Гісторыя Расіі ад сярэднявечча да сучаснасці
Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі, Аляксей Хадыка
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 536с.
Мінск 2018
У музычным мастацтве Расіі ўгэты час поспехам карысталіся творы рускіх кампазітараў Георгія Свірыдава, Мікалая Карэтнікава, рэабілітаванага па справе «ўрачоў-забойцаў» габрэйскага кампазітара Майсея Вайнберга, рускага дырыжора Яўгенія Мравінскага, карэльскіх кампазітараў Гельмера-Райнера Сінісала, Карла Раўціа, марыйскага кампазітара Аляксея Іскандарава, татарскіх кампазітараў Загіда Хабібуліна, Латыфа Хамідзі, Энвера Бакірава, Мансура Музафарава.
Сусветную вядомасць набывае творчасць рускіх оперных спевакоў Ірыны Архіпавай, Галіны Вішнеўскай, Валянціны Ляўко, Івана Пятрова, Аляксандра Вядзернікава, татарскага спевака Фахры Насрэтдзінава, габрэйска-рускіх балерыны Маі Плісецкай, піяніста Святаслава Рыхтэра, віртуоза-віяланчэліста Мсціслава Растраповіча. Пры канцы 1950-х гг. пачаў сваю кар’еру татарскі танцор балета Рудольф Нурэеў (Нурыеў), якіў 1961 г. не вярнуўся з гастроляў у Англіі і пазней зрабіў у эміграцыі бліскучую кар’еру.
11.24. Хрушчоўская «адліга» і брэжнеўская «стагнацыя». Эканамічныя крызісы і чарговыя спробырэформаў. Сапраўднае значэнне дэсталінізацыі Расіі глыбока разумела толькі адукаваная частка тагачаснага расійскага грамадства, але Мікіта Хрушчоў і ў дачыненні да яе не-не ды ўжываў гвалтоўныя, а часам і проста хамскія метады. Ён, амаль як і Сталін, імкнуўся павучаць пісьменнікаў, пра што ім пісаць, мастакоў што ім маляваць або ляпіць, кампазітараў якую
музыкуім ствараць. Вучоныя-гуманітарыі таксама адчувалі пільную ўвагу да ідэалагічнай выверанасці сваіх прац.
Чыноўнікі, стаміўшыся ад палітычных хістанняў то ў адзін, то ў іншы бок, рабіліся ўсё больш і больш незадаволенымі. Генералы і вышэйшыя афіцэры не маглі дараваць Хрушчову значнага скарачэння ўзброеных сіл падчас яго кіравання. На парадку дня паўстала пытанне адстаўкі кіраўніка партыі і ўрада. У кастрычніку 1964 г. адбыўся Пленум ЦК КПСС, на якім Хрушчоў быў пазбаўлены ўсіх сваіх пасад. Новым першым (пазней генеральным) сакратаром ЦК КПСС стаў выхадзец з украінскай партнаменклатуры Леанід Брэжнеў, а на чале ўрада Аляксей Касыгін, які да гэтага паспеў пакіраваць некалькімі міністэрствамі, пабыць старшынёй Саўнаркама і Саўміна РСФСР і папрацаваць намеснікам (у тым ліку першым) кіраўніка савецкага ўрада пры Малянкове, Булганіне і Хрушчове.
Забяспечваць ідэалагічную «правільнасць» партыйнай лініі даручылі асобе, якая паспела зрабіць кар’еру ў гэтай сферы яшчэ пры Сталіне, сакратару ЦК па ідэалогіі Міхаілу Суславу. На доўгі час ён становіцца трэцім паводле ўплыву чалавекам у савецкай імперыі.
Характэрнай рысай грамадска-палітычнага жыцця сталі прапаганда ідэі стабільнасці ды стварэнне паказнога дабрабыту і ўдаванай еднасці «новай гістарычнай супольнасці савецкага народа». Бясконцыя «ўдарныя працоўныя тыдні», «камса-
Леанід Брэжнеў і Аляксей Касыгін ...
- ' „ „ . мольскія ініцыятывы», «юбілен-
на трыбуне Маўзалея Леніна.
п ,п,г ныя вахты», «тыдні і месячнікі
9 траўня 1965 г. ’
дружбы і культуры» ішлі адно за адным, заканчваліся рознымі святкаваннямі, раздачай узнагарод. Сам Брэжнеў да канца жыцця паспеў атрымаць пяць савецкіх зорак героя, безліч розных ордэнаў і прэмій.
Пры гэтым унутры савецкага кіраўніцтва не спынялася «паддыванная» барацьба: месцы як найбліжэй да ўладнага стырна імкнуліся
Прапагандысцкія плакаты брэжнеўскага часу
заняць то прадстаўнікі КГБ і ваенна-прамысловага комплексу, то выхадцы з нацыянальных рэспубліканскіх эліт, то рознага кшталту выскачкі і прайдзісветы.
Аднак у самыя першыя гады пасля адхілення ад улады Хрушчова ўрад Аляксея Касыгіна наважыўся правесці пэўныя рэформы, асновы якіх былі распрацаваныя харкаўскім вучоным-эканамістам Яўсеем Ліберманам. У прыватнасці, апошні прапанаваў зрабіць крытэрам ацэнкі дзейнасці прадпрыемства яго рэнтабельнасць, гэта значыць прыбытковасць. Трэба было ўлічваць дагэтуль невядомыя савецкай эканоміцы прынцыпы попыт і прапанову, выкарыстоўва-
Яўсей Ліберман, бацька «касыгінскай» эканамічнай рэформы
ючы матэрыяльнае стымуляванне работнікаў і прадпрыемстваў у цэлым. Неабходнай умовай ажыццяўлення гэтай рэформы было даць прадпрыемствам шырокую аўтаномію, вызваліць іх ад дробязнай апекі з боку планавых органаў і дзяржкантролю. У сельскай гаспадарцы неабходна было істотна павялічыць капіталаўкладанні (а па сутнасці, пачаць іх рабіць), значна падвысіць закупачныя кошты прадукцыі, увесці льготную аплату звышпланавага ўраджаю, знізіць цэны на запчасткі і тэхніку, зменшыць стаўкі падаходнага падатку на сялян. Акрамя таго, сяляне нарэшце вызваляліся ад савецкага прыгону і маглі атрымаць пашпарты.
Прыняты ў 1966 г. восьмы пяцігадовы план грунтаваўся, наколькі гэта было магчымым ва ўмовах панавання партыйна-бюракратычнай сістэмы, на вышэйзгаданых прынцыпах. Афіцыйныя крыніцы сведчаць, што гэта дало вельмі значныя вынікі: на працягу 1966-1970 гг. сярэднегадавыя тэмпы росту нацыянальнага даходу СССР складалі 6,1 %.
Адразу зробім агаворку: савецкая статыстыка была вельмі своеасаблівай. У ліпені 2013 г. намеснік дырэктара Цэнтра развіцця Вышэйшай школы эканомікі Расійскай Федэрацыі Сяргей Смірноў абнародаваў праведзеныя ў яго ўстанове даследаванні працы Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення (ЦСУ) у савецкі час. Паводле іх, маштабы прыпісак у савецкай статыстыцы проста агаломшваюць (пра гэта сведчаць і аўтары ўніверсітэцкага падручніка па крыніцазнаўстве гісторыі Расіі, выдадзенага ў 1998 г., прафесар Ігар Данілеўскі ды інш.).
Паводле звестак ЦСУ, у 1990 г. прамысловасць СССР у параўнанні
з 1940 г. вырасла прыкладна ў 30 разоў, а ўсярэднены альтэрнатыўны індэкс вырас толькі ў 10 разоў. Атрымоўваецца, што да кожнай вырабленай умоўнай адзінкі прадукцыі савецкая статыстыка, ігнаруючы існаванне інфляцыі, «дамалёўвала» яшчэ дзвеі
Акрамя таго, згодна са звесткамі ЦСУ, за ўвесь пасляваенны перыяд тэмпы росту прамысловасці РСФСР у 93 % выпадкаў былі ніжэйшымі за тэмпы росту савецкай прамысловасці. Гэта дае ўсе падставы меркаваць, наколькі фальшывай была тэза, што свядома распаўсюджвалася і распаўсюджваецца рознага кшталту расійскімі шавіністамі і лжэпатрыётамі, нібыта Расія карміла саюзныя рэспублікі. Усё было якраз наадварот!
Афіцыйны паказчык росту прамысловасці на 3-4 % для ўсяго Савецкага Саюза праз недаўлічванне савецкім статыстычным ведамствам тэмпаў рэальнай інфляцыі фактычна быў раўназначны стагнацыі.
Калі, аднак, вярнуцца да паказчыкаў восьмай пяцігодкі, нельга ігнараваць той факт, што падчас яе на тэрыторыі РСФСР, напрыклад, былі ўведзены ў эксплуатацыю (няхай сабе і з недапрацоўкамі) такія значныя аб’екты, як Брацкая, Краснаярская і Саратаўская гідраэлектрастанцыі, першая чарга Волжскага аўтамабільнага завода ў Тальяці (пабудаваная сумесна з італьянскімі спецыялістамі), Заходне-Сібірскі металургічны камбінат, трыкатажныя фабрыкі ў Валгаградзе і Ленінагорску, абутковыя фабрыкі ў Валгаградзе і Чарапаўцы.
Брацкая ГЭС, 2008 г.
Хранічна адсталай галіной савецкай эканомікі была сельская гаспадарка. Адмовіўшыся ад чароўных сродкаў, прапанаваныхХрушчовым сельскай гаспадарцы, ад кукурузы, далейшага пашырэння аб’ёмаў сяўбы ўзасушлівыхраёнах і г. д„ новае кіраўніцтва звярнулася да іншых чароўных сродкаў, перш за ўсё да капіталаўкладанняў і хіміі. Пасля неўраджаю 1963 г„ які быў пастаўлены ў віну Хрушчову, былі сур’ёзныя няўроды 1965,1967,1972 гг. і самы драматычны у 1975 г. Каб прадухіліць неўраджаі, у сельскую гаспадарку рабілі зусім не малыя інвестыцыі: у 1973 г. доля капіталаўкладанняў у сельскую гаспадарку складала 26,5 % у параўнанні з 23 % пры канцы 60-х гг.; у 1975 г. гэтая доля наогул дасягнула 27 %. Агулам жа за перыяд з 1966 па 1980 г. у сельскую гаспадарку было накіравана каля 400 млрд тагачасных савецкіх рублёў. Інвестыцыі пайшлі збольшага на будаўніцтва хімічных прадпрыемстваў: у выніку, пачынаючы з 1970 г„ Савецкі Саюз апярэдзіў ЗША па выкарыстанні ўгнаенняў. Значная частка ўжо вырабленай сельскагаспадарчай прадукцыі гублялася падчас яе транспартавання, згнівала ў малападрыхтаваных сховішчах. Да таго ж уведзеная падчас касыгінскай рэформы гарантаваная аплата працы калгаснікаў у расійскіх умовах нараджала спажывецкія настроі, незацікаўленасць у павышэнні прадукцыйнасці сваёй працы.
Крызіс сельскай гаспадаркі фактычна не меў перспектыў быць пераадоленым. Становішча ў сельскай гаспадарцы адлюстроўвала агульную сітуацыю ў эканоміцы СССР, заснаванай на некампетэнтным умяшанні ўладаў у эканамічныя працэсы, на валюнтарызме, прыпісках і г. д.
У гады дзявятай пяцігодкі (1971-1975) рост савецкай эканомікі істотна запаволіўся нават на паперы. Яшчэ горшая сітуацыя склалася ў другой палове 1970-х гг. Савецкі ўрад спрабаваў падтрымліваць бачнасць дабрабыту людзей за кошт павелічэння распродажу прыродных рэсурсаў. Спрыяльныя ўмовы для гэтага ўтварыліся ў выніку засваення нафтавых і газавых радовішчаў Заходняй Сібіры, а таксама неаднаразовага скачка сусветных коштаў на энерганосьбіты ў сярэдзіне 70-х гг. Паводле ацэнак эканамістаў, СССР толькі ў 1970-х гг. атрымаў 180 млрд нафтадолараў, якія былі, аднак, выдаткаваныя не на вырашэнне вострых структурных праблем савецкай эканомікі, а на вайсковыя мэты, закупку харчавання, тавараў маса-
вага попыту ды на іншыя бягучыя патрэбы. Толькі закупкі збожжа за мяжою за70-ягадывыраслі больш чыму 10разоў(1970г. 2,2 млнт, 1980 г. 27,8 млн т, 1985 г. 44,2 млн т). Вынік быў, тым не менш, слабы. Стандартны набор тавараў у харчовых крамах РСФСР (паза Масквой, Ленінградам і некаторымі іншымі буйнымі гарадамі) складаўся з аднаго-двух гатункаў чорнага і белага хлеба, запалак, воцату, солі, двух-трох відаў нізкагатунковых крупаў і макароны, алею або камбінаванага тлушчу, рыбных кансерваў (звычайна кілек і часціку), гарэлкі, пладова-ягаднага віна. Малако, смятана, сыр і масла траплялі ў крамы з перабоямі; пра каўбасы (акрамя крывянай і лівернай) гаворкі нават не ішло.
Да сярэдзіны 1980-х гг. тэмпы эканамічнага росту Расіі няўхільна зніжаліся. Камуністычныя кіраўнікі ганарыліся велізарнымі аб’ёмамі здабычы нафты і вугалю (часта ігнаруючы праблемы навакольнага асяроддзя), у той час як свет пачаў актыўна пераходзіць на энергаашчадныя тэхналогіі, адмаўляўся ад доменнай вытворчасці ў металургіі, выкарыстоўваў комплексную механізацыю і аўтаматызацыю, найноўшую на той час электроніку. У Савецкім Саюзе, паводле стану на пачатак 1980-х гг., доля ручной працы складала ў прамысловасці ад 35 да 40 %, у будаўніцтве ад 50 да 60 %, у сельскай гаспадарцы да трох чвэрцяў ад усіх аб’ёмаў працы.