Гісторыя Беларусі
ад старажытных часоў да канца XIII ст.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 111с.
Мінск 1994
Думкі гісторыкаў пра грамадства і гаспадарку Кіеўскай Русі. Разлажэнне родаплемянных адносін і станаўленне феадалізму ва ўсходніх славян адбывалася без узаемадзеяння з познарымскімі адносінамі. Тут адбываўся «бяссінтэзны», намнога больш замаруджаны працэс зараджэння феадальных адносін,
48
чым, скажам, на тэрыторыі Паўночнай Францыі ў раёне Парыжа, дзе ён праходзіў прыкладна на тры стагоддзі раней.
Буйнейшы рускі гісторык В. В. Ключэўскі лічыў пануючым фактам эканамічнага жыцця Русі знешні гандаль. Ен адмаўляў баярскае землеўладанне, называў князёў з іх дружынамі «пералётнымі птушкамі Рускай зямлі». На думку Ключэўскага, «эканамічны дабрабыт Кіеўскай Русі трымаўся на рабаўладанні» нават у XII ст.
Відны гісторык Б. Д. Грэкаў і яго паслядоўнікі спрыялі ў наш час шырокаму распаўсюджанню поглядаў, што Кіеўская Русь з’яўлялася ў IX— XIII стст. феадальнай краінай. Спрэчкі аб тым, які характар — рабаўладальніцкі ці феадальны — мела Русь, працягваюцца дагэтуль.
У IX—XI стст. князі збіралі даніну са свабодных абшчыннікаў. Гэты збор ажыццяўляўся ў час палюддзя, калі князь з дружынай з’яўляўся ў назначаным месцы (пазней яно называлася пагост) і атрымліваў даніну з мясцовага насельніцтва. Збіранне даніны архаічным спосабам, пераважанне сярод сялян свабодных абшчыннікаў, якія плацілі гэту даніну, значная роля рабскай працы, адсутнасць алода, бенефіцыю і феадальнага землеўладання, з’явілася грунтам для меркавання, што Кіеўская Русь у X—XI стст. і яшчэ пазней не была феадальным грамадствам. Разам з тым нельга поўнасцю адмаўляць тое, што тады былі элементы феадальных адносін.
Княжацкая ўлада паступова адчужала дзяржаўныя землі разам з сялянамі. У летапісе пад 862 г. сказана, што князь Рурык, знаходзячыся ў Ноўгарадзе, раздаваў «мужам сваім гарады, таму — Полацк, таму — Растоў, другому — Белавозера». Гаворка ідзе аб наданні Рурыкам сваім дружыннікам права збіраць даніну з пералічаных гарадоў і іх валасцей. Гэта найбольш старажытнае сведчанне аб тым, што ва ўсходнеславянскіх землях васалдружыннік нёс князюсюзерэну службу за лен, які складаўся з даніны. Словам «муж» называецца чалавек, які набліжаны да князя і якому ў кіраванне і для збірання даніны даецца горад з воласцю. Паступова «мужы» з разнастайнымі азначэннямі («добрыя», «лепшыя») пачалі называцца баярамі.
49
Аднак у Кіеўскай Русі і іншых славянскіх краінах не склалася ў развітой форме іерархічная структура зямельнай уласнасці — «феадальная лесвіца», што адрознівае заходнееўрапейскі феадалізм.
Каб усвядоміць пытанне аб сацыяльнапалітычным ладзе Кіеўскай Русі, прыгадаем законы, запісаныя ў зборніку, які называюць «Рускай Праўдай». 3 гэтай найважнейшай пісьмовай крыніцы вынікае, што на Русі доўга існавалі перажыткі родаплемяннога ладу. Тут гаворыцца аб усходнеславянскай абшчыне верві. Гэта была тэрытарыяльная абшчына, у якой вылучаліся асобныя сем’і.
Многія вучоныя лічылі, што асноўным сялянскім насельніцтвам Кіеўскай Русі былі смерды. Але «Руская Праўда», гаворачы пра абшчыннікаў, выкарыстоўвала тэрмін «людзі», а не «смерды». Існуе шмат меркаванняў, хто такія смерды. Найбольш верагодна, што гэта былі несвабодныя ці паўсвабодныя княжацкія даннікі, якія сядзелі на зямлі і неслі павіннасці на карысць князя.
Невыпадкова, што «Руская Праўда» значнае месца ўдзяляе рабам. Вядомы яны былі пад назвай — чэлядзь, халопы. Галоўнай крыніцай рабоў з’яўляўся палон. Калі, паводле паведамлення летапісу, кіеўскі князь Святаслаў пералічвае, чым гандлюе Русь, то ён разам з футрам, воскам, мёдам называе чэлядзь (жывы тавар). Напэўна, «чэлядзь» — тэрмін больш ранні, які некаторы час суіснаваў з новай назвай « халоп ».
Халопы — гэта рабы, найбольш эксплуатуемая частка насельніцтва. Поўнымі (абельнымі) халопамі станавіліся палонныя, а таксама тыя, хто ажаніўся з халопкаю, дзеці халопаў, даўжнікі і тыя, хто прадаў сам сябе ў халопы пры сведках (такія выпадкі назіраліся нярэдка).
Спрэчным застаецца важнае пытанне аб часе ўзнікнення феадальнага землеўладання ва ўсходніх славян. Некаторыя вучоныя адносяць яго з’яўленне да IX—X стст. Большасць мяркуюць, што ў X ст. існавалі нешматлікія княжацкія сёлы. Іх гаспадарка мела жывёлагадоўчьі (пераважна разводзіліся коні), а не пазямельны характар. Толькі ў другой палове XI — першай палове XII ст. утвараецца вотчына, заснаваная на ўласнасці на зямлю, што складала аснову панавання феадалаў у сярэдневяковым гра
50
мадстве. Такое меркаванне заснавана на сапраўдных фактах.
Асобную групу залежных людзей у XII ст. складалі закупы. Закуп — зусім збяднелы абшчыннік. Ен браў у князя ці яго дружынніка пазыку («купу»), за што абавязваўся працаваць на гаспадара ці на яго раллі, ці як слуга. Закупніцтва — адна з форм ператварэння збяднелых абшчыннікаў у феадальназалежных сялян.
Праца рабоў ва ўмовах усходнеславянскага грамадства не магла канкурыраваць з працоўнай дзейнасцю сялянданнікаў. Такія даннікі ў сваёй гаспадарцы былі падобнымі на феадальназалежных сялян. Яны выраблялі прыбавачны прадукт, які ў іх забіраўся шляхам пазаэканамічнага прымусу. Бывае цяжка вызначыць розніцу паміж выплатай даніны і феадальнай рэнтай.
Многія супярэчлівыя з’явы ў эканамічным жыцці Кіеўскай Русі можна паслядоўна растлумачыць, калі зыходзіць з той высновы, што грамадства было шматукладным. Эканамічны ўклад як асобны тып адносін паміж людзьмі мае ў сваёй аснове пэўную форму ўласнасці — абшчыннай, рабаўладальніцкай ці феадальнай. Ва ўсходніх славян у IX—XI стст. суіснавалі тры эканамічныя ўклады: першабытнаабшчынны, які быў на схіле, рабаўладальніцкі (ён не атрымаў значнага развіцця) і феадальны, які пачаў нараджацца і якому належала будучае панаванне ў грамадстве. Да пачатку XIII ст. усходнеславянская гаспадарка значна феадалізавалася. Але працэс феадалізацыі не быў завершаны нават значна пазней.
Шматукладнасць, ці рознаўкладнасць, наяўнасць і суіснаванне дзвюх і больш грамадскіх форм — характэрная рыса ўсіх грамадстваў, якія ў сярэднія вякі ў сваім развіцці выйшлі за межы першабытнай абшчыны. Пры феадальным укладзе сістэма васальных адносін неабавязкова і не ўсюды дасягала поўнага развіцця.
У многіх краінах бяссінтэзнай зоны, дзе феадалізм нараджаўся з родаплемяннога ладу,— ПаўночнаЗаходняя Германія, Скандынаўскія краіны, Брытанія, Польшча, Чэхія, Кіеўская Русь — на працягу доўгага часу існавала свабоднае сялянства, былі значныя рэшткі родаплемяннога ладу, абшчынных
51
адносін. Мелі месца менш цяжкія формы феадальнай залежнасці сялян у параўнанні з франкскім грамадствам Меравінгаў і Каралінгаў — класічным прыкладам фарміравання феадалізму.
Грамадства і гаспадарка беларускіх зямель у IX—XIII стст. На тэрыторыі Беларусі родаплемянное грамадства знаходзілася да VII ст. на стадыі ваеннай дэмакратыі. У ім ужо былі зародкі будучай сацыяльнай няроўнасці: грамадскі падзел працы, а таксама патрыярхальнае рабства ўзятых у палон іншапляменнікаў. Гэтыя зародкі атрымалі далейшае развіццё ў VIII—X стст.
Фарміраванне ўладанняў полацкага князя ў якасці сюзерэна краіны адбывалася ў X— XI стст. На тэрыторыі Полацкай зямлі ажыццяўлялася ўлада полацкай княжацкай дынастыі, як гэта назіралася ў іншых сярэдневяковых дзяржавах.
У летапісах Полацкая зямля называецца «отчнной» Рагнеды, яе сына Ізяслава і іх нашчадкаў. Слова «отчнна» першапачаткова азначала — зямля продкаў, бацькаўшчына. 3 XII—XIII стст. пад ёй пачалі разумець уласнасць роду — вотчыну. Полацкія князі «отчнну» сваю вялі па спадчыне ад бацькі Рагнеды Рагвалода, а не ад падаравання кіеўскага князя Уладзіміра.
Улада полацкага князя над «вотчынай» мела для яго значэнне, паколькі яна была заселена сялянамі і ўяўляла для полацкіх князёў матэрыяльныя каштоўнасці. Князі мелі патрэбу ў «данях», «кармленні» і іншых прыбытках з насельніцтва. Без такіх даходаў князь і яго дружына не маглі весці ваеннае жыццё, быць узброенымі, каб удзельнічаць у паходах і войнах.
У васальнай залежнасці ад полацкіх князёў знаходзіліся землі ў ніжнім цячэнні Заходняй Дзвіны (Даўгавы) ва Усходняй Прыбалтыцы. Заходнія хронікі паведамляюць, што «кароль» (князь) з Полацка час ад часу збіраў даніну з ліваў. Полацкія князі выкарыстоўвалі атрады ліваў у час вайны. Паводле паведамленняў нямецкай хронікі, адной з умоў мірнага дагавора 1210 г. Рыгі з Полацкам было пацвярджэнне таго, каб «каралю (полацкаму) штогод плацілася неабходная даніна лівамі ці за іх біскупам (епіскапам) рыжскім».
Латгалы, як і лівы, плацілі даніну полацкаму
52
князю і пастаўлялі дапаможнае войска. У паўднёвай частцы Латгаліі, на беразе Даўгавы, знаходзіліся два галоўныя ўмацаваныя пункты — Герцыке і Кукенойс. У Кукенойсе на пачатку XIII ст. княжыў Вячка (Вячаслаў), напэўна, з дынастыі полацкіх князёў.
У Полацкім княстве не занятая асобнымі феадаламі зямля лічылася дзяржаўнай і, каб уступіць ва ўладанне ёй, патрэбна было дараванне ад імя князя. Полацкі князь лічыўся галавой княства, а калі ў XII ст. Полацкая зямля распалася, мясцовыя князі былі валадарамі больш дробных княстваў (валасцей) — Менскага, Друцкага, Віцебскага, Ізяслаўскага, Лагойскага. Глебавічы захоўвалі за сабой Менск, Барысавічы — Друцк, Васількавічы — Віцебск.
Прычыны пераходу да феадальнай раздробленасці трэба бачыць у з’яўленні і распаўсюджанні феадальнага землекарыстання, з чым звязана ўзнікненне баярскіх сёл. Адбываўся працэс паступовага асядання дружыны на зямлю, у выніку чаго князь жадаў умацаваць сваё асабістае княства, сваю «вотчыну». Феадальнай раздробленасці садзейнічаў таксама рост гарадоў, якія станавіліся менш залежнымі ад Полацка.
У летапісах пры апісанні падзей, якія адбываліся ў XI—XII стст. на тэрыторыі Беларусі, упамінаецца чэлядзь. Вельмі цікавае паведамленне летапісу аб тым, што ўдава менскага князя Глеба завяшчала пяць сёл з чэляддзю Пячэрскаму манастыру ў Кіеве. Відаць, гэта буйная гаспадарка, у якой працавала чэлядзь.
Каля Полацка мясцовы епіскап Ілля валодаў Сяльцом, у якім ён падараваў Ефрасінні ўчастак для будаўніцтва Спаскай царквы. Падобныя факты — сведчанне наяўнасці феадальных адносін. Манастырскія вотчыны папаўняліся за кошт княжацкіх наданняў і ўкладаў прыватных асоб, што яшчэ раз пацвярджае такую выснову.