Геаграфія Беларусі
Дадатак да падручн.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 127с.
Мінск 1993
Для аховы дзікіх звяроў і птушак, стварэння спрыяльных умоў для іх размнажэння арганізаваны паляўнічыя заказнікі (Атлас БССР, с. 25).
Так, у заказніку Налібоцкая пушча пад аховай знаходзяцца высакародны алень, лось, казуля, бабёр, амерыканская норка і іншыя жывёлы. У Казьянскім паляўнічым заказніку (Віцебская вобласць) знаходзяцца месцы гнездавання вадаплаўных птушак, белай курапаткі, глушца, цецерука, рабчыка.
Рэдкія і знікаючыя віды жывёл занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. 3 млекакормячых гэта зубр, барсук, буры мядзведзь, лясны кот, палятуха. Сярод рэдкіх відаў птушак — чорны бусел, лебедзьшыпун, філін, змеяед, бугай вялікі; сярод рыб — рыбец, вусач, харыус, сцерлядзь, фарэль.
УМОВЫ ЖЫЦЦЯ ЧАЛАВЕКА НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ. ПРЫРОДАКАРЫСТАННЕ
§ 9. КАРЫСНЫЯ ВЫКАПНІ I IX ВЫКАРЫСТАННЕ
Класіфікацыя прыродных рэсурсаў. Целы і сілы прыроды, якія выкарыстоўваюцца ў гаспадарчай дзейнасці, прынята называць прыроднымі рэсурсамі. У класіфікацыі прыродных рэсурсаў можна зыходзіць з прыналежнасці іх да прыроднага комплексу. Кожны від рэсурсаў разглядаецца ў якасці кампанента прыроднага комплексу. Пры такім падыходзе можна вылучыць мінеральна-сыравінныя (карысньія выкапні), зямельныя, кліматычныя, водныя рэсурсы, расліннага і жывёльнага свету.
У залежнасці ад таго, у якой сферы ці галіне гаспадаркі выкарыстоўваюцца прыродныя рэсурсы, выдзяляюцца: рэсурсы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, невытворчай сферы (перш за ўсё рэкрэацыйныя рэсурсы). Аднак большасць відаў прыродных рэсурсаў выкарыстоўваецца не ў адной, а ў многіх галінах гаспадаркі. Гэта рэсурсы мнагамэтавага выкарыстання. Скажам, калі карысныя выкапні
выкарыстоўваюцца пераважна ў прамысловасці, то водныя рэсурсы патрэбны практычна ўсім галінам гаспадаркі.
Такім чынам, адным з галоўных відаў прыродных рэсурсаў, неабходных для прамысловасці, з’яўляюцца мінеральна-сыравінныя (карысныя выкапні).
У залежнасці ад выкарыстання яны ў сваю чаргу падзяляюцца на гаручыя выкапні (паліўныя рэсурсы), металічныя (рудныя), нярудныя выкапні, хімічную сыравіну. На Беларусі найбольшае значэнне маюць хімічная сыравіна, гаручыя выкапні і сыравіна для будаўнічых матэрыялаў. Разгледзім наяўнасць і размяшчэнне кожнага з гэтых відаў карысных выкапняў.
Хімічная сыравіна. У нетрах Беларусі маюцца вялізныя паклады калійнай солі — каштоўнай хімічнай сыравіны. Болып разведаны Старобінскае і Петрыкаўскае радовішчы калійнай солі на поўдні краіны. На Старобінскім радовішчы ўжо больш як 30 гадоў вядзецца здабыча калійнай солі. У Салігорску арганізавана буйная вытворчасць калійных угнаенняў: дзейнічаюць шахты, абагачальныя фабрыкі ў складзе вытворчага аб’яднання «Беларуськалій». Вялікія запасы калійнай солі сканцэнтраваны таксама ў Петрыкаўскім радовішчы. Разведаны Жыткавіцкае і Акцябрскае радовішчы калійнай солі.
У тэктанічных адносінах усе радовішчы калійнай солі знаходзяцца ў межах Прыпяцкага прагіну. Да саляных тоўшчаў Прыпяцкага прагіну прымеркаваны і разведаныя радовішчы каменнай солі. (Давыдаўскае, Мазырскае і Старобінскае). Мазырскае радовішча каменнай солі распрацоўваецца. 3 1983 г. працуе Мазырскі солеварны камбінат па вытворчасці спажыўнай солі. Здабыча солі вядзецца шляхам падземнага растварэння. Па буравых свідра36
вінах у салявыя пласты запампоўваецца вада, праз некаторы час атрыманы расол па трубах падаецца ў цэхі камбіната. Тут адбываецца выварванне солі з расолу, яе сушка, ачыстка, упакоўка. Вада запампоўваецца назад у пласты. Прадукцыя прадпрыемства — спажыўная соль «Экстра». Беларусь мае магчымасць забяспечыць свае патрэбы ў спажыўнай солі.
Каменная соль у нашай краіне пакуль што не выкарыстоўваецца ў якасці хімічнай сыравіны. Яна можа служыць сыравінай для содавай вытворчасці. Спецыялісты прапануюць арганізаваць вытворчасць кальцыніраванай соды на Беларусі з вытворчых адходаў Салігорскіх калійных камбінатаў. Яны складаюцца пераважна з хлорыстага натрыю.
Да хімічнай сыравіны можна аднесці таксама даламіты. Найбольш буйныя радовішчы знаходзяцца недалёка ад Віцебска. На базе Рубаўскага радовішча працуе камбінат «Даламіт». Ен выпускае даламітавую муку для вапнавання кіслых глеб. 3 даламітаў можна атрымаць таксама розныя будаўнічыя матэрыялы.
Гаручыя выкапні. Нетры Беларусі не вельмі багатыя выкапнямі, што могуць выкарыстоўвацца ў якасці паліва. Тым не менш, у нас маюцца ўсе галоўныя віды гаручых выкапняў: нафта, вугаль, торф, гаручыя сланцы. Ва ўсходняй частцы Палескай нізіны выяўлена каля 50 радовішчаў нафты. Па запасах гэта пераважна невялікія радовішчы. Прамысловая здабыча нафты вядзецца з 1965 г. Распрацоўваюцца Рэчыцкае, Асташкавіцкае, Давыдаўскае і іншыя радовішчы. У апошнія гады здабыча нафты складае каля 2 млн т у год. Гэтай колькасці нафты нашай краіне недастаткова, значна больш яе паступае з-за межаў Беларусі. Пры здабычы нафты атрымліваецца пэўная колькасць спа-
дарожнага нафтавага газу. Ен накіроўваецца на Беларускі газаперапрацоўчы завод паблізу Рэчыцы.
На поўдні Беларусі ў розных месцах выяўлены пакладьі бурага вугалю. Гэтыя паклады адносяцца да розных эпох вугалеўтварэння, залягаюць іншы раз даволі глыбока. Найбольш разведаны Жыткавіцкае і Брынёўскае радовішчы бурага вугалю ў Гомельскай вобласці. Тут вугальныя пласты значнай магутнасці залягаюць блізка ад паверхні, іх здабычу можна весці адкрьітым спосабам. Распрацоўка вугальных радовішчаў пакуль не вядзецца. Патрэбна дэталёвая экалагічная экспертыза прапануемага праекта будаўніцтва вугальнага кар’ера.
Да Прыпяцкага прагіну прымеркаваны таксама залежы гаручых сланцаў Любанскага і Тураўскага радовішчаў. Сланцы залягаюць на вялікай глыбіні, якасць іх не вельмі высокая. Гэта — рэзервовы від паліва. Магчыма, у будучым стане мэтазгодным іх комплекснае выкарыстанне: у якасці паліва, для хімічнай перапрацоўкі, сельскай гаспадаркі, у вытворчасці будаўнічых матэрыялаў.
Каштоўным відам мінеральных рэсурсаў ва ўмовах Беларусі служыць торф. Яго радовішчы даволі шырока распаўсюджаны. Многія з іх эксплуатуюцца. Аднак запасы торфу абмежаваныя, у многіх месцах яны блізкія да вычарпання. Гэта абумовіла неабходнасць беражлівага, рацыянальнага выкарыстання торфу.
Сыравіна для будаўнічых матэрыялаў. На тэрыторыі Беларусі шмат радовішчаў сыравіны для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў: легкаплаўкіх і тугаплаўкіх глін, мелу і мергелю, будаўнічых пяскоў. Да ліку буйнейшых адносяцца радовішча глін «Гайдукоўка» ў Маладзечанскім раёне, радовішча мергелю «Камунары» ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці.
Гліны служаць сыравінай для вытворчасці
цэглы, мел — для вытворчасці вапны. 3 тугаплаўкіх глін можна атрымаць розныя керамічныя вырабы. Акрамя таго, гліны і мел, а таксама мергель — гэта цэментная сыравіна. Будаўнічыя пяскі выкарыстоўваюць для атрымання сілікатнай цэглы, пры прыгатаванні бетонных раствораў, у дарожным будаўніцтве. На крайнім паўднёвым усходзе краіны маюцца радовішчы кварцавых пяскоў для шкляной прамысловасці.
Радовішчы глін, пяскоў, мелу, мергелю, будаўнічага каменю распрацоўваюцца прадпрыемствамі прамысловасці будаўнічых матэрыялаў.
Іншыя віды карысных выкапняў. У нетрах Беларусі маюцца залежы і рудных карысных выкапняў: жалезнай руды, алюмініевай сыравіны. У пародах крышталічнага фундамента Беларускай антэклізы разведаны два радовішчы жалезнай руды. Навасёлкаўскае радовішча знаходзіцца ў Карэліцкім раёне, Акалоўскае — у Стаўбцоўскім. Алюмініевая сыравіна (мінерал даўстаніт) знойдзена геолагамі ў асадкавых пародах Прыпяцкага прагіну. Гэтыя карысныя выкапні пакуль не маюць прамысловага значэння.
У заходняй частцы Палескай нізіны, у межах Брэсцкай вобласці, знойдзены бурштынавыя россыпы. Вядзецца ацэнка запасаў бурштыну. Бурштын мае вялікую каштоўнасць. 3 яго атрымліваюць ювелірныя вырабы, бурштынавы лак, смалу, кіслату і інш. Пасля ацэнкі запасаў магчыма арганізацыя здабычы бурштыну на Беларусі.
Геолагі лічаць перспектыўным выяўленне ў нетрах Беларусі руд медзі, нікелю, свінцу і цынку, іншых каляровых металаў. Маюцца праяўленні наяўнасці золата, дыяментаў.
§ ю. рэкрЭацыйныя РЭСУРСЫ
Паняцце рэкрэацыйных рэсурсаў. На тэрыторыі Беларусі многія месцы выкарыстоўваюцца або mo-
гуць быць выкарыстаны для арганізацыі адпачынку і лячэння людзей, для экскурсій і турызму. Такія мясціны могуць выкарыстоўвацца ў якасці рэкрэацыйных тэрыторый (ад слова рэкрэацыя — адпачынак). Знаходжанне ў санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку — гэта аздараўленчы і лячэбны адпачынак; удзел жа ў турысцкіх паходах і паездках, экскурсіях носіць аздараўленчы і пазнавальны характар.
Для лячэбнага адпачынку могуць выкарыстоўвацца мясцовасці з пэўным спалучэннем прыродных элементаў: са спрыяльнымі для здароўя кліматычнымі ўмовамі, крыніцамі мінеральных вод ці радовішчамі лекавых гразяў, маляўнічымі краявідамі, пясчаньімі пляжамі.
Экскурсіі, турысцкія маршруты арганізуюцца ў месцы, багатыя помнікамі гісторыі і культуры, адметныя ў прыродных адносінах. Такім чынам, для рэкрэацыі неабходны як прыродныя, так і культурнагістарычныя комплексы.
Сукупнасць прыродных і культурна-гістарычных комплексаў і іх элементаў, што выкарыстоўваюцца для арганізацыі адпачынку, лячэння, экскурсій, называюць рэкрэацыйнымі рэсурсамі. Лясы зялёных зон вакол гарадоў, маляўнічыя ўзбярэжжы азёр і рэк, крыніцы мінеральных вод, асобныя помнікі прыроды — усё гэта рэкрэацыйныя рэсурсы. Да іх ліку адносяцца таксама старажытныя замкі, цэрквы і касцёлы, месцы, звязаныя з дзейнасцю славутых дзеячаў беларускай гісторыі і культуры, музеі.
Зоны адпачынку і курорты. Вакол многіх гарадоў вылучаны тэрыторыі са спрыяльнымі прыроднымі ўмовамі для размяшчэння ўстаноў кароткатэрміновага і працяглага адпачынку дзяцей і дарослых: летнікаў, прафілакторыяў, баз адпачынку. Яны адносяцца да зон адпачынку мясцовага значэння.
У якасці зон адпачынку рэспубліканскага значэння вылучана цяпер 13 тэрыторый, размешчаных у цэнтральнай і паўночнай частцы краіны. Пасля Чарнобыльскай аварыі ў рэкрэацыйных мэтах не могуць выкарыстоўвацца тэрыторыі на паўднёвым усходзе Беларусі.
На паўночным захадзе Віцебскай вобласці, вакол вялікай групы азёр, размешчана зона адпачынку рэспубліканскага значэння — Браслаў. Браслаўскія азёры, хваёвыя і змешаныя лясы на іх узбярэжжах — выдатныя месцы для адпачынку. Тут размешчана турысцкая база «Браслаўскія азёры», санаторый «Браслаў» для падлеткаў, летнікі і базы адпачынку.