Геаграфія Беларусі Дадатак да падручн.

Геаграфія Беларусі

Дадатак да падручн.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 127с.
Мінск 1993
39.84 МБ
Са стварэннем адасобленых сялянскіх гаспадарак у канцы XIX — пачатку XX ст. на Беларусі звязана ўзнікненне хутароў — аднасядзібных пасяленняў. Гаспадар атрымліваў зямельны надзел і ўзводзіў на ім хату і ўсе неабходныя гаспадар-
чыя пабудовы. Хутары былі шырока распаўсюджаны ў паўночна-заходняй частцы Беларусі. Цяпер іх амаль не засталося. Яшчэ раней, чым хутары, ужо ў XVI ст., узніклі паселішчы з аднаго або некалькіх двароў — засценкі і фальваркі. Іх існаванне было звязана з пэўнымі формамі землекарыстання і гаспадарання на зямлі.
Гарады. Першыя гарады на Беларусі ўзнікалі як умацаваныя, агароджаныя паселішчы. Ад слоў «агароджа», «гарадзіць» паходзіць і слова «горад». 3 развіццём прадукцыйных сіл і грамадскага падзелу працы яны станавіліся цэнтрамі рамяства і гандлю. Самыя старажытныя гарады заснаваны ў IX—XI стст. (прынамсі, да гэтага часу адносіцца першае ўпамінанне аб іх у летапісах). Старажытныя летапісы называюць больш за 30 беларускіх гарадоў: Полацк, Віцебск, Тураў, Брэст, Мінск, Орша, Заслаўе, Дзісна, Браслаў, Гродна, Навагрудак і інш. (Працяг тэксту аб старажытных гарадах у падручніку.)
Мястэчкі. На працягу XV—XVI стст. на Беларусі ўзнікла своеасаблівая форма паселішчаў, што займалі як бы прамежкавае становішча паміж гарадскімі і сельскімі. Ад горада яны адрозніваліся меншымі памерамі. Паселішчы гэтыя атрымалі назву «мястэчкі». Агульнаславянскае слова «места» азначае «горад». Значыць, мястэчка — гэта невялікі гарадок.
Мястэчкі з самага пачатку складваліся як цэнтры розных рамёстваў, гандлю. Многія мястэчкі былі вядомы сваімі кірмашамі. Іх жыхарамі былі рамеснікі, гандляры, чыноўнікі, сяляне. Пазней у шэрагу мястэчак сталі дзейнічаць прамысловыя прадпрыемствы. Так, у XVIII — XIX стст. прамысловымі прадпрыемствамі вылучаліся мястэчкі Ружаны, Смаргонь, Шклоў, Крычаў, Дуброўна. У Ружанах працавалі 4 суконныя фабрыкі. Мястэчка Смаргонь
было вядома сваімі гарбарнымі заводамі, Дуброўна — ткацкай вытворчасцю. У Шклове працавала кардонная фабрыка. Афіцыйная статыстыка ў 1905 —1910 гг. улічвала ў межах Беларусі звыш 300 мястэчак.
Большасць былых мястэчак сталі гарадамі і гарадскімі пасёлкамі, некаторыя засталіся ў катэгорыі сельскіх пасяленняў. 3 1938 г. пры афіцыйным уліку населеных пунктаў катэгорыя «мястэчка» асобна не вылучаецца, хаця гэта найменне ў адносінах да пэўных паселішчаў не знікла з ужывання. Маюцца прапановьі аб тым, каб вярнуць назву «мястэчка» ў афіцыйную статыстыку. Улічваць як мястэчкі цяперашнія пасёлкі гарадскога тыпу.
§ 13.	СУЧАСНАЯ СЕТКА ГАРАДСКІХ ПАСЕЛІШЧАУ
Роля гарадоў у сістэме рассялення. У сістэме рассялення любой краіны вядучая роля належыць гарадам. Па выказванню вядомага эканоміка-географа М. М. Баранскага, гарады — гэта як бы камандны састаў краіны, які арганізуе яе ва ўсіх адносінах: і ў гаспадарчых, і ў палітыка-адміністрацыйных, і ў культурных. Гарады, у першую чаргу буйныя, з’яўляюцца своеасаблівымі «фокусамі» эканамічнага жыцця, цэнтрамі навукова-тэхнічнага прагрэсу. Яны аказваюць важкі ўплыў на размяшчэнне насельніцтва навакольнай тэрыторыі, ствараюць розныя формы урбанізаванага рассялення.
Сетка гарадскіх паселішчаў Беларусі фарміравалася паступова, на працягу стагоддзяў. Сярод іх ёсць гарады з больш як тысячагадовай гісторыяй (Полацк і Тураў) і зусім маладыя, гісторыя якіх налічвае ўсяго некалькі дзесяткаў гадоў.
Заўвага: Трэба адрозніваць час заснавання паселішча і год, калі яно афіцыйна было аднесена да катэгорыі гарадоў. Так, на карце «Насельніцтва» Атласа БССР (с. 27) прыведзены звесткі аб датах утварэння гарадскіх паселішчаў. Тут улічаны
толькі год, калі гэта пасяленне афіцыйна было аб’яўлена горадам, а не час яго ўтварэння, заснавання. Таму ў лік гарадоў, утвораных у 1961 —1968 гг., трапілі Іванава і Капыль, першае ўпамінанне аб якіх адносіцца да XIII — XIV стст., Любань, Шчучын, Івацэвічы — XVI — XVII стст., Жабінка, заснаваная ў канцы XIX ст. і інш.
Пры сучаснай класіфікацыі да гарадскіх паселішчаў на Беларусі, апрача гарадоў, адносяцца гарадскія і рабочыя пасёлкі, курортны пасёлак. Усе названыя віды пасёлкаў аб’ядноўваюць назвай пасёлкі гарадскога тыпу. У сваю чаргу гарады па іх адміністрацыйна-гаспадарчаму значэнню падзяляюцца на гарады раённага падпарадкавання і гарады абласнога падпарадкавання. Сталіца Беларусі — Мінск — горад рэспубліканскага падпарадкавання.
Колькасць і размяшчэнне гарадскіх паселішчаў. На пачатак 1993 г. на Беларусі налічваецца 211 гарадскіх паселішчаў: 101 горад і 110 пасёлкаў гарадскога тыпу. Значыць, на 1000 кмг тэрыторыі прыпадае ў сярэднім адно гарадское паселішча. Па тэрыторыі нашай краіны гарадскія паселішчы размешчаны больш-менш раўнамерна, хаця невялікія адрозненні па паказчыках іх гушчыні паміж асобнымі абласцямі існуюць.
У стадыі фарміравання знаходзіцца Мінская гарадская агламерацыя, якая ўключае гарады і гарадскія пасёлкі-спадарожнікі Мінска. Большасць жа гарадоў размешчана паасобку. Сустракаецца таксама такая форма размяшчэння, калі гарады знаходзяцца на адлегласці не больш як 20 км адзін ад другога і паміж імі ўсталёўваюцца цесныя вытворчыя і працоўныя сувязі. Прыкладам могуць быць Мазыр і Калінкавічы, Полацк і Наваполацк, Орша і Барань, Бяроза і Белаазерск. У ролі спадарожнікаў некаторых гарадоў выступаюць пасёлкі гарадскога
тыпу: Чырвонасельскі і Рось ля Ваўкавыска, Старобін ля Салігорска і інш.
Многія гарады і пасёлкі гарадскога тыпу размешчаны на чыгунках, у месцах перасячэння іх суднаходнымі рэкамі. Некаторыя ж аддалены ад транспартных магістраляў і буйных прамысловых цэнтраў. Эканоміка-геаграфічнае становішча такіх паселішчаў менш спрыяльнае для іх развіцця.
Класіфікацыя гарадскіх паселішчаў. Гарады і пасёлкі гарадскога тыпу Беларусі адрозніваюцца велічынёй, эканоміка-геаграфічным становішчам, выконваемымі народнагаспадарчымі функцыямі. Па гэтых паказчыках часцей за ўсё і праводзяць класіфікацыю — падзел пасяленняў на групы.
Так, пры класіфікацыі гарадскіх паселішчаў п a колькасці жыхароў іх прынята падзяляць на малыя (да 20 тыс. жыхароў у кожным), сярэднія (ад 20 да 100 тыс.) і вялікія (звыш 100 тыс. жыхароў у кожным). Сярод апошніх у сваю чаргу выдзяляюць яшчэ буйныя і буйнейшыя гарады.
Большасць гарадоў і ўсе пасёлкі гарадскога тыпу пры гэтай класіфікацыі адносяцца да малых. Вялікіх гарадоў налічваецца 16.
Гарады адрозніваюцца таксама выконваемымі народнагаспадарчымі функцыямі. Вялікія гарады з’яўляюцца шматфункцыянальнымі. Гэта буйныя прамысловыя і транспартныя вузлы. На іх долю прыпадае пераважная частка прамысловай прадукцыі, перш за ўсё машынабудавання, хімічнай, лёгкай і харчовай прамысловасці. Апрача таго, вялікія гарады з’яўляюцца навуковымі і культурнымі цэнтрамі, дзе сканцэнтраваны навукова-даследчыя, праектна-канструктарскія, навучальныя і культурныя ўстановы, эксперыментальныя вытворчасці. У многіх гарадоў пераважаюць прамысловатранспартныя або прамысловыя функцыі. У першую чаргу гэта тычыцца маладых гарадоў. Шэраг гарадоў
і гарадскіх пасёлкаў выконваюць арганізацыйнагаспадарчыя функцыі ў адносінах да «ўзначальваемых» імі раёнаў.
РАЗВІЦЦЕ I РАЗМЯШЧЭННЕ САЦЫЯЛЬНАГА КОМПЛЕКСУ
§ 14.	СТРУКТУРА I ЗАДАЧЫ САЦЫЯЛЬНАГА КОМПЛЕКСУ
Сацыяльны комплекс — адзін з міжгаліновых комплексаў. Эканоміка Беларусі ўяўляе сабой складанае спалучэнне шматлікіх і разнастайных галін як вытворчай, так і невытворчай сферы. Развіццё гаспадаркі суправаджаецца паглыбленнем і ўзмацненнем узаемасувязей паміж асобнымі галінамі, іх узаемапранікненнем. У гэтым заключаецца сутнасць інтэграцыйных працэсаў у гаспадарцы. Hi адна галіна гаспадаркі не можа існаваць і развівацца адасоблена, ізалявана, без сувязей з іншымі галінамі. Але ступень узаемасувязей і ўзаемазалежнасці паміж асобнымі галінамі эканомікі далёка неаднолькавая. Вельмі цесныя сувязі існуюць, напрыклад, паміж сельскай гаспадаркай і харчовай прамысловасцю, паміж паліўнай прамысловасцю і электраэнергетыкай.
У выніку інтэграцыйных працэсаў склаліся спалучэнні ўзаемазвязаных галін гаспадаркі, аб’яднаных адзінай мэтай развіцця. Такія спалучэнні галін эканомікі атрьімалі назву міжгаліновых комплексаў. Усе шматлікія галіны гаспадаркі, што выдзяляюцца пры статыстычным уліку, можна аб’яднаць у некалькі міжгаліновых комплексаў. Адзін з іх — комплекс вытворчасці тавараў спажывання і сферы паслуг, або сацыяльны комп л е к с. Мэта яго развіцця заключаецца ў задаваль-
ненні матэрыяльных і духоўных патрэб людзей. Па свайму прызначэнню сацыяльны комплекс разам з аграпрамысловым адносійца да к а н ч а тковамэтавых.
Развіццё канчатковамэтавых комплексаў забяспечваюць іншыя міжгаліновыя комплексы: паліўнаэнергетычны, машынабудаўнічы, хімічны, лясны, будаўніча-прамысловы. Іх можна назваць д а п аможнымі, цізабяспечваючымі.
Трэба мець на ўвазе, што межы паміж міжгаліновымі комплексамі ў пэўнай меры ўмоўныя. Так, тэлевізары, радыёпрыёмнікі, халадзільнікі выпускаюцца прадпрыемствамі машынабудавання, значыць, у машынабудаўнічым комплексе. 3 другога боку, тэлевізары, радыёпрыёмнікі, халадзільнікі — гэта тавары спажывання, а вытворчасць тавараў спажывання прынята адносіць да сацыяльнага комплексу.
У сваёй сукупнасці міжгаліновыя комплексы ўтвараюць народнагаспадарчы комплекс Беларусі.
Структура комплексу. Сацыяльны комплекс аб’ядноўвае галіны вытворчай і невытворчай сферы, назначэнне якіх заключаецца ў задавальненні патрэб чалавека ў таварах спажывання і розных паслугах. Усе тавары спажывання падзяляюцца на харчовыя (прадуктовыя) і нехарчовыя (непрадуктовыя). У сацыяльны комплекс уключаюць галіны, занятыя вытворчасцю нехарчовых тавараў спажывання. Такія тавары спажьівання выпускаюцца як на прадпрыемствах лёгкай, так і цяжкай прамысловасці.
У лёгкай прамысловасці пераважная частка выпускаемай прадукцыі адносіцца да тавараў спажывання. Таму ўсю лёгкую прамысловасць можна ўключыць у склад сацыяльнага комплексу. Цяжкая прамысловасць стварае сродкі вытворчасці, толькі некаторая частка яе прадукцыі адносіцца да тавараў спажывання. Вытворчасць тавараў спажывання
на прадпрыемствах цяжкай прамысловасці таксама ўключаецца ў склад сацыяльнага комплексу.
Патрэбы ў паслугах забяспечвае сфера абслугоўвання насельніцтва. Яна поўнасцю адносіцца да сацыяльнага комплексу.