Гісторыя культуры Беларусі ў перыяд Рэчы Паспалітай (1569 - 1795 гг.)
Леанід Лыч
Памер: 168с.
Віцебск 2006
106
Сярод уніяцкай культавай архітэктуры сваёй прыгажосцю і вялікімі памерамі вызначаўся заснаваны ў 1613 г. Успенскі сабор Жыровіцкага кляштара. Даўжыня сабора складала больш за 55 м, вышыня - каля 40 м. Яго інтэр’ер меў барочны характар: купал падтрымлівалі масіўныя слупы складанага сячэння, сцены былі “расчлянёны слаістымі пілястрамі, нефы аб’яднаны высокімі аркамі і г.д.”¹ Да 50-х гадоў XVII ст. закончылі будаўніцтва мураванай уніяцкай саборнай царквы св. Духа ў Менску, у якой арганічна спалучаліся рысы готыкі і рэнесансу. Яна “стала галоўным элементам велічнага архітэктурнага ансамбля базыльянскіх манастыроў (мужчынскага і жаночага), будаўніцтва якога вялося на працягу першай паловы XVII ст. ... У завяшчанні 1651 г. мітрапаліт А. Сялява прасіў пахаваць яго ў гэтай царкве, якая здзіўляла сучаснікаў сваёй прыгажосцю”².
Росквіт уніяцкай архітэктуры прыпадае на XVIII ст. Да ліку найбольш значных аб’ектаў яе адносіліся базыльянскі кляштар у Быцені (1708-1710), цэрквы Раства Багародзіцы ў Гародні (1726 г., аўтар праекта італьянец I. Фантан III), Петрапаўлаўская - у Беразвеччы (1756-1763), Крыжаўзвіжанская і Багаяўленская - у Жыровічах (абедзве ў 1769 г.), Успенская (1715—1743) і Васкрэсенская (1772) — у Віцебску, Пакроўскі сабор у Оршы (1768-1774), Петрапаўлаўская царква ў Ружанах (1762-1779) і інш. Несумненна, самым важным дасягненнем ва ўзвядзенні грэка-рымскіх храмаў з’явілася пабудова ў 1738-1750 гг. уніяцкай царквы на месцы ўзарванага ў 1710 г. па ўказанні імператара Пятра I Полацкага Сафійскага сабора. Будаўніцтва ўсіх уніяцкіх храмаў ажыццяўлялася практычна за кошт шчодрых фундушоў багатых людзей, а таксама сродкаў брацтваў. У храмах гэтай канфесіі, як у ніякай іншай, шырока выкарыстоўваўся стыль віленскага барока, таму яго яшчэ называюць і уніяцкім. 3 другой паловы XVIII ст. у архітэктуры уніяцкай царквы ўжо з’яўляюцца і пераходныя ад барока да класіцызму формы.³
Дойлідства Беларусі зведала на сабе ў XVIII ст. і станоўчы ўплыў народжанага ў Францыі стылю ракако (франц. - мудрагелісты). Ён “выявіўся пераважна ў мудрагелістай, часта асіметрычнай аддзелцы інтэр’ераў арнаментнымі матывамі ў выглядзе стылізаваных завіткоў з галінак, кветак, лісця, хваль, ракавін (т.зв. “ракайль”)⁴. Першым у такім стылі пабудавалі ў 1703 г. касцёл св. Кацярыны ў Вільні, а пазней -уніяцкую царкву ў Полацку, бернардзінскі касцёл і ратушу ў Віцебску, касцёлы ў Друі, Барунах, Гародні, Будславе⁵. Іншым разам барочныя і
¹ Тамсама. -С. 201.
² Марозава С В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596-1839 гады). - С. 121,
³ Тамсама. -С 125.
⁴ БелСЭ. - Т. IX. - Мн.. 1973. - С. 80.
³ Беларуская думка XX стагоддзя. - С. 474.
107
ракайльныя архітэктурныя плыні арганічна спалучаліся на практыцы, як, напрыклад, “у тварэнні вядомага архітэктара М.Д. Пёпельмана ў Гародні - Новым замку (1737-1744 гг.), рэзідэнцыі польскага караля”¹.
Існуе пэўная ўзаемасувязь у архітэктуры паміж праваслаўнымі цэрквамі і каталіцкімі касцёламі, што знаходзіліся на Беларусі. Гэта, напрыклад, найбольш поўна вызначылася ў блізкасці плана, канструкцыі, афармленні галоўнага і бакавога фасадаў Успенскага сабора ў Віцебску і фарнага касцёла ў Гародні. Вядомы знаўца беларускай архітэктуры Міхаіл Кацар звярнуў увагу на агульнасць паміж імі “ў апрацоўцы фасада пілястрамі, у форме казыркоў і купалоў, у характары слаістых карнізаў” .
Агульнымі намаганнямі ўсіх хрысціянскіх канфесій на тэрыторыі Беларусі была створана даволі шырокая сетка розных культавых пабудоў. У паасобныя гады толькі манастыроў (кляштараў) налічвалася каля 500, уключаючы невялікія комплексы місій ордэна езуітаў. 3 агульнай колькасці манастыроў прыкладна 200 належала уніяцкай і праваслаўнай цэрквам. Манастыры “ў многім вызначалі архітэктурнае аблічча гарадоў і мястэчак, з’яўляючыся найбольш складанымі і вялікімі манументальнымі збудаваннямі”³.
Значны крок у сваім развіцці зрабіла свецкая архітэктура, якая таксама зведала на сабе пазітыўны вонкавы ўплыў. Перакрыжаванне беларускага з заходнееўрапейскім, а таксама з польскім даволі яскрава адбывалася ў палацава-замкавым дойлідстве. Немалую ролю тут адыграла, што і мясцовыя паны беларускага паходжання надта ж хацелі жыць паводле заходняга ўзору і таму загадвалі закладваць і для сябе ў такім духу палацы, замкі і іншыя пабудовы. Але, дзякуючы таму, што ўзводзіліся яны рукамі тутэйшых майстроў, беларускі элемент у той ці іншай ступені заўсёды прысутнічаў у архітэктуры панскіх палацаў і замкаў, адміністрацыйных пабудоў і г.д. Сказанае пра заходнееўрапейскія ўплывы на свецкую архітэктуру Беларусі асабліва добра можна прасачыць на прыкладзе тых аб’ектаў, што згадваліся мною вышэй па Нясвіжы. Такія ўплывы былі характэрныя і ўзведзенаму ў Слоніме па загадзе яго ўладара Міхала Казіміра Агінскага велічнаму архітэктурнаму ансамблю-палацу. У ім мелася больш за сотню розных пакояў.
Нашыя архітэктары і будаўнікі нямала зрабілі па ўзвядзенні рознага роду ўстаноў культурнага і асветніцкага характару. Паколькі ў іх дзейнасці шмат чаго было такога, што з’яўлялася ўласцівым падобным заходнееўрапейскім установам, дык нельга было не выкарыстаць і замежнага вопыту пабудовы апошніх, што найбольш датычыла
¹ Нарысы гісторыі Беларусі ў 2-х частках. - Ч, I. - Мн., 1994. - С. 261.
² Кацер М С Белорусская архнтектура. Мсторнческнй очерк. - Мн., 1956. -С. 83.
’ Літаратура і мастацтва. - 2002. - 27 верасня. - С. 11.
108
памяшканняў езуіцкіх калегіумаў. Але не толькі іх. Сляды еўрапейскага ўплыву відаць і на аб’ектах устаноў культуры. Так, у 80-я гады XVIII ст. у Слоніме паводле праекта Іначэнца Мараіна быў узведзены Оперхаўз. Паблізу яго знаходзіліся спецыяльна пабудаваныя для прыгонных і запрошаных замежных артыстаў тыповыя домікі. Невыпадкова раней гэтая вуліца называлася “Оперная”. Па ініцыятыве моцна ўлюбёных у свой горад людзей ёй вярнулі гэтае найменне, справядліва адмовіўшыся ад спалітызаванай назвы “Імя Ф. Энгельса”.
Самымі буйнымі помнікамі свецкай архітэктуры пераходнага тыпу ад барока да класіцызму з’яўляюцца Каралёўскі палац у Гародні, альбо Новы замак (40-50-я гады XVIII ст.), Рэзідэнцыя беларускага архірэя Георгія Каніскага ў Магілёве (60-я гады XVIII ст.), Палац Антонія Тызенгаўза ў Гародні (60-70-я гады XVIII ст.), Палацавы ансамбль Іаахіма Літавора Храптовіча ў Шчорсах (70-я гады XVIII ст.), палацы ў Лагойску, Шчучыне, Пінску, будынак Кадэцкага корпуса ў Шклове. Такія ж помнікі архітэктуры 70-х гадоў XVIII ст., як палацы Агінскага ў Слоніме, Сапегі ў Дзярэчыне, Валіцкага ў Гародні, ужо выкананы цалкам у стылі класіцызму¹.
Выйсці ла высокі ўзровень у развіцці архітэктуры дапамагла вялікая зацікаўленасць у гэтым многіх магнацкіх родаў. Сказанае было характэрным для Сапегаў. Знаходзячыся на пасадзе старосты Слоніма, Леў Сапега пабудаваў у гэтым горадзе вялікіх памераў мураваны палац, які пазней дастаўся Міхалу Казіміру Агінскаму і быў пераабсталяваны пад оперны тэатр. У Ружанах Сапегі пабудавалі палацава-паркавы комплекс, Троіцкі касцёл, касцёл святога Казіміра, Петрапаўлаўскую царкву, у Быхаве - замак і Парафіяльны касцёл, у Гальшанах - замак.
Далейшае распаўсюджванне на Беларусі атрымала ўзвядзенне рознага роду збудаванняў абарончага характару, да чаго абавязвалі частыя набегі заваёўнікаў на яе землі. У якасці прыкладу можна спаслацца на Ляхавіцкі замак, што месціўся на левым беразе ракі Ведзьмы. Ён меў форму чатырохвугольніка з вялікімі бастыёнамі і брустверамі, быў акружаны ровам шырынёй у 15 м, які пры неабходнасці запаўняўся вадой, для чаго на рацэ стаяла плаціна. Увайсці ў замак можна было толькі праз мураваную абарончую браму з вежай. Аб надзейнасці ўмацавання і яго непрыступнасці можна меркаваць па тым, што ўзімку 1595-1596 гг. ён паспяхова вытрымаў чатыры штурмы казацкіх загонаў Севярына Налівайкі, а ў 1660 г. - шасцімесячную аблогу маскоўскага ваяводы князя Івана Хаванскага (з роду нашчадкаў пінскага князя Нарымунта Гедымінавіча). Менш прыдатным для абарончых мэтаў аказаўся перабудаваны Мікалаем Крыштофам Радзівілам (Сіроткам) у
' Чантурня В.А. Нсторня архнтектуры Белорусснм (дооктябрьскмй пернод). - I -С. 166.
109
стылі рэнесансу Мірскі замак. У XVII ст. яго разбурылі войскі рускага цара Аляксея Міхайлавіча і шведы, у пачатку наступнага стагоддзя спалілі войскі шведскага караля Карла XII, у канцы - быў моцна пашкоджаны ў выніку ваенных дзеянняў Расіі пры другім падзеле Рэчы Паспалітай.
Шмат умельства ўклалі нашы архітэктары і майстры ў збудаванне ратушаў, прызначаных для размяшчэння гарадскіх органаў самакіравання. Пры ўзвядзенні такіх устаноў пачалі паступова адмаўляцца ад выкарыстання дрэва і пераходзіць да мураваных пабудоў. Ужо у канцы XVI ст. яны сталі пераважаць у агульнай колькасці ратушаў вялікіх гарадоў. Пад той час самымі адметнымі ў сваім родзе з’яўляліся ратушы Нясвіжа і Мінска. Узведзеная каля 1596 г. Нясвіжская ратуша мела два паверхі. На першым знаходзіліся службовыя памяшканні магістрата і суда, на другім - вялікая зала для правядзення ўрачыстых грамадзянскіх актаў і арганізацыі тэатральных паказаў. Уздоўж ратушы размяшчаліся гандлёвыя рады, якія ў 1752 г. перабудавалі ў стылі позняга барока. У сваім першапачатковым выглядзе ратуша захавана на гравюры вядомага тагачаснага мастака Тамаша Макоўскага. Будаўніцтва мураванай ратушы ў Мінску пачалося ў 1591 г. Месцам для яе выбралі самы цэнтр горада - Высокі рынак (цяпер плошча Свабоды). Паводле пакінутых у XVII ст. запісаў вандроўнікаў, мінская ратуша характарызавалася як вельмі прыгожы будынак. У другой палове XVII ст. мураваны будынак ратушы атрымаў Магілёў. Месцілася яна на Гандлёвай плошчы (зараз Савецкая плошча). Асноўная праца па ўзвядзенні ратушнай вежы выконвалася беларускім дойлідам Ігнатам. Амаль адначасова з Магілёвам мураваныя ратушы ўзбагацілі гарадскую архітэктуру Міра і Віцебска, пазней - Гародні, Шклова, Слоніма, Чачэрска, Шарашова (Пружанскі раён). I ў дадзеных выпадках нярэдка даводзілася запрашаць найлепшых замежных спецыялістаў. Аднак іх ролю ў з’яўленні на нашай зямлі мураваных ратушаў, як і іншых архітэктурных аб’ектаў, ніяк нельга перабольшваць. Вызначальным у развіцці беларускай архітэктуры XVI-XVII стст., як правільна мяркуюць многія вучоныя, у іх ліку і Зянон Пазняк, з’яўляліся “не ўплывы, a ўласныя гістарычныя будаўнічыя прынцыпы і эстэтычныя традыцыі”¹.