Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
Пасля XX з’езда партыі, які асудзіў культ асобы Сталіна, у краіне наступіла так званая хрушчоўская «адліга». Былі спынены неабгрунтаваныя масавыя рэпрэсіі, ажыццяўлялася рэабілітацыя бязвінна асуджаных, людзі сталі больш свабодна выказваць свае думкі і жыць больш раскавана. На ўсіх узроўнях партыйнадзяржаўнай улады модным стала гаварыць аб дэмакратыі, кантролі знізу і г. д. Аднак далей некаторага паслаблення кантролю зверху справа не пайшла, паколькі сама сталінская сістэма ўлады, яе цэнтралізаваная таталітарная сутнасць засталіся непахіснымі. Да таго ж пасля зняцця М. С. Хрушчова ў кастрычніку 1964 г. з пасады Першага сакратара ЦК КПСС і вылучэння на гэту пасаду Л. I. Брэжнева «адліга» ў грамадскім жыцці стала прызнавацца непатрэбнай раскошай. Узмацніліся ганенні па палітычных матывах, пачаліся рэпрэсіі супраць дысідэнтаў. Партыя, якая захавала ўладу, атрыманую з рук Сталіна, уступаць яе нікому не збіралася і ўсё больш схілялася да неасталінісцкага курсу. Галоўнымі выразнікамі гэтага курсу побач з Л. I. Брэжневым былі М. А. Суслаў, A. А. Грамыка, М. В. Падгорны, К. У. Чарненка і інш.
Пры строгай цэнтралізацыі кіравання краінай грамадска-палітычнае жыццё ў рэспубліках уніфікавалася, а ў якасці абгрунтавання правамернасці такога становішча служыла так званая тэорыя аб складванні «новай гістарычнай супольнасці людзей», носьбітам якой вы-
ступаў цяпер савецкі народ.
На справе, аднак, уніфікавацца магло афіцыйнае грамадска-палітычнае жыццё, якое выражалася ў святкаваннях па камандзе рэвалюцыйных свят, юбілейных дат партыйна-дзяржаўных дзеячаў і вядомых людзей па спіску, зацверджанаму ўладамі. I ўсё ж у жыцці кожнай нацыі захоўваліся звычаі, традыцыі культуры і маралі, якія склаліся гістарычна. Зламаць іх улады аказаліся не ў сілах.
КПБ — партыя сталінскага тыпу. Кампартыя Беларусі з’яўлялася састаўной часткай адзінай, маналітнай ВКП(б). За гады вайны партыйная арганізацыя Беларусі панесла вялікія страты, а яе кіруючыя органы з-за акупацыі вымушаны былі дзейнічаць або ў падполлі, або за межамі яе тэрыторыі. Пасля вызвалення ад гітлераўскай акупацыі жыццё партыйнай арганізацыі пачало хутка аднаўляцца. Ужо ў 1945—1946 гг. пярвічныя партыйныя арганізацыі былі створаны на большасці буйных прамысловых прадпрыемстваў, у шэрагу калгасаў і саўгасаў. Ha 1 студзеня 1946 г. колькасць членаў партыі ў БССР склала 48,2 тыс. чалавек супраць 72,1 тыс.— на 1 студзеня 1941 г. У лютым 1949 г. адбыўся XIX, першы пасляваенны, з’езд Кампартыі Беларусі. На гэты час у яе радах налічвалася больш за 110 тыс. чалавек, а ў пачатку 1956 г.— у 2 разы больш, чым перад вайной,— 145 тыс. чалавек. Хуткі рост партыйнай арганізацыі рэспублікі вызначаўся перш за ўсё яе становішчам у грамадстве як правячай, да таго ж адзінай, партыі. А ў гэтых умовах з членствам у партыі звязваецца не столькі ўдзел у палітычным жыцці, колькі магчымасць прасоўвацца па партыйна-дзяржаўнай, гаспадарчай і ўсялякай іншай лініі. Правільнасць такога палажэння пацвярджаецца і тым, што сама партыя не была ў поўным сэнсе палітычнай арганізацыяй. Пад кіраўніцтвам I. В. Сталіна яна даўно трансфармавалася, прысвоіўшы сабе ўсе функцыі вышэйшай заканадаўчай і выканаўчай улады ў краіне. Таму палітычныя пытанні яе цікавілі не ў плане палітычнага жыцця самой партыі і краіны, а ў плане захавання і ўмацавання ўлады. Гэта забяспечвалася перш за ўсё тым, што партыйныя камітэты на ўсіх узроўнях узялі на сябе функцыю так званага падбору і расстаноўкі кадраў. Пад гэты прынцып падпадала нават выбарчая сістэма і ў саміх партыйных органах, і ў Саветах, і ва ўсіх грамадскіх арганізацыях. Самі ж выбары закліканы
былі толькі дэманстраваць паслухмянасць мас, іх поўную згоду з тым безуладным становішчам, у якім яны аказаліся.
Для кожнай ступені партапарату падбор кіраўнікоў ажыццяўляўся па прынцыпу зверху — уніз. Першымі сакратарамі ЦК Кампартыі Беларусі ў пасляваенныя гады паслядоўна з’яўляліся П. К. Панамарэнка, М. I. Гусараў, М. С. Патолічаў, К. Т. Мазураў, П. М. Машэраў, Ц. Я. Кісялёў, М. М. Слюнькоў, Я. Я. Сакалоў. I закончыў гэты спіс A. А. Малафееў. Першыя тры з іх раней да Беларусі ніякіх адносін не мелі і накіраваны былі на гэтыя пасады I. В. Сталіным, які не давяраў мясцовым кадрам. Толькі пасля яго смерці становішча змянілася. 3 1956 г., пачынаючы з К. Т. Мазурава, гэтыя пасады займалі асобы з Беларусі. Аднак прынцып падбору і рэкамендацыі іх для выбрання зверху захаваўся аж да часоў перабудовы, а самі выбары насілі толькі рытуальны характар.
Паколькі партыя аказалася не столькі палітычнай, колькі дзяржаўна-гаспадарчай арганізацыяй, пастолькі камандна-адміністрацыйны прынцып кіравання краінай з’явіўся яе дзецішчам, які стаў асновай і ўнутранага жыцця. Аб гэтым сведчыць характар пастаноў, якія прымаліся з’ездамі КПБ і пленумамі ЦК КПБ, абласнымі і раённымі партыйнымі канферэнцыямі, пленумамі абкамаў і райкамаў. Яны носяць абавязваючы, камандны характар і ў роўнай меры датычацца як партыйных камітэтаў і саміх партыйных арганізацый, так і савецкіх, грамадскіх і гаспадарчых арганізацый, міністэрстваў і ведамстваў рэспублікі. I ў ніжэйшым звяне партыі — пярвічных партыйных арганізацыях — галоўнымі пытаннямі з’яўляліся вытворчыя, тады як грамадска-палітычнае жыццё цікавіла іх толькі ў плане ўзмацнення класавай і рэвалюцыйнай пільнасці.
Узмацненне апаратнага напрамку развіцця партыі ў гэтыя гады пацвярджаецца і зменамі яе сацыяльнага саставу. Калі ў 1941 г. на долю інтэлігенцыі прыпадала 36,6 % саставу партыйнай арганізацыі БССР, то ў 1945 г.— 65,3 %. К 1956 г. доля інтэлігенцыі некалькі знізілася, але па-ранейшаму заставалася пераважаючай — 51,9 %. I гэта ва ўмовах, калі служачыя складалі нязначную частку насельніцтва. У прыватнасці, па перапісу 1959 г., у БССР на іх долю прыпадала 15 %) а ў пачатку і сярэдзіне 50-х гадоў — і таго менш. Пасля шматгадовай практыкі рэгулявання прыёму ў партыю
па сацыяльнаму становішчу ўдзельная вага служачых у партыі к 1978 г. знізілася да 39,4 %. Аднак штучнае стрымліванне прытоку ў партыю служачых нічога не змяніла, па сутнасці, паколькі для большасці ўступаючых асноўным матывам уступлення з’явілася надзея прасоўвання па службе.
Хуткі рост абсалютнай і адноснай колькасці служачых у саставе партыі, іх перавага над іншымі пластамі насельніцтва вялі да ўстанаўлення панавання апарату над партыйнай і беспартыйнай масай. Таму і грамадска-палітычнае жыццё як у партыі, так і ў краіне поўнасцю вызначалася і накіроўвалася гэтым апаратам. Для пярвічных партарганізацый нават парадак дня сходаў у большасці прадпісваўся зверху і меў на мэце мабілізаваць радавых членаў партыі на рэалізацыю рашэнняў, якія прымаліся на ўсіх узроўнях грувасткай піраміды партапарату.
Калі мы зараз спрабуем вызначыць прычыны бюракратычных дэфармацый у партыі, то зусім відавочна, што яе вытокі ляжаць у тых зменах сацыяльнага саставу партыі, якія прывялі да фарміравання магутнага партыйна-дзяржаўнага апаратнага пласта ўнутры партыі. Па сваёй прыродзе ён быў адарваны ад матэрыяльнай сферы жыцця. Натуральныя працэсы гэтага жыцця ў апаратчыкаў праламляліся праз абстрактнае тэарэтызаванне, якое абапіралася на класікаў навуковага сацыялізму. Гэта непазбежна вяло да дагматызму, які стаў вызначальным у грамадска-палітычным жыцці партыі і грамадства ў цэлым.
У той жа час цэнтралізацыя партыйнага і дзяржаўнага жыцця не была простым вынаходствам зламысных асоб. Яна склалася ва ўмовах, калі рост вытворчасці забяспечваўся пераважна за кошт аўралаў і штурмаў, тады як уплыў навукова-тэхнічнага прагрэсу не меў рашаючага значэння. На пачатак 80-х гг. магчымасці экстэнсіўнага развіцця вытворчасці поўнасцю вычарпаліся, таму і цэнтралізаваная камандна-адміністрацыйная сістэма кіраўніцтва краінай, носьбітам якой з’явілася КПСС, аказалася ў тупіку.
Саветы дэпутатаў працоўных. У адпаведнасці з Канстытуцыяй краіны Саветам належалі галоўныя функцыі дзяржаўнага кіраўніцтва і арганізацыі грамадскага жыцця. Яны ажыццяўлялі таксама гаспадарчае кіраўніцтва на падведамасных тэрыторыях, культурна-выхаваўчыя і іншыя функцыі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ва ўмовах варожай акупацыі на тэрыторыі БССР захаваліся толькі асобныя ачагі мясцовай Савецкай улады ў зонах, якія кантраляваліся партызанамі. Аднаўленне Саветаў на вызваленай тэрыторыі ў першыя гады ажыццяўлялася па ініцыятыве партыйных камітэтаў адміністрацыйным шляхам, паколькі многія выбраныя да вайны дэпутаты або загінулі, або памянялі месцапражыванне. У 1947 г. адбыліся першыя ў пасляваенныя гады выбары ў Вярхоўны Савет БССР і ў 1948 г.— у мясцовыя Саветы рэспублікі. Быў выбраны 371 дэпутат у Вярхоўны Савет і 65 тыс. у мясцовыя Саветы. Гэтым завяршыўся працэс аднаўлення Саветаў у пасляваенныя гады ў рэспубліцы. Усюды ў рэспубліцы адрадзілася сесіённая дзейнасць Саветаў, разгарнулася работа іх пастаянных камісій. Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР на першай яго сесіі быў выбраны Н. Я. Наталевіч, якога ў 1948 г. змяніў на гэтай пасадзе В. I. Казлоў, у наступным імі былі С. В. Прытыцкі, Ф. А. Сурганаў, I. Я. Палякоў, Г. С. Таразевіч, М. I. Дземянцей.
Саветы займаліся аднаўленнем гарадоў і сёл рэспублікі, ачагоў культуры, арганізацыяй народнай адукацыі, паляпшэннем умоў жыцця насельніцтва.
Аднак становішча Саветаў у сістэме сталінскага дыктату мала паходзіла на сапраўднае народаўладдзе, дэклараванае Канстытуцыяй. На самай справе яны знаходзіліся на службе ў партапарату, які панаваў над імі, як і над усімі іншымі дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі.
3 сярэдзіны 50-х гг., асабліва пасля XX з’езда партыі, рабіліся спробы павысіць ролю Саветаў у кіраўніцтве краінай і грамадствам. У 1957 г. ЦК КПСС прыняў пастанову, накіраваную на паляпшэнне дзейнасці Саветаў, умацаванне іх сувязі з масамі. Павысілася роля рэспубліканскіх і мясцовых Саветаў у кіраўніцтве эканомікай і грамадска-палітычным жыццём. У гэтыя гады актывізавалася заканадаўчая дзейнасць Вярхоўнага Савета БССР, у яго саставе з’явіліся новыя камісіі: па народнай адукацыі і культурна-асветнай рабоце, ахове здароўя і сацыяльнаму забеспячэнню, жыллёваму будаўніцтву і інш. Новыя камісіі па кіраўніцтву гаспадарчай дзейнасцю ствараліся таксама ў мясцовых Саветах. Гэта прывяло да значнага пашырэння актыву.