• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі: XX ст. Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Гісторыя Беларусі: XX ст.

    Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 349с.
    Мінск 1993
    125.34 МБ
    3 аднаго боку, адбывалася кансалідацыя ўсіх камуністычных сіл у адзіную палітычную арганізацыю. Яе асновы заклаў II з’езд КРПП, які адбыўся восенню 1923 г. і даў другую назву сваёй партыі — Камуністычная партыя Польшчы (К.ПП). У адносінах да беларускіх рабочых і сялян з’езд выказаўся за іх вызваленне з-пад прыгнёту польскіх памешчыкаў і капіталістаў
    і ўз’яднанне ў Беларускай савецкай дзяржаве. Адначасова ён вырашыў стварыць на тэрыторыі Заходняй Беларусі аўтаномную камуністычную арганізацыю ў саставе адзінай КПП.
    У кастрычніку 1923 г. у Вільні нелегальна адбылася V Устаноўчая канферэнцыя прадстаўнікоў усіх існаваўшых у Заходняй Беларусі партыйных камітэтаў камуністаў. Яна прыняла рашэнне аб стварэнні Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) і выбрала яе UK (С. А. Мертэнс, С. Т. Мілер, С. А. Дубовік і інш.). У канцы 1923 г. у рады КПЗБ улілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА). Яе кіраўнікі (I. К. Лагіновіч, А. У. Канчэўскі і A. Р. Капуцкі) увайшлі ў склад ЦК КПЗБ. Намаганнямі партыі ў 1924 г. быў створаны камсамол Заходняй Беларусі (КСМЗБ). Пад яе ўплывам знаходзілася дэпутацкая фракцыя «Змаганне» і іншыя палітычныя арганізацыі.
    3 другога боку, пашыралася культурна-асветніцкая дзейнасць, якую развівалі ў першую чаргу Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), група А. Луцкевіча — Р. Астроўскага і Віленскі Беларускі нацыянальны камітэт, а таксама дзеючыя пад іх кіраўніцтвам розныя навуковыя, дабрачынныя, гаспадарчыя, асветніцкія арганізацыі і таварыствы.
    Такім чынам, у сярэдзіне 20-х гг. у нацыянальнавызваленчым руху, які ў гэты час набыў шырокі размах, яскрава выкрышталізаваліся два напрамкі: рэвалюцыйна-вызваленчы і нацыянальна-дэмакратычны. Паміж імі абвастрылася канфрантацыя. Кіраўніцтва КПЗБ вяло лінію на далейшае разгортванне партызанскага руху і давядзення яго да змены палітычнай улады ў Заходняй Беларусі.
    Польскія ўлады жорстка распраўляліся з удзельнікамі партызанскага руху. Усюды дзейнічалі надзвычайныя суды і лютавалі карныя экспедыцыі. У 1925 г. склалася сітуацыя, якая магла прывесці да ўзброенага паўстання. У гэтых умовах польскі ўрад увёў на тэрыторыю Заходняй Беларусі вялікую колькасць рэгулярных войск. Суадносіны сіл рэзка змяніліся. Камуністы, каб прадухіліць велізарныя ахвяры, заклікалі працоўных перайсці да іншых форм барацьбы.
    Пад арганізацыйным уплывам КПЗБ у маі 1926 г. канчаткова аформілася як масавая палітычная арганізацыя Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ) на чале з вядомым беларускім вучоным, рэвалюцыяне-
    рам, грамадскім дзеячам Б. А. Тарашкевічам. Яе праграма ўключыла такія патрабаванні, як самавызначэнне Заходняй Беларусі, стварэнне рабоча-сялянскага ўрада, перадача зямлі сялянам без выкупу, знішчэнне сістэмы асадніцтва. Разам з камуністамі дзеячы Грамады агітавалі сялян і рабочых на актыўную палітычную барацьбу, вялі шырокую кампанію за вызваленне палітзняволеных.
    У 1927 г. БСРГ з’яўлялася масавай рэвалюцыйнай арганізацыяй сялян, якая налічвала ў сваіх радах больш як 100 тыс. членаў, аб’яднаных амаль у 2 тыс. гурткоў. Баючыся гэтай сілы, урад Пілсудскага разграміў Грамаду, кінуўшы ў турму некалькі соцень яе актывістаў. Гэта было цяжкім ударам па нацыянальнавызваленчаму руху ў Заходняй Беларусі. Нягледзячы на гэта, Грамада пакінула глыбокі след у свядомасці сялян і рабочых. Прагрэсіўныя традыцыі БСРГ прадоўжылі беларускі сялянска-рабочы дэпутацкі клуб «Змаганне» і іншыя арганізацыі.
    Нягледзячы на жорсткае праследаванне, аўтарытэт КПЗБ у масах захоўваўся. На выбарах у сейм у сакавіку 1928 г. за камуністаў, што выступалі пад імем «Рабоча-сялянскае адзінства», было пададзена звыш 328 тыс. галасоў, што складала 26 % усіх прыняўшых удзел у выбарах у Заходняй Беларусі. Гэтаму поспеху садзейнічала прызнанне кіраўніцтвам КПЗБ сваіх левасектанцкіх памылак у нацыянальна-вызваленчым руху.
    Пазіцыі КПЗБ пашыраліся дзякуючы яе рашучаму выступленню ў абарону кулыуры беларускага народа, яго нацыянальных традыцый. Яна ўсямерна дапамагала масавай дэмакратычнай культурна-асветнай арганізацыі — Таварыству беларускай школы (ТБШ), якое аб’яднала больш за 14 тыс. членаў. Яго кіраўнікамі і актыўнымі дзеячамі былі Б. А. Тарашкевіч, I. С. Дварчанін, П. С. Пестрак, Р. Р. Шырма, С. А. Рак-Міхайлоўскі і інш. ТБШ мела даволі шырокую сетку гурткоў і шматтыражныя друкаваныя выданні («Бюлетэнь ТБШ», газета «Шлях», часопіс «Беларускі летапіс»).
    Рабочыя і сяляне, перадавая грамадскасць падтрымлівалі камуністычныя і дэмакратычныя арганізацыі. У адказ на разгром Грамады прайшлі масавыя дэманстрацыі і мітынгі пратэстаў у Косаве, дзе выступленне было падаўлена сілай, у Маладзечне, Вілейцы, Брэсце, некаторых іншых гарадах. Па ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі ўзнімалася новая хваля барацьбы.
    Нацыянальна-вызваленчы pyx працоўных Заходняй Беларусі ў канцы 20-х — 30-я гг. У жніўні 1929 г. стыхійна ўспыхнула стачка на шклозаводзе «Нёман». Баставаўшыя патрабавалі павелічэння заработнай платы, скарачэння рабочага дня. У барацьбу ўключылася больш за 700 чалавек, якія на працягу двух месяцаў упарта адстойвалі свае эканамічныя патрабаванні. Аднак адсутнасць арганізаванасці абумовіла толькі частковае задавальненне патрабаванняў рабочых.
    Рэпрэсіі з боку польскіх улад да відных дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху, вострая канфрантацыя паміж рэвалюцыйна-вызваленчым і нацыянальнадэмакратычным напрамкамі руху прывялі да некаторага спаду барацьбы ў пачатку 30-х гг. На ёй катастрафічна адбіліся і неапраўданыя рэпрэсіі, якім у 1933 г. і пазней падвергліся ў БССР былыя кіраўнікі БСРГ і «Змагання», а таксама КПЗБ. Але барацьба працоўных, падчас стыхійная, працягвалася.
    У пачатку 30-х гг. прайшлі забастоўкі на прамысловых прадпрыемствах Беластока, Вільні, Брэста, Гродна, Пінска, Слоніма. Больш як чатыры месяцы зімы 1932— 1933 гг. баставала 7 тыс. рабочых і сялян, якія працавалі ў Белавежскай пушчы. Спачатку ўзняліся рабочыя лясных промыслаў, а затым, па закліку КПП і КПЗБ, барацьба пашырылася.
    Вылучаны КПЗБ лозунг «Зямля сялянам без выкупу!» з’явіўся мабілізуючым стымулам у барацьбе сялян. На яе рабілі ўплыў і выступленні рабочых. Востры характар набылі падзеі на Брэстчыне. У адказ на проціпраўныя дзеянні паліцэйскіх, сяляне Кобрынскага раёна пачалі рыхтавацца да самаабароны. У ноч з 3 на 4 жніўня 1933 г. яны рушылі да аружэйнага склада ў Навасёлках. Паліцыя, атрымаўшы падмацаванне, арганізавала крывавую пацыфікацыю (уціхамірванне), якая была распаўсюджана і на навакольныя вёскі. Дзевяць найбольш актыўных удзельнікаў сялянскіх выступленвяў, у тым ліку работніца-камуністка Рэгіна Каплан, былі аддадзены ваенна-палявому суду. Дзеянні паліцыі і суд у Кобрыне выклікалі абурэнне рабочых і сялян Польшчы. У Варшаве, Беластоку, Вільні, Брэсце адбыліся масавыя палітычныя дэманстрацыі і забастоўкі пратэсту. Улады вымушаны былі адмовіцца ад вынясення смяротнага прыгавору абвінавачваемым.
    3 прыходам да ўлады ў Германіі фашыстаў рэзка ўзрасла пагроза міру і дэмакратыі. Польшча ў 192
    1934 г. заключае з рэйхам пагадненне аб мірным вырашэнні спрэчных пытанняў, а праз год уводзіць канстытуцыю, якой яшчэ болыл абмяжоўваліся дэмакратычныя правы і вольнасці. Тысячы рэвалюцыйна настроеных выхадцаў з рабочага класа, сялянства і перадавой інтэлігенцыі былі кінуты ў турмы і канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай. У гэтых умовах барацьба канцэнтруецца вакол стварэння адзінага дэмакратычнага антыфашысцкага народнага фронту. КПЗБ і іншыя партыі вылучаюць шэраг надзённых патрабаванняў: адмену існуючай канстытуцыі, канфіскацыю памешчыцкіх зямель, раўнапраўе нацыянальнасцей і самавызначэнне Заходняй Беларусі, разрыў саюзніцкіх адносін з Германіяй і інш. КПЗБ змагла дасягнуць адзінства дзеяння з кіраўніцтвам шэрага прафсаюзаў. Пры яе садзейнічанні ў лютым 1936 г. паміж ТБШ, якое знаходзілася пад уплывам КПЗБ, і Беларускім інстытутам гаспадаркі, які знаходзіўся пад уплывам БХД, падпісваецца пагадненне аб сумеснай барацьбе за школу на роднай мове.
    Большая частка выступленняў рабочых праходзіць пад знакам адзінага рабочага і народнага фронту. Аб росце яго сіл пераканаўча сведчылі падзеі, звязаныя з расстрэлам рабочых дэманстрацый у Кракаве і Львове вясной 1936 г. У падтрымку польскага пралетарыяту забаставалі рабочыя Гродна і Брэста. У Брэсце быў створаны камітэт дапамогі, які збіраў сродкі для сем’яў ахвяр расстрэлу.
    У рэчышча гэтай барацьбы ўліваўся і сялянскі рух, яркім прыкладам якога стала выступленне нарачанскіх рыбакоў. Дырэкцыя дзяржаўных лясоў, ва ўпраўленне якога было перададзена возера Нарач, забараніла свабодную лоўлю рыбы. Тры тысячы сялян прыазёрных вёсак, абураныя забаронай, захапілі рыбныя ўчасткі. Ім дапамаглі рыбакі, якія працавалі ў дырэкцыі па найму. Барацьба працягвалася аж да верасня 1939 г.
    Салідарнасць працоўных праявілася ў кампаніі за выратаванне жыцця маладога рэвалюцыянера С. В. Прытыцкага, які ў Вільні ў час суда над 17 таварышамі па барацьбе застрэліў правакатара, за што быў прыгавораны да пакарання смерцю праз павешанне. Пісьменнік Максім Танк, нацыянальны герой Беларусі і Іспаніі М. В. Дворнікаў, будучы генерал польскай арміі С. М. Малько напісалі заклік «Прытыцкі мусіць жыць — Прытыцкі павінен жыць!» і пераслалі яго з Са-
    вецкай Беларусі ў Заходнюю Беларусь. Па ўсёй Польшчы разгарнуўся рух за адмену пакарання. Ен быў падтрыманы працоўнымі Еўропы і Амерыкі. Пад напорам народных выступленняў польскі ўрад вымушаны быў замяніць смяротны прыгавор С. В. Прытыцкаму пажыццёвым зняволеннем.
    Барацьба апошніх перадваенных гадоў не прынесла станоўчых вынікаў. Прычынай гэтага было, з аднаго боку, негатыўны ўплыў на камуністаў культу асобы Сталіна, калі ім забаранялася ўстанаўліваць якія-небудзь кантакты з сацыял-дэмакратамі Польшчы, абвінавачаных (як і ў іншых краінах) у пасобніцтве фашыстам, з другога, нежаданне ў выніку гэтага кіраўніцтва Польскай сацыялістычнай партыі і іншых дэмакратычных сіл ісці на сумесныя дзеянні з камуністамі.
    Пытанні і заданні. 1. Якая была эканамічная і нацыянальная палітыка польскага ўрада ў Заходняй Беларусі? 2. Пакажыце ўздым нацыянальна-вызваленчага руху ў 20-я гг. 3. Якія беларускія дэмакратычныя арганізацыі дзейнічалі ў Польшчы? Дайце разгорнуты адказ. 4. Вызначце месца і ролю КПЗБ у барацьбе працоўных Заходняй Беларусі. S. Ахарактарызуйце нацыянальна-вызваленчы рух у першай палове 30-х гг. 6. Як змяніўся характар барацьбы ў сярэдзіне 30-х гг.?