Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
поўнасцю механізавана ручная праца пры правядзенні бетонных, апрацоўчых, дахавых, малярных, тынкавальных работ. У нас жа выкарыстоўваліся яны вельмі абмежавана. Яшчэ горш справы з укараненнем і выкарыстаннем у комплексе поўнага набору механізмаў і інструментаў, неабходных для выканання пэўных відаў работ. Аснашчана імі было толькі каля 30 % будаўнічых брыгад асноўных прафесій. Слабае аснашчэнне эфектыўнымі механізмамі і інструментам з’явілася адной з прычын невыканання будаўнікамі планаў па росту прадукцыйнасці працы, нізкай якасці будаўнічых работ, нарастаючага дэфіцыту рабочай сілы.
У 1980 г. у рэспубліцы была прынята праграма ўмацавання і развіцця матэрыяльнай базы будаўніцтва на перадавой тэхнічнай аснове, комплекснай механізацыі будаўніча-мантажных работ. Ставілася задача аснасціць усе будаўнічыя брыгады эфектыўным інструментам і сродкамі малой механізацыі па ўстаноўленых нормах. У выніку сярэднегадавыя тэмпы росту прадукцыйнасці некалькі павысіліся, аднак радыкальных змен не адбылося. Якасць будаўніцтва амаль не павысілася, тэхніка выкарыстоўвалася не на поўную магутнасць, аб’екты здаваліся з недаробкамі.
Гэтыя і іншыя негатыўныя з’явы, якія праявіліся ў будаўніцтве рэспублікі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, выявілі ўстойлівую тэндэнцыю на сваё захаванне і пашырэнне ў наступныя гады, што пацвярджае іх не чыста галіновы, а агульнагаспадарчы характар. Для пераадолення механізма тармажэння ў будаўніцтве, як і іншых галінах, патрабаваліся карэнныя змены дзеючага гаспадарчага механізма.
Заданні. 1. Растлумачце, чаму ў рэспубліцы, нягледзячы на пасляваенныя цяжкасці, была параўнальна хутка створана буйная будаўнічая галіна. 2. Пакажыце асноўныя напрамкі тэхнічнага ўдасканалення будаўніцтва рэспублікі ў пасляваенныя гады. 3. Растлумачце, чаму камандная сістэма кіраўніцтва адмоўна адбілася на рабоце будаўнічай галіны.
§ 37. Транспарт і сувязь
Транспарт і сувязь аказваюць непасрэдны ўплыў на развіццё народнай гаспадаркі, паколькі забяспечваюць узаемадзеянне прадпрыемстваў, галін і ўсяго гаспадарчага комплексу, служаць развіццю навукі, культуры
і г. д. Галоўнымі відамі транспарту з’яўляюцца чыгуначны, аўтамабільны, водны і паветраны. У першыя пасляваенныя гады істотную ролю адыгрываў таксама гужавы.
Улічваючы эканамічную, а ў гады вайны і стратэгічную важнасць транспарту, асабліва чыгуначнага, яго аднаўленне ажыццяўлялася адразу ж па меры вызвалення тэрыторыі рэспублікі ад гітлераўскай акупацыі. У 1950 г. даўжыня чыгунак дасягала 5,4 тыс. км, што складала 93 % ад даваеннай. У наступныя гады патрэбы ў новых чыгуначных лініях практычна не было. Таму і даўжыня іх амаль не змянілася — у 1985 г. яна склала 5,5 тыс. км.
У ходзе аднаўлення транспарту былі адроджаны і капітальна рэканструяваны вакзалы, на рэках пабудаваны буйныя масты, адноўлены ўсе прадпрыемствы і службы, якія забяспечваюць функцыяніраванне дарогі. У апошнія гады рост перавозак забяспечваўся за кошт тэхнічнага ўдасканалення дарогі і рухомага саставу, паляпшэння арганізацыі працы на транспарце, укаранення аўтаматызацыі вытворчых і кіраўніцкіх працэсаў. Буйным крокам у павышэнні эфектыўнасці чыгуначнага транспарту з’явілася электрыфікацыя асноўнай чыгуначнай лініі Брэст — Масква і некаторых іншых участкаў, замена паравозаў цеплавозамі і электравозамі. У выніку аб’ём грузавых перавозак на чыгуначным транспарце ў 1985 г. перавысіў узровень 1960 г. амаль у 3 разы; у 4 разы выраслі перавозкі пасажыраў.
У буйную галіну народнай гаспадаркі за пасляваенныя гады ператварыўся аўтамабільны транспарт. Грузаабарот гэтага віду транспарту ў цэлым па народнай гаспадарцы рэспублікі ў 1985 г. перавысіў узровень даваеннага, 1940 года ў 86 разоў і ўзровень 1960 г.— амаль у 6 разоў. Доля аўтамабільнага транспарту ў перавозках усіх відаў транспарту ўзрасла з 9,4 % у 1960 г. да 18,5 % у 1985 г. Аўтамабільны транспарт папаўняўся магутнымі аўтасамазваламі, камфартабельнымі аўтобусамі, многімі відамі спецыяльных машын. Яшчэ больш пашырыліся перавозкі пасажыраў аўтобусамі агульнага карыстання. На ўнутрыгарадскіх перавозках выкарыстоўваліся трамваі. 3 1960 г. у Мінску, а затым і ў шэрагу іншых гарадоў выйшлі на лініі тралейбусы, а з 1984 г. у Мінску пачало дзейнічаць метро.
У рэспубліцы для перавозкі грузаў і пасажыраў выкарыстоўваецца таксама рачны транспарт. У 1985 г. на яго долю прыпадала 2,4 % грузаабароту ўсіх відаў транспарту. Паступова пашыраліся перавозкі пасажыраў і грузаў паветраным транспартам, авіяцыя выкарыстоўвалася ў авіяхімічных работах у сельскай і лясной гаспадарцы рэспублікі.
У жыцці грамадства і яго гаспадарчай дзейнасці істотна павысілася роля сувязі. У 1985 г. у параўнанні з 1940 г. колькасць прадпрыемстваў пошты, тэлеграфа і тэлефона падвоілася і дасягнула амаль 4,5 тыс. 3 39 тыс. да 1112 тыс. павялічылася колькасць устаноўленых тэлефонных апаратаў, з пачатку 70-х гг. у рэспубліцы пачалі дзейнічаць міжгароднія тэлефонныя аўтаматы. За пасляваенныя гады ў 84 разы павялічылася колькасць радыёпрыёмнікаў, створана буйная тэлевізійная сетка.
Аднак транспарт і сувязь рэспублікі, як і ўся народная гаспадарка, развіваліся ў многім неэфектыўна і не паспявалі за ўзрастаючымі ў іх патрэбамі. Узровень і якасць абслугоўвання ў іх ні ў якое параўнанне не ідуць з дасягненнямі ў гэтай галіне развітых краін свету. У прыватнасці, павольна развівалася каляровае тэлебачанне, у пачатковым стане ў сярэдзіне 80-х гг. знаходзілася вытворчасць і выкарыстанне персанальных ЭВМ, відэатэхнікі, людзі дзесяцігоддзямі чакалі ўстаноўкі кватэрных тэлефонаў. Дрэнна наладжаны рамонт тэхнікі, пастаянна не хапае запчастак і г. д.
Заданні. 1. Раскрыйце сацыяльна-эканамічныя аспекты павышэння ролі транспарту і сувязі ў жыцці грамадства ў пасляваенныя гады. 2. Укажыце асноўныя напрамкі тэхнічнага прагрэсу на транспарце і сувязі. 3. Назавіце прычыны хранічнага адставання ў развіцці і нізкай якасці абслугоўвання транспартам і сувяззю.
§ 38. Сельская гаспадарка
Крызіс у сельскай гаспадарцы ў першыя пасляваенныя гады. Нягледзячы на параўнальна высокія тэмпы развіцця прамысловасці ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, эканамічнае становішча ў краіне заставалася ў многім цяжкім у першую чаргу з-за нізкага ўзроўню развіцця сельскай гаспадаркі. Пры сур’ёзным навуковым падыходзе да ацэнкі яе стану ў гэтыя гады няцяжка было зразумець, што яна аказалася ў стане
глыбокага крызісу не толькі ў сувязі з ваеннымі разбурэннямі, але і тымі стратамі, якія былі нанесены ёй прымусовай калектывізацыяй, што прывяла да фактычнай ліквідацыі сялянства, якое з’яўлялася прадукцыйнай сілай на зямлі.
У гады вайны на часова акупіраванай ворагам тэрыторыі краіны калгасы і саўгасы распаліся, адрадзілася індывідуальная сялянская гаспадарка, што магло паслужыць прычынай для перагляду аграрнай палітыкі партыі пасля вайны: адмовіцца ад адзінай калгаснасаўгаснай формы сельскай гаспадаркі, даючы магчымасць сялянам самім вырашаць пытанні гаспадарання на зямлі. Аднак гэтага не адбылося. Побач з адраджэннем калгасаў, створаных у даваенныя гады, фарсіраваным парадкам, з выкарыстаннем насілля і рэпрэсій была ажыццёўлена суцэльная калектывізацыя ў заходніх абласцях Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі і Малдавіі. Калектывізацыя ў заходніх абласцях краіны, якая праводзілася шляхам разбурэння сялянскай гаспадаркі, яшчэ больш ускладніла становішча сельскай гаспадаркі.
Дзяржава павялічвала асігнаванні, накіраваныя на развіццё сельскай гаспадаркі, пашырала выпуск сельскагаспадарчай тэхнікі, аднак тэмпы развіцця сельскай гаспадаркі заставаліся надзвычай нізкімі і не адпавядалі ні патрэбам краіны ў павелічэнні прадукцыі сельскай гаспадаркі, ні тым сродкам, якія ўкладвала яна ў развіццё тэхнічнай базы сельскай гаспадаркі.
Дадатковым разбуральным дзеяннем камандна-адміністрацыйнай сістэмы ў галіне сельскай гаспадаркі ў пачатку 50-х гг. з’явілася так званае ўзбуйненне калгасаў. Яно ажыццяўлялася, насуперак пазіцыі калгаснікаў, ва ўмовах, калі тэхніка знаходзілася ў распараджэнні МТС, і таму стварэнне калгасаў-гігантаў нічога, па сутнасці, у арганізацыі вытворчасці не змяніла. Затое адкрыта вяло да поўнага падрыву калгаснай дэмакратыі, адхілення калгаснікаў ад удзелу ў кіраванні калгасамі. Гэта функцыя цяпер цалкам перайшла да райка.маў партыі і шматлікіх ведамстваў, якія пірамідай узвышаліся над калгасамі і саўгасамі. Завяршыўся працэс рассяляньвання вёскі, пачаты па ініцыятыве I. В. Сталіна ў канцы дваццатых гадоў. Яго фіналам стала пазбаўленне сялян права выбару форм гаспадарання на зямлі, адхіленне іх ад сродкаў вытворчасці, ператварэнне ў механічную рабочую сілу. Да
таго ж сяляне аказаліся і ў асабістай залежнасці ад кіраўнікоў калгасаў і мясцовай улады, паколькі без іх згоды не маглі выехаць з вёскі. Фактычна ўстанавіліся феадальна-прыгонныя парадкі сталінскага ўзору.
Гэта ў канчатковым выніку і прадвызначыла непазбежнасць таго крызісу, у якім апынулася сельская гаспадарка ў 40-я — пачатку 50-х гг. Ен выявіўся ў кансервацыі застойных з’яў у сельскай гаспадарцы, далейшым зніжэнні прадукцыйнасці, няздольнасці забяспечыць насельніцтва прадуктамі харчавання, а прамысловасць сыравінай.
Выхад мог быць знойдзены толькі на шляху карэнных змен вытворчых адносін у сельскай гаспадарцы, з тым, каб вярнуць селяніну яго статус гаспадара зямлі і вырабленай на ёй прадукцыі. Але ў кіраўніцтве партыі і ўрада, таксама як і ў навуковых сферах таго часу, такі шлях азначаў бы вялікую крамолу, яўны падрыў са* цыялізму. Таму выхад бачыўся ў некаторым пераразмеркаванні дзяржаўнага бюджэту на карысць сельскай гаспадаркі, павышэнні закупачных цэн на яе прадукцыю, абмежаванні харчразмеркавальных метадаў у дзеяннях апарату ўлады ў адносінах да калгасаў, прыцягненні да ўдзелу ў калгаснай вытворчасці калектываў прадпрыемстваў, навуковых і навучальных устаноў і г. д. Рабіліся спробы павысіць зацікаўленасць усіх работнікаў аграрнага сектара ў павышэнні прадукцыйнасці сельскагаспадарчай вытворчасці.
Гэтыя меры атрымалі замацаванне ў рашэннях партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва. У выніку была аслаблена вастрыня крызісу сельскай гаспадаркі, затым вызначыўся яе рост. Галоўную ролю ў гэтым адыграла ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы калгасаў і саўгасаў. У 1958 г. у сельскай гаспадарцы БССР працавала ў пераліку на 15-магутныя 51,3 тыс. трактароў, тады як у 1953 г.— 33,6 тыс. Значна павялічылася колькасць збожжаўборачных камбайнаў, якіх у 1958 г. налічвалася каля 11 тыс., а таксама 27 тыс. грузавых аўтамабіляў. Важнае значэнне для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы калгасаў мела ліквідацыя ў 1958 г. МТС і перадача сельскагаспадарчай тэхнікі непасрэдна калгасам. У гэтыя гады высокімі тэмпамі нарастала падрыхтоўка кадраў спецыялістаў для сельскай гаспадаркі, механізатараў, значная іх частка пераводзілася на сялб з прамысловасці і іншых галін народнай гаспадаркі. Узяты курс у галіне сельскай гаспа-