Гісторыя Расіі ад сярэднявечча да сучаснасці
Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі, Аляксей Хадыка
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 536с.
Мінск 2018
У красавіку 1917 г. колькасць членаў бальшавіцкай партыі ўжо істотна вырасла (да 77 тыс. членаў). Бальшавіцкія правадыры пачалі атрымліваць салідныя заробкі, ад 250
да 5000 руб. у месяц, прычым выдавалі іх і ў нямецкіх марках (часам фальшывых), і ў шведскіх кронах, і ў швейцарскіх франках. Дзеля параўнання: жалаванне паручніка расійскай арміі ў той час складала 55 рублёў.
Партыя Леніна актыўна разбудоўвала свае структуры, і было б памылкай сцвярджаць, што гэта вынікала толькі з факту добрай матэрыяльнай забяспечанасці бальшавікоў. Прыняўшы на ўзбраенне эсэраўскі («Зямля сялянам») і левапапулісцкі («Хлеб галодным») лозунгі, бальшавікі выразна сфармулявалі і лозунг іншы: «Мір народам!» Такія лозунгі бальшавіцкіх агітатараў леглі на прыдатную глебу: вялікая колькасць жыхароў тагачаснай Расіі адчувала не толькі стомленасць вайною, нястачамі і няпэўнасцю што да будучыні ўсёй краіны, але і прагнула перамен менавіта ў размеркаванні зямлі і нерухомасці.
Пры ўсім гэтым петраградскі Часовы ўрад быў упэўнены, што ахвотнікаў узяць уладу ў Расіі няма. Словы Леніна аб тым, што ўладу гатовыя атрымаць бальшавікі, тады сур’ёзна не ўспрымаліся. Палітычных дзеячаў звычайна папракаюць за тое, што яны хлусяць, утойваюць свае планы. Гісторыя дэманструе, аднак, што, калі палітычныя дзеячы такія як Ленін, Сталін, Мусаліні, Птлер, Мао Цзэдун, Пол Пот, кажуць праўду пра свае планы, ім ніхто не верыць.
Слабасць улады ў краіне зняла ўсе перашкоды на шляху рэвалюцыйнай хвалі ў Расіі. Рэвалюцыя ператваралася ў бунт, які дазваляў выліцца шматвяковай нянавісці, назапашанай у народзе. I чым больш відавочнай рабілася слабасць улады, тым мацнейшым станавіўся бунт. Часовы ўрад, урад расійскага капіталу і інтэлігенцыі, няўхільна ішоў налева, імкнучыся паспець за бунтам народа, але ўвесь час прайграваў у гэтым спаборніцтве.
У ліпені 1917 г. бальшавікі паспрабавалі выкарыстаць чарговы ўрадавы крызіс і арганізавалі ў Петраградзе выступленне, вельмі падобнае да спробы путчу. Дэманстранты, якіх актыўна падбухторвалі бальшавікі, акружылі Таўрычаскі палац (сядзіба Петрасавета і УЦВК) і запатрабавалі ад савета ўзяць усю ўладу ў свае рукі. На вуліцах пачаліся сутыкненні. У адказ урад выклікаў вайсковыя падраздзяленні з фронту (дзе 18 чэрвеня пачаўся напачатку адносна паспяховы наступ расійскай арміі) і спыніў беспарадкі. Гэтыя
меры падтрымаў УЦВК. 20 ліпеня быў аддадзены загад аб арышце Леніна, які, аднак, сышоў у падполле; паліцыя затрымала Льва Каменева і Льва Троцкага (апошні далучыўся да бальшавіцкай партыі незадоўга перад тым). Сама партыя, аднак, працягвала дзейнічаць абсалютна легальна. Ацэньваючы праваленую спробу путчу, Сталін казаў: «Узяцьуладу 3 (16) і 4 (17) ліпеня мы маглі; мы маглі абавязаць УЦВК санкцыянаваць нашу ўладу. Але пытанне ў тым, ці маглі мы ўтрымаць гэтую ўладу. На нас падняліся б фронт, правінцыі, саветы... Захопам улады пры такіх умовах мы б аскандаліліся».
На ролі Троцкага ў падзеях 1917 г. трэба спыніцца асобна.
Леў Троцкі (сапраўдныя імя і прозвішча Лейба Бранштэйн) нарадзіўся ваУкраінеў 1879 г. у багатай сям’і. Ён рана далучыўся дарабочага, а потым і сацыял-дэмакратычнага руху. Актыўна ўдзельнічаў у рэвалюцыі 1905 г., быў некалькі разоў арыштаваны, потым жыў у эміграцыі.
Палітычныя погляды Троцкага былі прамежкавымі паміж бальшавіцкай і меншавіцкай ідэалогіяй, і ён часта выступаў за аб’яднанне гэтых плыняў у межах РСДРП. Перад Лютаўскай рэвалюцыяй Троцкі знаходзіўся ў Нью-Ёрку, і калі пра яе даведаўся, адразу вырашыў вярнуцца ў Расію. Па дарозе яго арыштавалі англічане, і толькі дзякуючы просьбе Часовага ўрада яго вызвалілі, пасля чаго ён здолеў праз Шве-
Леў Троцкі
цыю і Фінляндыю 4(17) траўня 1917 г. вярнуцца ў Петраград.
У ліпені на VI з’ездзе РСД РП(б) Троцкі канчаткова далучыўся да бальшавікоў і, нягледзячы на тое што ён знаходзіўся падчас правядзення з’езду ў турме, быў абраны ў склад ЦК. На пачатку верасня яго вызвалілі, a 7 (20) верасня абралі старшынёйм Петраградскага Савета. Паколькі Ленін хаваўся ад арышту ў Фінляндыі, Троцкі стаў фактычным лідарам бальшавікоў.
Падзеі ў краіне развіваліся імкліва, і Часовы ўрад спужаўся тэмпаў дэмакратычных пераўтварэнняў. 12 (25) жніўня 1917 г. у Маскве ім была склікана Дзяржаўная нарада, на якой прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх палітычных партый, акрамя бальшавіцкай, а старшыняваў на нарадзе міністр-старшыня, вайсковы і марскі міністр Аляксандр Керанскі. Нарада запатрабавала ліквідацыі двоеўладдзя і стала на бок урада. На нарадзе з праграмай уратавання краіны з дапамогай вайсковай дыктатуры выступіў і генерал Лаўр Карнілаў, які з 6 (19) ліпеня меў паўнамоцтвы Вярхоўнага галоўнакамандуючага расійскай арміі. 25 жніўня (7 верасня) на загад Карнілава на Петраград рушыў 3-і конны корпус на чале з генералам Аляксандрам Крымавым. У гэтай сітуацыі Керанскі звярнуўся па дапамогу да саветаў, рабочых і салдат Петраграда. Спроба вайсковага путчу была ліквідаваная 30 жніўня (12 верасня), а ўдзел бальшавікоў у антыкарнілаўскіх дзеяннях падвысіў падупалы аўтарытэт гэтай партыі. Яе колькасны склад пачаў зноў павялічвацца і да кастрычніка 1917 г. дасягнуў прыкладна 400 тыс. чалавек.
Радыкалізацыя мас, стымуляваная дзяржаўным бязладдзем, узрастала. У верасні 1917 г. бальшавікі ўжо мелі большасць як у Петраградскім, так і ў Маскоўскім саветах. Усё гэта натхняла самых радыкальных бальшавіцкіх правадыроў на чале з Леніным на спробу нарэшце захапіць уладу ўзброеным шляхам. 10 (23) і 16 (29) кастрычніка адбыліся пасяджэнні Цэнтральнага камітэта партыі бальшавікоў (дакладней часткі членаў ЦК і групы партыйных актывістаў), на якіх абмяркоўваліся пытанні арганізацыі ўзброенага перавароту. 12 (25) кастрычніка пры Петрасавеце быў утвораны Ваенна-Рэвалюцыйны камітэт (ВРК) на чале з Троцкім, які і стаў штабам перавароту. Супраць гвалтоўнага захопу ўлады, дарэчы, выступілі Каменеў і Зіноўеў: яны прапанавалі партыйнаму кіраўніцтву ўзяць курс на парламенцкае змаганне ў будучым Устаноўчым сходзе, а на дадзеным этапе прыняць удзел у працы Дэмакратычнай нарады і так званага Перадпарламента. Іх жорстка раскрытыкаваў Ленін, які пачаў патрабаваць неадкладнага выступлення, пакуль Часовы ўрад не здолеў перадыслакаваць франтавыя часткі ў расійскую сталіцу. Напачатку ЦК не падтрымаў Леніна, але пасля таго як сваю пазіцыю ў падтрымку ўзброенага выступлення выказаў Троцкі, рашэнне было
прынята. Сам жа Ленін ажно да вечара 24 кастрычніка працягваўхавацца ў загрыміраваным выглядзе на адной з канспіратыўных кватэр.
11.3. Кастрычніцкі пераварот 1917 г. і прыход да ўлады бапьшавікоў. 25 кастрычніка (7 лістапада) у Петраградзе пачынае працу Другі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У ноч на 26 кастрычніка (8 лістапада) 1917 г. на загад Льва Троцкага баявыя групы ВРК пад камандай Уладзіміра Антонава-Аўсеенкі захапілі рэзідэнцыю Часовага ўрада Зімовы палац у Петраградзе, які на той момант абаранялі толькі падраздзяленні юнкераў і ўдарніцы добраахвотніцкага жаночага батальёна (колькасна вялікі Петраградскі гарнізон аб’явіў аб сваім нейтралітэце). Кіраўнік урада Керанскі пакінуў сваю рэзідэнцыю яшчэ днём 25 кастрычніка, не даўшы ніякіх указанняў астатнім міністрам.
З’езд Саветаў (які пасля сыходу правых эсэраў і меншавікоў, што адмовіліся прызнаць бальшавіцкі пераварот, складаўся выключна з бальшавікоў і левых эсэраў) зацвердзіў склад часовага рабочасялянскага ўрада Савета народных камісараў (СНК). Гэты ўрад павінен быў кіраваць краінай надалей, аж да склікання Устаноўчага сходу. У склад урада ўвайшлі толькі балыпавікі. Старшынёй СНК быў зацверджаны Ульянаў-Ленін, наркамам замежных спраў Троцкі, унутраныя справы даручаліся Аляксею Рыкаву, фінансы Івану Скварцову-Сцяпанаву, земляробства Уладзіміру Мілюціну, юстыцыя Георгію Ломаву (Апокаву), гандаль і прамысловасць Віктару Нагіну, праца Аляксандру Шляпнікаву, пошта і тэлеграф Мікалаю Глебаву-Авілаву, харчаванне Івану Тэадаровічу, асвета Анатолю Луначарскаму, справы нацыянальнасцяў Сталіну. За вайсковыя і марскія справы павінен быў адказваць трыўмвірат у складзе згаданага Антонава-Аўсеенкі, а таксама Мікалая Крыленкі і Паўла Дыбенкі.
Трэба заўважыць, што ніхто з гэтых асоб, акрамя Сталіна, не дажыве да 1941 года, прычым сваёй смерцю памруць толькі Ленін, Нагін, Скварцоў-Сцяпанаў і Луначарскі. Астатнія будуць фізічна знішчаны ў 1937-1940 гг., фактычна на загад свайго былога калегі Сталіна. Пры гэтым ахвярамі бальшавіцкага тэрору стануць і жонкі першых народных камісараў Рыкава, Антона-Аўсеенкі, Троцкага, Шляпнікава, у некаторых расстраляюць і дзяцей.
Новым старшынёй УЦВК на з’ездзе быў выбраны бальшавік Леў Каменеў. Былая імперыя атрымала новую назву Расійская Савецкая Федэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка (РСФСР).
Другі з’езд Саветаў зацвердзіў падрыхтаваныя Леніным дэкрэты аб міры і аб зямлі. У першым дэкрэце бальшавікі прапаноўвалі Германіі і Аўстра-Венгрыі пайсці на замірэнне і неадкладна пачаць перамовы аб міры на сваіх Паўночна-Заходнім, Заходнім і ПаўднёваЗаходнім франтах. У дэкрэт аб зямлі былі ўключаны асноўныя пастулаты эсэраўскай аграрнай праграмы: скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю, перадача дзяржаве прыбытковых гаспадарак, недапушчэнне наёмнай працы на зямлі, канфіскацыя памешчыцкіх і царкоўных землеўладанняў, ураўнавальнае землекарыстанне.
2 (15) лістапада бальшавікі апублікавалі Дэкларацыю правоў народаў Расіі, падпісаную наркамам па справах нацыянальнасцяў Сталіным і старшынёй Саўнаркама Леніным. У ёй абвяшчаліся наступныя палажэнні:
1) роўнасць і суверэннасць народаў Расіі;
2) права народаў Расіі на свабоднае самавызначэнне, аж да аддзялення і ўтварэння самастойных дзяржаў;
3) скасаванне любых нацыянальных і нацыянальна-рэлігійных прывілеяў і абмежаванняў;
4) свабоднае развіццё нацыянальных меншасцяў і этнічных груп, што насяляюць тэрыторыю Расіі.
I абодва дэкрэты, і згаданая дэкларацыя, відавочна, былі створаны бальшавікамі найперш з адной-адзінай мэтай любым коштам утрымацца ва ўладзе, выбіўшы як мага больш козыраў з рук сваіх палітычных праціўнікаў. Пазнейшае развіццё бальшавіцкага рэжыму выразна паказала, што грамадзян Расіі і залежных ад яе савецкіх тэрыторый чакалі высылкі, катаванні і расстрэлы за імкненне сялян мець сваю ўласную зямлю і працаваць на ёй, за выказванне кім бы тое ні было сумневу ў правамернасці вядзення войнаў у імя міфічнай «сусветнай рэвалюцыі» або захопаўтэрыторый бліжэйшых суседзяў, нарэшце, за самае асцярожнае выступленне ў абарону сваёй нацыянальнай мовы і культуры.