• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі: XX ст. Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Гісторыя Беларусі: XX ст.

    Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 349с.
    Мінск 1993
    125.34 МБ
    даркі ў сярэдзіне 50-х гг. прывёў да некаторых станоўчых вынікаў.
    Пачаўся, хоць і павольны, рост сельскагаспадарчай вытворчасці. У 1960 г. валавы збор збожжа ў рэспубліцы перавысіў узровень 1953 г. на 36 %, істотны рост быў дасягнуты па льновалакну і цукровых бураках. На 70 % павялічылася вытворчасць мяса, малака, на 50 % — яек. Аднак дасягнуты рост сельскагаспадарчай вытворчасці аказаўся ніжэйшым за намечаны, да таго ж ён не забяспечваў узрастаючыя патрэбы як у прадуктах харчавання, так і сыравіне для прамысловасці. Па пасяўных плошчах, па пагалоўі жывёлы даваенны ўзровень быў дасягнуты к сярэдзіне 50-х гг. у першую чаргу таму, што гэтаму спрыяла дэмаграфічнае становішча на сяле, а таксама навукова-тэхнічная рэвалюцыя, якая пачала разгортвацца. Узяты пасля смерці I. В. Сталіна курс на ўмацаванне матэрыяльнатэхнічнай базы сельскай гаспадаркі і павышэнне матэрыяльнай зацікаўленасці калгасаў і калгаснікаў у росце вытворчасці праводзіўся ва ўмовах поўнай дастатковасці, а па шэрагу раёнаў і з лішкам рабочай сілы на сяле. Пры гэтым значная частка сялян прайшла школу працы і адносін да зямлі, яшчэ будучы незалежнымі ў сваёй гаспадарчасці. Для іх добрасумленная праца, як і беражлівыя адносіны да навакольнага свету і прыроды, з’яўлялася само сабой зразумелым.
    Аднак у наступныя гады дэмаграфічнае становішча на сяле змянілася. На змену першаму пакаленню калгаснікаў як галоўнай прадукцыйнай сілы вёскі прыйшлі другое і трэцяе пакаленні. Хуткімі тэмпамі ішоў адток сялян у іншыя галіны гаспадаркі і перамяшчэнне іх у гарады. Калі ў 1940 г. у БССР сельскае насельніцтва складала 79 %, а гарадское — 21 %, то ў 1966 г. адпаведна — 61 % і 39 %. Новыя пакаленні сялян фарміраваліся ва ўмовах поўнага панавання цэнтралізаванай камандна-адміністрацыйнай сістэмы як простая рабочая сіла. Для іх сельская гаспадарка станавілася толькі сферай прыкладання працы, ад удзелу ў арганізацыі якой яны былі поўнасцю адхілены. У выніку тое, што ў тэорыі лічылася з’явай прагрэсіўнай (збліжэнне горада і сяла, ператварэнне сельскай гаспадаркі ў разнавіднасць індустрыяльнай вытворчасці) ва ўмовах поўнага адхілення вытворцы ад сродкаў вытворчасці і распараджэння прадметам сваёй працы, не вяло да чаканых вынікаў. Сельская гаспадарка, хоць і развівалася, аднак вельмі нізкімі тэмпамі.	_
    Уплыў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі на развіццё сельскай гаспадаркі. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, якая пачалася ў 50-я гады, адкрыла новыя магчымасці для расшырэння матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскай гаспадаркі, укаранення ў сельскагаспадарчую вытворчасць дасягненняў навукі, тэхнікі і перш за ўсё яе хімізацыі. Ва ўмовах панавання камандна-адміністрацыйнай цэнтралізаванай сістэмы кіравання гэтыя магчымасці маглі рэалізавацца толькі праз бюджэтныя асігнаванні. Урад паслядоўна іх павялічваў. Калі за 15 гадоў, з 1951 па 1965 г., у сельскую гаспадарку рэспублікі было накіравана 3 млрд рублёў капіталаўкладанняў, то за наступныя 15 гадоў, з 1966 па 1980 г., гэтая сума ўзрасла да 16 млрд рублёў. Толькі за гэтыя апошнія 15 гадоў асноўныя вытворчыя фонды калгасаў павялічыліся больш чым у 4 разы; у 5,5 раза ўзрасла фондаўзброенасць працы. Хуткімі тэмпамі расла энергаўзброенасць сельскай гаспадаркі. У 1955 г. у ёй налічвалася 21 тыс. трактароў, а ў 1980 г.— 117 тыс., збожжаўборачных камбайнаў за гэтыя гады павялічылася з 8 тыс. да 27 тыс., грузавых аўтамабіляў з 16,5 тыс. да 72,4 тыс. У сярэдзіне 70-х гг. на кожны калгас і саўгас у сярэднім прыпадала 37 трактароў і 10 збожжаўборачных камбайнаў. Калгасы і саўгасы мелі комплексы для ўборкі цукровых буракоў, самаходныя машыны для ўборкі траў, нарыхтоўкі сенажу і інш. Шырока выкарыстоўвалася сельскагаспадарчая авіяцыя. На гэты час усе калгасы, саўгасы і населеныя пункты БССР з колькасцю двароў больш за 10 былі электрыфікаваны. У структуры энергетычных магутнасцей удзельная вага механічных рухавікоў перавысіла 99 %, і толькі менш за 1% прыпадала на рабочую жывёлу.
    Паскорана развівалася хімізацыя і меліярацыя зямель. У 1960 г. сельскай гаспадарцы было пастаўлена 952 тыс. т мінеральных угнаенняў, а ў 1980 г.— 5,6 млн т. Плошча зямель з асушальнай сеткай к гэтаму году дасягнула 2,4 млн га — 27 % ад агульнай плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў калгасаў і саўгасаў.
    У развіцці сельскай гаспадаркі нязмерна ўзрасла роля навукі. Навуковымі распрацоўкамі і ўкараненнем іх вынікаў у сельскагаспадарчую вытворчасць займаліся 8 НДІ (земляробства; глебазнаўства і аграхіміі; бульбаводства і агародніцтва; аховы раслін; жывёлагадоўлі; ветэрынарыі; эканомікі і арганізацыі сельскай
    гаспадаркі; механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР), якія ўваходзілі ў сістэму Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. Дзейнічала 13 сельскагаспадарчых доследных станцый, 30 эксперыментальных гаспадарак. Даследаванні ў галіне сельскай гаспадаркі вялі НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, па мантажу, эксплуатацыі і рамонту машын і абсталявання жывёлагадоўчых і птушкагадоўчых ферм, шэраг інстытутаў АН БССР і кафедраў ВНУ. У 1971 г. было арганізавана заходняе аддзяленне Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя Леніна, якое аб’яднала намаганні навуковых устаноў Беларусі і Прыбалтыйскіх рэспублік.
    Узмацненне інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі звязвалася ў гэтыя гады з паглыбленнем спецыялізацыі і канцэнтрацыі вытворчасці. Замест 1,5 тыс. гаспадарак, якія займаліся птушкагадоўляй, было створана каля 60 буйпых птушкагадоўчых фабрык і спецыялізаваных гаспадарак. Створана сетка спецыялізаваных гаспадарак па вытворчасці малака, вырошчванню і адкорму жывёлы, міжгаспадарчых аб’яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый, буйныя жывёлагадоўчыя комплексы.
    Перавод сельскай гаспадаркі на больш высокі ўзровень навукова-тэхнічнага прагрэсу патрабаваў і адпаведнай кваліфікацыі кадраў, якія мелі неабходныя веды ў галіне сельскагаспадарчай навукі і перадавога вопыту. Такія кадры рыхтавалі ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы рэспублікі. Важную ролю адыгрываў абмен спецыялістамі з іншымі рэгіёнамі краіны. У 1960 г. колькасць спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй у сельскай гаспадарцы рэспублікі складала 14,8 тыс. чалавек, а ў 1980 г. павялічылася да 88,1 тыс. У сярэднім на адну гаспадарку ў сярэдзіне 70-х гг. прыпадала 20 спецыялістаў. У прафесіянальнай структуры працоўных калектываў павялічылася доля механізатараў. У 1957 г. іх было 74 тыс., а ў 1980 г.— 207,6 тыс. З’явіліся рабочыя новых прафесій — аператары жывёлагадоўчых комплексаў, майстры машыннага даення і інш. Гэта значыць, што цяжкая ручная праца ўсё больш замянялася машынамі і механізмамі.
    Дзякуючы росту прадукцыйных сіл вёскі сельскагаспадарчая вытворчасць рэспублікі ў 60—70-я гг. атрымала далейшае развіццё. Валавая прадукцыя сель-
    скай гаспадаркі ў 1980 г. перавысіла ўзровень 1960 г. амаль у 1,5 раза, а ў параўнанні з даваенным, 1940 г.— у 1,9 раза. Прадукцыйнасць працы за гэтыя гады павялічылася ў 2,5 раза. Амаль у 2 разы павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, у 1,4 —свіней, больш чым у 2 разы птушкі і г. д.
    Аднак ні рэзультаты павелічэння сельскагаспадарчай вытворчасці, ні тэмпы росту прадукцыі сельскай гаспадаркі не адпавядалі патрэбам рэспублікі і тым затратам, якія накіроўваліся ў гэту галіну народнай гаспадаркі. Да таго ж звесткі гэтыя афіцыяльнай статыстыкай часта завышаліся. Таму амаль па ўсіх абагульненых паказчыках фіксаваўся рост у сельскай гаспадарцы, а становішча працоўных у забеспячэнні харчаваннем паляпшалася нязначна. Перш за ўсё таму, што павелічэнне прадукцыі сельскай гаспадаркі ў разліку на душу насельніцтва было нязначным. Прычым па гэтаму паказчыку назіраўся не толькі рост, але ў асобныя гады і істотнае зніжэнне. Так, вытворчасць бульбы ў разліку на душу насельніцтва на канец 70-х гг. у параўнанні з пачаткам 60-х нават знізілася, тое ж самае датычыцца і агародніны. Раслі расходы сельгассыравіны ў прамысловасці, іншых галінах народнай гаспадаркі. Да таго ж узровень вытворчасці асноўных прадуктаў сельскай гаспадаркі на душу насельніцтва заставаўся нізкім і значна ўступаў міжнародным стандартам, асабліва ў спажыванні мяса, малака, агародніны, фруктаў. Неабходную каларыйнасць харчавання насельніцтву даводзілася папаўняць за кошт павышанага спажывання хлеба і бульбы.
    Незадаволены попыт на прадукцыю сельскай гаспадаркі, нягледзячы на пашырэнне сельскагаспадарчай вытворчасці ў 60—70-я гг., на канец гэтага перыяду не толькі не паменшыўся, але яшчэ больш вырас. На пачатак 80-х гг. харчовае забеспячэнне рэспублікі, як і ўсёй краіны, пагоршылася. Сельская гаспадарка аказалася ў перадкрызісным стане.
    Новыя спробы палепшыць кіраўніцтва сельскай гаспадаркай. Адной з іх была Харчовая праграма СССР да 1990 г., адобраная майскім (1982 г.) Пленумам ЦК КПСС, якая нарадзілася ў нетрах партыйнай бюракратыі. У чарговы раз беспадстаўнасць эканамічнай сістэмы сельскай гаспадаркі, яе няздольнасць забяспечыць узрастаючыя патрэбы краіны і грамадства ў прадуктах харчавання паспрабавалі аднесці да структурных за-
    ган, недахопаў планавання і кіраўніцтва і да т. п. Таму і рашэнне задачы пераводу сельскай гаспадаркі на шлях інтэнсіўнага развіцця вызначалася праз чарговую рэарганізацыю кіравання. 3 той толькі розніцай, што на гэты раз у сферу яго рэарганізацыі і перабудовы ўключыліся не толькі галіны сельскагаспадарчай вытворчасці, але і сумежныя з ёю, занятыя стварэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскай гаспадаркі, перапрацоўкай яе прадукцыі. На гэтай аснове ўзнікла і новае паняцце — аграпрамысловы комплекс.
    Неабходнасць зладжанай, высокапрадукцыйнай працы гэтага комплексу, важнасць яго ў вырашэнні задач забеспячэння краіны ў дастатку прадуктамі харчавання і сыравінай для іншых галін сталі зусім відавочнымі нават камандна-бюракратычнаму апарату. Пытанне заключалася толькі ў тым, як гэтага дасягнуць. I паколькі за рашэнне задачы ў чарговы раз узяўся ўсё той жа апарат, то, натуральна, ён пачаў з пошуку новых кіраўніцкіх структур пры захаванні і непарушнасці самой апаратнай, строга цэнтралізаванай сістэмы кіравання. У выніку з’явілася нешта вельмі аморфнае ў выглядзе так званага аграпрамысловага комплексу (АПК).