Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
§ 26. Уз'яднанне беларускага народа ў складзе БССР
Салідарнасць працоўных БССР і СССР з нацыянальна-вызваленчым рухам у Заходняй Беларусі. Працоўныя Савецкай Беларусі, якія ў большасці сваёй верылі, што будуюць новы справядлівы грамадскі лад, са спачуваннем адносіліся да сваіх суайчыннікаў у Заходняй Беларусі і выказвалі салідарнасць у іх барацьбе за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне і аб’яднанне ў адзіны народ. Імкненне беларускага народа да ўз’яднання выкарыстоўвалася сталінскім кіраўніцтвам з мэтай пашырэння сваёй улады на Заходнюю Беларусь. Па ўсёй БССР праводзіліся палітычныя акцыі ў падтрымку заходнебеларускага насельніцтва. У Мінску пастаянна дзейнічала бюро дапамогі камуністам і ўсім змагарам Заходняй Беларусі.
Істотную падтрымку змагарам аказвалі і за межамі БССР. У абарону правоў заходніх беларусаў выступалі працоўныя Масквы, Ленінграда, Кіева і іншых гарадоў. У процілегласць органам НКУС яны гатовы былі даць гасцінны прытулак усім тым, каго праследавалі поль-
скія ўлады, дапамагалі палітэмігрантам уключыцца ў мясцовае жыццё, атрымаць адукацыю, увайсці ў працоўны калектыў і г. д.
Салідарнасць насельніцтва БССР з беларусамі Польшчы асабліва праявілася ў першай палове 30-х гг., калі па ініцыятыве бальшавікоў многія прадпрыемствы і ўстановы рэспублікі выступалі з патрабаваннямі да польскіх улад спыніць тэрор у Заходняй Беларусі, хоць і самі цярпелі не меншы тэрор з боку бальшавіцкіх улад. 3 заклікам далучыцца да голасу пратэсту яны звярталіся да пралетарыяту Англіі, Германіі, Францыі. У дапамогу насельніцтву Заходняй Беларусі збіраліся грашовыя сродкі. Шырокі водгук у рабочых БССР атрымала 13-тыднёвая забастоўка тэкстыльшчыкаў Беластока ў 1933 г. Падтрымка савецкіх людзей натхняла працоўных Заходняй Беларусі на барацьбу за сваё вызваленне.
Інакш ставілася да гэтага сталінскае кіраўніцтва ВКП(б) і СССР.
Роспуск КПЗБ. На працягу 15 гадоў у авангардзе рэвалюцыйна-вызваленчага руху працоўных Заходняй Беларусі ішла КПЗБ. Да 1933 г. яна налічвала 4 тыс. членаў. Апрача гэтага, каля 3 тыс. камуністаў знаходзіліся ў турмах. У Беластоку і Вільні, Гродне і Брэсце партыя выдавала газету «Чырвоны сцяг», часопіс «Бальшавік», а таксама сатырычныя «Маланка» і «Асва». На працягу ўсёй сваёй дзейнасці яна працавала разам з КПП. Польскія камуністы аказвалі ёй дапамогу вопытнымі кадрамі і літаратурай, падтрымлівалі вызваленчы рух заходнебеларускіх працоўных, іх імкненне да ўз’яднання з працоўнымі Савецкай Беларусі. Са свайго боку КПЗБ з’яўлялася ініцыятарам кампаніі салідарнасці ў Заходняй Беларусі з барацьбой польскіх рабочых і сялян. Яна рашуча выступала супраць антысавецкай знешняй палітыкі польскіх кіруючых колаў, у абарону СССР.
На чале кіраўніцтва КПЗБ стаялі такія выпрабаваныя змагары, як I. К. Лагіновіч, A. А. Альшэўскі, A. С. Славінскі і інш. У яе радах атрымалі выхаванне кіраўнікі рэвалюцыйнай моладзі (КСМЗБ) В. 3. Харужая, М. М. Дворнікаў, С. В. Прытыцкі, М. С. Майскі, М. П. Маслоўскі, М. С. Арэхва, В. 3. Царук, В. 3. Корж і інш. Сярод іх выраслі вядомыя беларускія пісьменнікі М. Танк (Я. I. Скурко), П. С. Пестрак, В. П. Таўлай, М. Васілёк.
У перыяд найвышэйшай ідэалагічнай і арганізацыйнай сталасці і плённай працы ў масах на КПЗБ, разам з КПП і КПЗУ (Камуністычная партыя Заходняй Украіны), абрушыўся смяротны ўдар у сярэдзіне 30-х гг., калі набіраў абароты махавік сталінскіх рэпрэсій, шмат партыйных актывістаў было несправядліва абвінавачана ў здрадніцтве і падвергнута суровым пакаранням. У 1936 г. органы НКУС у СССР арыштавалі I. К. Лагіновіча, які доўгі час працаваў сакратаром ЦК КПЗБ. Пад націскам ЦК ВКП(б) Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ выдала адмоўныя характарыстыкі 120 відным членам партыі, а справы 34 з іх перадала ў органы НКУС. 3 партыі пачалі пагалоўна выключаць асоб, якія прыйшлі з БРА, Грамады, ТБШ. У 1937 г. былі арыштаваны выкліканыя ў СССР кіруючыя работнікі КПЗБ М. С. Майскі, М. П. Маслоўскі, A. А. Славінскі, В. 3. Харужая, шэраг іншых камуністаў. Большасць з іх загінулі ў турмах або лагерах НКУС.
Супраць камуністаў Польшчы, Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі было сфабрыкавана абвінавачванне ў тым, што іх кіраўніцтва з’яўляецца агентам польскай палітычнай паліцыі — дэфензівы. Рашэннем Прэзідыума ІККІ, КПП, КПЗУ і КПЗБ у 1938 г. былі распушчаны і пад канец года перасталі існаваць усе іх арганізацыі. Адбыўся беспрэцэдэнтны ў гісторыі міжнароднага камуністычнага і рабочага руху выпадак, калі партыйныя арганізацыі цэлай краіны, якія мелі немалыя заслугі ў развіцці камуністычнага і рэвалюцыйнага руху, аб’яўляліся саюзнікамі імперыялістычнага лагера.
Гэта быў каварны ўдар па нацыянальна-вызваленчаму руху ў Заходняй Беларусі, у выніку чаго ён аслаб і не мог павесці за сабой працоўных у барацьбе за ўз’яднанне з БССР. Беспадстаўнасць гэтага акта была прызнана ўжо ў 1939 г., калі Сакратарыят IККІ прыняў рашэнне аб узнаўленні КПП і ў яе складзе КПЗБ і КПЗУ. Аднак пастанова засталася нявыкананай1.
Падзел Польшчы. У верасні 1939 г. знешнепалітычнае становішча Польшчы рэзка змянілася. Гібельнымі для яе сталі здрадніцтва Англіі і Францыі —
1 Добрае імя КПЗБ, яе кіруючага актыву і дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху было адноўлена ў 1956 г. у заяве ЦК КПСС, Камуністычнай партыі Балгарыі, Фінляндыі і Італіі сумесна з ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі.
адмова Лондана і Парыжа ад практычнай рэалізацыі дагавора 1938 г. аб узаемадапамозе з Варшавай, нязгода польскага ўрада ў час англа-франка-савецкіх перагавораў у Маскве на пропуск Чырвонай Арміі праз тэрыторыю краіны, калі агрэсія супраць Польшчы ўзнікне з захаду, слабая матэрыяльна-тэхнічная забяспечанасць польскай арміі, нераспрацаванасць плана на выпадак вайны з Германіяй. Але яе канчатковы лёс вырашыла заключэнне Сталіным — Молатавым 23 жніўня 1939 г. пакта аб ненападзе з Гітлерам. Усё гэта фактычна пакідала Польшчу сам-насам у барацьбе з германскім рэйхам.
Пакт з Германіяй быў дапоўнены сакрэтнымі пратаколамі, па якіх тэрыторыя Польшчы і шэрага іншых краін падзялялася на сферы ўплыву СССР і Германіі. Устанаўлівалася, што мяжа гэтых сфер павінна праходзіць па лініі рэк Нарэў, Буг, Вісла, Сан. Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна прызнавалася сферай інтарэсаў СССР. Пратаколы, як і заключаны праз месяц (28 верасня) дагавор аб дружбе і граніцы, з’яўляліся грубым парушэннем правоў польскага народа на самавызначэнне, новым падзелам Польшчы, хоць аб’ектыўна аднаўлялі нацыянальныя правы беларускага і ўкраінскага народаў, парушаныя ўмовамі Рыжскага трактату 1921 г., з’яўляліся праяўленнем імперскіх амбіцый Масквы, нарэшце, адступленнем ад тых самых прынцыпаў, якія афіцыйна абвяшчаліся камуністычнай партыяй і Савецкім урадам, пачынаючы з У. I. Леніна. Пакт ад 23 жніўня 1939 г. развязаў рукі Германіі на Усходзе. 1 верасня 1939 г. яна напала на Польшчу, распачаўшы тым самым другую сусветную вайну. Мужна абараняючыся ад фашысцкага нашэсця, польскі народ вёў справядлівую вайну. Маючы велізарную ваенную перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, фашысцкія войскі хутка рухаліся ў напрамку да граніцы СССР. Германіяй была акупіравана амаль уся тэрыторыя Польшчы, яе войскі падступілі да межаў Заходняй Беларусі і нават занялі некаторыя беларускія і ўкраінскія населеныя пункты (Брэст, Львоў).
Уступленне савецкіх войск у Заходнюю Беларусь. Раніцай 17 верасня,пасля таго, як урад Полыпчы эмігрыраваў у Румынію, і ў адпаведнасці з раней дасягнутай дагаворанасцю з Германіяй аб дэмаркацыйнай лініі паміж савецкімі і германскімі войскамі Савецкі ўрад аддаў распараджэнне Чырвонай Арміі перайсці савец-
ка-польскую мяжу і «вызваліць» Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь. Гэта рашэнне, нягледзячы на захопніцкія мэты правячых колаў як Масквы, так і Берліна, з адабрэннем было сустрэта савецкімі людзьмі.
Працоўныя гарадоў і вёсак Заходняй Беларусі радасна і з надзеяй сустракалі Чырвоную Армію. У шэрагу месц яшчэ да прыходу савецкіх войск імі раззбройваліся паліцыя і асаднікі. У гарадах узніклі часовыя ўпраўленні, у склад якіх увайшлі і прадстаўнікі Чырвонай Арміі. Яны бралі ў свае рукі кіраўніцтва ўсім палітычным, гаспадарчым і культурным жыццём у вызваленых раёнах, разгортвалі шырокую кампанію ў падтрымку Савецкай улады. У вёсках з’явіліся сялянскія камітэты, якія прыступілі да размеркавання памешчыцкіх зя.мель і інвентару сярод сельскага насельніцтва.
Для ўстанаўлення і падтрымання рэвалюцыйнага парадку ў гарадах і мястэчках арганізоўвалася рабочая гвардыя, якая стала апорай новай улады. Падобныя органы ствараліся і ў сельскай мясцовасці. Вялікую ролю ў іх фарміраванні і дзейнасці адыгралі былыя члены КПЗБ і КСМЗБ, якія выйшлі з падполля і турмы. Да 25 верасня савецкія войскі поўнасцю занялі Заходнюю Беларусь. Па дамоўленасці з Германіяй Чырвоная Армія спынілася на лініі Гродна — Ялаўка — Няміраў — Брэст і далей на поўдзень. Новая мяжа была замацавана Дагаворам аб дружбе і граніцы ад 28 верасня 1939 г. паміж СССР і Германіяй.
Палітычныя і сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. Пасля заняцця Чырвонай Арміяй у Заходняй Беларусі пачалося насаджэнне савецкага ладу. На шматлікіх мітынгах і сходах насельніцтва праводзіліся рашэнні аб устанаўленні Савецкай улады і ўз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. 22 кастрычніка 1939 г. прайшлі выбары ў Народны сход, які павінен быў у заканадаўчым парадку вырашыць пытанне аб уладзе. Выбары ажыццяўляліся на аснове той практыкі, якая склалася ў СССР ва ўмовах панавання таталітарнага рэжыму. У выніку ва ўстаноўчы орган Заходняй Беларусі ўвайшлі загадзя намечаныя прадстаўнікі працоўных слаёў насельніцтва ўсіх нацыянальнасцей.
Народны сход Заходняй Беларусі адбыўся 28— 30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку. 3 дакладам аб дзяржаўнай уладзе выступіў дэпутат С. В. Прытыцкі. Па яго дакладу была прынята дэкларацыя аб устанаўленні ў Заходняй Беларусі Савецкай улады. Сход
вынес таксама рэзалюцыю аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель, аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці. Дэлегаты звярнуліся ў Вярхоўны Савет СССР з просьбай аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і ўз’яднанні яе з БССР.
Нечарговая V сесія Вярхоўнага Савета СССР 2 лістапада 1939 г. прыняла Закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад Саюза ССР і ўз’яднанні яе з БССР. Нечарговая III сесія Вярхоўнага Савета БССР вітала рашэнне Вярхоўнага Савета СССР і прыняла Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У выніку яе тэрыторыя павялічылася са 125,5 тыс. кв. км да 225,7 тыс., насельніцтва вырасла прыкладна ў два разы і ў канцы 1940 г. склала больш як 10 млн чалавек. На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі было ліквідавана ранейшае адміністрацыйнае дзяленне і створаны пяць абласцей — Баранавіцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і Беластоцкая'.