Гісторыя Расіі ад сярэднявечча да сучаснасці
Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі, Аляксей Хадыка
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 536с.
Мінск 2018
11.18. Заключны перыяд Другой сусветнай вайны. Разгром і капітуляцыя нацысцкай Германіі. Заканчэнне вайны ў Азіі. На пачатку 1944 г. Чырвоная армія пайшла ў новы наступ. Пры канцы студзеня высілкамі трох франтоў пад камандай генералаў Леаніда Говарава, Канстанціна Мерацкова і Маркіяна Папова, а таксама Балтыйскага флоту на чале з адміралам Уладзімірам Трыбуцам была канчаткова знятая блакада Ленінграда. Цягам двух наступных месяцаў савецкія войскі занялі большую частку Правабярэжнай Украіны і ў некаторых месцах выйшлі да даваенных межаў СССР. У траўні ад нацысцкіх войскаў быў ачышчаны Крым, крыху пазней Чырвоная армія выйшла да Карпатаў, дасягнула межаў Чэхаславакіі і ўступіла на тэрыторыю Румыніі, якая ў выніку перайшла на бок антыгітлераўскай кааліцыі.
У ліпені-жніўні 1944 г. адбылася адна з самых паспяховых аперацый Чырвонай арміі пад назвай «Баграціён». Войскі франтоў пад камандай маршала Ракасоўскага, генералаў Івана Баграмяна, Георгія Захарава і Івана Чарняхоўскага пры актыўнай падтрымцы беларускіх партызан занялі ўсю тэрыторыю даваеннай Беларусі. Савецкі Саюз вярнуў сабе кантроль над тэрыторыямі краін Балтыі (акрамя значнай часткі Курляндыі), Малдовы, Паўднёва-Заходняй Украіны. Былая хаўрусніца Германіі Балгарыя пры канцы жніўня аб’явіла Гітлеру вайну. У верасні было заключана замірэнне на савецкафінскім фронце.
Адкрыццё саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі другога фронту 6 чэрвеня 1944 г„ калі сумесныя англа-амерыканскія сілы на чале з генералам Дуайтам Эйзенхаўэрам пры падтрымцы патрыятычна настроеных французаў высадзіліся ў Францыі, паскорыла разгром гітлераўскай арміі.
На пачатку 1945 г. была пастаўлена задача дамагчыся канчатковай капітуляцыі вермахта. Чырвоная армія вяла актыўныя баявыя дзеянні ўжо толькі на тэрыторыях іншых краін. Паспяхова праведзеная Вісла-Одэрская аперацыя (12 студзеня 3 лютага) дазволіла савецкім войскам у саюзе з польскімі пракамуністычнымі сіламі і партызанамі заняць большую частку Полыпчы. Да сярэдзіны вясны 1945 г. войскі вермахта былі разбітыя на тэрыторыі Усходняй Прусіі, польска-нямецкага Памор’я (Памераніі). 13 лютага Чырвоная армія ўвайшла ў Будапешт, 4 красавіка у Браціславу, 13 красавіка у Вену. Берлінская наступальная аперацыя, якая вялася сіламі трох франтоў пад камандай маршалаў Жукава, Ракасоўскага, Конева, была не да канца падрыхтаванай, што асабліва выявілася ў вялікіх стратах жывой сілы (да 100 тыс. забітых і тых, хто прапаў без звестак) на Зелаўскіх узвышшах на ўсход ад Берліна. Тым не менш вялікая перавага савецкай арміі (у людзях у 2,5 разу, па гарматах і мінамётах у 4,2 разу, па танках і САУ ў 4,1 разу, па самалётах у 2,3 разу) дазволіла ім праз
10-12 дзён пасля пачатку аперацыі перайсці непасрэдна да штурму Берліна. 30 красавіка скончылі жыццё самагубствам Адольф Гітлер і яго найбліжэйшы памагаты, міністр прапаганды Ёзэф Гёбельс, a 2 траўня берлінскі гарнізон капітуляваў канчаткова. 8 траўня (паводле маскоўскага часу 9 траўня) 1945 г. у берлінскім прыгарадзе Карлсгорсце быў падпісаны заключны, афіцыйны акт капітуляцыі нацысцкай Германіі. Назаўтра быў канчаткова зломлены супраціў гітлераўскіх войскаў у сталіцы Чэхаславакіі Празе.
Рашэнні праведзенай у нямецкім Патсдаме 7 ліпеня 2 жніўня 1945 г. апошняй сумеснай канферэнцыі саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі, сярод іншага, пацвердзілі
Бітва за Берлін, красавік 1945 г. новыя межы Савецкага
Саюза (да яго былі далучаны Усходняя Прусія, тэрыторыі на Карэльскім перашыйку, у Балтыі, Бесарабіі). Частку тэрыторыі Беластоцкай вобласці БССР Сталін перадаў будучай камуністычнай Полынчы.
У адпаведнасці з рашэннямі канферэнцыі ў Ялце і Патсдаме Савецкая армія прыняла ўдзел у баявых дзеяннях супраць Японіі на Далёкім Усходзе (найперш у Маньчжурыі), якія яна пачала 9 жніўня 1945 г. У выніку сумесных аперацый узброеных сіл СССР і ЗША 2 верасня 1945 г. Японія таксама капітулявала. Расія атрымала тэрыторыю Паўднёвага Сахаліна і Курыльскія выспы (апошняе адбылося без згоды Японіі).
Так скончылася Другая сусветная вайна. У гэтай вайне, паводле афіцыйных падлікаў расійскіх гісторыкаў, Расія і залежныя ад яе савецкія рэспублікі страцілі 26,6 млн сваіх грамадзян, пры гэтым 17,9 млн склалі ахвяры сярод мірнага насельніцтва (з улікам тых, хто загінуў ад рук савецкага НКВД). Іншыя крыніцы падаюць нават большыя лічбы да 41,98 млн чалавек (у тым ліку 22,57 млн мірнага насельніцтва). Беззваротныя страты Германіі і яе саюзнікаў за шэсць гадоў Другой сусветнай вайны склалі больш за 10 млн чалавек (паводле іншых падлікаў да 12,15 млн).
Перамога над нацысцкай Германіяй і яе хаўруснікамі, з аднаго боку, дазволіла нанесці вырашальны ўдар па нацысцкай і фашысцкай ідэалогіі, але, з іншага боку, як адзначае згаданы раней расійскі гісторык Сяргей Палтарак, яна «паказала бесчалавечную сутнасць сталінскай сістэмы, яе пагардлівае стаўленне да людзей, іх жыццяў. Трагічнасць сітуацыі палягала ў тым, што гістарычную перамогу здабывалі не толькі салдаты, афіцэры і генералы і свабодныя працаўнікі тылу, але і мільёны бязвінна асуджаных грамадзян ды спецперасяленцаў».
На думку двух іншых аўтарытэтных гісторыкаў, нашага земляка Міхаіла Гелера і Аляксандра Некрыча, было б «справядліва ўскласці адказнасць за вялізныя ахвяры, панесеныя савецкім народам, не толькі на нямецкіх нацыстаў, іх сатэлітаў і калабарантаў, не толькі на перыпетыі вайны, на спадарожныя ёй няшчасці, але і на вышэйшае партыйна-палітычнае кіраўніцтва краіны. Аднак ніхто з членаў кіраўніцтва не быў асуджаны за гэтыя злачынствы».
11.19. Тупіковая эвалюцыя спіалінскага рэжыму (1946-1953): сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Савецкай Расіі і залежных ад яе краінах. Заканчэнне Другой сусветнай вайны прынесла жаданую свабоду далёка не ўсім яе ўдзельнікам і ахвярам, якім удалося выжыць. Пры канцы баявых дзеянняў у Еўропе на яе тэрыторыях знаходзілася больш за 5 млн грамадзян Расіі і залежных ад яе саюзных рэспублік. Згодна з ялцінскімі пагадненнямі яны падлягалі рэпатрыяцыі. Працэс рэпатрыяцыі доўжыўся да 1947 г. У СССР з дапамогай англійскіх, амерыканскіх, французскіх, польскіх і іншых уладаў было агулам рэпатрыявана 2 млн 272 тыс. савецкіх і «прыроўненых» да іх грамадзян (тых, хто свядома адмаўляўся ад навязанага ім грамадзянства да вайны). Пры гэтым вельмі значная іх колькасць была абвінавачаная ў здрадзе і калабаранцтве. Прысуды ў дачыненні да іх зноў жа выносіліся «тройкамі»; 20 % з ліку тых, хто вярнуўся на тэрыторыю СССР, атрымалі смяротны прысуд або 25 гадоў знаходжання ў лагерах; 15-20 % былі асуджаныя на тэрмін ад 5 да 10 гадоў; 10 % высланыя ў аддаленыя раёны Сібіры, дзе прабылі не менш за 6 гадоў; 15 % пасланыя на прымусовыя работы па аднаўленні разбураных вайной раёнаў, і толькі 15-20 % атрымалі дазвол вярнуцца дадому, але і яны не ўсе даехалі: нехта загінуў падчас транспартавання, а нехта, не чакаючы прыбыцця, уцёк і згубіўся.
У першыя пасляваенныя гады на тэрыторыі Савецкага Саюза працягвалі дзейнічаць узброеныя фарміраванні асоб, якія не прымалі савецкай палітыкі і не хацелі быць расстралянымі або апынуцца ў высылцы. У лясах Беларусі і Заходняй Украіны гэта былі падраздзяленні Арміі Краёвай, Украінскай Паўстанцкай арміі (УПА), у краінах Балтыі атрады партызан, якіх называлі «ляснымі братамі». Велізарнымі намаганнямі савецкага МГБ і арміі яны былі канчаткова ліквідаваны толькі ў сярэдзіне 1950-х гг.
Перамога над нацысцкай Германіяй стала своеасаблівай індульгенцыяй сталінскаму рэжыму: пры наяўнасці такой колькасці бязвінных ахвяр гітлераўскіх войнаў і злачынстваў супраць мірнага насельніцтва прыгадваць Сталіну пра яго долю віны ў развязванні Другой сусветнай вайны і велізарных памылках ды праліках ва ўнутранай і знешняй палітыцы было практычна немагчыма, нават рызыкоўна.
Разбураны вайной
Сталінград
Масква, 1947 г.
Вайна абышлася Расіі і залежным ад яе тэрыторыям СССР не толькі велізарнымі людскімі стратамі, пра якія гаворка ішла вышэй. Да гэтага можна дадаць больш за 1700 моцна разбураных гарадоў, 70 тыс. дашчэнту вынішчаных сёлаў і вёсак, 32 тыс. прамы-
словых прадпрыемстваў, 65 тыс. км выведзеных са строю чыгуначных шляхоў і г. д. У цэлым сума матэрыяльнай шкоды ў 5,5 разу перавысіла памер нацыянальнага даходу, атрыманага ў 1940 г. Пачаўся няпросты, нягледзячы на рэпарацыі, атрыманыя ад пераможаных у вайне краін, працэс аднаўлення эканомікі.
Паводле зацверджанага ў 1946 г. чацвёртага пяцігадовага плана, выразны прыярытэт аддаваўся аднаўленню і пабудове прадпрыемстваў ваенна-прамысловага компдексу (ВПК). Клопат пра тое, як накарміць, апрануць, абуць насельніцтва, задаволіць яго іншыя, не надта вялікія на той час патрэбы, адкладаўся на нявызначаны тэрмін. Капіталаўкладанні ў пасляваенным Савецкім Саюзе на 88 % накіроўваліся на патрэбы развіцця машынабудавання і толькі на 12 % у лёгкую прамысловасць. Сельская гаспадарка з гэтых капіталаўкладанняў фактычна не атрымлівала нічога: сагнаныя
ў калгасы і саўгасы сяляне па-ранейшаму павінны былі працаваць збольшага за «палачкі», якімі брыгадзіры сельгасбрыгад пазначалі адпрацаваныя працадні. У сярэднім, каб купіць, напрыклад, адзін кілаграм масла, калгаснік павінен быў адпрацаваць 60 працадзён. Жыхары вёсак, найперш моладзь, усялякімі праўдамі-няпраўдамі імкнулася абысці ўзаконенае згаданым намі раней рашэннем УЦВК з 1932 г. новае прыгоннае права і з’ехаць у горад, дзе патрабавалася некваліфікаваная працоўная сіла. 3 1947 па 1950 г. колькасць вясковага насельніцтва ў Савецкім Саюзе скарацілася на 4 млн чалавек. У 1947 г., пасля вельмі засушлівага папярэдняга года, вялікую частку савецкіх тэрыторый ахапіў голад, загінулі сотні тысяч сялян, а мільёны канчаткова збяднелі, дайшлі да жабрацкага стану.
Развіццё пасляваеннай расійскай народнай гаспадаркі апіралася на буйныя індустрыяльныя раёны ўсходу краіны. Аднаўленне цяжкай прамысловасці было скончана ў цэлым пры канцы 1950 г. Значна ўзрасла, у параўнанні з даваенным узроўнем, вытворчасць сталі, пракату, станкоўі машын. Аднак патэнцыял савецкай цяжкай прамысловасці развіваўся на аснове састарэлых тэхналогій. Абсалютна занядбанай заставаліся такія стратэгічна важныя галіны, як нафтахімія: у паліўна-энергетычным балансе вялікая перавага, як і даўней, аддавалася вугалю.