Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
Лінія фронту ў Беларусі ўяўляла сабой выступ, вяршыня якога звернута на ўсход, а другая, што ўтварыла яго, распасціралася ад Полацка да Ковеля. Утрыманню выступу («беларускага балкона») гітлераўскае камандаванне надавала асаблівае значэнне, бо ён быў важным плацдармам, які прыкрываў галоўныя стратэгічныя напрамкі — усходне-прускі і варшаўска-берлінскі. Па берагах рэк — Заходняй Дзвіны, Дняпра, Бярэзіны, Свіслачы, Шчары, Нёмана — былі падрыхтаваны абарончыя рубяжы. Гарады Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Полацк, Мінск аб’яўлены крэпасцямі, якія не належаць здачы ні пры якіх акалічнасцях. Лінію абароны назвалі «Фатэрлянд» (Айчына). Гэтым
падкрэслівалася, што нямецкая армія абараняе тут рубяжы самой Германіі.
У Беларусі была сканцэнтравана магутная групоўка фашысцкіх войск, асноўную сілу якой складала група армій «Цэнтр» (камандуючы генерал-фельдмаршал Э. Буш, а з 28 чэрвеня — генерал-фельдмаршал В. Модэль). Групоўка ўключыла 63 дывізіі і 3 брыгады колькасцю 1200 тыс. чалавек, на ўзбраенні якіх знаходзілася 9500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, каля 1350 самалётаў.
У красавіку — маі 1944 г. Генеральны штаб Чырвонай Арміі распрацаваў план аперацыі «Баграціён». Для яго ажыццяўлення прыцягваліся войскі франтоў: 1-га Беларускага (камандуючы генерал арміі ККРакасоўскі), 2-га Беларускага (камандуючы генерал-палкоўнік Г. Ф. Захараў), 3-га Беларускага (камандуючы генерал-лейтэнант 1. Д. Чарняхоўскі), 1 -га Прыбалтыйскага (камандуючы генерал арміі I. X. Баграмян), а таксама Дняпроўская флатылія, авіяцыя далёкага дзеяння і ПВА. Да ўдзелу ў аперацыі прыцягваліся і партызанскія злучэнні. Дзеянні франтоў каардынавалі маршалы Савецкага Саюза A. М. Васілеўскі і Г. К. Жу каў. Супраць групы армій «Цэнтр» быў напраўлены ўдар велізарнай сілы. Савецкія войскі пераўзышлі праціўніка ўдвая па жывой сіле, больш чым у два разы па гарматах і мінамётах, у чатыры — па танках і самаходных устаноўках, амаль у тры — па баявых самалётах. Фактычна стаўка і рабілася на гэту перавагу ў сілах.
Задума Вярхоўнага Галоўнакамандавання заключалася ў наступным: франты адначасова пераходзяць у наступленне на віцебскім, багушэўскім, аршанскім і бабруйскім напрамках і магутнымі ўдарамі разбураюць стратэгічны фронт абароны праціўніка, акружаюць і знішчаюць яго групоўкі ў раёнах Віцебска і Бабруйска, а затым наносяць удары па сыходзячыхся напрамках на Мінск з мэтай акружэння і знішчэння асноўных сіл групы армій «Цэнтр» на ўсход ад сталіцы Беларускай ССР.
Бітва за Беларусь летам 1944 г. 3 вясны разгарнулася старанная падрыхтоўка да наступлення. Ва ўмовах найстражэйшай тайны канцэнтраваліся сілы. У войсках вялася напружаная баявая вучоба. Воінам растлумачваліся задачы па вызваленню Беларусі. У баявую гатоўнасць прыводзіліся партызаны і падпольшчыкі. Праводзіліся мерапрыемствы па ўвядзенню праціўніка ў
зман: будаваліся лжывыя пераправы, дэманстраваўся рух эшалонаў з макетамі танкаў, гармат і г. д.
Наступленне пачалося раніцай 23 чэрвеня 1944 г. Авіяцыя нанесла магутны бомбавы ўдар. Затым была праведзена такая ж магутная артылерыйская падрыхтоўка. I ў бой уступілі войскі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў. На трэці дзень баёў войскам і-га Прыбалтыйскага фронту ўдалося акружыць віцебскую групоўку праціўніка і вызваліць Віцебск. Да канца чэрвеня 1944 г. была вызвалена Орша, штурмам узяты Магілёў. Тады ж была завершана ліквідацыя варожых войск, акружаных на паўднёвы ўсход ад Бабруйска, і на наступны дзень вызвалены Бабруйск. Разгарнуліся баі за Мінск.
Фашысцкае камандаванне пастаралася ўмацаваць абарону Мінска. Тут яно сканцэнтравала тры пяхотныя і адну танкавую дывізіі, тры палкі эсэсаўцаў, тэрмінова перакінутых з Польшчы. На аўтамагістралі Масква — Мінск была збудавана драўляная сцяна з каменным напаўненнем, за якой размясціліся замаскіраваныя танкі і процітанкавыя гарматы. У ваколіцах Мінска падрыхтавалі да кругавой абароны асобныя дамы і каменныя пабудовы. Аднак баі за вызваленне Мінска, якія пачаліся на досвітку 3 ліпеня, паспяхова завяршыліся к канцу таго ж дня.
2-і Тацынскі гвардзейскі танкавы корпус генерала A. С. Бурдзейнага завязаў баі на ўсходняй ускраіне Мінска. 3 паўднёвага боку падышлі і ўступілі ў бітву гвардзейцы 1-га гвардзейскага танкавага корпуса генерала М. Ф. Панова. На паўночную ўскраіну выйшлі танкісты маршала бранятанкавых войск П. А. Ротмістрава. Першым уварваўся ў Мінск танк камандзіра ўзвода Д. Г. Фролікава. Ен прамчаўся па Савецкай вуліцы (цяпер пр. Ф. Скарыны), знішчыўшы пры гэтым самаходную гармату і некалькі дзесяткаў гітлераўцаў. У баях на вуліцы горада вызначыўся камандзір танкавага ўзвода М. 1. Колычаў. Яму ўдалося захапіць мост праз Свіслач, па якому танкі бесперашкодна прайшлі ў цэнтр горада. Ен і генерал A. С. Бурдзейны сталі першымі ганаровымі грамадзянамі горада Мінска.
На ўсход і паўднёвы ўсход ад Мінска было завершана акружэнне больш чым стотысячнай групоўкі праціўніка. Галоўныя сілы варожай групы «Цэнтр» з яе шматлікай тэхнікай аказаліся ў так званым мінскім «катле». Яго межы распасціраліся ад Беразіна да Мін-
ска і ад Смалявічаў да ракі Пціч. Сем дзён «кіпеў» «кацёл». Фашысцкім войскам так і не ўдалося вырвацца з яго. 70 тыс. гітлераўцаў было забіта і 35 тыс. узята ў палон. У ходзе далейшага наступлення савецкія войскі 28 ліпеня вызвалілі Брэст. Нямецка-фашысцкія захопнікі былі выгнаны з беларускай зямлі.
Немалаважную ролю ў вызваленні рэспублікі адыгралі партызаны і падпольшчыкі. Яны захоплівалі масты і пераправы праз водныя перашкоды, стваралі плацдармы і ўтрымлівалі іх да падыходу савецкіх войск, вызвалялі самастойна або разам з часцямі Чырвонай Арміі Мінск і раённыя цэнтры Мінскай вобласці. Падпольшчыкам Мінска ўдалося раздабыць план размяшчэння ў горадзе ўмацаваных і замініраваных аб’ектаў. Спецгрупа Генеральнага штаба Чырвонай Арміі, атрымаўшы гэты план, неадкладна ажыццявіла меры па выратаванню ад знішчэння будынкаў Дома ўрада, ЦК Кампартыі Беларусі, Акруговага дома афіцэраў і інш.
Звыш 600 вайсковых злучэнняў і часцей, якія вызначыліся ў ходзе беларускай аперацыі, атрымалі ганаровую назву «Віцебскіх», «Магілёўскіх», «Аршанскіх», «Бабруйскіх», «Мінскіх», «Полацкіх», «Барысаўскіх», «Пінскіх», «Брэсцкіх» і інш. На 21-м кіламетры шашы Мінск — Масква збудаваны велічны Курган Славы — помнік у гонар воінаў 1-га Прыбалтыйскага, 1, 2 і 3-га Беларускіх франтоў, якія вызвалялі Беларусь.
Першыя аднаўленчыя работы. Па меры вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пашыраўся фронт аднаўленчых работ у рэспубліцы. 3 мэтай аднаўлення народнай гаспадаркі Беларусі саюзны ўрад перадаў БССР значныя грашовыя сродкі, шмат станкоў, металу, будаўнічых матэрыялаў, сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама прадуктаў харчавання, адзення, абутку, медыкаментыў. 3 індустрыяльных цэнтраў краіны прыбылі сотні спецыялістаў і кваліфікаваных рабочых.
Ужо ў 1944 г. далі прадукцыю Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат і «Гомсельмаш», у 1945 г.— станкабудаўнічыя заводы ў Віцебску і Мінску, завод «Чырвоны металіст» і фабрыка запалак імя С. М. Кірава ў Барысаве і інш. Аднаўляўся, хоць і марудна, транспарт. Аднавілі работу 9 тыс. калгасаў. Пачалося аднаўленне разбуранага жыллёвага фонду. Нягледзячы на цяжкасці былі адкрыты школы, сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы і навуковыя цэнтры. Адраджалася культурнае жыццё рэспублікі.
I пасля вызвалення Савецкая Беларусь заставалася рэспублікай-воінам, уносіла свой пасільны ўклад у набліжэнне поўнай перамогі над фашысцкай Германіяй. У рады Чырвонай Арміі ўліліся 755 тыс. воінаў, у тым ліку да 147 тыс.— з расфарміраваных партызанскіх атрадаў і брыгад. На прадпрыемствах звыштэрмінова выконваліся заказы фронту. Праводзіўся збор сродкаў у фонд абароны. Толькі да лета 1944 г. ён склаў больш за 18 млн рублёў аблігацыямі, мільёны пудоў зерня, бульбы, агародніны.
На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся 1 млн 300 тыс. беларусаў. У ліку доблесных абаронцаў Масквы былі генерал-маёр Л. М. Даватар і лётчык Віктар Талаліхін. Назаўсёды застаўся ў памяці народа подзвіг Героя Савецкага Саюза Аляксандра Гараўца, які збіў у адным баі на Курскай дузе 9 варожых самалётаў. За Ленінград змагаліся і аддалі сваё жыццё снайпер Ф. А. Смалячкоў, контр-адмірал В. П. Дрозд, марскі лётчык A. К. Антоненка. За доблесць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, звыш 300 тыс. салдат і афіцэраў — ураджэнцаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі Савецкага Саюза. Каля 400 воінаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. А лётчыку А. Я. Галавачову, камандзірам танкавых злучэнняў I. I. Гусакоўскаму, С. Ф. Шутаву і I. I. Якубоўскаму гэта званне было прысвоена двойчы.
Пытанні і заданні. 1. Якімі падзеямі пачалося вызваленне Беларусі? 2. Як рыхтавалася наступальная аперацыя «Баграціён»? 3. Прасачыце ход яе правядзення. 4. Пакажыце, што гераізм савецкіх воінаў, праяўлены пры вызваленні Беларусі, насіў масавы характар. 5. У чым праявілася дапамога партызан і падпольшчыкаў Чырвонай Арміі ў час яе наступлення? 6. Падвядзіце вынікі баёў за вызваленне Беларусі. 7. Як праходзілі першыя аднаўленчыя работы ў рэспубліцы? 8. Які ўклад унёс беларускі народ у барацьбу супраць фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны?
Раздзел XL БЕЛАРУСЬ У ПАСЛЯВАЕННЫМ СВЕЦЕ (1945—1985 гг.)
§ 31. Выхад Беларускам ССР на міжнародную арэну
Новая расстаноўка сіл у Еўропе. Капітуляцыяй 8 мая 1945 г. фашысцкай Германіі, а затым 2 верасня імперыялістычнай Японіі закончылася другая сусветная
вайна. Яе вынікам з’явілася не толькі знішчэнне найбольш рэакцыйных, агрэсіўных рэжымаў у Еўропе і Азіі, але і істотныя змены суадносін сіл на міжнароднай арэне. Краіны Усходняй Еўропы пачалі пераходзіць на шлях супрацоўніцтва і дружбы з СССР. Ужо ў ходзе вайны СССР заключыў дагаворы аб дружбе, узаемадапамозе і супрацоўніцтве з Полылчай, Чэхаславакіяй і Югаславіяй, а ў 1948 г.— з Румыніяй, Венгрыяй і Балгарыяй. 7 лістапада 1949 г. на тэрыторыі Усходняй Германіі была абвешчана Германская Дэмакратычная Рэспубліка. У 1949 г. была ўтворана міжурадавая эканамічная арганізацыя сацыялістычных краін — Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ). У 1955 г. Албанія, Балгарыя, Венгрыя, ГДР, Польшча, Румынія, СССР і Чэхаславакія падпісалі Варшаўскі Дагавор аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе.