Гісторыя Расіі ад сярэднявечча да сучаснасці
Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі, Аляксей Хадыка
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 536с.
Мінск 2018
© Livehearted
Казанскі сабор у Санкт-Пецярбургу (архітэктар А. Вараніхін)
У станаўленне класічнай музыкі на тэрыторыі Расійскай імперыі неацэнны ўклад унеслі беларускія кампазітары Восіп Казлоўскі, Антон Абрамовіч, польскі кампазітар Фрыдэрык Шапэн, беларуска-польскія кампазітары Міхал Клеафас Агінскі (вучань Казлоўскага), Напалеон Орда, Станіслаў Манюшка, Мечыслаў Карловіч, Міхал Ельскі ды іншыя.
Фактычным пачынальнікам рускай класічнай музыкі стаў кампазі-
„ тар беларускага паходжання Міхаіл
Пётр Чайкоўскі г о
Ілінка. Закладзеныя ім традыцыі ўвасобіліся ў творчасці Аляксандра Даргамыжскага, Пятра Чайкоўскага, а таксама кампазітараў створанай на пачатку 1850-х гг. творчай супольнасці пад назвай «Магутная кучка» (Мадэст Мусаргскі, Мікалай Рымскі-Корсакаў, Аляксандр Барадзін, Цэзар Кюі, Мілій Балакіраў і інш).
Значны ўклад у станаўленне ўкраінскай прафесійнай музыкі ўнеслі кампазітары Іван Віткоўскі, Мікола Лысенка, Мікола Аркас ды іншыя.
Важнай часткай культурнага жыцця Расійскай імперыі стала тэатральная культура. Царская ўлада аказвала вялікую падтрымку выключна тэатральным трупам, якія працавалі на велікарускай мове. Вынікам гэтага было заснаванне Малога тэатра ў Маскве (1824), Александрынскага тэатра ў Пецярбургу (1832). У першым з названых тэатраў раскрыліся таленты такіх выбітных актораў, як Павел Мачалаў, Міхаіл Шчэпкін, Марыя Вальберхава, Проў і Міхаіл Садоўскія, Кацярына Васільева, Глікерыя Фядотава, Леанід Леанідаў, Марыя Ярмолава, Аляксандра Яблачкіна. У другім вялікую папулярнасць набылі Васілій і Пётр Каратыгіны, Паліна Стрэпетава, Уладзімір Давыдаў, Вера Камісаржэўская, Канстанцін Варламаў. У іншых расійскіх тэатрах адзначыліся сваім майстэрствам Павел Васільеў, Іван Барэцкі, Аляксандра Стралкова, Хіёнія Таланава,
Лідзія Яворская, Дзмітрый Карамазаў ды іншыя. У Нацыянальным польскім тэатры ў Варшаве раскрываўся талент геніяльнай актрысы Хелены Маджаеўскай.
За кошт прыватных спонсараў у імперыі існавалі і нацыянальныя тэатральныя трупы, у якіх, сярод іншага, з поспехам выступалі армянскія акторы Пятрос Адамян, Мкртыч Авалян, Сірануш, Пагос Араксян, грузінскія артысты Васілій Абашыдзэ, Нато Габунія, азербайджанскі актор Джангір Зейналаў, украінскія актрысы Марыя Занькавецкая, Ефрасіння Зарніцкая, Ганна Затыркевіч-Карпінская, Марыя Садоўская-Барылоці, латышская актрыса Берта Румніецэ ды іншыя.
У 1825 г. на месцы былога маскоўскага прыватнага тэатра быў створаны Вялікі тэатр, на падмостках якога ў XIX ст. вызначаліся сваім выканальніцкім майстэрствам расійскія оперныя спевакі Мар’я Кліментава, Аляксандра Меньшыкава, Фёдар Камісаржэўскі, Дзмітрый Усатаў, руска-чэшскі спявак Антон Барцал, беларуская спявачка Яўгенія Лінёва, руска-французская балерына Феліцата ГюленьСор, расійскія балерыны Ганна Сабяшчанская, Праскоўя Лебедзева. У пецярбургскіх Марыінскім і Вялікім тэатрах бліскучую кар’еру зрабілі расійскія оперныя выканаўцы Ганна Бічурына, Лізавета Касецкая, Яўгенія Мравіна, Леанід Якаўлеў, руска-чэшскі спявак Ёзэф Палечак, армянская спявачка Алена Тэр’ян-Карганава, расійскія балерыны Аўдоцця Істоміна, Кацярына Целешава, Матыльда Мадаева ды іншыя. У Марыінскім тэатры працяглы час працаваў знакаміты французска-рускі балетмайстар і танцоўшчык Марыус Петыпа.
9.13. Палітычнае жыццё Расіі ў пачатку XX cm. Набліжэнне крызісу самаўладдзя. У 90-я гг. XIX ст. у Расіі з’явілася палітычная плынь пад назвай «легальныя марксісты». Яны стараліся абысці царскую цэнзуру і ў сваіх кнігах і артыкулах папулярна растлумачыць сутнасць марксізму. Яны крытыкавалі народнікаў, лічылі капіталізм прагрэсіўнай з’явай і абавязковай прыступкай на шляху да сацыялізму. Легальныя марксісты выступалі супраць рэвалюцыі і дыктатуры пралетарыяту. У гэты час у розных гарадах Расіі пачалі з’яўляцца марксісцкія гурткі, у якіх удзельнічалі прадстаўнікі рабочых і інтэлігенцыі. Найбольш актыўна працаваў пецярбургскі
«Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». Сярод яго кіраўнікоў з’явіўся малады рэвалюцыянер Уладзімір Ульянаў.
Ульянаў (які пазней возьме сабе псеўданім Ленін) нарадзіўся ў горадзе Сімбірску, выгадаваўся ў сям’і інспектара народных вучэльняў. Яго родны брат Аляксандр, адзін з арганізатараў Тэрарыстычнай фракцыі «Народнай волі», у 1887 г. разам са сваімі аднадумцамі спрабаваў зрабіць замах на жыццё Аляксандра III, быў арыштаваны, асуджаны на смерць і павешаны. Уладзімір Ульянаў, яшчэ навучаючыся ў Казанскім універсітэце, захапіўся марксізмам і быў вялікім прыхільнікам заснавальніка рабочага руху ў Расіі Георгія Пляханава, з якім пазней разышоўся ў поглядах.
У сакавіку 1898 г. у Мінску адбыўся нелегальны з’езд па стварэнні Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), дзе прысутнічала 9 дэлегатаў з розных гарадоў Расіі. З’езд абраў Цэнтральны камітэт і абвясціў стварэнне партыі. Потым быў надрукаваны Маніфест РСДРП, у якім гаварылася пра два этапы рэвалюцыі буржуазна-дэмакратычны і сацыялістычны. У 1900 г. убачыла свет нелегальная газета «Іскра», якая заклікала правесці II з’езд партыі.
II з’езд РСДРП адбыўся ў ліпені-жніўні 1903 г. спачатку ў Бруселі, а потым пераехаў у Лондан. Яго галоўная мэта прыняць статут і праграму партыі. Праграма мела дзве часткі. Праграмамінімум гэта буржуазна-дэмакратычная рэспубліка і ліквідацыя самадзяржаўя. Асноўныя задачы: палітычная (правы чалавека, правы нацый на самавызначэнне, ліквідацыя станаў); эканамічная (8-гадзінны працоўны дзень, паляпшэнне ўмоў жыцця рабочых) і аграрнае пытанне (адмена выкупаў за зямлю, вяртанне забраных земляў і стварэнне сялянскіх камітэтаў). Праграма-максімум сацыялістычная рэзвалюцыя і дыктатура пралетарыяту. Таксама быў прыняты статут партыі. Варта адзначыць, што ўдзельнікі II з’езда падзяліліся на дзве палітычныя групы падчас выбараў у кіраўнічыя органы партыі: бальшавікоў на чале з Уладзімірам Ульянавым і меншавікоў, лідарам якіх быў Юлій Мартаў (Цэдэрбаўм).
У 1901-1902 гг. на базе былых народнікаў узнікла партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэрау) на чале з Віктарам Чарновым.
Гэта была самая вялікая і ўплывовая немарксісцкая сацыялістычная партыя Расіі. Існавалі і дзейнічалі шматлікія анархісцкія арганізацыі. Сярод іх вылучаліся «Хлеб і воля», «Бунтар» і «Чорны сцяг».
9.14. Развіццё расійскай гаспадаркі. Расійска-японская вайна. Пры канцы XIX ст. Расія заставалася аграрнай краінай. 3 125,6 млн чалавек 93,7 млн (75 %) працавалі ў сельскай гаспадарцы. Дзякуючы рэформам Вітэ ў краіне актыўна развіваўся капіталізм. Хутка будаваліся фабрыкі і заводы, і асабліва чыгунка. У перыяд з 1895 па 1899 г. будавалася каля 3 тыс. км чыгуначных шляхоў штогод. У 1900 г. Расія заняла сусветнае першае месца ў здабычы нафты.
Міністр фінансаў Сяргей Вітэ ў 1895-1898 гг. правёў фінансавую рэформу. Замест срэбнага быў уведзены залаты рубель. У краіне з’явіліся новыя залатыя манеты па 5 і 10 рублёў, якія можна было памяняць на папяровыя асігнацыі. Гэта прыцягнула чарговыя замежныя інвестыцыі, у краіне з’явіліся новыя банкі з удзелам іншаземнага капіталу.
У 1896 г. Расія заключыла дамову з Кітаем на будаўніцтва Кітайскай Чаньгуньскай чыгункі. У 1898 г. яна ўзяла ў арэнду Квантунскі паўвостраў з горадам Порт-Артурам (Люйшунем) і пабудавала там магутную ваенна-марскую базу. Падчас задушэння Іхэтуаньскага паўстання, калі войскі Расіі акупавалі тэрыторыю Маньчжурыі (1899-1901), інтарэсы Расіі ў Кітаі і Карэі сутыкнуліся з інтарэсамі Японіі. Японія стварыла моцнае войска, значна большае за расійскае, і нечакана ноччу 27 студзеня 1904 г. напала нарасійскі флот у карэйскім порце Чэмульпа. Крэйсер «Вараг» і карабель «Карэец» пасля доўтага бою былі затоплены. Адначасова японцы напалі на флот Расіі, якістаяў нарэйдзе Порт-Артура. У вайне ўпершыню скарысталі новыя віды ўзбраенняў: хуткастрэльную зброю, гарматы і кулямёты, а таксама ручныя гранаты і мінамёты.
Японскае войска высадзілася ў Карэі і Кітаі. Пасля баёў у красавіку чэрвені 1904 г. расійскае войска адступіла з Карэі і Ляадунскага паўвострава. Армія Японіі акружыла і пачала штурмаваць крэпасць Порт-Артур. Пасля працяглай абароны камандзір расійскага войска Анатолій Стэсель, насуперак волі цара, 2 студзеня 1905 г. абвясціў капітуляцыю.
На пачатку 1905 г. японцы разбілі расійскую армію, якая страціла 89 тыс. забітымі, параненымі і палоннымі. У траўні 1905 г. японцы разграмілі расійскую эскадру ў марской бітве nab Цусімай, каля берагоў Японіі.
Гэтыя буйныя паражэнні ўзрушылі Расію, і ў жніўні 1905 г. у Портсмуце бакі падпісалі мірную дамову. Згодна з палажэннямі Портсмуцкай мірнай дамовы Расія перадала Японіі паўднёвы Сахалін, правы на арэнду Ляадунскага паўвострава з гарадамі Порт-Артур і Дальні (Далянь), а таксама прызнала Карэю сферай уплыву Японіі. Японцы атрымалі права лавіць рыбу ўздоўж усяго далёкаўсходняга ўзбярэжжа Расіі.
9.15. Рэвалюцыя 1905-1907 гг. У чэрвені 1904 г. эсэры забілі міністра ўнутраных спраў Расіі Вячаслава Плеве, які быў ідэолагам «моцнай рукі». Новы міністр, князь беларускага паходжання Пётр Святаполк-Мірскі выступаў за ліберальныя рэформы, але цар Мікалай II яго не падтрымаў. На земскіх сходах гучалі ідэі пра магчымае прыняцце канстытуцыі. У лістападзе-снежні 1904 г. пачалася «банкетная кампанія» калі на ўрачыстых сходах з нагоды саракагоддзя судовай рэформы ў Расіі загучалі прапановы прыняць канстытуцыю і склікаць устаноўчы сход.
Рэвалюцыя ў краіне фактычна пачалася ў нядзелю 9 студзеня 1905 г. у Санкт-Пецярбургу, калі праваслаўны святар Георгій Гапон арганізаваў мірнае шэсце рабочых і іх сем’яў да Зімовага палаца. Дэманстранты ішлі з абразамі і партрэтамі цара і выказвалі эканамічныя патрабаванні. У петыцыі, якую рабочыя неслі цару,
В. Косак.
Крывавая нядзеля ў Санкт-Пецярбургу, 1905 г.
былі патрабаванні склікаць праз выбары усеагульны (устаноўчы) сход і атрымаць дэмакратычныя свабоды. Шэсце было расстралянае царскімі войскамі (загінула і было паранена каля 1500 чалавек) гэта і стала пачаткам рэвалюцыі.
У студзені-лютым пачаліся страйкі, а ўлетку 1905 г. адбыліся выступленні рабочых у Маскве, Варшаве, Адэсе, Лодзі, Рызе і Баку. З’явіліся першыя рабочыя саветы ў некаторых гарадах. Першы такі савет быў створаны ў Іванаве-Вазнясенску. Збунтаваліся маракі Чарнаморскага флота, якія захапілі і сагналі ў Румынію браняносец «Князь Пацёмкін-Таўрычаскі». Улады паабяцалі стварыць парламент Дзяржаўную думу, але толькі з дарадчымі функцыямі. Гэтую ідэю дэмакратычная супольнасць не падтрымала.