Геаграфія Беларусі Дадатак да падручн.

Геаграфія Беларусі

Дадатак да падручн.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 127с.
Мінск 1993
39.84 МБ
На водападзелах размешчаны сухадольныя лугі. Яны займаюць значна большыя плошчы, чым лугі заліўныя. Узніклі сухадолы пераважна на месцы знішчаных лясоў, увільгатняюцца атмасфернымі ападкамі. Травастоі на сухадольных лугах бядней, нярэдка нізкарослыя, асабліва пры недастатковым увільгатненні. Таксама характэрна злакава-разнатраўная расліннасць з прымессю бабовых. На сухадольных лугах, апрача траў, якія называліся, растуць пахучы каласок, падарожнік, крываўнік, сівец. Вышынёй вылучаюцца сцяблы дрыжніку, званцу, лугавога васілька, грэбніку. Сухадольныя лугі дастатковага ўвільгатнення выкарыстоўваюцца як паша і сенажаці.
Балотная расліннасць. Своеасаблівая раслін-
насць балот, што займаюць таксама вялікія прасторы. Балоты ўтвараюцца ў выніку забалочвання глеб у месцах залішняга ўвільгатнення або пры зарастанні вадаёмаў. Яны могуць быць у далінах рэк, на схілах узвышшаў, на водападзелах.
Па характару мінеральнага жыўлення балоты прынята падзяляць на вярховыя, нізінныя і пераходныя. Вярховыя балоты ўтвараюцца ва ўмовах застойвання паверхневых вод на паніжаных мясцінах водападзелаў. Яны жывяцца за кошт выпадзення атмасферных ападкаў. Вярховыя балоты найбольш пашыраны ў паўночнай частцы Беларусі. Нізінныя балоты жывяцца пераважна грунтавымі водамі, пераходныя — грунтавымі і атмасфернымі водамі. Нізінных балот больш за ўсё на Палескай нізіне.
У залежнасці ад тыпу расліннасці адрозніваюць лясныя, хмызняковыя, травяныя і мохавыя балоты. Тыповыя расліны балот — асака, аер, чарот, трыснёг, рагоз, балотніца, мох-сфагнум, багун, буякі, журавіны; на лясных балотах растуць вольха, бяроза, хвоя, вярба. На вярховых балотах часцей расце лясная і мохавая расліннасць, на нізінных — травяная і хмызняковая.
Расліннасць вадаёмаў. Разнастайную расліннасць маюць вадаёмы — сажалкі, вадасховішчы, азёры, рэкі. Тут своеасаблівыя ўмовы жыцця раслін: некаторыя з іх растуць ва ўзбярэжнай паласе, іншыя свабодна плаваюць на паверхні вады. Характэрны трыснёг, аер, гарлачыкі, азёрны чарот. У вадаёмах са стаячай ці павольнай вадой плаваюць жабнік, балотнік, або вадзяная зорачка, раска, рагаліснік. Шмат відаў водарасцей. Многія водныя расліны з’яўляюцца своеасаблівымі індыкатарамі чысціні вады ў вадаёмах, асобныя з іх здольны выбіральна паглынаць шкодныя рэчывы.
Ахова расліннага свету. Расліннае покрыва як і
іншыя кампаненты прыроднага комплексу знаходзяцца пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння. Змены ў структуры і відавым складзе расліннасці адбываюцца ў выніку вырубкі лясоў, асушэння балот, забруджвання шкоднымі рэчывамі тэрыторыі. Вялізную шкоду наносяць лясныя і тарфяныя пажары. У надзвычай спякотнае лета 1992 г. на Беларусі пажарамі былі ахоплены тысячы гектараў лесу і тарфянікаў.
Дзейнасць чалавека прывяла да таго, што многія віды раслін на тэрыторыі Беларусі апынуліся пад пагрозай поўнага знікнення. Некаторыя віды раслін, якія раней былі распаўсюджанымі, захаваліся толькі ў асобных мясцінах. У 1979 г. была заснавана Чырвоная кніга Беларусі. Яна змяшчае сістэматызаваныя звесткі пра тыя віды раслін і жывёл, што з’яўляюцца рэдкімі або знаходзяцца пад пагрозай знікнення. У Чырвоную кнігу Беларусі занесена 85 відаў раслін. Сярод іх — купальнік горны, вадзяны арэх плаваючы, каменяломнік балотны, сфагнум мяккі, хвошч вялікі, венерын чаравічак, гайнік цёмна-чырвоны.
Асабліва каштоўныя раслінныя згуртаванні і асобныя аб’екты аб’яўлены батанічнымі помнікамі прыроды. Сярод іх старадаўнія паркі, каштоўныя ўчасткі лесу, насаджэнні з рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і інш. Асобныя віды або згуртаванні раслін ахоўваюцца таксама ў батанічных заказніках. Арганізаваны заказнікі лекавых раслін і заказнікі-журавіннікі. Так, у Гожскім батанічным заказніку (каля Гродна) пад аховай знаходзяцца дзікарослыя лекавыя расліны: талакнянка, брусніцы, ядловец, майскі ландыш, чабор, двухдомная крапіва.
§ 8.	ЖЫВЕЛЫіЫ СВЕТ. ЗАПАВЕДНІКІ I ЗАКАЗНІКІ
Агульная характарыстыка. Развіццё жывёльнага свету Беларусі адбывалася на працягу доўгага часу ў цеснай сувязі з фарміраваннем і развіццём іншых прыродных кампанентаў. У пасляледавіковы перыяд відавы склад жывёл паступова набываў сучасныя рысы. Фауна Беларусі ўключае віды жывёл, якія ўзніклі ў розных месцах і ў розныя часы. Пераважаюць віды жывёл, што характэрныя для ўсёй лясной зоны. Аднак сустракаюцца асобныя прадстаўнікі тундры (заяц-бяляк, белая курапатка) і стэпавай зоны (заяц-русак, перапёлка, хамяк звычайны).
Тэрыторю Беларусі насяляюць звыш 70 відаў млекакормячых, 280 відаў птушак, звыш 50 відаў рыб, 20 відаў паўзуноў і земнаводных. Беспазваночных жывёл налічваецца дзесяткі тысяч відаў.
Гаспадарчая дзейнасць чалавека на працягу апошніх стагоддзяў аказала значны ўплыў на развіццё жывёльнага свету і яго відавы склад. Зменшылася плошча лясоў, павялічыліся плошчы пад ворнымі землямі, дарогамі, забудовай. Змянілася прыроднае асяроддзе жыцця пэўных відаў жывёл. У мінулыя часы вадзіліся тур, лясны тарпан, собаль, расамаха, стрэпет, драфа. Разам з тым на працягу апошніх дзесяцігоддзяў акліматызаваны некаторыя новыя віды паляўніча-прамысловых жывёл: андатра, янотападобны сабака, амерыканская норка.
Жывёльны свет лясоў. Багаццем і разнастайнасцю вылучаецца жывёльны свет лясоў, у першую чаргу змешаных і шыракалістых. Травяное покрыва, лісце і галінкі дрэў, насенне, жалуды, лясныя арэхі і ягады, грыбы, насякомыя і іх лічынкі, чэрві служаць ежай для многіх млекакормячых і птушак.
Звычайнымі насельнікамі беларускіх лясоў з’яўляюцца лось, казуля, заяц, вавёрка, у многіх месцах — высакародны алень. У забалочаных месцах і паблізу вадаёмаў жывуць дзікі. 3 драпежных звяроў у лясах часцей сустракаюцца лясныя куніцы, лісіцы, ваўкі, ласкі, значна радзей — барсук, буры мядзведзь, рысь, гарнастай.
У змешаных і хваёвых лясах, часцей на ўзлеску, жывуць насякомаедныя жывёлы: вожык, крот, буразубка. Шматлікія мышападобныя грызуны. У шыракалістых і змешаных лясах паўднёвай і паўднёвазаходняй частак Беларусі трапляюцца соня лясная і соня вялікая — грызуны, знешне падобныя на вавёрку. Сярод лясных птушак — баравая дзічына, насякомаедныя, драпежныя птушкі. Некаторыя з іх з’яўляюцца аселымі, большасць жа — пералётнымі. 3 прадстаўнікоў баравой дзічыны найбольш пашыраны рабчык. Ен сустракаецца ва ўсіх тыпах лесу з добра развітым падлескам. Радзей сустракаецца глушэц. Ен водзіцца ў старых хваёвых і змешаных лясах, лясных балотах Беларускага Паазер’я і Палесся. У гэтых жа месцах распаўсюджаны цецярук.
Санітарам лесу называюць дзятла. Ен знішчае лічынак караеда. 3-пад кары аднаго вялікага дрэва дзяцел можа выцягнуць да 10 тыс. шкодных насякомых. У нашых лясах каля 10 відаў гэтых птушак. Самы вялікі сярод іх чорны дзяцел, або жаўна. Найбольш распаўсюджаны вялікі стракаты дзяцел. Насякомых знішчаюць таксама сініцы, попаўзні, мухалоўкі, берасцянкі, дразды, зязюлі, пеначкі.
У лясах Беларусі жыве больш за 10 відаў соў. Кормяцца совы пераважна мышамі і палёўкамі. Самая вялікая сава — пугач, у яго амаль двухметровы размах крылаў. Цяпер гэта вельмі рэдкі від, знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Самая маленькая сава — вераб’іны сычык. 3 драпежных пту-
шак у лясах жывуць таксама канюкі, ястрабы, каршуны.
3 паўзуноў у лесе водзяцца яшчаркі, вужы і гадзюкі. Разнастайны і шматлікі свет насякомых.
Жывёльны свет вадаёмаў і ўзбярэжжаў. Прыродныя і штучныя вадаёмы, берагі рэк і азёр, прылеглыя тэрыторыі з’яўляюцца асяроддзем жыцця рыб, земнаводных, беспазваночных, шэрага відаў птушак і млекакормячых.
Вадаёмы заселены найбольш шматлікімі прадстаўнікамі пазваночных жывёл — рыбамі. У рэках, азёрах, вадасховішчах Беларусі распаўсюджаны плотка, верхаводка, лінь, карась, шчупак, лешч, язь, акунь. У рэках з чыстай халоднай вадой водзяцца галавень, жэрах, мянтуз. Самая буйная рыба нашых вадаёмаў — сом. Ен можа дасягаць 5 м у даўжыню.
3 вадаёмамі і прылеглай да іх тэрыторыяй звязана жыццё земнаводных. Распаўсюджаныя віды — лягушкі, шэрая і зялёная жабы, трытоны, часночніца. Чырванабрухая жарлянка часцей сустракаецца ў паўднёвых і заходніх раёнах Беларусі.
На берагах рэк з павольным цячэннем, азёр з багатай воднай і прыбярэжнай расліннасцю селяцца бабры. Яны будуюць свае хаткі і плаціны. Найболыпая колькасць баброў у басейнах Нёмана, Бярэзіны, Прьшяці. У вадаёмах і на ўзбярэжжах водзяцца андатра, вадзяная выдра, еўрапейская і амерыканская норка.
3 вадой цесна звязана жыццё вадаплаўных птушак. Па ўсёй тэрыторыі Беларусі гняздзяцца крыжанкі, чыркі, лысухі. Яны з’яўляюцца аб’ектамі спартыўнага і прамысловага палявання. Многія вадаплаўныя птушкі для нашай тэрыторыі з’яўляюцца пралётнымі: гагары, гусі, турпан, гогаль і інш.
Жывёльны свет антрапагенных краявідаў. На палях і лугах, у прысадах, садах і парках нярэдка
2 Зак. 366
33
селяцца мышы і палёўкі, вожыкі, краты, іншы раз — буразубкі. На палях часта сустракаецца заяц-русак. Выходзіць на паляванне лісіца, зімой у пошуках ежы яна падыходзіць да населеных пунктаў.
Сярод найболып характэрных для палёў і лугоў птушак — жаваранкі, курапаткі, драчы, мышаловы, кнігаўкі. У паселішчах і паблізу іх жывуць вераб'і, ластаўкі, галубы, шпакі, гракі, зімой у садах і парках можна бачыць сініц, снегіроў. На высокіх дрэвах будуе свае .гнёзды белы бусел. Народнай традыцыяй сталі беражлівыя адносіны да гэтай птушкі, яе гнёздаў. Белы бусел сустракаецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але найбольш пашыраны на Палессі.
Запаведнікі і заказнікі. Для таго каб захаваць тыповыя ўчасткі прыродных комплексаў у натуральным стане, на тэрыторыі Беларусі створаны запаведнікі — Белавежская пушча, Бярэзінскі біясферны і Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны (больш падрабязна пра іх вы прачытаеце ў тэме «Прыроднагаспадарчыя раёны Беларусі»). У запаведніках пад аховай знаходзяцца ўсе кампаненты прыроды: лясныя масівы, балоты, прасторы, занятыя лугавой расліннасцю, усе насельнікі жывёльнага свету. У запаведніках вядуцца рознабаковыя навуковыя даследаванні, ажыццяўляецца кантроль за станам біясферы.
Аналагічныя мэты па ахове прыроднага асяроддзя ставяцца пры арганізацыі нацыянальных паркаў. Першы нацыянальны парк на Беларусі ствараецца на Браслаўшчыне. Маюцца прапановы аб арганізацыі нацыянальнага парка пад назвай Белая Русь на Лагойшчыне і іншых нацыянальных паркаў.