Гісторыя румынаў
Ёан-Аўрэд Поп
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 232с.
Мінск 2019
Падсумоўваючы вышэй сказанае, можна канстатаваць, што першае дзяржаўнае ўтварэнне ў Трансільваніі пачало фарміравацца пры ваяводзе Гелу-румыне ў IX ст. Далейшыя аб’яднанне і цэнтралізацыя рэгіёна былі спыненыя набегамі вугорскіх войскаў, а пасля і здабыццём вугорцамі ўсяго «краю за лесам». Урэшце пад 1200 год Трансільванія паўстала як асобнае ваяводства з пэўнай доляю самастойнасці ў межах Каралеўства Вугоршчына.
76 | Гісторыя румынаў
6.6. Іншаземныя «госці»: пасяленцы, манахі, вайскоўцы
Але і пасля заваявання румыны не былі схільныя падпарадкоўвацца і дазваляць кіраваць сабою. У іх не было ніякіх прычын ставіцца да новых прышлых прыязна і супрацоўнічаць з імі. Таму з Вугоршчыны на іх землі пачало пераязджаць усё больш уласна вугорскага люду, якому перадаваліся маёнткі і землі румынаў ды іншага мясцовага насельніцтва і які ператвараўся такім чынам у феадалаў ці нобіляў. Аднак дэмаграфічныя магчымасці ў вугорцаў нават на Панонскай раўніне былі абмежаваныя. Іх колькасць, якая прыбыла туды да 896 г., не перавышала, паводле ацэнак, 120-150 тыс. чалавек, а тэрыторыя, над якой яны хацелі ўладарыць, была занадта вялікая каля 300 000 кв. км. Каб запоўніць такую прастору і мець на ёй працоўную сілу ў выглядзе паслухмяных падданых, якія былі б ім удзячныя і дапамагалі б кіраваць скоранымі народамі, эксплуатуючы іх землі, вугорскія каралі пачалі рассяляць па ўсім каралеўстве асобныя групы іншаземцаў. Калі ў падпарадкаванага насельніцтва стаўленне да акупантаў, натуральна, было варожае, то новапрыбылыя пасяленцы мусілі быць і заўсёды былі адданымі сваім дабрадзеям вугорскаму каралю і дзяржаўным структурам Вугорскага каралеўства. Такімі пасяленцамі былі ў асноўным сэкеі, якія, відаць, прыйшлі ў Панонію раней за вугорцаў, але потым хутка схаўрусаваліся з імі. Яны ваявалі ў авангардзе вугорскага войска, каб анэксаваць новыя правінцыі і заваяваць сабе будучую радзіму. 3 этнічнага гледзішча сэкеі ўяўлялі сабою мяшанку розных азіяцкіх (у тым ліку цюркскіх) п лямёнаў, якія ў выніку шчыльных кантактаў і супольнага пражывання з вугорцамі пачалі размаўляць на адным з варыянтаў вугорскай мовы. Але іх этнічная існасць, старажытная племянная структура і адмысловы лад жыцця, адрозныя ад вугорскага, захаваліся і дагэтуль. Прасоўванне сэкеяў на ўсход і паўднёвы ўсход адбывалася разам з перамяшчэннем дзяржаўнай мяжы, абумоўленым вугорскімі заваяваннямі. Так, спачатку іх з’яўленне зафіксавана ў Крышане (у наваколлі сучаснага горада Арадзя), пазней (каля 1150 года) у цэнтры краю, у раёне ракі Тырнавы, а ў 1200 г. на тэрыторыях, дзе яны жывуць і дагэтуль, на ўсходзе і паўднёвым усходзе Трансільваніі. Узамен на абарону мяжы сэкеі, як і саксы, атрымалі ад караля шырокія прывілеі, якія
гарантавалі ім вольны статус і замацоўвалі падданства непасрэдна вугорскаму венцаносцу.
Другімі іншаземцамі, якія праніклі ў Трансільванію, былі саксы супольнасць таксама даволі неаднастайная, але складзеная ў асноўным з германцаў, якія ў ХІІ-ХІІІ стст. прыйшлі з Заходняй Еўропы Германіі, Паўднёва-Усходняй Францыі, сучаснай Бельгіі і размясціліся (колькасцю прыкладна 40 000 чалавек) на поўдні і ўсходзе краю на землях, дзе ўжо жылі румыны, печанегі, сэкеі і іншыя. У 1224 г. саксы атрымалі ад вугорскага караля значныя прывілеі, якія гарантавалі ім свабоднае пражыванне на гэтых тэрыторыях (называных «каралеўскімі землямі») і непасрэдную залежнасць ад вугорскага венцаносцы, а не ад трансільванскага ваяводы.
Папа Рымскі і каралі Вугоршчыны мелі намер пасяліць у Трансільваніі паблізу горада Брашоў (у вобласці Цара Бырсэй) таксама тэўтонскіх рыцараў прадстаўнікоў заснаванага ў Святой зямлі рыцарскага манаскага ордэна. У 1211 г. тэўтонцы прыбылі сюды з мэтаю пашыраць рымскую веру сярод паганцаў і «схізматыкаў» (праваслаўных), а таксама змагацца з набегамі полаўцаў. Але засталіся яны тут ненадоўга адно на чатырнаццаць гадоў, а потым пасварыліся з вугорскім каралём, які іх і запрасіў. Пасля мангольскага нашэсця 1241-1242 гг. падобныя чыннікі абумовілі запрашэнне ў землі Баната і Алтэніі (каля 1247 года) часткі іншага рыцарскага манаскага ордэна гаспітальераў, або іаанітаў, аднак і гэтая спроба рыцарскай каланізацыі Трансільваніі пацярпела няўдачу.
Такім чынам, ранейшая румынская супольнасць рымска-візантыйскага ўзору са славянскім ухілам адчула ў Трансільваніі ўплыў яшчэ трох рознаэтнічных групаў: вугорцаў, сэкеяў і саксаў. Тры гэтыя групы былі звязаныя агульнымі інтарэсамі, у значнай меры адрознымі ад праблем, якія хвалявалі даўніх жыхароў гэтых земляў.
6.7. «Першая румынская вольніца»
У перыяд Сярэднявечча румынам так і не далі стварыць сваю этнічную дзяржаву ў Трансільваніі, дзе знаходзіліся і былая сталіца Дэцэбала, і цэнтр рымскай правінцыі Дакіі, дзе жыло раманамоўнае насельніцтва і дзе знаходзіўся галоўны асяродак іх фарміравання 78 J Гісторыя румынаў
як народа. Так сталася ў выніку ўсталявання тут вугорскай улады. Аднак вугорскія каралі і пасля 1200 года, калі Трансільванія была ўжо захопленая, не пакідалі спробаў пашырыць сваю ўладу далей не толькі на Закарпацце, але і на ўсход і на поўдзень. Сур’ёзнаю перашкодай гэтым агрэсіўным планам і нават прычынаю іх часовага прыпынення стала панаванне на гэтай тэрыторыі полаўцаў (у XII ст.), а яшчэ больш вялікая татарская (мангола-татарская) навала, якая пракацілася па румынскіх землях, Польшчы і Вугоршчыне
ў 1241-1242 гг. Полаўцы, чый цэнтр улады знаходзіўся на ўсходзе, заснавалі свайго роду «імперыю», якая сягала аж да Карпатаў, ахопліваючы, у прыватнасці, і Малдову, але потым яны растварыліся невялікімі групамі сярод славян і румынаў, хоць і паўплывалі на пэўныя палітыка-арганізацыйныя формы іх жыцця.
Нашэсце манголаў у Вугоршчыне, 1285 г. Ілюстрацыя з Вугорскай ілюстраванай Кронікі
Татары, як і ўсе качэўнікі, таксама прыйшлі з Усходу, выпальваючы ўсё на сваім
шляху. Румыны, сэкеі, саксы, вугорцы спрабавалі аб’яднацца дзеля абароны пэўных сваіх агульных культурных каштоўнасцяў, але шкода ад мангола-татарскага нашэсця, у тым ліку ў дэмаграфічным плане, была вельмі значная. У 1242 г. татары адышлі на ўсход, іх вялізная «імперыя» распалася, але тыя з іх, хто асеў у паўночным Прычарнамор’і, утварылі там дзяржаву пад назваю Крымская Арда і яшчэ некалькі стагоддзяў перыядычна нападалі на румынскія тэрыторыі і Вугоршчыну. Як ужо адзначалася вышэй, менавіта дзеля абароны ад гэтых набегаў у першую чаргу ўсходняга Баната і Алтэніі вугорскі кароль спрабаваў запрасіць рыцараў-іаанітаў, аднак гэтая спроба аказалася няўдалай.
Пасля таго, як ціск вугорцаў у выніку нашэсця мангола-татар паслаб, румынская дзяржаватворчасць на поўдзень ад Карпатаў зноў ажывілася і набыла сілу. Пад 1247 год летапісы згадваюць
Бела IV. Ілюстрацыя з Вугорскай ілюстраванай Кронікі
існаванне на гэтай тэрыторыі чатырох дзяржаўных утварэнняў: княства на чале з князем Ёанам у паўднёвай Алтэніі; княства на чале з князем Фаркашам (так вугорцы літаральна пераклалі яго імя Лупу*) у паўночнаўсходняй Алтэніі; ваяводства на чале з Літавоем у даліне ракі Жыў у Алтэніі і на поўдні Трансільваніі ў Зямлі Хацэгулуй; і ваяводства на чале з Сенеславам уздоўж рэк Арджэш і Дымбовіца ў Валахіі (Мунтэніі). Вышэйзгаданыя княствы знаходзіліся ў пэўнай васальнай залежнасці ад вугорскага караля,
хоць самі іх ваяводы былі амаль незалежныя. Самым магутным з іх, як уяўляецца, быў Літавой. Тым не менш прыкладна ў 1247 г. вугорскі кароль Бела IV забраў у яго Зямлю Хацэгулуй і абклаў яе сваім чыншам. Гэта, таксама як і ў цэлым вугорскі ціск з поўначы, зрабіла канфлікт з Вугорскім каралеўствам непазбежным. I ён выбухнуў пасля 1270 г., калі, відаць, ужо нашчадак Літавоя з такім самым імём (Літавой II) паспрабаваў пакласці канец залежнасці ад караля Вугоршчыны, а можа нават вярнуць сабе Зямлю Хацэгулуй. Аднак у бітве з вугорскім войскам Літавой быў забіты, а яго брат Бэрбат трапіў у палон, з якога вызваліўся толькі дзякуючы вялікаму грашоваму выкупу. Вярнуўшыся на радзіму і ўзначаліўшы ваяводства, ён быў вымушаны прызнаць вугорскі сюзерэнітэт.
Ад канца XII ст. і цягам усяго XIII ст. прыгнёт румынаў вугорцамі ўсё болып мацнее, вугорцы захопліваюць усё новыя землі, раздаючы іх прыхадням-пасяленцам. Асноўная агрэсія ў гэты перыяд (паміж 1200 і 1300 гадамі) скіравана на аддаленыя памежныя тэрыторыі,
* Lup (рум} воўк.
80 | Гісторыя румынаў
Негру Водэ
якія па-ранейшаму належалі румынам і захоўвалі румынскае кіраванне. Адным з такіх рэгіёнаў была Зямля Фэгэрашулуй, якая яшчэ ў 1222 г. згадваецца як тэрыторыя «Краіны румынаў». Аднак, акупаваўшы гэтыя землі каля 1200 г., новыя вугорскія ўлады перадалі іх манахам-цыстэрцыянам. Падобныя рабаўніцкія дзеянні падштурхнулі аднаго з незадаволеных румынскіх ваяводаўузняць супраць вугорскага караля паўстанне. Каля 1290 г. ён са сваёю дружынай у некалькі сотняў румынаў і ваяроў іншых народнасцяў перайшоў Карпаты і пэўны час аказваў вугорцам у гарах супраціў. Яго выступленне надало дадатковы імпульс працэсу аб’яднання і палітычнага згуртавання румынаў, які найбольш актыўна ішоў у Мунтэніі (Валахіі). Той ваявода згадваецца пад імёнамі Негру Водэ ці
Раду Негру, але яго постаць авеяная легендамі: нямала фактаў, якія яго датычаць, немагчыма спраўдзіць у гістарычных крыніцах. Невядома таксама, у якіх сваяцкіх сувязях гэты ваявода, выхадзец з Трансільваніі, знаходзіўся з сынам Тахаміра ваяводам Басарабам, што стаў першым вядомым кіраўніком аб’яднанай і цэнтралізаванай Румынскай дзяржавы (прыкл. ад 1310 па 1352 г.). За час свайго доўгага кіравання яму ўдалося дасягнуць сама менш трох важных мэтаў: 1) ён здолеў рознымі спосабамі аб’яднаць усе дробныя ваяводствы і княствы на поўдзень ад Карпатаў; 2) ён дамогся поўнай незалежнасці ад Вугоршчыны, знайшоўшы зручны момант і спосаб адрынуць сюзерэнітэт гэтага каралеўства і зацвердзіўшыся як кіраўнік суверэннай дзяржавы; 3) сілаю зброі ён перамог агрэсара, сцвердзіўшы сваю самастойнасць, і здабыў міжнароднае прызнанне краіны, істотна падняўшы яе прэстыж.
Аб’яднанне палітычных утварэнняў, якія на той час існавалі паміж Дунаем і Карпатамі, адбывалася, відавочна, як мірнымі, так і збройнымі спосабамі. Найбольш складана было пераканаць алтэнскіх ваяводаў, у якіх тады ўжо склаліся ўласныя палітычныя і дынастычныя традыцыі. Але ўрэшце ўсе мясцовыя ваяводы