыемстваў адносяцца папяровая фабрыка ў Шклове, кардонная фабрыка ў пасёлку Светлы Бор Пухавіцкага раёна.
На вытворчасці шпалер спецыялізуюцца Мінская шпалерная фабрыка, Гомельскі і Барысаўскі папярова-лесахімічныя заводы.
Папяровыя і кардонныя фабрыкі Беларусі выкарыстоўваюць пераважна прывазную цэлюлозу. Наша краіна завозіць таксама тыя віды паперы і кардону, якія не выпускаюцца на ўласных прадпрыемствах. У той жа час частка прадукцыі цэлюлозна-папяровай прамысловасці вывозіцца за межы Беларусі.
ТРАНСПАРТ. ТЭРЫТАРЫЯЛЬНАЯ СТРУКТУРА ГАСПАДАРКІ
§ 23. ТРАНСПАРТ БЕЛАРУСІ
Паняцце транспартнай сістэмы. На Беларусі атрымалі развіццё розныя віды транспарту: чыгуначны, аўтамабільны, рачны, паветраны і трубаправодны. Кожны від транспарту мае свае асаблівасці. Яны адрозніваюцца хуткасцю руху, манеўранасцю, універсальнасцю ці спецыялізаванасцю і іншымі ўласцівасцямі. Аўтамабільны транспарт выкарыстоўваецца пераважна для перавозкі грузаў і пасажыраў на кароткія адлегласці, паветраны — для перавозкі пасажыраў за межы Беларусі. Тру-
баправодны транспарт з’яўляецца спецыялізаваным і прызначаны для транспарціроўкі нафты і нафтапрадуктаў, прыроднага і спадарожнага нафтавага газу. Значыць, кожны від транспарту выконвае пэўныя функцыі па перавозцы грузаў і пасажыраў.
Разам з тым усе віды транспарту ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і ўтвараюць адзіную транспартную сістэму. Нярэдка ў перавозках прадукцыі ад месца яе вырабу да спажыўца ўдзельнічаюць некалькі відаў транспарту.
Беларусь мае даволі густую сетку шляхоў зносін, што садзейнічае яе гаспадарчаму развіццю. Адзін з паказчыкаў забяспечанасці краіны сухапутнымі шляхамі зносін — гушчыня дарог у разліку на 1000 км2 тэрьіторыі. Па гушчыні чыгунак Беларусь уступае шэрагу еўрапейскіх краін. Гушчыня чыгунак на Беларусі складае каля 27 км, у Літве — 46, Польшчы — 86, Румыніі — 47 км на 1000 км2. Можна параўнаць таксама гушчыню аўтамабільных дарог з цвёрдым пакрыццём: Беларусь — 200 км, Літва — 320, Польіпча — 520, Румынія — 260 км на 1000 км2.
Чыгуначны транспарт. У транспартнай сістэме краіны вядучая роля належыць чыгуначнаму транспарту. Асабліва мае ён вялікае значэнне ў перавозках грузаў і пасажыраў на далёкія адлегласці. Па аб’ёму грузаабароту чыгуначны транспарт значна перавышае астатнія віды. Пераважна па чыгунках ажыццяўляюцца знешнегандлёвыя сувязі з краінамі «бліжэйшага замежжа» — былымі саюзнымі рэспублікамі: Расіяй, Украінай, Літвой, Латвіяй, Эстоніяй, Казахстанам,— а таксама з Польшчай, Германіяй, Аўстрыяй, Чэхаславакіяй, Францыяй і іншымі еўрапейскімі краінамі.
Сетка чыгунак на тэрыторыі Беларусі фарміравалася, пачынаючы з 60—70-х гг. мінулага стагоддзя. Па яе тэрыторыі прайшлі чыгункі, што звя-
залі Маскву і Пецярбург з Варшавай, гарады Украіны і Цэнтральнай Расіі з партамі Прыбалтыкі. Паступова склалася сучасная сетка, якая ўключае чыгуначныя магістралі шыротнага і мерыдыяльнага напрамку, дарогі рэспубліканскага значэння. Высокую інтэнсіўнасць руху грузавых і пасажырскіх паяздоў мае магістраль, што праходзіць праз Оршу — Барысаў — Мінск — Баранавічы — Брэст. Гэта беларускі ўчастак транскантынентальнай еўраазіяцкай магістралі. Па ім ажыццяўляюцца транзітныя перавозкі паміж Расіяй і краінамі Усходняй і Заходняй Еўропы.