Гісторыя Расіі ад сярэднявечча да сучаснасці
Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі, Аляксей Хадыка
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 536с.
Мінск 2018
Маштабнасць задачы ўзвядзення галоўнага і велічнага крамлёўскага сабора змусіла звярнуцца да вопытнага замежніка: распачаты мясцовымі майстрамі Мышкіным і Івашкам Крыўцовым у 1472 г. перша-
Успенскі сабор Маскоўскага крамля (1475-1479)
пачатковы будынак праз памылкі ў працы абрынуўся. Ф’яраванці, улічваючы характар замовы, арыентаваўся на нацыянальны ўзор Успенскага сабора ва Уладзіміры пяцігаловы храм з пяццю апсідамі. Але, ужыўшы прапорцыі залатога сячэння, ён дамогся манументальнай прастаты і яснасці аб’ёму, прыкрыўшы апсіды шырокімі пілястрамі на кутах. Строгі дэкор аркатурны пояс на сярэдзіне вышыні муроў таксама падкрэслівае пластыку храма.
Яшчэ шэраг прац італьянскіх майстроў у Маскоўскім крамлі дазваляе даследчыкам казаць пра праявы рэнесансу, прынесеныя замежнікамі на маскоўскую глебу, якія, аднак, не склаліся ў цэласны стыль і ўвасобленыя ў элементы «дэкоруму». Найперш гэта Гранавітая палата, пярэдні прыёмны пакой Крамлёўскага палаца (1487-1491 гг., архітэктары Марка Руфа і згаданы раней Салары). Падобная да сучасных італьянскіх палацаў, Палата атрымала назву дзякуючы гранёнаму русту ўсходняга фасада. Скончылася дзейнасць італьянцаў у крамлі будоўляй пахавальні маскоўскіх князёў Архангельскага сабора (1505-1508 гг., дойлід Алевіз Новы). Да звыклай кампазіцыі ўсходнеславянскага храма кубічнага аб’ёму з пяццю купаламі італьянцы дадалі рэнесансавыя дэталі: пілястры карынфскага ордару замест лапатак на вышыню муроў, дэкаратыўныя ракавіны ў закамарах (паўкруглых завяршэннях асобных сегментаў фасадаў). Усё XVI стагоддзе больш строгі тып Успенскага сабора і святочна-свецкі Архангельскага будуць вызначаць асноўныя напрамкі развіцця дойлідства Масковіі.
Будаўніцтва развівалася і па-за межамі асноўных цэнтраў краіны. Недалёка ад Калугі ў 1444 г. быў заснаваны Пафнуцьеў-Бораўскі манастыр, цэнтральнай пабудовай якога стаў белакаменны Раждзественскі сабор, распісаны пазней выдатным майстрам Дыянісіем (пра яго гутарка пойдзе ў наступным раздзеле). У горадзе Углічы, паблізу Яраслаўля, пры канцы XV ст. узнік драўляны крэмль з княжацкімі палатамі, у развіццё традыцый усходнерускага драўлянага дойлідства. У Валагодскай зямлі на беразе Барадаеўскага возера цягам XV ст. быў створаны ансамбль Ферапонтаўскага манастыра з велічным саборам Раства Багародзіцы, пабудаваным растоўскімі майстрамі і распісаным фрэскамі Дыянісія і яго сыноў.
У багатых на лясы землях Карэліі актыўна развівалася драўлянае
Лазараўская царква Мурамскага манастыра, XIV ст.
дойлідства. Яго дасканалым узорам можна лічыць Лазараўскую царкву Мурамскага манастыра (XIV ст.).
Развіццё жывапісу ў гэты час адбываецца ў тых самых, найперш не пацярпелых ад ардынскай навалы, цэнтрах (Ноўгарад і Пскоў), а потым, набыўшы моц, ініцыятыву і навацыі ад іх пераймае Масква. Што да знешніх уплываў, то іх аказваюць паўднёваславянскія цэнтры, а таксама Візантыя. Кантакты з Захадам, найперш з Рэччу Паспалітай (вырашальныя ва ўсіх сферах культуры выяўленчым і дэкаратыўным мастацтве, тэатры, музыцы, літаратуры), яскрава праявяць сябе толькі ў XVI-XVII стст.
Рэлігійны жывапіс Растова-Суздальскай (з Масковіяй) зямлі і іншых княстваў разгляданага часу спачатку развіваецца ў межах стылёвай плыні папярэдняга часу (найперш захаваных ад мангольскага пагрому Ноўгарада і Пскова). Развіваецца іканапіс у Цвяры, якая, у супрацьлегласць Маскве, таксама імкнецца капіяваць наўгародскія, полацкія і паўднёваславянскія ўзоры, а ўсе яны разам ісці ў фарватары візантыйскага кола. Што праўда, кампазіцыі такіх твораў паступова ўскладняюцца, прапорцыі постацяў выцягваюцца, робяцца вытанчанымі. Але з канца XIV ст. іканапіс раптоўна робіцца, нібы як рэакцыя на культуру Рэнесансу, мастацтвам персанальным: «усплываюць» імёны аўтараў. Безумоўнае лідарства як наватары трымаюць згаданы намі раней Феафан Грэк і Андрэй Рублёў.
Феафан Грэк (1337 каля 1405) і манументаліст, і іканапісец, і мініятурыст, выхадзец з Канстанцінопаля спалучыў найлепшыя навацыі культуры Візантыі з мясцовым мастацтвам. Пачынаў ён
Феафан Грэк (?).
Успенне Маці Божай
© Здымак A. Ci
Іканастас Дабравешчанскага манастыра ў Маскве
у сталіцы і візантыйскай правінцыі (у тым ліку ў Феадосіі), а з 1370 г. працаваў у Ноўгарадзе, пасля перакінуў масток культурных сувязяў у Маскву, пераехаўшы туды ў 1392 г. і папрацаваўшы з маладым Андрэем Рублёвым. Жывапіс візантыйца экспрэсіўна-эмацыйны, у фрэсках амаль манахромны (карычневая охра, высвятленні, блікі), з напружанай лініяй малюнка. Захаваліся фрагменты роспісу наўгародскай царквы Спаса-на-Ільіне вуліцы (1378), якія глыбока ўражваюць напружаным пачуццём, змушаюць казаць пра сувязь яго творчасці з сучаснымі пошукамі ў рэлігійна-філасофскім жыцці паўночнай рэспублікі. Паслядоўнікі Грэка размалявалі царкву Фёдара Страцілата на Ручаі ў Ноўгарадзе. Творчасць майстра паўплывала і на наўгародскі іканапіс. Па пераездзе ў Маскву майстар ажыццявіў шэраг праектаў. Паводле сведчання аўтара «Жыція Сергія Раданежскага» Епіфанія Прамудрага (пам. у 1420), Грэк размаляваў сцены пакояў князя Уладзіміра Андрэевіча панарамным выглядам Масквы. Магчыма, гэта ён аформіў зааморфнымі ініцыяламі старонкі Евангелля баярына,
сына Андрэя Кабылы, Фёдара Кошкі (1392 г., Кошкі і Кабылы былі непасрэднымі родапачынальнікамі Раманавых). 3 ікон гэтага часу Феафану прыпісваецца двухбаковая «Успенне Маці Божай»/«Маці Божая Данская» (1392). Ва «Успенні» ён найбольш праяўляецца як каларыст, і менавіта тут відавочная сувязь яго манеры з працамі яго верагоднага вучня Андрэя Рублёва.
У апошнія гады свайго жыцця майстар працуе разам з Рублёвым і трэцім мастаком, Прохарам з Гарадца, над іканастасам Дабравешчанскага сабора ў Маскоўскім крамлі (1405). Тут Феафану прыпісваюць дэісусны чын (Хрыстос Пантакратар з малельна звернутымі да яго Божай Маці, Янам Хрысціцелем, архангеламі, апосталамі і святымі айцамі). Іканастас наватарскі: упершыню ў шмат’яруснай кампазіцыі перадалтарнай перагародкі ў маскоўскім мастацтве постаці пададзеныя ў поўны рост.
Пачатковы перыяд жыцця агульнапрызнанага ў расійскай гісторыі культуры першага іканапісца Андрэя Рублёва (каля 1360-1428) даволі цьмяны. Магчыма, ён нарадзіўся ў Маскоўскім княстве, а магчыма, у Ноўгарадзе. Тады ўплыў на яго вялікага Грэка і далейшае супрацоўніцтва з ім цалкам зразумелыя. Першыя верагодныя звесткі датычаць якраз роспісу (разам з Феафанам) Дабравешчанскага сабора ў Маскоўскім крамлі (фрэскі не захаваліся) і стварэння часткі іканастасу (якая загінула ў 1547 г.). Аднак даследчыкі робяць выснову: высокі статус замовы сведчыць пра асаблівы ўзровень мастака. У 2017 г. на базе тэхналагічных даследаванняў адкінута атрыбуцыя Рублёву Дэісуса (1396-1399, «Звянігарадскі чын» з Успенскага сабора на Гарадку) выдатнага твора, блізкага рублёўскім паводле гарманічнай каларыстыкі і нават мацнейшага паводле выразу духоўнай экспрэсіі. Гэта само па сабе сведчыць пра прыкметны ўздым іканапісу ў Маскоўскім княстве. Дакладна вядома пра манаскі пострыг Рублёва пад імем Андрэя ў юнацтве ў маскоўскім Андронікавым манастыры, пра яго ўдзел у роспісе Успенскага сабора ва Уладзіміры (з Даніілам Чорным, 1408). Нарэшце, у 1420-х гг. ён з тым жа Даніілам Чорным ствараў роспісы Траецкага сабора Траецка-Сергіевай лаўры, якія не захаваліся. Пэўна, тады ж (або ў 1411 г.) паўстаўягоны агульнавядомы шэдэўр «Тройца».
Андрэй Рублёў.
Тройца
Апостал Павел.
Цвярская гкона канца XV cm.
Бясспрэчнай лічыцца прыналежнасць Рублёву фрэсак ва Уладзіміры (верагодна, ікона Божай Маці Уладзімірскай адтуль жа, каля 1408) і прыгаданай «Тройцы». Амаль без сумневу яму належыць аўтарства мініятур «Евангелля Хітраво» (канец XIV ст.; магчыма, з Феафанам Грэкам). Рублёў выступіў як выдатны майстар абсалютна гарманічнага каларыту, меладычнай лініі, збалансаванай яснай кампазіцыі постацяў; ён быў стваральнікам адухоўлена-спакойных, урачыстых вобразаў. Нават драматычная звычайна кампазіцыя «Страшны суд» ва ўладзімірскіх фрэсках выглядае, нібы святочнае шэсце. У яго працах вельмі шмат «малельнай цішыні», затое не хапае экспрэсіі і жывых пачуццяў, уласцівых творам Феафана Грэка.
Менавіта Андрэй Рублёў быў названы кананічным для іканапісцаў паводле рашэння Стагаловага сабору (1551). Яго стыль больш іконны, упарадкаваны для паўтораў. Пры гэтым Рублёў не быў іншаземцам. Рашэнне Сабору не было катастрафічным, але яго вынік доўгая стагнацыя ў развіцці галоўнага напрамку маскоўскага іканапісу.
Адметным шляхам у XV ст. развівалася цвярская школа. Разам з арыентацыяй на паўднёваславянскія і візантыйскія ўзоры (і грэцкі тыпаж твараў: напрыклад, «Апостал Павел», апошняя чвэрць XV ст.) узмацняецца імкненне да высвятлення абліччаў, яскравага блакітнага (з бяліламі) і вішнёвага колераў.
У пэўным сэнсе протарэнесансавая каларыстыка цвярскіх абразоў можа тлумачыцца сувязямі з ВКЛ: Ягайлавай маці (і жонкай Альгерда) была князёўна Юльяна Цвярская, а менавіта Ягайла быў замоўцам для Кракава аналагічных «візантыйска-рускіх» фрэсак. Таму вывезеная з Мінска ў Маскву ў 1910-х гг. ікона «Блакітнага Успення» (першая палова або трэцяя чвэрць XV ст.) дагэтуль у Расіі разглядаецца як «шэдэўр цвярской школы», у якім некаторым сучасным мастацтвазнаўцам «бачны захапляльны водбліск генія Андрэя Рублёва». Стылёвыя паралелі, аднак, тлумачацца шчыльнымі кантактамі Цвяры з ВКЛ (куды апошні цвярскі князь Міхаіл Барысавіч уцёк пасля яе захопу Масквой у 1485 г.). Як бачым, да канца XV ст. на прасторах будучай Расіі існавалі мастацкія цэнтры з рознай арыентацыяй у іконапісанні.
Скульптура, акрамя традыцыйных твораў у нізкім рэльефе (з косці, каменю, дрэва або літых ці чаканеных), у гэты перыяд у Маскоўскім княстве не развіваецца. Адзіны вынятак і безумоўная навацыя гэта замоўленыя багатым купцом Васіліем Ярмоліным фарбаваныя каменныя аб’ёмныя вобразы святых для Спаскай вежы Маскоўскага крамля (1464; дэмантаваныя яшчэ ў 1491).
Помнікі сярэднявечнай літаратуры на маскоўска-рускай мове ствараліся пад выразным уплывам паўднёваславянскай і позневізантыйскай літаратуры: пра гэта сведчаць і іх асноўныя жанры, сістэма вобразаў і асаблівасці ўжывання тых або іншых мастацкіх сродкаў. Гэта характэрна як для помнікаў рэлігійнай літаратуры (жыціі Епіфанія Прамудрага, пачатак XV ст.; Пахомія Серба, сярэдзіна XV ст.)> так і для шматлікіх устаўных аповесцяў, якія мы знаходзім у складзе сярэднявечных усходнеславянскіх летапісаў («Летапісная аповесць пра Кулікоўскую бітву», канец XIV ст.; «Жыціе Дзмітрыя Данскога», пачатак XV ст.). З’яўляюцца першыя ўзоры велікарускага гераічнага эпасу («Задоншчына», каля 1410 г., якая прыпісваецца манаху Сафронію; ананімныя «Паданне пра Мамаева