Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
У адпаведнасці з генеральным планам «Ост» фашысты прыступілі да каланізацыі Беларусі, германізацыі, высялення і знішчэння яе народа. Яны рабавалі і палілі гарады і сёлы, вывозілі ў Германію прамысловае абсталяванне, сыравіну, лес і жывёлу, знішчалі навуковыя ўстановы, школы, тэатры, музеі, бібліятэкі. Уцалелыя прадпрыемствы перадавалі нямецкім фабрыкантам і заводчыкам, а зямлю — каланістам, былым памешчыкам, памагатым. Разам з тым акупанты імкнуліся ў сваіх інтарэсах арганізаваць работу прамысловасці і транспарту, захаваць калгасы і саўгасы як вытворчыя адзінкі, наладзіць дзейнасць некаторых культурных і навуковых устаноў.
Рабочыя падвяргаліся жорсткай эксплуатацыі. Іх прымушалі працаваць па 12—14 гадзін у суткі. Тых, хто адмаўляўся ад работы, заключалі ў канцлагеры, а падазраваемых у сабатажы расстрэльвалі. Сялян абкладалі непасільнымі падаткамі і паборамі, спагнанне якіх суправаджалася рэпрэсіямі. Галодная смерць пагражала сотням тысяч савецкіх людзей.
Галоўным сродкам ажыццяўлення агрэсіўнай экспансіянісцкай праграмы нацыстаў з’яўлялася палітыка генацыду — знішчэнне груп насельніцтва па тых або іншых матывах — за прыналежнасць да ка.муністаў або яўрэяў, за любое непаслушэнства акупацыйным уладам, або з-за адрознення па расавай прымеце і інш. Гітлераўцы планавалі знішчыць або выселіць 75 % беларусаў, а астатніх анямечыць. 3 фашысцкіх салдат і афіцэраў здымалася ўсякая адказнасць за злачынствы на акупіраванай тэрыторыі.
У Беларусі было створана больш як 260 лагераў смерці. У кожным раёне дзейнічалі канцлагеры, турмы, гета. У Мінску і яго ваколіцах знаходзілася пяць такіх лагераў. Адзін з іх — Трасцянец, за 10 км на ўсход ад горада. У сістэме лагераў фашысцкай Германіі ён стаяў на трэцім месцы пасля Асвенціма і Майданэка па колькасці знішчаных чалавек— 206 500 чалавек. Ахвярамі Трасцянца, апрача жыхароў Беларусі, былі прывезеныя з турмаў Германіі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Францыі, Польшчы. Падобныя лагеры былі паблізу станцыі Лясная і Бронная Гара ў Брэсцкай вобласці, Грэбенеўскі ў Магілёве, у раёне Полацка і інш. Людзей спальвалі, цкавалі сабакамі, закопвалі жывымі ў зямлю, атручвалі ў «душагубках» — спецыяльна прыстасаваных для гэтага памяшканнях.
Гета паклала пачатак генацыду яўрэяў. Усяго іх у Беларусі было 70, а найбольш буйныя размяшчаліся ў Мінску, Брэсце, Баранавічах, Гродне; Гомелі. /Аінскае гета знаходзілася ў паўночна-заходняй частцы горада, тэрыторыя якой была агароджана калючым дротам. У ім быў і спецыяльны раён для замежных яўрэяў, якіх прывозілі з іншых краін. Скучанасць, голад, антысанітарныя ўмовы, цяжкая праца, здзекі, пагромы, начныя і масавыя забойствы рабілі жыццё жырахоў гета нязносным. У Мінскім гета і лагеры смерці «Малы Трасцянец» загінула каля 100 тыс. яўрэяў.
Гітлераўцы знішчалі ваеннапалонных і мірнае беларускае насельніцтва. За час акупацыі пад выглядам
барацьбы супраць партызан яны правялі ў Беларусі больш як 140 карных экспедыцый, ператварыўшы ў «зоны пустыні» цэлыя раёны. 22 сакавіка 1943 г. пад іх кантролем паліцэйскія спалілі жывымі ўсіх жыхароў вёскі Хатынь, паблізу Лагойска. У агні загінулі 149 чалавек, у тым ліку 76 дзяцей. На месцы спаленай Хатыні ў 1969 г. збудаваны помнік ахвярам фашысцкага тэрору ў рэспубліцы. На адным з камянёў помніка высечаны словы: «...Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: няхай жа смутак і журба абернуцца ў магутную сілу, каб здолелі ўвекавечыць вы мір і спакой на Зямлі, каб нідзе, ніколі ў віхуры пажараў жыццё не згарала». Усяго ў Беларусі было знішчана больш як 2 млн 200 тыс. чалавек. Разам з жыхарамі спалена 628 вёсак, з якіх 186 так і не адноўлены пасля вайны.
Фашысты гвалтоўна вывозілі савецкіх людзей, асабліва моладзь, на катаржныя работы ў Германію. Тых, хто ўхіляўся ад адпраўкі ў Германію, расстрэльвалі. За час акупацыі з Беларусі было вывезена каля 380 тыс. чалавек, у тым ліку больш як 24 тыс. дзяцей. Апынуўшыся на катарзе, людзі гінулі ад голаду, розных хвароб, здзекаў, цяжкай працы і прамога фізічнага знішчэння. Паводле няпоўных даных, пасля разгрому гітлераўскай Германіі ў Беларусь вярнулася 120 тыс. чалавек.
Пачатак барацьбы супраць акупантаў. Неўзабаве пасля варожага ўварвання асноўная маса працоўных Беларусі стала на шлях барацьбы супраць нямецкафашысцкіх захопнікаў, за свабоду і незалежнасць Радзімы. Жорсткасць акупацыйнага рэжыму толькі ўзмацняла нянавісць да акупантаў, рабіла супраціўленне ім асабліва ўпартым і непрымірымым.
Даваенная ідэалагічная ўстаноўка аб баявых дзеяннях у выпадку нападзення выключна на тэрыторыі праціўніка і масавыя рэпрэсіі партызан грамадзянскай вайны, з аднаго боку, і хуткае наступленне ворага, з другога, перашкаджалі партыйным і савецкім работнікам належным чынам падрыхтавацца да падпольнай дзейнасці. Асноўная работа па арганізацыі падполля і партызанскага руху вялася ва ўмовах акупацыі.
На захопленай ворагам тэрыторыі стваралася сетка падпольных цэнтраў, пярвічных арганізацый і груп. Але з-за шэрага прычын: нявопытнасць, страты, слабае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, адсутнасць сувязі і інш., большасць з іх не змагла ўзначаліць барацьбу
супраць акупантаў у пачатковы перыяд вайны. Ініцыятыву ў стварэнні атрадаў і груп супраціўлення з першых дзён вайны бралі на сябе людзі «знізу»: камуністы, беспартыйныя патрыёты, прадстаўнікі ўсіх сацыяльных слаёў насельніцтва. Гэтыя арганізацыі вызначаліся больш аператыўнай і эфектыўнай дзейнасцю, чым тыя, што былі пакінуты ці накіраваны на акупіраваную тэрыторыю з савецкага тылу. Менавіта іх барацьба, якая жывілася народнымі вытокамі, з’яўлялася рашаючым фактарам узнікнення антыфашысцкага руху, дазволіла яму ў кароткія тэрміны пераадолець арганізацыйны перыяд і назапасіць пэўны вопыт для наступнага развіцця. Ужо 15 ліпеня 1941 г. генеральны штаб Узброеных Сіл Германіі даў першую абагульняючую зводку аб з’яўленні савецкіх партызан.
У Беларусі адным з першых былі арганізаваны і пачалі дзейнічаць Мінскі, Гомельскі і Пінскі абласныя і Гомельскі гарадскі падпольныя партыйныя, а таксама камсамольскія камітэты. У спецыяльных школах фарміраваліся і праходзілі падрыхтоўку партызанскія атрады і групы падпольшчыкаў. Пад канец жніўня 1941 г. у іх было створана і абучана 378 невялікіх атрадаў і дыверсійна-арганізатарскіх груп, агульная колькасць якіх складала звыш 8 тыс. чалавек.
Партызанскія атрады ўзнікалі таксама на базе знішчальных батальёнаў і падраздзяленняў народнага апалчэння. Асновай многіх з іх з’яўляліся байцы, камандзіры і палітработнікі Чырвонай Арміі, што апынуліся ў сілу розных прычын у тыле гітлераўскіх войск. He трацячы часу, яны звярталіся да партызанскіх метадаў барацьбы — наладжвалі засады, узрывалі склады боепрыпасаў, праводзілі дыверсіі на чыгуначных магістралях, лініях сувязі.
На пяты дзень вайны работнік Пінскага абкама партыі, удзельнік каетрычніцкіх падзей і грамадзянскай вайны ў Іспаніі В. 3. Корж сфарміраваў партызанскі атрад, які ўжо 28 чэрвеня даў першы бой захопнікам. У гэты ж час у Кастрычніцкім раёне Палескай вобласці арганізаваўся партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік», які ўзначалілі Ц. П. Бумажкоў і Ф. I. Паўлоўскі. Партызаны ажыццявілі шэраг аперацый, у ходзе якіх знішчылі 30 варожых танкаў і іншую тэхніку, узарвалі некалькі мастоў, разграмілі штаб фашысцкай дывізіі. 6 жніўня 1941 г. Ц. П. Бумажкову і Ф. I. Паўлоўскаму
першым з савецкіх партызан было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У ліпені 1941 г. рабочыя кардоннай фабрыкі ў пасёлку Пудаць Суражскага раёна стварылі партызанскі атрад пад кіраўніцтвам свайго дырэктара М. П. Шмырова. Баявую дзейнасць атрад пачаў 25 ліпеня 1941 г., калі разграміў групу варожых кавалерыстаў, што размясціліся на адпачынак. У верасні 1941 г. партызаны ажыццявілі смелы налёт на лепельскі аэрадром, дзе ўзарвалі 200 т авіяцыйных бомб і 4 самалёты.
3 першых дзён акупацыі пачало дзейнічаць партыйнае падполле ў Мінску. Яго арганізатарамі былі I. П. Казінец, I. I. Матусевіч, Л. Я. Адзінцоў, У. С. Амельянюк і іншыя камуністы, што засталіся ў захопленым ворагам горадзе. Іх падпольныя групы працавалі на чыгуначным вузле, гарбарным заводзе «Бальшавік» і іншых прадпрыемствах. Яны ажыццяўлялі дыверсіі, збіралі разведданыя, зброю і медыкаменты і перадавалі іх у партызанскія атрады. К канцу 1941 г. у Мінску налічвалася некалькі дзесяткаў падпольных арганізацый і груп. На нарадзе іх прадстаўнікоў быў створаны агульнагарадскі партыйны цэнтр — Мінскі падпольны гаркам КП (б)Б на чале з I. К. Кавалёвым. Аднак вораг здолеў пранікнуць у падполле, і вясной 1942 г. былі праведзены масавыя арышты падпольшчыкаў.
У барацьбу з ворагам уступілі падпольшчыкі Магілёва, Віцебска, Оршы, Гомеля, Жлобіна. Шырокую дыверсійную дзейнасць на буйным чыгуначным вузле Орша разгарнуў былы начальнік паравознага дэпо гэтага вузла КС. Заслонаў, які прыбыў з-за лініі фронту. КС. Заслонаў уладкаваўся ў немцаў начальнікам рускіх паравозных брыгад з правам самастойнага набору рабочай сілы. Яго людзі пачалі рабіць міны, знешне падобныя на кавалкі вугалю, якія праз вугальныя склады падкідвалі ў паравозныя топкі. Такім чынам заслонаўцы вывелі са строю больш як 200 паравозаў і ажыццявілі каля 100 крушэнняў паяздоў. Калі стварылася пагроза раскрыцця, КС. Заслонаў з групай таварышаў пакінуў Оршу і ўзначаліў партызанскі атрад.
Падпольныя арганізацыі ўзніклі і ў сельскай мясцовасці: у вёсцы Сакалішча Расонскага раёна Віцебскай вобласці пад кіраўніцтвам удзельніка грамадзянскай вайны П. А. Куксёнка, у шасці вёсках Мірскага раёна Баранавіцкай вобласці, у якіх арганізатарамі падполля сталі студэнты Навагрудскага педвучылішча Іван Mau-
ко i школьнік Яўген Крамко, і ў саміх Расонах на чале з маладым настаўнікам П. М. Машэравым.
Адной з асаблівасцей развіцця супрацьфашысцкай барацьбы ў заходніх раёнах Беларусі было існаванне на гэтай тэрыторыі падпольных арганізацый і груп Лонданскага эмігранцкага ўрада Польшчы. Пасля заключэння ў жніўні 1941 г. ваеннага дагавора паміж СССР і эмігранцкім урадам аб сумеснай барацьбе супраць фашыстаў іх дзейнасць актывізуецца, але не выходзячы за межы «захавання сіл» для падрыхтоўкі ўзброенага паўстання, бо яны не верылі ў магчымасць перамогі Чырвонай Арміі. Аднак узнікненне сеткі падпольных патрыятычных маладзёжных, ваенных і іншых арганізацый і груп, якія былі далёка ад мэт эмігранцкага ўрада і спрабавалі дзейнічаць самастойна, прымусіла іх пашырыць антыфашысцкую барацьбу.