Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
Вызначаліся асноўныя напрамкі тэхнічнага прагрэсу ў кожнай галіне народнай гаспадаркі ў адпаведнасці з новым этапам у развіцці прадукцыйных сіл краіны, які характарызаваўся пераходам ад комплекенай механізацыі і частковай аўтаматызацыі вытворчых працэсаў да іх комплекснай аўтаматызацыі на аснове шырокага выкарыстання электраэнергіі, хімізацыі ўсіх галін народнай гаспадаркі, спецыялізацыі, канцэнтрацыі, кааперавання і камбінавання прадпрыемстваў.
Прамысловасць БССР к сярэдзіне 50-х гг. дасягнула істотных зрухаў у сваім развіцці. За пяцігоддзе было пабудавана каля 150 новых буйных прадпрыемстваў,
у тым ліку Мінскі завод ацяпляльнага абсталявання, Аршанскі завод швейных машын, Віцебская шаўкаткацкая фабрыка, шэраг буйных тарфяных прадпрыемстваў, малочна-кансервавых заводаў і інш. Прадукцыя машынабудавання вырасла ў 5,4 раза, вытворчасць электраэнергіі і цеплаэнергіі павялічылася амаль у 3 разы, выпуск прадукцыі хімічнай і гумаазбеставай прамысловасці — у 3,7 раза.
Новым тэхналагічным абсталяваннем, у тым ліку агрэгатнымі станкамі, шматшпіндэльнымі свідравальнымі галоўкамі і высокапрадукцыйнымі прыстасаваннямі, папоўніліся гіганты беларускай індустрыі — аўтамабільны, трактарны, мотавеласіпедны, падшыпнікавы і іншыя заводы. На буйных электрастанцыях былі ўстаноўлены магутныя агрэгаты высокіх параметраў ціску пары з шырокім выкарыстаннем аўтаматыкі для рэгулявання цеплавых працэсаў. На канец пяцігодкі быў дасягнуты высокі ўзровень механізацыі торфаздабычы, павялічылася здабыча торфу прагрэсіўным, фрэзерным спосабам.
У прамысловасці будаўнічых матэрыялаў быў асвоены выраб сценавых блокаў, зборных жалезабетонных канструкцый і дэталей, што паклала пачатак пераводу будаўніцтва на індустрыяльныя метады.
Высокамеханізаванымі сталі многія галіны лёгкай прамысловасці. У швейнай вытворчасці завяршыўся перавод усіх машын у цэхах масавага пашыву на механічны прывод. Укараняліся механічныя канвееры, пнеўматычная транспарціроўка. Галіной канвеернай вытворчасці станавілася хлебапякарная прамысловасць. У тэкстыльнай прамысловасці на змену састарэлым машынам перыядычнага дзеяння прыйшлі кальцавыя машыны няспыннага дзеяння. Ткацкія станкі аснашчаліся прыборамі аўтаматычнай зарадкі чаўнака, аснованазіральнікамі, што забяспечвала павышэнне прадукцыйнасці абсталявання.
Важнае значэнне мела ўкараненне паточных метадаў вытворчасці, якія садзейнічалі найбольш поўнаму выкарыстанню абсталявання і лепшай арганізацыі працы. Найбольш шырока яны сталі выкарыстоўвацца ў шэрагу галін лёгкай прамысловасці: абутковай, швейнай і інш.
Укараненне больш сучаснай тэхнікі, замена ручной працы машынамі і механізмамі выклікалі неабходнасць выкарыстання новай, больш перадавой тэхналогіі. У лі-
цейнай вытворчасці пачалі выкарыстоўвацца машынная фармоўка, кокільнае ліццё, цэнтрабежнае ліццё, дакладнае ліццё па мадэлях, якія выплаўляюцца, выраб дэталяў метадам штампоўкі замест свабоднага кавання. Калектывы прадпрыемстваў дабіваліся ўдасканалення і абнаўлення выпускаемых машын і абсталявання, паляпшэння іх якасці. У прыватнасці, у апошнія два гады пяцігодкі былі створаны і асвоены вытворчасцю тралёвачны трактар ТБТ-54, прапашны трактар «Беларусь», 25-тонны аўтасамазвал, лесавозны аўтамабіль, новыя высокапрадукцыйныя станкі, сіласаўборачныя камбайны, зернесушылкі, спецыяльныя дарожныя машыны, прычэпы і інш.
Вынікам павышэння тэхнічнага ўзроўню вытворчасці, удасканалення яе арганізацыі з’явіўся рост прадукцыйнасці працы. У 1955 г. ён перавысіў узровень 1950 г. на 160 %, а ў такіх галінах, як машынабудаванне і металаапрацоўка,— на 219 %, у хімічнай прамысловасці — на 233 %, вытворчасці электраэнергіі і цеплаэнергіі — на 202 %.
Аднак, нягледзячы на высокія тэмпы росту, у прамысловай вытворчасці рэспублікі, як і ў краіне, к сярэдзіне 50-х гг. комплексная механізацыя не атрымала колькі-небудзь значнага распаўсюджання. Таму побач з высокамеханізаванымі тэхналагічнымі працэсамі шырока выкарыстоўвалася ручная праца. Нават на буйных прадпрыемствах рэспублікі яна складала 25 %. Мала закранула механізацыя дапаможныя, транспартныя і пагрузачна-разгрузачныя работы, на якіх было занята ў розных галінах прамысловасці ад 30 да 50 % рабочых.
Новы этап індустрыяльнага развіцця рэспублікі. К сярэдзіне 50-х гадоў у краіне ў цэлым адбыўся пераход да індустрыяльнага тыпу вытворчасці, пачалася пасляіндустрыяльная стадыя эканамічнага росту — пераход да навукова-індустрыяльнай вытворчасці. Але разам з тым заставалася яшчэ мноства сфер і элементаў сацыяльна-эканамічнага жыцця, не да канца пераўтвораных на індустрыяльнай аснове. У іх індустрыялізацыйныя працэсы вельмі зацягнуліся. Нераўнамернасць працэсаў індустрыялізацыі розных участкаў і цэлых галін эканомікі прадвызначыла як працягласць, так і асаблівую складанасць пераходу ад індустрыяльнай да навукова-індустрыяльнай вытворчасці. Да таго ж сам гэты пераход знаходзіўся ў залежнасці ад карэн-
ных пераўтварэнняў у эканоміцы, радыкальнай дэмакратызацыі гаспадарчых, палітычных, культурных парадкаў, устаноўленых у 30—40-я гг.
Гэта ж уласціва было і для эканомікі Беларусі таго перыяду. Як і ў папярэднія гады, у ёй апераджальнымі тэмпамі развівалася прамысловасць. Прычым развіццё адбывалася як на аснове працэсу індустрыялізацыі, які працягваўся, так і замены яго навукова-індустрыяльнай вытворчасцю, звязанай з апераджальным развіццём яе найбольш прагрэсіўных галін. У 1960 г. агульны аб’ём прадукцыі прамысловасці БССР павялічыўся ў параўнанні з 1940 г. у 4,2 раза, а машынабудавання і металаапрацоўкі — у 22 разы, на столькі ж хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, электраэнергетыкі — амаль у 10 разоў.
Рост выпуску прадукцыі забяспечваўся як за кошт будаўніцтва новых прадпрыемстваў, так і расшырэння, рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння дзеючых. У прыватнасці, уведзены былі ў строй такія буйныя прадпрыемствы, як Беларускі аўтазавод у Жодзіне, завод аўтаматычных ліній у Мінску, Васілевіцкая ДРЭС, а ўсяго за 1956—1960 гг.— 157 буйных прамысловых прадпрыемстваў.
Удзельная вага прамысловасці ў валавым грамадскім прадукце рэспублікі ў 1960 г. дасягнула 52 %. Гэта амаль у 4 разы больш, чым у даваенныя гады. Значныя вынікі дасягнуты былі ў павышэнні тэхнічнага ўзроўню вытворчасці — уводзіліся ў эксплуатацыю паточныя лініі, спецыяльныя станкі і аўтаматы, высокапрадукцыйная тэхнічная аснастка, універсальная наладка.
Разам з тым перавод прамысловасці і іншых галін народнай гаспадаркі на новы тэхнічны ўзровень на базе навейшых дасягненняў навукі і тэхнікі ажыццяўляўся павольна, пераважаючым ва ўсіх галінах заставалася экстэнсіўнае развіццё. Гэта азначала, што ў эканоміцы і грамадстве знаходзяцца сілы тармажэння, звязаныя з захаваннем сталінскай адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Спроба аслаблення яе заменай у 1957 г. галіновага кіраўніцтва эканомікай тэрытарыяльна-галіновым (замест галіновых міністэрстваў уведзены былі саўнаргасы) істотных змен не прынесла. Хоць на гэтай аснове і адбылося некаторае аслабленне цэнтра і ўзмацненне ролі месцаў, аднак камандныя метады кіраўніцтва цалкам захаваліся, застаючыся непераадольнай перашко-
дай на шляху радыкальных дэмакратычных пераўтварэнняў у эканоміцы і грамадскім жыцці.
Паколькі магчымасці экстэнсіўнага росту прамысловасці рэспублікі на аснове індустрыялізацыі, якая пераважна паглыблялася, на канец 60-х гг. не былі вычарпаны, тэмпы яе развіцця на наступным этапе заставаліся дастаткова высокімі. У першай палавіне 60-х гг. у БССР увайшлі ў строй 300 буйных прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку такія індустрыяльныя гіганты, як два Салігорскія калійныя камбінаты, Полацкі нафтаперапрацоўчы завод, Гомельскі суперфасфатны, Светлагорскі штучнага валакна, Мінскі маторны, Баранавіцкі баваўняны і Бабруйскі гарбарны камбінаты, Бярозаўская ДРЭС і інш. Па-ранейшаму апераджальнымі тэмпамі развіваліся галіны, якія вызначалі тэхнічны прагрэс народнай гаспадаркі. Развіваліся і галіны, што выраблялі тавары народнага ўжытку. У цэлым за 1961 —1965 гг. валавы выпуск прамысловай прадукцыі павялічыўся на 164 %, у тым ліку групы «А» — на 181 % і групы «Б» — на 146 %.
Разам з тым у прамысловасці, як і ў цэлым у эканоміцы, у гэтыя гады пачалі ўсё больш праяўляцца негатыўныя з’явы, замарудзіліся тэмпы росту прадукцыйнасці працы, знізілася эфектыўнасць выкарыстання вытворчых фондаў і капітальных укладанняў, павольна ўкараняліся ў вытворчасць дасягненні навукі і тэхнікі. У сувязі з гэтым была зроблена адна з рашучых у пасляваенныя гады спроб радыкальных змен эканомікі на аснове рэформы 1965 г. Яна прадугледжвала ўключыць у дзеянне гасразліковыя і таварна-грашовыя механізмы на аснове пашырэння гаспадарчай самастойнасці прадпрыемстваў, не паслабляючы, аднак, камандна-адміністрацыйных, канцылярскіх пачаткаў у кіраўніцтве эканомікай. Гэтым апошнім рэформа з самага пачатку была асуджана на няўдачу. Яе безнадзейнасць павялічвалася імкненнем улад не дапусціць дэмакратызацыі, карэннай перабудовы і абнаўлення ўсёй сістэмы сталінскага дэфармаванага сацыялізму.
На першым часе рэформа прывяла да некаторага паляпшэння работы прамысловасці і наогул усёй гаспадарчай дзейнасці. Аб’ём прадукцыі прамысловасці за гады 8-й пяцігодкі (1966—1970 гг.) павялічыўся на 79 % замест 70 % па плану. На 39 % павысілася прадукцыйнасць працы, што таксама вышэй узроўню, вызначанага планам. Працягвалася нарошчванне вытвор-
чых магутнасцей прамысловасці. Завяршылася будаўніцтва Гродзенскага хімічнага камбіната, Гомельскага хімічнага завода, Другога і Трэцяга камбінатаў аб’яднання «Беларуськалій», былі ўведзены першыя тры агрэгаты Лукомльскай ДРЭС, Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна і інш. Усяго — звыш 50 буйных прадпрыемстваў.
Рост прамысловай вытворчасці ішоў поруч з павышэннем тэхнічнага ўзроўню. За 5 гадоў колькасць паточных і аўтаматычных ліній павялічылася больш чым у 2 разы, яшчэ больш —■ комплексна-механізаваных і аўтаматызаваных вытворчасцей, участкаў і цэхаў. Быў асвоены і выпуск многіх новых прамысловых вырабаў: электронна-вылічальных машын, асабліва дакладных станкоў, велікагрузных аўтамабіляў з высокімі тэхнікаэканамічнымі паказчыкамі, дасканалых прыбораў і г. д.