• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі: XX ст. Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Гісторыя Беларусі: XX ст.

    Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 349с.
    Мінск 1993
    125.34 МБ
    Дзейснай формай умацавання міжнародных сувязей з’яўляліся пераклады літаратурных твораў. Творы асобных беларускіх пісьменнікаў перакладаліся да Вялікай Айчыннай вайны, але сапраўды шырока, у першую чаргу ў краінах Усходняй Еўропы, яны пачалі перакладацца пачынаючы з 50-х гг. Лепшыя творы вядомых беларускіх пісьменнікаў (Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Адамовіча, Я. Брыля, I. Мележа, В. Быкава, Н. Гілевіча, ККрапівы, А. Куляшова, I. Шамякіна, П. Панчанкі, А. Макаёнка, М. Танка, У. Караткевіча і інш.) знайшлі сваіх чытачоў у Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі, Балгарыі, ГДР, Румыніі, Югаславіі. Асобныя творы беларускіх пісьменнікаў перакладзены і выдадзены ў Арабскай Рэспубліцы Егіпет, Вялікабрытаніі, 1ндыі, Аўстры.і, Канадзе, Францыі, ФРГ, Фінляндыі і інш.
    У сваю чаргу, творы замежных аўтараў перакладаліся на беларускую мову. Налічвалася звыш 400 такіх асобных выданняў і зборнікаў агульным тыражом больш за 4 млн экземпляраў. Аднак чытацкі попыт на беларускамоўныя выданні ў гэтыя гады ў рэспубліцы зніжаўся ў сувязі з тым, што адбывалася хуткае звужэнне сферы прымянення беларускай мовы. Яна аказалася амаль выцесненай са школы і паўсядзённага жыцця, са справаводства. На базе тэорыі так званай новай гістарычнай супольнасці людзей — савецкі народ — падрывалася нацыянальная самасвядомасць беларускага народа, культывавалася абыякавасць да нацыянальнай культуры і мовы.
    Сувязі ў галіне мастацтва. Сувязі ў галіне мастацтва ажыццяўляліся на аснове ўзаемных абменаў творчымі калектывамі, гастрольнымі паездкамі асобных выканаўцаў, наладжваннем выставак, правядзеннем кінафестываляў і г. д. Беларускія артысты ўдзельнічалі ў Днях БССР на сусветных выстаўках, на міжнародных конкурсах песні, музычных фестывалях, конкурсах оперных выканаўцаў, на фестывалях мастацтваў народаў СССР у зарубежных краінах. Рэгулярна праводзіліся Дні беларускай культуры ў сацыялістычных краінах і Дні культуры гэтых краін у БССР, Дні культуры і гастрольныя паездкі калектываў і выканаўцаў адбыліся амаль ва ўсіх заходніх краінах, ЗША, Канадзе і інш. Многія беларускія калектывы і кінафільмы сталі лаўрэатамі міжнародных конкурсаў і фестываляў. Сярод іх ансамбль «Песняры», кінафільмы «Дзяўчынка шукае бацьку», «Альпійская балада», «Іван Макаравіч».
    Навуковыя сувязі. Бурнае развіццё навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў пасляваенныя гады выклікала неабходнасць пашырэння і паглыблення навуковых сувязей паміж краінамі і народамі. Асабліва цеснымі гэтыя сувязі ў БССР былі з краінамі СЭУ. Быў наладжаны рэгулярны абмен навуковай інфармацыяй і вопытам правядзення навуковых даследаванняў. Практыкаваліся сумесныя распрацоўкі актуальных праблем навукі і тэхнікі. Толькі ўстановамі АН БССР у другой палавіне 70-х гг. ажыццяўляліся сумесныя распрацоўкі больш чым з 40 навуковымі цэнтрамі розных краін, у тым ліку Заходняй Еўропы і Амерыкі.
    Гісторыкі БССР у супрацоўніцтве з гісторыкамі Польшчы і Чэхаславакіі падрыхтавалі зборнікі аб сумеснай барацьбе беларускіх і польскіх, беларускіх і славацкіх партызан, нямецкіх антыфашыстаў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Выдадзены сумесныя работы гісторыкаў і філосафаў; філолагі працавалі над стварэннем агульнаславянскага лінгвістычнага атласа і слоўніка лінгвістычнай тэрміналогіі славянскіх моў. Амаль з 50 краінамі свету падтрымліваў сувязі Цэнтральны батанічны сад АН БССР. Беларускія вучоныя ўдзельнічалі ў многіх міжнародных кангрэсах, канферэнцыях і сімпозіумах, рэгулярна абменьваліся навуковай літаратурай.
    Аднак сапраўды шырокаму, свабоднаму міжнароднаму абмену ў галіне навукі, як і культуры наогул, перашкаджалі шматлікія ўладныя забароны і абмежаванні. Пад строгі кантроль і адбор былі пастаўлены не толькі паездкі за мяжу, але і склад думак вучоных, змест іх даследчых работ. Да таго ж нізкая ўспрымальнасць вытворчасці да навукова-тэхнічных навінак зніжала эфектыўнасць навуковага і тэхнічнага супрацоўніцтва. 3-за гэтага многія сувязі і абмены з зарубежнымі краінамі насілі чыста рытуальны характар і зводзіліся нярэдка да абмену падарункамі. Такая гульня ў міжнароднае жыццё рэспублікі з удзелам у ёй у першую чаргу прадстаўнікоў партыйнага, дзяржаўнага і грамадскага апарату каштавала немалых сродкаў пры зусім нізкай аддачы.
    У тым жа напрамку развіваліся сувязі ў галіне народнай адукацыі, гэта значыць пашыраліся паездкі дэлегацый работнікаў народнай адукацыі ў зарубежныя краіны, арганізоўваліся розныя курсы ўдасканалення выкладчыкаў аднайменных прадметаў, право-
    дзіўся абмен вопытам паміж органамі адукацыі розных краін і г. д. Усё гэта, аднак, не садзейнічала паляпшэнню становішча ў народнай адукацыі, якая паступова ўцягвалася ў стан крызісу.
    Развіццё турызму. Важным сродкам культурных сувязей паміж народамі з’яўляецца турызм. Турысцкія паездкі з БССР у зарубежныя краіны пачалі наладжвацца з 1958 г. Імі займаліся Беларускі рэспубліканскі Савет прафсаюзаў, Бюро маладзёжнага турызму «Спадарожнік» ЦК ЛК.СМБ, Беларускае таварыства дружбы і культурных сувязей з зарубежнымі краінамі. Колькасць турыстаў з БССР у гэтыя гады расла. Калі ў 1960 г. па лініі прафсаюзных арганізацый у турысцкіх паездках пабывала 535 чалавек, то ў 70-я гг. у сярэднім за год — больш за 7 тыс. чалавек. Аднак у параўнанні з развітымі краінамі гэта надзвычай мала. Прычын гэтаму шмат, але галоўныя з іх — шматлікія абмежаванні, якія перашкаджаюць рэалізацыі права на свабодны выезд і ўезд у краіну, нізкі жыццёвы ўзровень насельніцтва і няведанне замежных моў.
    Зарубежныя сувязі рэспублікі 60-х — першай палавіны 80-х гг. характарызаваліся адсутнасцю ў іх дынамізму, які адпавядае сусветнаму грамадскаму прагрэсу. У іх, як у люстэрку, адлюстраваліся ўсе супярэчнасці, якія абвастраліся ў краіне. Адставанне ў развіцці эканомікі ад сусветнага ўзроўню, неэфектыўная знешняя палітыка, умяшанне ў рэгіянальныя канфлікты па-за межамі краіны, разыходжанне паміж лозунгамі, якія абвяшчаліся, і практычнай дзейнасцю кіраўніцтва рабілі першую краіну сацыялізму мала прывабнай для іншых краін і міжнароднай грамадскасці.
    Заданні. 1. Растлумачце прычыны нездавальняючай арганізацыі культурных сувязей БССР з зарубежнымі краінамі. 2. ГІакажыце, якое значэнне мелі сувязі БССР з зарубежнымі краінамі ў галіне мастацтва. 3. Прааналізуйце навуковыя сувязі БССР з зарубежнымі краінамі. 4. Асвятліце ролю турызму ў пашырэнні міжнародных кантактаў і сувязей. 5. Раскрыйце ўплыў унутрыпалітычнага і сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне на стан міжнародных сувязей.
    Раздзел ХІІ. ЭКАНОМІКА БЕЛАРУСІ Ў ПАСЛЯВАЕННЫЯ ГАДЫ (1945—1985 гг.)
    § 35.	Прамысловасць
    Аднаўленне прамысловасці. Развязаная гітлераўскай Германіяй вайна супраць СССР патрабавала ад савецкіх людзей мабілізацыі на барацьбу з ворагам усіх сіл і сродкаў. Яна прывяла да велізарных матэрыяльных і людскіх страт, асабліва ў раёнах, якія былі акупіраваны фашыстамі. У БССР загінуў кожны чацвёрты жыхар, а матэрыяльныя страты склалі звыш 75 млрд рублёў. Цалкам або часткова была разбурана большасць гарадоў, значная частка сельскіх населеных пунктаў, знішчана звыш 10 тыс. прамысловых прадпрыемстваў, 96 % энергетычных магутнасцей, 90 % станочнага і тэхналагічнага абсталявання.
    Аднаўленне народнай гаспадаркі, ачагоў культуры і ўсяго ўкладу жыцця народа Беларусі ажыццяўлялася па меры вызвалення яе тэрыторыі ад варожай акупацыі і працягвалася да канца 40-х — пачатку 50-х гг. У аграрным сектары даваенны ўзровень быў дасягнуты значна пазней.
    Асаблівасць эканомікі краін так званага сацыялістычнага лагера заключалася ў падпарадкаванні яе планаваму кіраўніцтву, якое непадзельна ажыццяўляла ад імя працоўных партыйна-дзяржаўная ўлада. Таму і аналіз развіцця эканомікі непазбежна павінен сканцэнтроўвацца на дзяржаўных, галіновых і іншых планах, а таксама планах і абавязацельствах прадпрыемстваў і ўстаноў, якія ўвогуле і складалі каркас каманднаадміністрацыйнай сістэмы ў эканоміцы.
    Прамысловасць рэспублікі па агульнаму аб’ёму прадукцыі ў 1950 г. перавысіла даваенны, 1940 год на 20 %, валавая прадукцыя вядучай галіны прамысловасці — машынабудавання і металаапрацоўкі перавысіла ўзровень 1940 года ў 2,4 раза. Упершыню быў асвоены выпуск аўтамабіляў, аўтапрычэпаў, трактароў, лакамабіляў, веласіпедаў, цэгларобчых прэсаў, торфаўборачных і багерна-элеватарных машын, складаных малатарань, ліцейнага абсталявання і інш. Пашырылася ў параўнанні з даваенным узроўнем вытворчасць цэменту, аконнага шкла, цэглы, іншых будаўнічых матэрыялаў. Далейшае развіццё атрымала лёгкая прамысловасць: былі пабудаваны Мінскі і Гродзенскі суконныя камбіна-
    ты, створана дыванова-плюшавая вытворчасць, рэканструяваны многія абутковыя і трыкатажныя прадпрыемствы, ільнозаводы. На даваенны ўзровень выйшлі вытворчыя магутнасці харчовай прамысловасці. Яшчэ больш высокімі тэмпамі аднаўлялася і развівалася прамысловасць заходніх абласцей Беларусі, аб’ём прадукцыі якой у 1950 г. перавысіў узровень 1940 г. амаль у 2 разы. Разам з тым па шэрагу паказчыкаў праглысловасць рэспублікі заданне пяцігадовага плана не выканала. У прыватнасці, не дасягнулі намечанага ўзроўню вытворчасці лёгкая, харчовая, мясцовая прамысловасць, прамысловасць будаўнічых матэрыялаў. Большасць прадпрыемстваў не выканалі планаў па якаснаэканамічных паказчыках работы, росту прадукцыйнасці працы. У гэтым, безумоўна, адбіліся многія аб’ектыўныя цяжкасці аднаўленчага перыяду. Аднак галоўнае заключалася ў тым, што прыніжалася значэнне тэхнічнага прагрэсу як рашаючага фактару эканамічнага і сацыяльна-палітычнага развіцця грамадства.
    Неабходнасць паскарэння тэхнічнага прагрэсу. Гэта разумелі ў кіраўніцтве партыяй і краінай. У Дырэктывах па пятаму пяцігадоваму плану развіцця СССР на 1951 —1955 гг. прадугледжваліся апераджальныя тэмпы развіцця тых галін прамысловасці, якія забяспечваюць тэхнічны прагрэс усёй народнай гаспадаркі: машынабудавання і металаапрацоўкі, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, энергетыкі. Аб’ём капіталаўкладанняў у гэтыя галіны ў БССР павялічваўся ў два разы ў параўнанні з чацвёртай пяцігодкай, пры гэтым першачарговае значэнне надавалася, асабліва ў апошнія два гады пяцігодкі, таму, каб выдзеленыя сродкі накіроўваліся таксама на ўдасканаленне тэхнікі і тэхналогіі вытворчасці, яе механізацыю і аўтаматызацыю.