Гісторыя культуры Беларусі ў перыяд Рэчы Паспалітай (1569 - 1795 гг.)
Леанід Лыч
Памер: 168с.
Віцебск 2006
¹ ЭГБ.-Т. 2 -С. 254.
102
РАЗДЗЕЛ VI.
АРХІТЭКТУРА. ЖЫВАШС. ДЭКАРАТЫЎНА-ПРЫКЛАДНОЕ МАСТАЦТВА
1. Суадносіны традыцыйнага і заходнееўрапейскага ў архітэктуры
У перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай адбыліся буйныя пазітыўныя зрухі ў галіне архітэктуры, жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэтыя віды творчай дзейнасці чалавека развіваліся не ізалявана ад еўрапейскага ўплыву, што, з аднаго боку, спрыяла іх узбагачэнню, а з другога - пранікненню і беларускай культуры ў многія еўрапейскія, галоўным чынам суседнія, краіны. Узнікненню і ўмацаванню такога роду кантактаў шмат у чым садзейнічала даволі шырокае распаўсюджванне на Беларусі каталіцызму, які меў багатыя традыцыі ўздзеяння на сваіх вернікаў з дапамогай самых розных сродкаў матэрыяльнай і духоўнай культуры і не шкадаваў на гэта грошай. Значная частка іх паступала ад магнатаў, што перайшлі з праваслаўнай веры ў лацінскую. He паскупіліся з уласнымі сродкамі і Радзівілы, калі ў 1599 г. у Міры на месцы колішняга драўлянага каталіцкага храма вырашылі пабудаваць у гонар яго галоўнага фундатара Мікалая Крыштофа Радзівіла (Сіроткі) касцёл св. Мікалая. Шэсць гадоў вялася праца. Пасля яе заканчэння на беларускай зямлі з’явілася велічная звонку і прыгожая сваім унутраным аздабленнем каталіцкая святыня. Асаблівай прыгажосцю вызначаліся ўсе яе восем алтароў. Падчас набажэнстваў сюды разам з жыхарамі Міра збіраліся вернікі з яго навакольных вёсак. Надта ўжо ўсім падабалася слухаць унікальныя званы касцёла, адзін з якіх быў адліты з захопленых у час Паўночнай вайны са шведамі гармат і меў вагу каля пяці тон.
Захоўваючы і развіваючы найбольш прагрэсіўныя рысы свайго нацыянальнага, майстры-архітэктары Беларусі творча пераносілі ў XVI-XVII1 стст. шырока распаўсюджаныя ў той час у Еўропе архітэктурныя стылі і асабліва італьянскае барока. Першым по.мнікам барока на Беларусі лічыцца пабудаваны ў 1593 г. у Нясвіжы касцёл Божага цела. Да гэтага часу ні на землях усходніх славян, ні ў Рэчы Паспалітай хрысціянскія храмы ў такім стылі яшчэ не ўзводзіліся. З’яўленню і распаўсюджванню ў архітэктуры стылю барока гэты старажытны беларускі горад абавязаны італьянцу Джавані (Яну) Марыя Бернардоні. Запрасіў яго сюды сам Мікалай Крыштоф Радзівіл (Сіротка). Італьянскі архітэктар удзельнічаў у будаўніцтве Нясвіжскага палаца -замкавага комплексу, ва ўзвядзенні езуіцкага касцёла і калегіума
103
(1582-1593 ці 1598 гг.). Прататыпам для “касцёла з’явіўся галоўны ордэнскі храм езуітаў Іль Джэзу ў Рыме. Але ў беларускім помніку ёсць адметныя асаблівасці: спрошчаная трактоўка ордэра’ на галоўным фасадзе, больш дэталёвая апрацоўка бакавых фасадаў, гранёныя капэлы па баках нефаў”¹. Дж. М. Бернардоні пастараўся не толькі надаць Нясвіжу еўрапейскае аблічча, але ўсяляк дапамагаў таленавітым у гэтай галіне культуры мясцовым людзям у іх творчым росце. Так, яго вучань і пераемнік Ян Франкевіч (1559-1627) з’явіўся адным з галоўных заснавальнікаў добра вядомага ў ВКЛ архітэктурнага стылю - віленскага (літоўскага) барока.
Акрамя свайго прывабнага і велічнага вонкавага выгляду, Нясвіжскі замак вызначаўся яшчэ незвычайнай прыгажосцю і багаццем унутраных памяшканняў. “Ягоныя 12 вялізных заляў уяўлялі зь сябе музей, роўнага якому ня мелася больш нідзе на Беларусі... Бібліятэкі аздаблялі вялікія бюсты грэцкіх філязофаў, зробленыя беларускімі майстрамі з фаянсу на гуце ў Сьвержані. Тут-жа меліся 12 сярэбраных статуяў апосталаў, адлітаваных таксама ў тутэйшых гамарнях⁺⁺. У мастацкай галярэі былі выдатныя малюнкі славутых мастакоў італійскай і флямандзкай школаў. Сьцены ўпрыгожвалі габэлены, вытканыя на фабрыцы ў Карэлічах”². Захоўваліся тут і фамільныя партрэты магнацкага роду Радзівілаў. Нясвіжскі замак, які так арганічна і цесна знітаваў нацыянальнае з заходнееўрапейскім у беларускай архітэктуры, аж да Другой сусветнай вайны належаў князям Радзівілам. 3 1945 па 2001 г. на яго тэрыторыі месціўся санаторый “Нясвіж”.
У апісаным вышэй стылі былі пабудаваны касцёл св. Казіміра ў Вільні (1606), фарныя касцёлы ў Нясвіжы і Гародні, касцёл кармелітаў у Магілёве. Прыгожы касцёльны ансамбль у стылі барока з’явіўся ў 1618 г. у мястэчку Гальшаны. Грошы на яго выдзяліў Павел Стэфан Сапега. Спецыялісты лічаць, што параўнацца з гэтым ансамблем маглі толькі дзве каталіцкія святыні ў свеце: адна - у Польшчы, другая - у Іспаніі. Цяпер поўным ходам ідзе рэстаўрацыя гальшанскага касцёла. За кошт сродкаў гэтага знакамітага на ўсю Беларусь роду ў 1666 г. быў пабудаваны ў стылі барока ў Бярозе унікальны кляштар ордэна картузаў (картэзіянцаў), які лічыўся адным з самых багатых і вялікіх ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Аналаг у яго толькі адзін - гэта кляштар у Альпах на гары святога Бернарда ў Італіі.
Патэнцыяльныя магчымасці барока максімальна выкарыстаны пры збудаванні ў 1668-1684 гг. касцёла Пятра і Паўла ў Вільні. Узводзіўся ён
⁺ Разнавіднасць спалучэння, парадак размяшчэння частак архітэктурных канструкцый.
¹ Барока ў беларускай культуры і мастацтве. - Мн., 1998. - С. 66.
” Металаапрацоўчая майстэрня
² Віцьбіч Юрка Там, дзе сумуе Чорная дама//Беларуская думка (ЗША). - № 12-13. -С. 12.
104
па распараджэнні гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Паца ў гонар перамогі ў вайне з Рускай дзяржавай. Дзеля аздаблення касцёла было ўстаноўлена дзве тысячы скульптур. Яго лічаць адным “з найбольш выдатных архітэктурных дасягненняў бароку ня толькі на землях Беларусі, але і ўсёй Эўропы. Польскія гісторыкі шчыра прызнаюць, што ў багацьці нутраной барокавай дэкарацыі на землях Польшчы ня было створана нічога роўнага”¹.
Прагрэсіўны архітэктурны стыль барока добра прыпісаўся і ў іншых гарадах ВКЛ. Калі, па словах сучаснага доктара мастацтвазнаўства Віктара Шматава, “Рэнесанс у Беларусі быў спарадычнай з’явай і найчасцей за ўсё выступаў разам з готыкай (прынамсі, у дойлідстве, часткова ў іканапісе, гравюры)”, барока з’явілася ў нас “першым агульнаеўрапейскім стылем, які сфарміраваўся ў самастойны напрамак і... шмат у чым стаў пераломным у эвалюцыі беларускай выяўленчай творчасці ўсіх яе відаў і жанраў”².
Іншым часам нашыя дойліды, зыходзячы з пэўных патрэб, уносілі досыць істотныя новаўвядзенні ў стыль барока, што і дало падставы называць яго літоўскім, ці віленскім, барока. Для распаўсюджання апошняга на Беларусі многа зрабіў ураджэнец Сілезіі (Польшча) Іаган Крыштоф Глаўбіц. Гэты стыль ім выкарыстаны пры перапрацоўцы праекта касцёла Іаана Хрысціцеля ў Сталовічах (Баранавіцкі раён), перабудове Полацкага Сафійскага сабора (1738-1750), рэканструкцыі касцёла кармелітаў у Мсціславе (1746-1750), Спаскай царквы (1756-1762) і архірэйскага палаца (1762-1785) у Магілёве, палаца уніяцкага мітрапаліта Фларыяна Грабніцкага каля Полацка (1748-1749), фарнага касцёла ў Лідзе (1765-1770)?
Пра арганічнае перапляценне мясцовага з запазычаным у гэтай сферы творчай дзейнасці чалавека часта згадваюць у сваіх працах гісторыкі архітэктуры, у прыватнасці, Уладзімір Чантурыя. Паводле яго меркавання, характэрнай асаблівасцю стылю барока першай паловы XVIII ст. “у помніках класічнай архітэктуры Беларусі з’яўляецца тое, што ў іх пераклікаліся паасобныя формы і прыёмы паўночнаітальянскага і польска-літоўскага барока з мясцовымі традыцыйнымі формамі і прыёмамі, якія, у сваю чаргу, захавалі сувязь з рускім дойлідствам. Гэта вызначыла самабытнае аблічча многіх каталіцкіх храмаў на тэрыторыі Беларусі”⁴. Такім яно захоўвалася і пазней, у прыватнасці, у другой палове XVIII ст. Менавіта ў гэтыя гады ў стылі “літоўскага барока” быў
¹ Беларуская лумка XX стагоддзя. - С. 474.
‘ Барока ў беларускай культуры і мастацтве. - С. 3.
³ ЭГБ. -Т. 3.
⁴ Чантурня В. А. Нсторня архнтектуры Белорусснн (дооктябрьскнй пернод) -1. - Мн., 1985. - С. 193.
105
пабудаваны на тэрыторыі Барунскага кляштара (Ашмяншчына) мураваны каталіцкі касцёл.
Бясспрэчна, каталіцызм пакінуў на нашай зямлі вельмі адметны след у развіцці культавай архітэктуры. Пры самым актыўным удзеле замежных майстроў рукамі беларускіх людзей пабудавана шмат касцёлаў, кляштараў, калегіумаў. Але трэба памятаць, што гэты ўклад блякне ў параўнанні з той шкодай, якую дадзеная хрысціянская канфесія сваёй паланізацыяй прычыніла беларускай нацыянальнай культуры ўвогуле.
He з тым размахам, як каталіцызм, займаліся ўзвядзеннем культавых пабудоў праваслаўная (працягвала прытрымлівацца ўсходневізантыйскіх традыцый), пратэстанцкая і уніяцкая цэрквы. I, вядома, не таму, што яны, мо, не разумелі значэння такога роду пабудоваў. Проста ў іх не было ў наяўнасці патрэбных для гэтага велізарных матэрыяльных і фінансавых сродкаў, бо большасць багатых станаў беларускага народа выйшла з пералічаных хрысціянскіх канфесій. У пратэстанцкай царквы толькі на першапачатковым этапе яе існавання, калі ў гэтую веру падаліся заможныя станы грамадства, хапіла сіл больш-менш на роўных спаборнічаць з каталіцызмам у будаўніцтве хрысціянскіх храмаў, сваіх навучальных устаноў. На тэрыторыі ВКЛ пратэстанты заснавалі каля 250 розных паводле сваіх памераў збораў. У ліку першых у другой палове XVI - пачатку XVII ст. яны былі пабудаваны ў Клецку (1553; у ім з 1560 па 1562 г. прапаведаваў Сымон Будны), у Асташыне (Навагрудчына), Койданаве (зараз Дзяржынск), Новым Свержані (Стаўбцоўшчына). Прыкладна ў гэты ж час прыгожы кальвінісцкі збор з’явіўся ў Кухцічах, што на тэрыторыі сучаснага Уздзенскага раёна. Пазней пратэстанцкая царква папоўнілася новымі зборамі, пабудаванымі ў Смаргоні, Заслаўі пад Менскам, у вёсках Дзераўная Стаўбцоўскага, Крамяніца Дольная Зельвенскага раёнаў. Архітэктуры ўсіх гэтых збораў былі характэрныя рэнесансавыя формы. Пасля таго, як у 1632 г. пратэстантам забаранілі будаваць новыя малітоўныя дамы ў гарадах, роля гэтай канфесіі ў развіцці архітэктуры рэзка панізілася.
Шмат сур’ёзных цяжкасцяў і перашкод паўстала на шляху зараджэння і развіцця уніяцкай архітэктуры. Напачатку даводзілася займацца пераважна пераабсталяваннем для сваіх мэтаў праваслаўных храмаў, многія з якіх прыйшлі ў непрыдатны стан, патрабавалі капітальнага рамонту. 3-за недахопу матэрыяльных і фінансавых сродкаў новыя уніяцкія святыні найчасцей будавалі драўлянымі, звяртаючы мала ўвагі на іх архітэктурныя вартасці. Але даволі рана пачалі назірацца і факты адваротнага парадку.