• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XIII ст.

    Гісторыя Беларусі

    ад старажытных часоў да канца XIII ст.

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 111с.
    Мінск 1994
    38.02 МБ
    Царкоўным па зместу быў насценны жывапіс, у якім адчуваўся візантыйскі ўплыў. Ад візантыйскага жывапісу былі ўзяты вялікія вочы на тварах намаляваных людзей, падоўжаныя авалы твараў, штучнасць складак адзення. У сярэднявеччы высокаразвітая культура ўбірала ў сябе і творча пераасэнсоўвала дасягненні пэўнай эпохі.
    Мастацкае рамяство — ліццё, чаканка па метале, разьба па слановай косці і бронзе, эмаль — паўтарала сюжэты і формы раманскай архітэктуры, скульптуры і насценнага жывапісу. У IX—XI стст. былі дасягнуты значныя поспехі ў афармленні рукапісных кніг, асабліва ў Англіі.
    У Францыі з сярэдзіны XII ст. раманскі стыль у архітэктуры змяніўся гатычным, які хутка распаўсюдзіўся ў краінах Заходняй Еўропы. Унутраныя слупы ў гатычных саборах пераходзілі ўверсе ў стрэльчатыя аркі. Саборы мелі мноства востраканечных веж. Пабудовы вылучаліся вялікай вышынёй, былі добра асветлены вокнамі з каляровымі вітражамі.
    3 XIII ст. у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе распаўсюдзіліся пабудовы, якія называюцца «данжон». Гэта высокая вежа феадальнага замка. Яна служыла месцам апошняй абароны і адначасова жыллём феадала. Пры нападах ворагаў з вузкіх вежавых акон ляцелі стрэлы лучнікоў. На тых, хто штурмаваў, зверху кідалі камяні, вылівалі кіпячую смалу ці ваду. Да гэтага тыпу збудаванняў належыць Камянецкая вежа («стоўп») у Беларусі.
    3 архітэктурай готыкі арганічна звязана скульптура, якая ўпрыгожвала фасад сабора і яго інтэр’ер. Архітэктурныя помнікі готыкі ў Францыі — сабор Парыжскай божай маці, у Англіі — сабор Вестмінстэрскага абацтва ў Лондане, у Германіі — сабор у Кёльне, у Італіі — сабор у Мілане.
    69
    У XII—XIII стст. у Заходняй Еўропе развіваецца гарадская культура — літаратура (навела, сатырычны эпас, драма), музыка, тэатральнае мастацтва. Па ініцыятыве магістраў (настаўнікаў) ствараліся нецаркоўныя школы. У філасофскіх спрэчках нараджаліся асноўныя накірункі будучай сярэдневяковай схаластыкі — «школьнай філасофіі», прадстаўнікі якой імкнуліся тэарэтычна абгрунтаваць рэлігійны светапогляд.
    У XI—XIII стст. склаліся рыцарская культура, літаратура, эпас. Найбольш знакамітай паэмай была «Песня пра Раланда», якая ўзнікла ў Францыі на аснове народнага эпасу XI — XII стст.
    На Захадзе ў XII—XIII стст. пачала складвацца вышэйшая школа. Адзін з першых у Еўропе Балонскі універсітэт (Італія) заснаваны ў XI ст.
    Полацк — у скандынаўскіх сагах. Культура Скандынавіі надзвычай цікавая эпічнымі песнямі, апавяданнямі ісландскіх car (паданняў) і паэзіяй скальдаў — скандынаўскіх бардаў, якія складалі гераічныя песні аб бітвах і паходах вікінгаў. Гэта эпічная народная паэзія не мае сабе роўнай ва ўсёй заходнееўрапейскай літаратуры часоў ранняга сярэднявечча.
    У «Сазе аб хрышчэнні» галоўнай дзеючай асобай з’яўляецца Торвальд Вандроўнік, які прымаў удзел у хрысціянізацыі Ісландыі ў канцы X ст. Адтуль ён выправіўся ў Іерусалім. Вяртаючыся на радзіму ў Скандынавію, памёр і быў пахаваны, як апавядае сага, «каля царквы Іаана Хрысціцеля, непадалёку ад Полацка».
    Больш падрабязныя звесткі аб полацкаскандынаўскіх узаемадачыненнях змешчаны ў так званай «Эймундавай сазе». Яе герой Эймунд узначальваў атрад скандынаваў, які ўдзельнічаў у паходзе полацкага князя Брачыслава на Ноўгарад у 1021 г. Барацьба полацкіх князёў з Ноўгарадам у той час азначала барацьбу з Кіевам. Эймунд прапанаваў полацкаму князю свае паслугі ў гэтай барацьбе супраць князя Яраслава Мудрага. Полацкі князь адказвае: «Дайце мне тэрмін, каб параіцца з маімі мужамі, таму што яны даюць грошы, а выплачваю іх я». Полацкі князь збірае веча для вырашэння гэтага пытання. «Эймундава сага» пацвярджае, што ў Полацку ў XI ст. гарадская абшчына настолькі ўмацава
    70
    лася, што без яе князь не мог прымаць важных пастаноў.
    У сазе адсутнічае апісанне, як адбывалася ўзяцце Ноўгарада, у чым прымаў удзел і Эймунд са сваім атрадам. У ёй гаворыцца, што дружыны Брачыслава і Яраслава сышліся ў адным месцы і стаялі сем начэй. Яны рыхтаваліся да бітвы. У самы рашучы момант з’явілася жонка Яраслава Інгігерда (яна была дачкой шведскага конунга Алафа) і пры яе садзейнічанні быў заключаны мір.
    3 усходнеславянскіх летапісаў вядома, што ў выніку заключэння міру пад уладу полацкага князя адышлі гарады Віцебск і Усвяты, каля якіх знаходзіліся волакі, неабходныя для гандлю. За гэту тэрыторыю і адбывалася барацьба паміж Полацкам і Ноўгарадам.
    Скандынаўскія сагі ўпамінаюць тры буйныя гарады ўсходняга славянства: Ноўгарад, Полацк, Кіеў.
    Традыцыі і ўплыў візантыйскай культуры. Візантыйская культура не была культурай адных толькі грэкаў. У ёй спалучаліся рымскія і эліністычныя традыцыі з арыгінальнай культурай народаў, якія насялялі імперыю (егіпцян, сірыйцаў, насельніцтва Малой Азіі). Гарады Візантыі са шматэтнічным насельніцтвам заставаліся асяродкамі адукаванасці, у якіх на аснове дасягненняў антычнасці працягвалі развівацца архітэктура, выяўленчае мастацтва, мастацкія рамёствы.
    У V—VI стст. у Візантыі сфарміраваўся тып так званага крыжовакупальнага храма. Асновай яго плана з’яўляецца прамавугольнік, падзелены 4 слупамі, на якія абапіраецца купал. 3 усходу да храма прымыкалі алтарныя паўкружжы — апсіды.
    Найбольш значны помнік крыжовакупальнай сістэмы — сабор св. Сафіі ў Канстанцінопалі, пабудаваны ў 532—537 гг. Вышыня яго каля 60 м, дыяметр купала 33 м. Унутры храм здзіўляў сваімі памерамі і прыгажосцю, быў багата аздоблены мазаічным і фрэскавым роспісам.
    Мазаікі храма св. Сафіі ў Канстанцінопалі з’яўляюцца адной з вяршынь візантыйскага жывапісу. У IX—X стст. у манументальным жывапісе складваецца строгая сістэма размяшчэння рэлігійных падзей і сюжэтаў на сценах і скляпенні храмаў. Пад
    71
    лога, слупы і панелі выкладваліся паліраваным каменнем. Гэты тып храма праз чатыры стагоддзі лёг у аснову развіцця культавай каменнай архітэктуры Русі, Полацкага княства і ўсіх іншых зямель усходніх славян.
    Багатая рознымі жанрамі і імёнамі таленавітых пісьменнікаў і паэтаў візантыйская літаратура. Значную папулярнасць набывае асобны літаратурны жанр павучальнага чытання рэлігійнага характару жыціі святых — агіяграфія. 3 VII ст. да сярэдзіны IX ст. агіяграфія была вядучай формай візантыйскай літаратуры. Затым яна распаўсюдзілася ва ўсходніх славян.
    3 гістарычных твораў вылучаецца хроніка Георгія Амартола, якая была перакладзена на стараславянскую мову. Усходнеславянскія летапісцы выкарыстоўвалі гэту хроніку. Выкладанне падзей «сусветнай» гісторыі тут пачыналася са стварэння свету Богам і ўключала гісторыю старажытнаяўрэйскую і, як яе працяг, візантыйскую. Візантыйская культура аказвала значны ўплыў на культуру Кіеўскай Русі.
    У беларускіх землях распаўсюджанню візантыйскай культуры спрыялі прадстаўнікі полацкай княжацкай дынастыі. Яны мелі сваяцкія дачыненні да дома візантыйскіх імператараў (праз радство з кіеўскімі князямі). У 30я гг. XII ст. некалькі полацкіх князёў доўгі час знаходзіліся ў Канстанцінопалі, дзе служылі ў войску візантыйскага імператара. 3 Візантыі яны, як мяркуюць, прывезлі ў беларускія землі архітэктараў і іншых творчых людзей, якія садзейнічалі развіццю дойлідства і мастацтва. Рэлігійныя і мастацкія сувязі з Канстанцінопалем падтрымлівала Ефрасіння Полацкая, якую лічаць грэкафілкай. Ефрасіння пасылала блізкіх ёй людзей для сувязі з Візантыяй, адкуль прывозіліся царкоўныя прыналежнасці, а затым сама зрабіла падарожжа праз Канстанцінопаль у Палесціну, дзе і памерла.
    Культура славянскіх краін: з’яўленне пісьменнасці. У краінах паўднёвых і заходніх славян у раннім сярэднявеччы развівалася архітэктура, мастацтва, грамата. Раней чым у іншых паўднёвых славян, у Балгарыі пачала распаўсюджвацца пісьменнасць.
    Заслуга стварэння славянскай азбукі і пісьменнасці належыць братам Кірылу і Мяфодзію з Салу
    72
    ні (Грэцыя). Іх дзейнасць прыходзіцца на другую палову IX ст. Славяне па паходжанню, яны з’яўляліся візантыйскімі царкоўнікамі і палітычнымі дзеячамі. Па просьбе вялікамараўскага князя Расціслава былі накіраваны ў 863 г. у Маравію для пропаведзі хрысціянства на славянскай мове, вялі там упартую барацьбу з нямецкім каталіцкім духавенствам, былі першымі перакладчыкамі рэлігійных кніг з грэчаскай на славянскую мову.
    Спачатку была створана азбука, якую называюць «глаголіца». Яе літары мелі складанае графічнае напісанне. Затым з’явілася азбука «кірыліца», створаная на аснове глаголіцы. Яна мела 43 літары. Многія літары абазначалі лічбы.
    Кірыліца адрозніваецца ад глаголіцы больш простай і выразнай формай літар. Самабытны характар старажытнаславянскіх азбук праяўляецца не ў напісанні літар, а ў тым, што яны добра адпавядалі гукавому складу старажытнаславянскай мовы.
    Пасля з’яўлення кірыліцы на многіх славянскіх землях — у Маравіі, Македоніі, Балгарыі, Кіеўскай Русі суіснавалі формы пісьменнасці на аснове двух алфавітаў. 3 XII ст. глаголіца стала паступова другараднай азбукай і пазней захавалася пераважна ў каталіцкіх прыходах Далмацыі і Харватыі.
    Кірыліца ад стараславянскай пісьменнасці перайшла ў спадчыну старабеларускай, стараўкраінскай і старарускай пісьменнасці. У ранні перыяд старабеларуская графіка мела ўсе літары кірыліцы. Пры далейшым развіцці беларускай мовы адпала патрэба ў некаторых літарах. Графічная сістэма спрашчалася і ўдасканальвалася.
    Хрысціянства было прызнана дзяржаўнай рэлігіяй у Балгарыі каля 865 г. Яно спрыяла хуткаму культурнаму росту краіны. Пачалі будавацца манументальныя храмы, развіваліся выяўленчае мастацтва і балгарская літаратура ў IX—X стст.
    Успрыняўшы вынаходства і справуКірылы і Мяфодзія, сярэдневяковая Балгарыя адыграла вельмі істотную ролю ў распаўсюджанні славянскай пісьменнасці і культуры сярод славянскіх народаў. 3 перанясеннем славянскага пісьма ў Балгарыю яна становіцца краінай сярэдневяковай пісьменнасці і культуры. Зацвердзіўшыся на балгарекіх землях, старажытнаславянская пісьменнасць пераходзіць з Бал
    73
    гарыі да ўсходніх славян. На працягу доўгага часу літаратура Русі была, па сутнасці, працягам літаратуры старажытнабалгарскай. Балгарыя лічыцца калыскай славянскай пісьменнасці.
    Важным цэнтрам рэлігійных і культурных сувязей паміж балгарамі і ўсходнімі славянамі быў паўвостраў Афон (на тэрыторыі Грэцыі), дзе знаходзіліся знакамітыя афонскія манастыры. У XII ст. тут узнік усходнеславянскі («рускі») манастыр.