Гісторыя культуры Беларусі ў перыяд Рэчы Паспалітай (1569 - 1795 гг.)
Леанід Лыч
Памер: 168с.
Віцебск 2006
Ва ўмовах нацыянальнага прыгнёту з боку каралеўскай улады Рэчы Паспалітай заканамерныя ў развіцці кожнай духоўнай культуры працэсы інтэрнацыяналізацыі набылі для славянскага насельніцтва ВКЛ у поўным сэнсе слова самыя ўродлівыя рысы, практычна перасталі адпавядаць гэтай прагрэсіўнай з'яве. Любой цаной абараняючы права на існаванне беларускай культуры, яе прадстаўнікі менш за ўсё клапаціліся аб рацыянальным спалучэнні ў ёй нацыянальных і інтэрнацыянальных элементаў. Таму часам у беларускай культуры свядома не знаходзіла ўвасаблення нават многае і з таго, што было перадавым у польскай культуры. 3 другога боку, тое, што апошняй удавалася гвалтам навязаць беларускай культуры, ніяк нельга назваць сапраўднай духоўнай інтэрнацыяналізацыяй, бо яно вяло не да ўзбагачэння, а да збяднення, звужэння сферы дзейнасці нацыянальна-спецыфічнага ў культуры беларусаў.
Упартае супраціўленне самай здаровай часткі насельнцтва нашай Бацькаўшчыны адкрытай і замаскаванай асіміляцыі дапамагала беларускай духоўнай культуры выжыць нават ў самых неспрыяльных варунках, хаця страты былі нанесены ёй велізарнейшыя. Няцяжка ўявіць, якой бы багатай была яна сёння, калі б не напаткаў яе больш чым двухсотгадовы нацыянальны прыгнёт з боку рэакцыйных урадавых колаў і каталіцкага духавенства Рэчы Паспалітай. Варта яшчэ раз паўтарыць, што ўся недарэчнасць такога прыгнёту становіцца яшчэ больш відавочнай, што яго даводзілася пераносіць беларусам ад дзяржавы, пануючая народнасць якой, як і яны самі, адносілася да адзінай групы народаў - славянскай. Замест таго, каб жыць, калі ўжо так склалася, у міры і дружбе, садзейнічаючы адзін аднаму ў духоўным развіцці, навекі выкараніць з практыкі ўсялякія спробы гвалтоўнай ці тонка
77
выпрацаванай асіміляцыі большым па колькасці народам меншага, гэта заганная практыка набыла нават дзяржаўны характар, чым у значнай ступені і была аслаблена магутнасць і самой пануючай нацыі Рэчы Паспалітай - польскай. Аднак, калі ёй удалося дарэшты выціснуць беларускую мову з дзяржаўнага жыцця і амаль цалкам з літаратуры, што самым адмоўным чынам паўплывала на агульны стан беларускай культуры, дык гэтага не ўдалося зрабіць у тых сферах, якія знаходзіліся па-за межамі афіцыйнай палітыкі. 3 паўсядзённага ўжытку ёй непадуладным аказалася выцясніць ні беларускую мову, ні беларускі фальклор, у якіх адлюстраваліся багатыя духоўныя традыцыі, усё тое, што аб’ядноўвала, цэментавала народ, дапамагала яму ўсцерагчы сваю самабытнасць. I праз такі працяглы час нацыянальнага прыгнёту ў беларусаў захаваўся даволі моцны духоўны патэнцыял, які пры змяненні ўмоў жыцця да лепшага мог бы паслужыць надзейнай базай для развіцця культуры. Пра канчатковую этнакультурную смерць беларускай народнасці няма падстаў гаварыць, хаця процілеглых думак выказана нямала. Так, паводле ацэнкі Вацлава Ластоўскага, “за 200 год польскай вольнасці і роўнасці беларусы сталі нявольным, мужыцкім народам, без сваёй пісьменнасці, без дзяржаўнага і грамадзянскага права... Пасля палякаў беларусы засталіся чуць жывымі...” Вучоным яўна перабольшаны адмоўныя вынікі акаталічвання і апалячвання беларускага народа, бо ён усё ж працягваў жыць, ствараць арыгінальныя самабытныя духоўныя каштоўнасці. I захоўваліся, ствараліся яны пераважна ў асяроддзі саміх простых людзей. Што нераўнапраўнае становішча беларускага народа ў Рэчы Паспалітай не стала прычынайпоўнан дэнацыяналізацыі яго культурнага жыцця, не раз адзначалася і ў рускай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі. Вось адно з пацверджанняў сказанаму. “Заходняя Расія (так рускія афіцыйныя гісторыі ў мэтах падтрымкі асімілятарскай палітыкі царызму любілі называць Беларусь. - Л.Л.) і ў часы Рэчы Паспалітай, да апошніх, гэтак сказаць, дзён яе існавання, нягледзячы на ўсе намаганні кроўных палякаў, карыстаючыся сваёй сілай, не паддалася канчатковаму зліццю і захавала сваю ўрадавую самастойнасць”¹. Пад апошняй трэба разумець існаванне Вялікага Княства Літоўскага як суб’екта Рэчы Паспалітай.
¹ Ратч Васмлнй. Сведення о польском мятеже 1863 года в Северо-Западной Росснн. - Т I - Внльна, 1867.-С 14.
78
4. Захаванне беларускай мовы ў ніжэйшых станах грамадства
Будучы пазбаўленым з канца XVII ст. права на нармальнае развіццё нацыянальнай пісьменнасці, якой, як вядома, няма адпаведнага заменніка ў арсенале сродкаў любой культуры, пэўная частка адукаваных людзей Беларусі, а таксама просты працоўны люд, не сядзелі, склаўшы на калені рукі, у чаканні скону свайго духоўнага жыцця. А такое і сапраўды магло адбыцца, бо, трапіўшы пад магутны ўплыў польскасці, наша культура ў той жа час не была надзейна абаронена ад разбурэнняў, што насоўваліся на яе і з усходу ў выніку частых войнаў з Масквою.
Просты люд, каб хоць чымсьці кампенсаваць страчанае ў прафесійных пластах культуры, выявіў тытанічную энергію ў захаванні і развіцці вуснай народнай творчасці. За той час ён стварыў велізарную колькасць песняў, казак, былін, прымавак, прыказак і загадак, што ўражвала і ўражвае нават самых цвярозых даследчыкаў беларускай нацыянальнай культуры. Пра гэта ў нас вельмі любілі гаварыць на самых крутых пераломах гісторыі, калі даводзілася вырашаць далейшы лёс нашага краю. Звярнуў увагу на гэтыя станоўчыя рысы характару нашых продкаў і адзін з аўтараў “Пісьмаў аб Беларусі”, якія на пачатку 80-х гадоў XIX ст. распаўсюджвала ў масах пецярбургская група беларускіх народнікаў: “Просты беларускі народ, задушаны прыгонным бытам, не мог успрыняць польскай культуры, і як ні стараліся езуіты ўкараніць усюды ў Заходняй Расіі сваю лацінскую аднабаковую культуру - гэта ім удавалася толькі ў дачыненні да вышэйшага класа, а да ніжэйшага нічога не прышчаплялася... Беларускі народ і яго найлепшыя сілы аказалі моцнае супраціўленне езуітызму, энергічна адстойваючы паданні і вераванні пры дапамозе брацтваў - гэтых выдатных асацыяцый, якія здабылі такую шырокую вядомасць і ўдзячную славу ў народзе. Але, нягледзячы на некаторыя рэлігійныя змяненні (пасля падпісання ў 1596 г. у Бярэсці царкоўнай уніі. - Л.Л.), просты беларускі народ застаўся ўсё такім жа, якім быў у пачатку свайго гістарычнага жыцця; у ім захаваліся ўсё тыя ж паданні, тыя ж звычаі, тыя ж песні і казкі, якія спрадвеку склаліся ў ім і пераходзілі з роду ў род. Выносячы на сваіх плячах увесь цяжар паншчыны і прыгоннага быту, беларускі народ застаўся ўсё тым жа, нягледзячы ні на якія перамены, што адбываліся ў асяроддзі вышэйшага класа; ён толькі яшчэ больш скурчыўся, увайшоў у сябе і застаўся амаль пры ўсім сваім, што ў яго выпрацавалася папярэднім жыццём”¹.
Публнцнстнка белорусскнх народннков. Нелегальные нздання белорусскнх народннков (1881-1884) -Мн.. 1983.-С. 26.
79
Шырокую павагу, зайздросную далучанасць тагачасных беларусаў да сваіх духоўных традыцый вельмі высока цаніў акадэмік Я. Карскі: “Здавалася, мясцовай мове быў пакладзены канец: галоўны сродак выражэння народнага духу быў адабраны...
Але... у тыя часы мала звярталі ўвагі на просты народ, які гібеў у цемры невуцтва і жывіў сваё духоўнае жыццё толькі вуснай паэзіяй. А ён жа і быў корань і аснова беларускай народнасці, ён і аказаўся галоўным захавальнікам жывой мовы: у ім вольна і незасмечана цякла крыніца жывой вады, якая не высахла і да нашага часу”¹ (г.зн. да пачатку 20-х гадоў XX ст.).
I таму вельмі правільна зрабілі, шмат карысці прынеслі для нашай культуры тым, што ў 80-90-я гады мінулага стагоддзя з друку выйшлі дзесяткі тамоў кніг, у якіх змешчана велізарная колькасць арыгінальных твораў беларускай народнай творчасці, якія ўзніклі ў перыяд, калі наш народ жыў у складзе Рэчы Паспалітай.
Пратэстуючы супраць захадаў польскіх улад і каталіцкай царквы па выкараненні беларускай мовы з розных сфераў грамадскага жыцця, яе носьбіты настойліва шукалі шляхі захавання свайго найкаштоўнага духоўнага скарбу. Вось чаму нават і ў XVIII ст., якое, на вялікі жаль, для Беларусі, у адрозненне ад краін Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, не стала сапраўдным стагоддзем Асветніцтва, беларуская мова ўсё ж не была канчаткова выціснута з недзяржаўнага справаводства, ужывалася ў “рукапісных зборніках і друкаваных выданнях, на ёй ствараліся беларускія інтэрмедыі, парадыйная паэзія і проза, казанні, рэлігійныя і свецкія песні і вершы”². Пра вялікую павагу да беларускай мовы яшчэ і ў канцы XVIII ст. пераканаўча сведчаць факты ўжывання яе падчас паўстання на чале з Андрэем Тадэвушам Касцюшкам. Кіраўнік такога паўстання непасрэдна на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага Якуб Ясінскі свае адозвы да сялян пісаў толькі на беларускай мове. На ёй была складзена вельмі папулярная сярод паўстанцаў “Песня беларускіх жаўнераў”.
Нягледзячы на велізарны ўплыў, прымусовае ўкараненне скрозь на ўсёй Беларусі польскай культуры, народ працягваў свята шанаваць уласныя нацыянальныя духоўныя традыцыі, бо не ўяўляў свайго жыцця без іх, бачыў у гэтым важнейшы сродак захаваць сябе як адзіную супольнасць, звязаную агульнасцю культуры і мовы, паходжання людзей. Усюды, дзе толькі льга было, беларускі народ карыстаўся сваёй мовай, прытрымліваўся сваіх звычаяў, якія дайшлі да яго ад далёкіх продкаў. Таму нельга цалкам пагадзіцца з шэрагам рускіх вучоных-гісторыкаў,
¹ Карскнй Е.Ф. Белорусы. - Т, III. Ч. 3. - Пг_, 1922 -С. 3.
² Грыцкевіч В. Кабведалі факты...// Літаратура і мастацтва. — 1987 - 14 жніўня.
80
якія заяўлялі, што Беларусь ужо ў канцы XVII ст., г.зн. на час афіцыйнай забароны ўжываць беларускую мову ў службовым справаводстве, пазбавілася ўсялякай самабытнасці. Распаўсюджвалі ж такі памылковы погляд найчасцей за ўсё вучоныя, што блізка стаялі да ўрадавых колаў Расійскай імперыі, цалкам падтрымлівалі яе асімілятарскую палітыку ў дачыненні да беларускага народа. Вельмі катэгарычным у адмаўленні за апошнім усялякіх самабытных рысаў у апошнія гады XVII ст. быў аўтар кнігі “Обозренне йсторнн Белорусснн сдревнейшнх времен” (СПб., 1857) 0. Турчанінаў. Аднак да такога размывання культурна-этнічнага патэнцыялу беларусаў было яшчэ вельмі і вельмі далёка. Інакш бы дзеля набліжэння такога жаданага для польскіх уладаў часу яны не пайшлі б на афіцыйную забарону беларускай мовы, на адкрытую барацьбу з беларускай культурай. I самай страшэннай старонкай у гэтай барацьбе, самым велізарным выпрабаваннем для беларускага народа ў той перыяд, бясспрэчна, з’явілася істотнае звужэнне рамак ужывання яго мовы ў дзяржаўным справаводстве, навучальных установах, ва ўсіх жанрах літаратуры. Невыпадкова беларуская літаратурная мова, паводле Я. Карскага, “пад канец XVII ст. так паланізавалася, што па сваім лексічным складзе стала мала адрознівацца ад польскай мовы”¹. Затое такога нельга было сказаць пра жывую, вусную беларускую мову, якой карысталася абсалютная большасць кашага народа.