Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
На справе, аднак, з-за ведамаснай раз’яднанасці і пераваг у народнай гаспадарцы ведамасных інтарэсаў аб’яднання ў адзіны арганізм сельскай гаспадаркі і абслуговых яе структур так і не адбылося. Большасць удзельнікаў АПК не былі накіраваны на канечныя рэзультаты сельскагаспадарчай вытворчасці, што адмоўна адбілася на павышэнні яе эфектыўнасці.
У сувязі з гэтым у 1985 г. выйшла пастанова ЦК КПСС і CM СССР «Аб далейшым удасканаленні кіравання аграпрамысловым комплексам», у якой прызнавалася неабходнасць утварэння саюзна-рэспубліканскага Дзяржаўнага аграпрамысловага камітэта СССР (Дзяржаграпрама СССР) на базе Міністэрства сельскай гаспадаркі, Міністэрства садоваагародніннай гаспадаркі, Міністэрства мясной і малочнай прамысловасці, Міністэрства сельскага будаўніцтва і Дзяржаўнага камітэта па вытворча-тэхнічнаму забеспячэнню сельскай гаспадаркі.
У БССР, як і іншых рэспубліках, узніклі рэспубліканскія, а ў абласцях — абласныя дзяржаграпрамы. Новая кіраўніцкая гідра аказалася яшчэ больш грувасткай, непаваротлівай і малаэфектыўнай. Ва ўсякім
разе вырашыць Харчовую праграму з дапамогай новай кіраўніцкай структуры аказалася пустой задумай. Наадварот, мітусня вакол кіраўніцкіх навацый толькі адцягвала сілы і сродкі ад сферы вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі сельскай гаспадаркі і вяла да далейшага пагаршэння становішча ў краіне. Адным практычным вынікам гэтых знешне грандыёзных пераўтварэнняў з’явілася толькі тое, што яны канчаткова пераканалі і ўрад, і грамадства ў безнадзейнасці спроб рашыць праблему ўздыму сельскай гаспадаркі на аснове кіраўніцкіх маніпуляцый і што шлях да развіцця цяпер ляжыць праз глыбокія эканамічныя пераўтварэнні, здольныя вярнуць зямлі гаспадара ці то ў асобе калгаса або кааператыва, ці то арандатара або селяніна-фермера.
Увесь ход гісторыі сельскай гаспадаркі, пачынаючы з яе суцэльнай калектывізацыі, паказваў на неабходнасць яе карэннага пераўтварэння. Аднак патрэба ў гэтым асабліва абвастрылася ў першай палавіне 80-х гг. Развіццё яшчэ працягвалася і ў гэтыя гады. Але, папершае, тэмпы былі такімі, што не пакрывалі ўзрастаючых патрэб у прадуктах харчавання нават натуральнага прыросту насельніцтва. А значыць, непазбежным было і пагаршэнне забеспячэння прадуктамі харчавання. Па-другое, нерацыянальна высокімі тэмпамі павялічваліся затраты дзяржавы на кожную адзінку прыросту сельгаспрадукцыі. Па-трэцяе, узмацнілася да пагражальных размераў безгаспадарчасць на глебе росту апатыі і абыякавасці да рэзультатаў працы ў асноўнай масы работнікаў сельскай гаспадаркі, а гэта зводзіла на нішто затраты дзяржавы і грамадства, нараджала індывідуальнае і групавое ўтрыманства замест творчага пошуку шляхоў развіцця.
Нават у БССР, якая ў параўнанні з большасцю іншых рэспублік мела ў гэтыя гады ў сельскай гаспадарцы некалькі лепшыя рэзультаты, негатыўныя працэсы, уласцівыя сельскай гаспадарцы краіны, узмацніліся, што прывяло да пагаршэння забеспячэння насельніцтва прадуктамі харчавання. Рост сярэднегадавога аб’ёму валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі рэспублікі ў 1981 —1985 гг. склаў да ўзроўню папярэдняга пяцігоддзя 108 %. У той жа час расходы на развіццё сельскай гаспадаркі перавысілі папярэдні пяцігадовы перыяд амаль на 40 %. Значна павялічыліся расходы на развіццё галін, звязаных з перапрацоўкай, нарыхтоўкай
і захаваннем сельскагаспадарчай прадукцыі. У цэлым для АПК рэспублікі была выдзелена велізарная сума — 8,1 млрд рублёў. Яшчэ больш сродкаў накіроўвалася на развіццё трактарнага і сельскагаспадарчага машынабудавання, выраб тэхнікі для жывёлагадоўлі, харчовага машынабудавання. Усе гэтыя сродкі расцякаліся па міністэрствах і ведамствах, асядалі ў грувасткім бюракратычным АПК без прыметнага ўплыву на канечныя рэзультаты развіцця сельскай гаспадаркі. У гэтым перш за ўсё заключалася супярэчнасць ў сельскай гаспадарцы. Матэрыяльна-тэхнічная база пашыралася. Напрыклад, парк трактароў за пяць гадоў павялічыўся на 14 тыс. адзінак, збожжаўборачных камбайнаў — на 7,5 тыс., грузавых аўтамабіляў — на 15,4 тыс. Энергаўзброенасць працы за гэты перыяд павялічылася амаль на 35 %. Аднак прыметнага паляпшэння ў сферы вытворчасці не адбывалася. Колькасны прырост тэхнікі не даваў чаканых зрухаў з-за нізкай яе якасці, дрэннай рамонтнай базы і дэфіцыту запасных частак, што вяло да вялікіх прастояў тэхнікі. А галоўнае — не было неабходнай матэрыяльнай і гаспадарчай зацікаўленасці ў механізатараў і ўсіх работнікаў сельскай гаспадаркі. Да таго ж на шэрагу работ узровень механізацыі наогул заставаўся нізкім: дамініравала ручная праца.
Непасрэдны ўплыў на паскарэнне тэхнічнага прагрэсу ў сельскай гаспадарцы аказала хімізацыя. У 1979 г. у сістэме Міністэрства сельскай гаспадаркі было створана Усесаюзнае вытворча-навуковае аб’яднанне па аграхімічнаму абслугоўванню сельскай гаспадаркі (Сельгасхімія). У яго распараджэнне перайшлі абласныя і раённыя станцыі аховы раслін. Аб’яднанне мела неабходную тэхніку, зведзеную ў механізаваныя атрады. Канцэнтрацыя ў руках гэтай спецыялізаванай службы асноўнага аб’ёму работ па хімізацыі сельскай гаспадаркі істотна пашырыла выкарыстанне механізаванай працы на адным з важнейшых участкаў вытворчасці, садзейнічала хутчэйшаму ўкараненню ў сельскагаспадарчую практыку дасягненняў аграхімічнай навукі.
Аднак неўзабаве пачалі выяўляцца і такія рэзультаты дзейнасці сельгасхіміі, як парушэнне ў многіх гаспадарках экалагічнай раўнавагі ў сувязі з празмерным выкарыстаннем хімічных угнаенняў і сродкаў аховы раслін, вытворчасць шкоднай для здароўя людзей прадукцыі. Даваў аб сабе адчуваць усё той жа дыктат
ведамства-манапаліста, інтарэсы якога абмяжоўваліся аб’ёмам выкананых работ і паслуг незалежна ад канечнага рэзультату ў сельскагаспадарчай вытворчасці.
Важным напрамкам павышэння эфектыўнасці сельскай гаспадаркі рэспублікі з’явілася меліярацыя. На сярэдзіну 80-х гг. агульная плошча асушаных зямель у рэспубліцы дасягнула 2,7 млн га і арашаемых — 165 тыс. га. Аднак і тут не абышлося без сур’ёзных экалагічных выдаткаў, што выклікае неабходнасць больш глыбокай навуковай прапрацоўкі планаў і праграм меліярацыі, павышэння ролі грамадскасці ў кантролі за строгім захаваннем усімі ведамствамі прыродаахоўных мерапрыемстваў.
Такім чынам, у першай палавіне 80-х гг. у рэспубліцы адбылося далейшае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскай гаспадаркі і звязаных з ёй галін. Аднак гэта не прывяло да адэкватных канечных рэзультатаў у сельскагаспадарчай вытворчасці. Ураджайнасць асноўных сельскагаспадарчых культур заставалася на ўзроўні 70-х гг., нязначна павысілася прадукцыйнасць жывёлы і птушкі, узраслі страты сельгаспрадукцыі і склалі па краіне да 30 % агульнага іх аб’ёму. Гэта сведчыла аб тым, што аграрная праблема са сферы вытворчай усё больш перамяшчалася ў сферу эканамічную, якая заключалася ў недасканаласці вытворчых адносін на сяле, таму і шлях вырашэння яе ляжыць толькі праз кардынальную эканамічную рэформу, звязаную са змяненнем форм уласнасці.
Заданні. 1. Раскрыйце прычыны крызісу сельскай гаспадаркі рэспублікі ў першыя пасляваенныя гады. 2. Пакажыце напрамак і рэзультаты развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскай гаспадаркі БССР у 60—70-я гг. 3. Растлумачце, чаму аказаліся негрунтоўнымі планы каманднага кіравання вывесці сельскую гаспадарку на шлях інтэнсіўнага развіцця.
Раздзел XIII. ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЕ. САЦЫЯЛЬНАЕ РАЗВІЦЦЕ РЭСПУБЛІКІ
§ 39. Асноўныя формы грамадскага жыцця
Характар грамадскага жыцця. Ва ўмовах панавання ў краіне таталітарнага сталінскага рэжыму грамадска-палітычнае і культурнае жыццё ў рэспубліцы ў па-
сляваенныя гады вызначалася гэтым рэжымам, адлюстроўвала яго духоўную сутнасць, яго ідэалогію і нават структуру. Перш за ўсё жыццё грамадства падпарадкоўвалася строгай рэгламентацыі і цэнтралізацыі. Гэтаму служыла адпаведная сістэма грамадска-палітычных арганізацый (прафсаюзы, камсамол і інш.), якія па ўзору партыі будаваліся выключна на прынцыпах дэмакратычнага цэнтралізму на ўсіх узроўнях і дзейнічалі пад непасрэдным кіраўніцтвам яе арганізацый. Гэтым забяспечвалася ўстойлівасць сістэмы, для якой характэрнымі былі нерухомасць, закасцянеласць як форм, так і зместу.
Строгая падпарадкаванасць па вертыкалі спалучалася з падпарадкаванасцю ўсіх грамадскіх арганізацый партыйным камітэтам па гарызанталі. За межамі гэтай сеткі не было і не магло быць ніякіх аб’яднанняў і арганізацый працоўных. Бытавой з’явай стала татальная сочка не толькі за паводзінамі і дзеяннямі людзей, але і за складам іх думак. 3 поўным размахам дзейнічалі даносы. Такой была структура рэжыму, закліканая забяспечыць адзінства поглядаў і дзеянняў у строгай адпаведнасці з афіцыйнымі ўстаноўкамі, палажэннямі і нормамі, якія спускаліся вышэйшым эшалонам партыйнай улады.
Аднак гістарычная практыка шматразова даказвала, што любы рэжым, нават самы жорсткі, можа існаваць толькі пры ўмове падтрымкі яго большасцю насельніцтва краіны. Сталінскі рэжым у гэтых адносінах не быў выключэннем. Народ у абсалютнай большасці сваёй верыў, што ён жыве ў самым перадавым, самым гуманным грамадстве, у якім робіцца ўсё для чалавека і ў імя чалавека. Такім чынам, феномен сталінскай сістэмы заключаўся не ў тым, што жорсткасцю і насіллем яна падпарадкавала свайму ўздзеянню эканоміку, грамадска-палітычнае і духоўнае жыццё ў краіне, а ў тым, што ў параўнальна кароткі час сфарміравала новы, адпаведны рэжыму, пануючы ў грамадстве таталітарны светапогляд.
Шматлікая літаратура нашых дзён, прысвечаная гэтай праблеме, пераканаўча паказвае, што першаасновай фарміравання падобнага адзінства поглядаў з’явіўся страх, які падтрымліваўся ў насельніцтва як проста насіллем, так і ўнушэннем. Людзі былі пастаўлены перад неабходнасцю прыстасавання да ўмоў жыцця, якое патрабавала поўнай адмовы ад уласных незалеж-
ных поглядаў і пазіцый. У выніку не прайшло і адной змены пакаленняў, як адмова ад індывідуальнасці пад уздзеяннем страху перарасла ў масавую ляноту думкі. Людзям пачало здавацца, што, вызваліўшыся ад актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці, яны здабылі, нарэшце, свабоду. Добраахвотна ўступіўшы, масы ператварыліся ў заложнікаў партыйна-дзяржаўнага апарату, якому, аднак, яны шчыра верылі і звязвалі з ім усе свае надзеі. Гэтым перш за ўсё тлумачыцца і непадробны аўтарытэт партыі ў грамадстве. Да таго ж усё, што магло пахіснуць гэты аўтарытэт, ад народа ўтойвалася. Дасягалася такое сакрэтнасцю ў рабоце партыйна-ўрадавага апарату і ўсіх грамадскіх арганізацый, строгай цэнзурай друку і органаў інфармацыі. Гэтым забяспечвалася тое становішча, што галоўнай сілай, якая вызначала і накіроўвала грамадскае жыццё, станавілася Камуністычная партыя, але не сама па сабе, а яе кіруючы апарат.