Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі
Джон Лоўзі
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 328с.
Мінск 1995
Я мяркую, Лейбніц усведамляў, што на аналогію з бясконцым радам нельга рабіць вельмі вялікую стаўку.
1 111 л2
~ п’ 4 9 16 6
Пры іншых нагодах ён называў фізічныя сілы “рэхам" сілаў метафізічных’0, а такая характарыстыка надта ўжо расплывістая. Адступіць на гэту пазіцыю азначала пакінуць нявырашаным агульнае пытанне адносінаў паміж дзвюма сферамі, а таксама канкрэтнае пытанне аб кагнітыўным статусе прынцыпаў экстрэмуму і прынцыпаў захавання ў дачыненні да навукі.
Скептыцызм Х’юма
Дэвід Х’юм пашырыў рамкі і дадаў паслядоўнасці скептычнаму стаўленню Лока да магчымасці атрымання неабходных ведаў аб прыродзе. Х’юм паслядоўна адмаўляў, што веды аб канфігурацыях і ўзаемадзеяннях атамаў, — нават калі іх удасца здабыць, — будуць уяўляць сабой неабходныя веды аб прыродзе. Паводле Х'юма, нават калі б нашы фізічныя і разумовыя здольнасці былі “прыстасаваныя для пранікнення ва ўнутраную тканіну" цвлаў, усё адно мы не змаглі б спазнаць неабходныя сувязі паміж з'явамі. Максімум, аб чым мы маглі б даведацца, — гэта тое, што пэўныя канфігурацыі і рухі атамаў пастаянна спадарожнічаюць пэўным макраскапічным эфектам. Аднак веды аб пастаянна назіраемым спадарожнічанні не раўназначныя ведам аб тым, што нейкі рух павінен выклікаць пэўны эфект. Х’юм прытрымліваўся думкі, што Лок не меў рацыі, мяркуючы, што калі б надарылася зведаць атамныя канфігурацыі золата, то мы без усялякіх доследаў зразумелі б, што гэта рэчыва павінна растварацца ў царскай гарэлцы.
Адмаўленне Х'юмам магчымасці неабходных ведаў аб прыродзе грунтавалася на трох экспліцытна канстатаваных пасылках: (1) усе веды можна падраздзяліць на ўзаемавыключальныя катэгорыі: “адносіны ідэй” і “фактаў"; (2) усе веды аб фактах дадзены ў пачуццёвых уражаннях і з іх вынікаюць; (3) неабходныя веды аб прыродзе маюць сваёй перадумовай веды аб неабходнай звязанасці ладзей. Аргументацыя Х’юма ў падтрымку гэтых пасылак у далейшым зрабіла значны ўплыў на гісторыю філасофіі навукі.
Падраздзяленне Ведаў
Х'юм лічыў, што сцвярджэнні аб адносінах ідэй і сцвярджэнні аб фактах адрозніваюцца ў двух важных аспектах. Першы аспект — гэта тып прэтэнзіі на ісціну, змешчаны ў першым альбо апошнім сцвярджэнні. Пэўныя сцвярджэнні аб адносінах ідэй з’яўляюцца неабходнымі ісцінамі. Напрыклад, у святле аксіём эўклідавай геаметрыі
сума вуглоў трохвугольніка можа складаць толькі і выключна 180 градусаў*. Сцвердзіць аксіёму і адмовіць тэарэму — азначае стварыць супярэчнасць. 3 другога боку, факты заўсёды ісцінныя толькі ўмоўна. Адмова эмпірычнага сцвярджэння не з'яўляецца супярэчнасцю; апісаны стан рэчаў мог бы быць і якім-небудзь іншым.
Другое адрозненне заключаецца ў тым метадзе, пры дапамозе якога вызначаецца ісціннасць ці памылковасць гэтых двух тыпаў сцвярджэнняў. Ісціннасць ці памылковасць сцвярджэнняў аб адносінах ідэй вызначаецца незалежна ад якіх-небудзь спасылак на эмпірычныя дадзеныя. Х’юм падзяліў сцвярджэнні аб адносінах ідэй на інтуітыўна-пэўныя і доказава-пэўныя. Напрыклад, інтуітыўна-пэўныя аксіёмы эўклідавай геаметрыі; іх ісціннасць вынікае з разгляду ўваходзячых у іх склад тэрмінаў. Тэарзмы Эўкліда доказава-пэўныя; іх ісціннасць вызначана пры дапамозе доказу, што яны з’яўляюцца дэдукцыйнымі высновамі аксіём. Любыя спасылкі на вымярэнне фігур, намаляваных на паперы ці на пяску, ніякага дачынення да справы не маюць. Х’юм заявіў, што “калі б у прыродзе і не было ніколі кругоў і трохвугольнікаў, ісціны, даказаныя Эўклідам, усё адно навечна захавалі б сваю пэўнасць і відавочнасць".”
Ісціннасць ці памылковасць сцвярджэнняў аб фактах, з другога боку, павінны быць устаноўлены пры дапамозе спасылак на эмпірычныя дадзеныя. Нельга ўстанавіць ісціннасць сцвярджэння аб тым, што нешта здарылася альбо здарыцца, проста разважаючы аб значэнні слоў.
Такім чынам, Х'юм размежаваў неабходныя сцвярджэнні матэматыкі і ўмоўныя сцвярджэнні эмпірычнай навукі, завастрыўшы тым самым ньютанаўскі падзел паміж фармальнай дэдукцыйнай сістэмай і яе практычным выкарыстаннем. Пазнвй Альберт Эйнштэйн перафразуе праніклівую думку Х’юма наступным чынам: “Настолькі, наколькі законы матэматыкі адносяцца да рэчаіснасці, яны небясспрэчныя; і наколькі яны бясспрэчныя, настолькі яны не адносяцца да рэчаіснасці”.’2 Размежаванне Х’юма перагарадзіла дарогу таму наіўнаму піфагарэйству, якое імкнулася пераносіць на прыроду неабходную матэматычную структуру.
• У сваім 'Трактаце аб прыродзе чалаввка’ (1739 г.) Х’юм аспрэчваў статус неабходных ісцін за тэарэмамі геаметрыі, але пазней ён змяніў думку. У ‘Даследаванні чалавечага разумення' (1748г.)ён сцвердзіў, што тэарэмы геаметрыі, а таксама арыфметыкі I алгебры, з'яўляюцца неабходнымі ісцінамі.
Прынцып эмпірызму
Х'юм сцвярджаў, што Дэкарт памыляўся, лічачы, што мы з’яўляемся носьбітамі прыроджаных ідэй, — Бога, цела і свету. Паводле Х'юма, пачуццёвыя ўражанні з’яўляюцца адзінай крыніцай ведаў аб фактах*. Тым самым ён паўтарыў афарызм Арыстоцеля, паводле якога ў розуме няма нічога такога, што б спачатку не прысутнічала ў пачуццях. Варыянт Х’юма гучыць так: “Усе нашы ідэі — гэта не больш, чым копіі нашых уражанняў, альбо, іншымі словамі, нельга думаць аб тым, чаго б мы папярэдне не адчувалі вонкавымі альбо ўнутранымі пачуццямі".”
Тэзіс Х’юма з’яўляецца адначасова псіхалагічнай гіпотэзай генезісу эмпірычных ведаў і лагічным абумоўліваннем дыяпазону эмпірычна значных паняццяў. Эмпірычна значныя паняцці Х’юм абмежаваў паняццямі, якія можна “вывесці” з уражанняў.14 У такой падачы крытэрый Х'юма мае досыць расплывісты характар. У іншым месцы свайго “Даследавання’ ён выказаў меркаванне, што роля розуму ў стварэнні ведаў зводзіцца да кампанавання, перастаноўкі і ўзмацнення альбо паслаблвння ідэй, “скапіраваных” з уражанняў.” Відавочна, выключаецца магчымасць існавання паняццяў, якія не з’яўляюцца "копіямі" ўражанняў і не ўзніклі ў выніку працэсу кампанавання, перастаноўкі, узмацнення ці паслаблення. У лік паняццяў, выключаных самім Х'юмам, уваходзяць “вакуум",16 "рэчыва”,17 “нязменная індывідуальнасць"10 і “неабходная звязанасць падзей".19
Погляды Х’юма інтэрпрэтаваліся як падтрымка і ўзмацненне індуктывізму Бэкана, традыцыі, якая, бадай што, аднолькава шмат паслужыла эпістэмалагічным даследаванням Х'юма і развіццю ідэй самога Бэкана. Паводле такой інтэрпрэтацыі, Х’юм нібыта бачыць пачаткі навукі ў пачуццёвых уражаннях і лічыць, што яна можа ахапіць толькі тыя паняцці, якія нейкім чынам “збудаваны” з пачуццёвых дадзеных. Падобны погляд адпавядае метаду аналізу, аднак пярэчыць аксіяматычнаму метаду Ньютана.
Нягледзячы на тое, што такое прачытанне Х’юма набыло значнае распаўсюджанне, яно не зусім дакладна перадае ўсю складанасць пазіцый Х'юма. Х’юм прызнаваў, што стварэнне такіх усеабдымных тэорый, як механіка Ньютана, нельга звесці да ‘кампанавання, пераста-
* Х’юм аднёс да “пачуццёвых уражанняў" жаданне, волю, адчуванне, а таксама эрокавыя, слыхавыя, дотыкавыя і нюхальныя дадзеныя.
ноўкі, узмацнення альбо паслаблення" ідэй, якія “скапіраваны" з уражанняў. Пры гэтым ён сапраўды адмаўляў за падобнымі тэорыямі саму магчымасць дасягнення статуса неабходнай ісціны.
Аналіз каўзацыі
Бэкан і Лок разглядалі праблему неабходных ведаў аб прыродзе са схаластычнага пункту гледжання. Абодва рэкамендавалі вывучаць суіснаваннеўласцівасцей. Х'юм перанёс пошук неабходных эмпірычных ведаў у сферу развіцця падзей. Ён паставіў перад сабой пытанне, ці магчымы веды аб такім развіцці, і вырашыў, што не. Х'юм сцвярджаў, што здабыць неабходныя веды аб пэўнай паслядоўнасці падзей азначае даказаць, што гэтая паслядоўнасць іншай быць не магла. Аднак Х'юм адзначаў, што не з'яўляецца супярэчнасцю наступнае сцвярджэнне: хоць пасля кожнага А адбывалася Б, за наступным A не адбудзецца Б.
Х’юм узяў на сябе задачу разгледзець нашу ідэю аб “каўзальных адносінах". Ён заўважыў, што калі пад ’каўзальнымі адносінамі" мы маем на ўвазе “пастаянную спалучанасць" і “неабходную сувязь’, тады неабходныя веды немагчымы ў прынцыпе. Звязана гэта з тым, што ў нас няма ўражанняў аб нейкай сіле ці моцы, якая змушае А да стварэння Б. Максімум, што можна ўстанавіць, гэтае тое.што за падзеямі аднаго тыпу інварыянтна наступалі падзеі другога тыпу. Х'юм зрабіў выснову, што адзіныя “каўзальныя” веды, якіх мы можам спадзявацца дасягнуць, — гэта веды аб асацыяцыі de facto паміж двума класамі падзей.
Х’юм прызнаваў, што мы сапраўды адчуваем, быццам шмат якія паслядоўнасці тояць у сабе нейкую неабходнасць. На думку Х'юма, такое адчуванне з'яўляецца ўражаннем "унутранага пачуцця”, уражаннем, якое развілася на падставе звычкі. Ён зазначыў, што “пасля паўтарэння падобных прыкладаў на розум уплывае прызвычаенасць, быццам за ўзнікненнем адной падзеі варта чакаць з’яўлення яе звычайнага спадарожніка, і мы схільныя верыць, што гэта адбудзецца".20 Безумоўна, факт таго, што розум прадчувае Б пасля ўзнікнення А, не з'яўляецца доказам, што паміж А і Б існуе неабходная сувязь.
У адпаведнасці з такім меркаваннем Х’юм прапанаваў вызначэнні “каўзальных адносін" з аб'ектыўнага і суб’ектыўнага пунктаў гледжання. Гледзячы аб’ектыўна, каўзальныя сувязі з’яўляюцца пастаяннай спалучанаоцю членаў двух класаў падзей; гледзячы суб'ектыўна, каўзальныя адносіны — гэта такая ласлядоўнасць, пры якой
пасля ўзнікнення падзеі першага класа розум схільны чакаць падзеі другога класа.
Гэтыя дзве дэфініцыі прысутнічаюць як у “Трактаце", так і ў “Даследаванні".7' Аднак у “Даследаванні" Х’юм пасля першай дэфініцыі ўставіў наступную агаворку: “...альбо, іншымі словамі, калі б не было першай рэчы, другая ніколі б і не існавала'.22 Калі замяніць слова “рэч” на “падзею”, што не супярэчыць ужыванню гэтыхтэрмінаў самім Х’юмам, дык становіцца відавочным, што гэта новае вызначэнне не эквівалентнае першапачатковаму. Напрыклад, калі мы возьмем два аднолькавыя маятнікавыя гадзіннікі і пусцім іх так, каб яны адроэніваліся па фазе ходу на 90 градусаў, іх ціканне будзе пастаянна спалучаным, але ж гэта зусім не азначае, што пры спыненні маятніка першага гадзінніка перастане цікаць і другі гадзіннік.
Уключэнне Х’юмам гэтай агаворкі ў “Даследаванне" можа служыць лаказнікам яго няпоўнай задаволенасці прыроўніваннем каўзальных адносін да сістэматычнасці de facto. Яшчэ адзін паказнік “няўтульнага” адчування — гэта тое, што ён, праўда, без усялякіх каментарыяў і ў сціслым выглядзе, але ён усё-такі ўключыў у “Трактат" спіс васьмі “правілаў меркавання аб прычынах і выніках”.23 Сярод гэтых правілаў пералічаны варыянты метаду падабенства, адрознення і спадарожных варыяцый, якія пазней славутымі зробіць Міль.