• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі: XX ст. Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Гісторыя Беларусі: XX ст.

    Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 349с.
    Мінск 1993
    125.34 МБ
    Узмацняўся кантроль за культурна-бытавым абслугоўваннем насельніцтва, а таксама аховай грамадскага парадку. Па ўказанню з Цэнтра прафсаюзныя органы сталі прымаць суровыя меры па паляпшэнню работы гандлёвых прадпрыемстваў і ўстаноў сацыяльнага страхавання, а брыгады садзеяння міліцыі — у барацьбе з правапарушальнікамі. Пры гэтым асаблівая ўвага звярталася на пашырэнне дзейнасці гэтых арганізацый у раёнах Заходняй Беларусі.
    Абстаноўка ў Заходняй Беларусі ўскладнялася яшчэ дзейнасцю на гэтай тэрыторыі падпольных арганізацый і груп Лонданскага эмігранцкага ўрада Польшчы. He прызнаваючы законнасці ўключэння Заходняй Беларусі ў склад БССР і разглядаючы яе як зону «савецкай акупацыі», яны сталі чыніць усякія беспарадкі, выступаючы супраць новай улады. Таму барацьба з імі ўзмацнялася.
    Партыйныя органы забяспечылі «арганізаванае» правядзенне выбараў у Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя Саветы дэпутатў працоўных, што адбыліся ва ўсходніх абласцях рэспублікі 26 чэрвеня 1938 г. і 24 снежня 1939 г., у заходніх — 24 сакавіка і 15 снежня 1940 г. Далейшым развіццём «сацыялістычнай дэмакратыі» называлася ўвядзенне пры падрыхтоўцы выбараў інстытута давераных асоб і вылучэнне многіх рабочых у склад агіткалектываў і выбарчых камісій. Як і намячалася, у выбарах, што па-ранейшаму праходзілі на безальтэрнатыўнай аснове і на якіх галасавалі за адзіных кандыдатаў, вылучаных партыйна-савецкімі органамі, была зафіксавана 100%-ная яўка выбаршчыкаў.
    Працоўныя Беларусі, якая аказалася пагранічнай з фашысцкай Германіяй, былі мабілізаваны на актыўны ўдзел ва ўмацаванні абараназдольнасці краіны. 3 гэтай мэтай «ажыўлялася» дзейнасць беларускай секцыі МОДР (Міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам), якая магла даць немалыя грошы ў фонд абароны. Сапраўды, толькі за перыяд са снежня
    1938 r. па красавік 1940 г. ад яе паступіла больш як 1,6 млн руб., што раўнялася пятай частцы ўсіх узносаў за 16 гадоў. Працоўныя калектывы былі ўцягнуты ў спаборніцтва за падрыхтоўку значкістаў ГПА (Гатоў да працы і абароны), ГСА (Гатоў да санітарнай абароны), ПВХА (Проціпаветраная і проціхімічная абарона), выдатных лыжнікаў, стралкоў, лётчыкаў, спецыялістаў проціпаветранай і проціхімічнай абароны, санітарнай справы і інш. Арганізоўваліся ваенізаваныя паходы, ваенна-тактычныя гульні і эстафеты, масавыя вучэнні ПВХА. Справаздачы ўсялякіх арганізацый застракацелі лічбамі аб колькасці праведзеных мерапрыемстваў і падрыхтаваных такім чынам будучых чырвонаармейцаў. Але карысці ад гэтай кампаніі было вельмі мала, бо ў ёй пераважала параднасць, разлічаная на знешні эфект.
    Увогуле, сацыяльна-эканамічны патэнцыял, які быў назапашаны ў рэспубліцы, меў істотнае значэнне напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны.
    Абстаноўка на мяжы з Германіяй. У перадваенныя гады Савецкі ўрад умацоўваў граніцы СССР, асабліва яго заходнія рубяжы, у тым ліку ў Беларусі, ажыццяўляў пераўзбраенне і арганізацыйную перабудову ўсіх відаў узброеных сіл, узмацняў барацьбу са шпіёнамі і дыверсантамі, што пранікалі на тэрыторыю краіны. Толькі на ўчастку 17-га Брэсцкага пагранатрада (180 км) у 1940 г. было затрымана 1242 лазутчыкі.
    Аднак новая граніца (пасля пашырэння тэрыторыі СССР) заставалася неўмацаванай: будаўніцтва ўмацаванняў толькі разгортвалася. Асабовы састаў Заходняй асобай ваеннай акругі (ЗахАВА) налічваў 37—71 % штатаў ваеннага часу. Забяспечанасць тылавых органаў транспартам складала 40—45 %. 3 6 механізаваных карпусоў толькі адзін меў амаль поўную матэрыяльную частку. Асновай танкавага парку і авіяцыі былі машыны ўстарэлых марак. Хаця і новай тэхнікі было нямала, аднак значная яе частка не была ўкамплектавана і асвоена. Ваенна-паветраныя сілы (ВПС) размяшчаліся скучана, блізка ля граніцы і не мелі цэнтралізаванага кіравання. He было і сучасных сродкаў сувязі.
    Разам з тым узброеныя сілы, у тым ліку і тая іх частка, якая дыслацыравалася ў БССР, былі вельмі аслаблены масавымі рэпрэсіямі. Яны пазбавілі Чырвоную Армію каля 45 тыс. вопытных камандзіраў. У выні-
    ку рэпрэсій на пачатак вайны амаль 75 % камандзіраў палкоў і дывізій займалі свае пасады менш чым адзін год. Агульны лік афіцэраў з вышэйшай адукацыяй паменшыўся ў два разы. Гэта адмоўна адбілася на стане асабовага саставу часцей і падраздзяленняў.
    Суадносіны ваенных сіл СССР і Германіі складваліся не на карысць СССР.
    Да лета 1941 г. гітлераўская Германія захапіла многія краіны Заходняй Еўропы і паставіла іх эканамічныя і ваенныя рэсурсы на службу сваім агрэсіўным мэтам. Пад прыкрыццём дагавораў 1939 г. з СССР яна стала на шлях непасрэднай падрыхтоўкі вайны супраць яго. У адпаведнасці з планам «Барбароса» ставілася задача разграміць Савецкі Саюз у адной маланкавай кампаніі. Пры гэтым гітлераўскае камандаванне надавала асаблівае значэнне сілам, якія супрацьстаялі Чырвонай Арміі ў Беларусі. Яны павінны былі дзейнічаць у галоўным стратэгічным кірунку — маскоўскім і знішчыць войскі ЗахАВА ўжо ў першых баях.
    У паласе ЗахАВА, тэрыторыя якой прыпадала на Беларусь, немцы сканцэнтравалі 51,5 дывізій, якія налічвалі 1,6 млн чалавек, звыш 14,5 тыс. гармат і мінамётаў, 2 тыс. танкаў і 1,6 тыс. самалётаў. Гэта былі добра падрыхтаваныя і поўнасцю ўкамплектаваныя сілы, якія мелі вопыт сучаснай вайны і былі аснашчаны навейшай тэхнікай.
    Часці ЗахАВА (камандуючы генерал арміі Д. Р. Паўлаў, начальнік штаба генерал-маёр У. Я. Клімоўскіх, член ваеннага савета карпусны камісар А. Я. Фаміных) і 11-й арміі ПрыбАВА складаліся з 48,5 дывізій агульнай колькасцю 715 тыс. чалавек. У войсках было звыш 10,8 тыс. гармат і мінамётаў, 2,4 тыс. танкаў і 1,9 тыс. самалётаў.
    Да пачатку вайны праціўнік меў колькасную і якасную перавагу ў жывой сіле, яе рухомасці і на асобных напрамках — у артылерыі, а таксама ў разведвальнай інфармацыі. У паласе ЗахАВА, па ўдакладненых даных, яна была наступнай: у людзях раўнялася 2,4 : 1, а ў баявой тэхніцы ў сумарным выражэнні— 1,2: 1.
    Фактычна ігнаравалася і верагоднасць нападу фашысцкай Германіі на СССР. У данясеннях савецкіх разведчыкаў, што паступілі ў Маскву, называліся тэрміны ўварвання, аднак Сталін не прымаў іх пад увагу і часцей за ўсё разглядаў як правакацыйныя. Ен верыў свайму партнёру па дагавору аб дружбе і граніцы.
    А між тым інфармацыя савецкіх разведчыкаў аб групоўках фашысцкіх войск, іх колькасці і баявым саставе, аб рашэнні Гітлера напасці на СССР і тэрмінах нападу была дакладнай. У выніку савецкія войскі не былі прыведзены ў баявую гатоўнасць, а жорсткае патрабаванне Сталіна не паддавацца на правакацыі дэзарыентавала армію і народ.
    Напад фашысцкай Германіі на СССР прыпаў на час, калі яго становішча было найбольш слабым і з пункту гледжання знешнепалітычнага. На гітлераўцаў працавала большасць краін Заходняй Еўропы. Англія аказалася блакіраванай на сваім востраве. ЗША прытрымліваліся пазіцыі чакання. Разам з тым уступленне СССР у вайну магло значна ўзмацніць антыфашысцкую барацьбу прагрэсіўных сіл, што процістаялі фашысцкаму блоку.
    Пытанні і заданні. 1. Ахарактарызуйце «казарменны» сацьіялізм, які быў пабудаваны ў БССР на канец 30-х гг.? 2. Назазіце вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на гэты час. 3. Ці можна гаварыць пра сацыяльна-палітычны ўздым у Беларусі напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны? 4. Якія былі суадносіны ваенных сіл Германіі і СССР у паласе Заходняй асобай ваеннай акругі? S. У чым войскі ЗахАВА ўступалі сілам гітлераўскай Германіі, якія супрацьстаялі ім?
    § 28. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны.
    Акупацыя тэрыторыі Беларусі
    Абарона савецкіх войск у пагранічных раёнах БССР. На досвітку 22 чэрвеня 1941 г. гітлераўскія войскі ўварваліся ў межы Савецкага Саюза. Дзякуючы падрабязнай інфармацыі, сабранай на тэрыторыі рэспублікі з дапамогай разгалінаванай агентурнай сеткі, вораг наносіў дакладныя ўдары па аэрадромах, скапленнях ваеннай тэхнікі, чыгуначных вузлах. Часці Чырвонай Арміі неслі велізарныя страты. Парушаліся іх сувязі паміж сабой, гінулі людзі, знішчаліся матэрыяльныя каштоўнасці.
    Удар групы армій «Цэнтр» прынялі на сябе арміі ЗахАВА, пераўтворанай у Заходні фронт: 3-я армія (генерал-лейтэнант В. I. Кузняцоў) і 10-я (генералмаёр К. Д. Голубеў), што абараняліся ў раёне Беластока і Гродна, а таксама 4-я (генерал-маёр A. А. Карабкоў) — у раёне Брэста. Нягледзячы на неверагодна цяжкае становішча, знаходзячыся іншы раз у акру-
    жэнні праціўніка, савецкія воіны аказвалі рашучае супраціўленне, праяўлялі стойкасць і мужнасць. Гераічна трымаліся абаронцы Брэсцкай крэпасці — воіны капітана I. М. Зубачова і палкавога ка.місара Я. М. Фаміна, маёра П. М. Гаўрылава, лейтэнантаў A. М. Кіжаватава, В. М. Усава, А. Ф. Наганава. Толькі нямногім удалося вырвацца з крэпасці і прадоўжыць барацьбу з фашыстамі. Большасць з іх падверглася потым сталінскім рэпрэсіям.
    Прарваўшы абарону пагранічных войск у Беларусі, магутныя групоўкі фашыстаў накіраваліся на Усход: адна з іх рушыла ад Сувалак на Вільню і Мінск, другая — ад Брэста ў напрамку Баранавічы — Мінск. Яны мелі задачу абысці з поўначы і поўдня галоўныя сілы Заходняга фронту ў раёне Мінска і знішчыць іх.
    Сталіцу Беларусі абаранялі 44-ы стралковы корпус (камкор В. А. Юшкевіч) і 2-і стралковы корпус (генерал-маёр A. М. Ермакоў). На подступах да Мінска стойка трымалі абарону часці 64-й стралковай дывізіі, якой камандаваў С. I. Іаўлеў, 100-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра I. М. Русіянава і 108-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генералмаёра A. I. Маўрэвіча. Каля Радашковіч здзейснілі гераічны подзвіг камандзір эскадрыллі 207-га палка 42-й авіяцыйнай дывізіі капітан М. Ф. Гастэла і члены яго экіпажа — A. А. Бурдзянюк, Р. М. Скарабагаты і A. А. Калінін. Са згоды экіпажа камандзір накіраваў палаючы самалёт у скапленне нямецкіх танкаў і аўтамашын. Некалькі з іх былі знішчаны, a М. Ф. Гастэла пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
    Нягледзячы на ўпартае супраціўленне, савецкім войскам не ўдалося ўтрымаць Мінск. Гераізм воінаў не змог запоўніць адсутнасці дакладнай і прадуманай сістэмы абароны і кіравання войскамі. У акружэнні праціўніка аказаліся 11 параўнальна баяздольных злучэнняў 3-й і 10-й армій, а таксама некаторая частка войск 13-й арміі. Гэта, па сутнасці, пазбавіла магчымасці стрымліваць праціўніка ў цэнтральнай частцы Беларусі.