Геаграфія Беларусі
Дадатак да падручн.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 127с.
Мінск 1993
дзе Гродзенскай вобласці (Астравецкае землетрасенне). У 1977 г. у час землетрасення ў Карпатах у Мінску і іншых населеных пунктах Беларусі адзначаліся штуршкі сілай у 3—4 балы. У маі 1978 г. сейсмічнай станцыяй Мінск зарэгістравана землетрасенне ў 5—6 балаў у раёне Салігорска.
Геалагічнае летазлічэнне. На падставе вывучэння паслядоўнасці і працягласці падзей у геалагічнай гісторыі Зямлі распрацавана геахраналагічная шкала. У яе аснову пакладзена эвалюцыя арганічнага жыцця на Зямлі. Найбольш працяглыя прамежкі часу ў геалагічнай гісторыі Зямлі называюць эрамі. Гэта — архейская, пратэразойская, палеазойская, мезазойская і кайназойская эры. Палеазойская, мезазойская і кайназойская эры маюць падраздзяленні на перыяды. У геалагічныя эры і перыяды ўтварыліся пэўныя групы і сістэмы горных парод. Узрост горных парод пэўнай тэрыторыі адлюстроўваецца на геалагічных картах.
Геалагічная карта Беларусі паказвае наяўнасць у яе межах горных парод рознага геалагічнага ўзросту. Пароды крышталічнага фундамента ўтварыліся на працягу архейскай і пратэразойскай эр. Геолагі лічаць, што ўзрост гэтых парод дасягае да 2,5 млрд гадоў.
Да пратэразойскай эры адносіцца ўтварэнне ніжніх ярусаў парод платформавага чахла. Аднак у асноўным асадкавыя пароды — гэта адклады палеазойскай, мезазойскай і кайназойскай эр.
Палеазойская эра падзяляецца на 6 перыядаў. Раннепалеазойскія адкладанні (кембрыйскі перыяд) характэрны толькі для Падляска-Брэсцкай упадзіны. Найбольш распаўсюджаны адкладанні дэвонскага перыяду, асабліва ва ўсходняй частцы краіны. Дэвонскія адкладанні — гліны, карбанатныя пароды (даламіты, мергелі), каменныя і калійныя солі. 3 дэвонскімі адкладаннямі звязаны pa-
довішчы нафты. У межах Прыпяцкага прагіну маюцца пароды каменнавугальнага і пермскага перыядаў палеазойскай эры.
Мезазойская эра падзяляецца на трыясавы, юрскі і мелавы перыяды. На большай частцы Беларусі распаўсюджаны юрскія і мелавыя адкладанні: гліны, пясчанікі, вапнякі, мергелі.
Найбольш маладыя ў геалагічных адносінах адкладанні кайназойскай эры: палеагенавага, неагенавага і чацвярцічнага перыядаў (антрапагену). Марскія адкладанні палеагену і кантынентальныя адкладанні неагену распаўсюджаны ў асноўным у паўднёвых раёнах — Прыпяцкім прагіне, Падляска-Брэсцкай упадзіне, на схілах Беларускай антэклізы.
Паўсюдна пароды розных узростаў пакрыты адкладаннямі ледавіковага чацвярцічнага перыяду (антрапагену). Сярэдняя магутнасць чацвярцічных адкладанняў складае каля 90 м, у асобных месцах у цэнтральнай частцы краіны дасягае 300 — 325 м (Атлас БССР, с. 10). У тоўшчы антрапагену выдзяляюць 5 ледавіковых гарызонтаў, падзеленых чатырма міжледавіковымі.
§ 6. ГЛЕБЫ
Глебаўтваральныя фактары. Вы ведаеце, што глеба — гэта паверхневы слой зямной сушы, галоўнай уласцівасцю якога з’яўляецца ўрадлівасць, г. зн. здольндсць забяспечваць расліны пажыўнымі рэчывамі. Працэс утварэння і фарміравання глебы вельмі складаны і працяглы. Асновай гэтага працэсу служыць мацярынская (глебаўтваральная) парода. Пад уздзеяннем паветра, атмасферных ападкаў, сонечнага цяпла, расліннасці і жывёльнага свету, мікраарганізмаў мацярынская парода пераўтвараецца ў глебу. Склад мацярынскай
пароды ў многім вызначае ўласцівасці глебы> яе водны, паветраны і цеплавы рэжым.
На тэрыторыі Беларусі глебаўтваральнымі пародамі служаць розныя асадкавыя адклады антрапагеннага перыяду. На поўначы краіны распаўсюджаны ледавіковыя і азёрна-ледавіковыя суглінкавыя і гліністыя адклады, радзей — пяскі. У цэнтральнай частцы пераважаюць марэнныя гліны, суглінкі і лёсападобныя пароды. На поўдні шырока распаўсюджаны водна-ледавіковыя пяскі і супескі, радзей — пылаватыя суглінкі. Распаўсюджанай глебаўтваральнай пародай з’яўляецца таксама торф.
Такім чынам, мацярынская парода — адзін з глебаўтваральных фактараў. Глебаўтваральны м і фактарамі з’яўляюцца таксама клімат, расліннасць і жывёльны свет, рэльеф мясцовасці, геалагічны ўзрост тэрыторыі. Да ліку глебаўтваральных фактараў трэба аднесці і гаспадарчую дзейнасць чалавека. Яна ўплывае на кірунак глебаўтваральных працэсаў праз апрацоўку глебы, меліярацыю, унясенне ўгнаенняў.
Глебаўтваральныя працэсы. Тыпы глеб. Розныя тыпы глеб фарміруюцца пад уздзеяннем тых ці іншых глебаўтваральных працэсаў. Ва ўмовах Беларусі галоўнымі глебаўтваральнымі працэсамі з’яўляюцца: дзярновы, падзолісты, балотны, заглейванне.
Дзярновы глебаўтваральны працэс прыводзіць да назапашвання гумусу і фарміравання трывалай структуры (дзярніны) у верхнім гарызонце глебы. Ен развіваецца пад травяністай расліннасцю на любых пародах. Расліннасць узбагачае глебу арганічным рэчывам, раскладанне якога ажыццяўляецца пераважна бактэрыямі.
Пры падзолістым глебаўтваральным п р а ц э с е адбываецца разбурэнне глебавых мінералаў пад уздзеяннем мікраарганізмаў, арганічных
кіслот і вымывання лёгкарастваральных злучэнняў з верхніх гарызонтаў глебы. Найбольш актыўна падзолісты працэс працякае пад хваёвымі лясамі з мохавым покрывам ва ўмовах дастатковага і залішняга ўвільгатнення. У гэтым выпадку пад тонкім слоем перагною фарміруецца гарызонт белаватай або белавата-шэрай афарбоўкі, які атрымаў назву падзолістага.
Балотны глебаўтваральны працэс развіваецца ва ўмовах празмернага ўвільгатнення, працяглага застою вільгаці і недахопу кіслароду. Раслінныя рэшткі распадаюцца марудна і няпоўнасцю, адбываецца ўтварэнне і назапашванне торфу. Пры заглейванні ідзе працэс пераўтварэння мінералаў ва ўмовах павышанай вільготнасці без доступу кіслароду. Пры гэтым утвараюцца закісныя злучэнні жалеза. Яны прыдаюць глееваму гарызонту шызы, шаравата-сіні, блакітны ці зялёны колер.
Адбываюцца і іншыя працэсы глебаўтварэння. У выніку ўсіх працэсаў глебаўтварэння ў межах Беларусі сфарміраваліся розныя тыпы глеб: дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-глеевыя, дзярнова-карбанатныя, падзолістыя, тарфяна-балотныя, пойменныя. Усяго выдзяляецца 11 тыпаў глеб, 44 падтыпы, вялікая колькасць родаў, відаў і разнавіднасцей. Пры абагульненым падыходзе можна вылучаць чатыры асноўныя тыпы глеб: дзярнова-падзолістыя, дзярновакарбанатныя, тарфяна-балотныя і пойменныя. Даныя аб распаўсюджанні асноўных тыпаў глеб змешчаны ў табліцы 4 падручніка.
Механічны склад глебы. У табліцы 5 падручніка прыведзены таксама даныя аб размеркаванні глеб па механічнаму складу. Найбольш распаўсюджаны суглінкавыя і супескавыя глебы. Яны складаюць прыкладна 4/5 усёй плошчы ворных зямель Беларусі.
Ад механічнага складу залежыць водны рэжым глебы. Па характару ўвільгатнення адрозніваюць глебы нармальнага ўвільгатнення, перыядычнага пераўвільгатнення, пастаяннага пераўвільгатнення. Нармальна ўвільгатняльныя глебы займаюць 45 % агульнай плошчы, найбольшая ўдзельная вага іх у Гродзенскай вобласці — каля 60 %, найменшая — у Брэсцкай вобласці (23 %). Пастаянна пераўвільготненымі з’яўляюцца тарфяна-балотньія глебы.
Эрозія глебы. Разбурэнне глебы пад уздзеяннем патокаў вады і ветру атрымала назву эрозіі. Ва ўмовах Беларусі больш пашырана водная эрозія глебы. Эразійныя працэсы развіваюцца ў сувязі з расчлянёнасцю рэльефу, адносна вялікай колькасцю ападкаў і іх нераўнамернасцю па сезонах года, лёгкай размывальнасцю глебы. Водная эрозія нярэдка ўзмацняецца ў сувязі з няправільным выкарыстаннем зямель. Ей спрыяюць разворванне глебы ўздоўж схілаў, празмерны выпас жывёлы па схілах лагчын, няправільная пракладка дарог.
Эрозія вядзе да плоскаснага змыву верхняга ўрадлівага слою глебы, пагаршае яе структуру і тым самым зніжае ўрадлівасць глебы. Водная эрозія нярэдка прыводзіць да ўтварэння яроў. Ей падвержаны каля 30 % ворных зямель Беларусі. На поўдні краіны на асушаных тарфяна-балотных і на пясчаных глебах назіраецца ветравая эрозія. Яна адзначаецца на 8 % ворных зямель.
Для папярэджання эрозіі глебы і барацьбы з ёю распрацоўваецца і ажыццяўляецца сістэма проціэразійных мерапрыемстваў. Перш за ўсё неабходна выкананне правіл агратэхнікі пры выкарыстанні сельскагаспадарчых угоддзяў, асабліва зямель на схілах. Да проціэразійных мерапрыемстваў адносяцца і рэгуляванне выпасу жывёлы, снегазатрыманне, унясенне арганічных і мінеральных угнаенняў, лесапасадкі.
§ 7. РАСЛШНАСЦЬ
Фарміраванне і тыпы расліннасці. Расліннасць у межах Беларусі мае даволі вялікі шлях эвалюцыйнага развіцця. На працягу геалагічных эпох адбываўся паступовы пераход ад прасцейшых аднаклетачных арганізмаў да розных відаў вышэйшых раслін. Сучаснае аблічча расліннага покрыва Беларусі сфарміравалася пасля адступлення апошняга ледавіка. Раслінны свет нашай краіны ўключае цяпер звыш 1550 відаў вышэйшых раслін і сотні відаў ніжэйшых раслін — водарасцей, грыбоў, лішайнікаў.
На Беларусі растуць дзесяткі відаў дрэў, кустоў, травяністых раслін, радзімай якіх з'яўляюцца іншыя мясцовасці. Яны былі перанесены сюды чалавекам у розныя перыяды. Такія расліны называюць інтрадукаванымі. У цяперашні час інтрадукцыяй раслін займаюцца батанічныя сады, доследныя станцыі, гадавальнікі. Інтрадукаваны многія віды культурных, лекавых, дэкаратыўных раслін.
На Беларусі асноўнымі тыпамі расліннасці з’яўляюцца: расліннасць лясоў, лугоў, балот і вадаёмаў. Усё гэта натуральная, або дзікарослая расліннасць. Апрача яе, адрозніваюць культурную расліннасць — пасевы на палях, пладовыя сады і ягаднікі, садова-паркавыя насаджэнні, плодагадавальнікі і інш.
Лясы. Натуральнае расліннае покрыва займае амаль 2/3 тэрыторыі краіны. Прыкладна палова гэтай плошчы знаходзіцца пад лясной расліннасцю. Больш за ўсё лясоў на Полацкай, Палескай і Прыдняпроўскай нізінах, менш за ўсё — на Віцебскім і Ваўкавыскім узвышшах, Капыльскай градзе, на ўсходзе Аршана-Магілёўскай раўніны. Пры сярэдняй лясістасці Беларусі ў 32 % па асобных адміністрацыйных раёнах гэты паказчык вагаецца —
ад 11 % у Нясвіжскім і да 68 % у Лельчыцкім (характарыстыка лясоў змешчана ў падручніку).
Лугавая расліннасць. Значныя прасторы на Беларусі заняты лугавой расліннасцю. У далінах рэк размешчаны заліўныя лугі. Яны пашыраны ў поймах Дняпра, Прыпяці, Сожа, Бярэзіны, Нёмана. Для заліўных лугоў характэрна багатая і разнастайная травяністая расліннасць на пойменных глебах.
Найбольш багаты травастой развіваецца ў цэнтральнай частцы поймы. Тут у глебе назапашваецца дастатковая колькасць вільгаці і пажыўных рэчьіваў за кошт веснавой паводкі і наілення. У травастоі пераважаюць злакі, разнатраўе і бабовыя: лісахвост, мятліца, аўсяніца, цімафееўка, сітняк ніцепадобны, панікніца рачная, мышыны гарошак, канюшына, чына лугавая. Бліжэй да ракі і ў паніжаных, залішне ўвільготненых месцах поймы растуць буйныя асокі, чаротніца трыснёгападобная, балотнае разнатраўе. Заліўныя лугі служаць каштоўнымі кармавымі ўгоддзямі, часцей за ўсё выкарыстоўваюцца як сенажаці.