• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя румынаў  Ёан-Аўрэд Поп

    Гісторыя румынаў

    Ёан-Аўрэд Поп

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 232с.
    Мінск 2019
    65.28 МБ
    Басараб /
    прызналі Басараба сваім законным сюзерэнам, і ён атрымаў тытул «вялікага ваяводы». Пад яго ўладаю знаходзіліся зямлі ад Алтэніі да Паўночнай Дабруджы і Паўднёвай Малдовы, г. зн. да вусця Дуная і Чорнага мора. 3 таго часу ўвесь гэты рэгіён у паўночным ніжнім Падунаўі паводле імя заснавальніка Валахіі і закладзенай ім дынастыі пачаўназывацца Басарабіяй (Бесарабіяй). Тут дарэчы будзе спыніцца на тым, хто такі быў Басараба і што азначае яго імя. Нядаўна нашу ўвагу прыцягнула адна досыць цікавая кніга пра тое, што сярод нацыятворчых складнікаў у румынаў у немалой ступені прысутнічае і палавецкі, прычым не толькі ў палітычным, культурным і анамастыка-тапанімічным плане, але і ў этнічным. Гэтая ідэя не новая і мае дастаткова грунтоўную аргументацыю,
    якую пачаў распрацоўваць, пераважна з рамантычных пазіцый, яшчэ Багдан Хашдэу і працягнуў, у значна больш навуковым плане, Нікалае Ёрга. Але падыходзіць да яе трэба вельмі абачліва, каб пэўныя фармальна-кан’юнктурныя элементы ў аргументацыі не сталі асноватворнымі, асабліва калі гэтага не дазваляюць зрабіць крыніцы. Басараба імя сапраўды цюркскага паходжання (палавецкага ці, дакладней, печанежскага), але ж і тады імёны давалі ў адпаведнасці з пашыранай модаю і не абавязкова ў адпаведнасці з этнічнай прыналежнасцю носьбіта. Імя Басарабавага бацькі Тахамір / Ціхамір таксама невядомага паходжання, яно можа быць як цюркскім, так і, што хутчэй за ўсё, славянскім. I самога Басарабу ўсе крыніцы, што дайшлі да нас, называюць румынам, які панаваў над румынамі. Арганізацыя ўлады ў яго ваяводстве мела выразныя рымска-візантыйскія і візантыйска-славянскія рысы са слабым і зусім нязначным уплывам з боку стэпавых «імперый». Няма таксама аніводнага дакладнага ўказання, якое б дазволіла прызнаць імаверную наяўнасць палавецкага складніка ў этнагенэзе румынаў. Пры лагічным аналізе рэчаў такі складнік, мабыць, і павінен быў існаваць, бо шмат у якіх месцах Ніжняга Падунаўя 82 | Гісторыя румынаў
    румыны жылі ўперамешку з полаўцамі, але вызначаць яго вагу ў працэнтных адносінах рызыкоўна. Ва ўсякім разе дакладна вядома, што гэты складнік хутка «растварыўся» ў адмысловай раманскай і візантыйска-славянскай «рошчыне», чый уплыў на румынаў быў значна мацнейшы й, па сутнасці, вызначальны для іхняга лёсу. На маю думку, Басараба меў да цюркаў такое самае дачыненне, як пазнейшыя румынскія ўладары Драгаш, Багдан, Мірча, Улад, Раду і г. д. да старажытных славян, чые імёны яны насілі і чыя мова ўжывалася ў канцылярыях. Тут уся справа не ў нацыянальнай прыналежнасці, а ў цюркска-славянскай традыцыі румынскіх імёнаў.
    Умацаваўшы ўладу, Басараба адкінуў вяршэнства вугорскага караля і вярнуў некаторыя землі, акупаваныя Вугоршчынай, зрабіўшыся ў выніку незалежным уладаром. У 1330 г. вугорскі кароль Карл Роберт рушыў у ваенны паход на Валахію, каб пакараць Басарабу. Імкнучыся пазбегнуць узброенага канфлікту, Басараба запатрабаваў
    перамоваў і прапанаваў былому свайму сюзерэну, сярод іншага, 7000 марак срэбрам (г. зн. больш за тону чыстага срэбра!). Вугорскі кароль адмовіўся і ўварваўся са сваім войскам у невядомы і варожы край, дзе ўсё здавалася апусцелым. Зразумеўшы, што не адолее Басарабу, кароль загадаў адыходзіць праз горы. Тут, у вузкай доўгай цясніне, якая ў старажытнай мове Me­na назву «пасада», вугорцаў атакавалі румыны, якія размяшчаліся на вяршынях. Бой, вядомы як «бітва пры Пасадзе», доўжыўся чатыры дні (9-12 лістапада 1330 г.) і завяршыўся для Карла Роберта сапраўднаю катастрофай:
    Бітва пры Пасадзе. Ілюстрацыя з Вугорскай ілюстраванай Кронікі
    загінуў «квет вугорскай шляхты», шмат вугорцаў патрапіла ў палон, румыны захапілі немалую здабычу, была страчана галоўная пячатка Вугорскага каралеўства, а сам кароль, пераапрануўшыся, змог выратавацца толькі ўцёкамі.
    Пасля гэтай важнай перамогі міжнародны прэстыж Валахіі істотна павялічыўся, і яна сцвердзілася сярод незалежных еўрапейскіх дзяржаваў. У 1359 г., калі на пасад быў узведзены Басарабаў сын Нікалае Аляксандру (1352-1364), у тагачаснай сталіцы, горадзекрэпасці Курця-дэ-Арджэш была заснаваная мітраполія Валахіі, кіраванне якой ажыццяўлялася непасрэдна з Візантыі. Такім чынам спрэчка паміж заходняй і ўсходняй цэрквамі за іерархічнае падпарадкаванне царквы ў Валахіі была вырашана на карысць Канстанцінопаля. У тагачаснай Еўропе палітычная ўлада любога сюзерэна мусіла быць легітымізаванаю царквой адным з двух варожых адзін аднаму рэлігійных цэнтраў: Папскай курыяй або Канстанцінопальскай патрыярхіяй. Арыентацыя Валахіі на папскую тыяру магла б выліцца ў палітычнае падпарадкаванне гэтай дзяржавы Вугоршчыне, а якраз гэтага імкнуліся пазбегнуць румынскія ўладары. Таму яны ўрэшце павярнулі свае позіркі да Візантыі, якая магла прызнаць іх палітычную ўладу без навязвання ўласнай палітычнай апекі як непасрэдна, так і з дапамогай іншай краіны. Заснаванне мітраполіі ў Арджэшы было ўспрынята Вугоршчынаю як варожы акт і выклікала яе раздражненне, але справа была зробленая. 3 цягам часу стасункі з Вугоршчынай нармалізаваліся, перадусім з дапамогай шлюбных хаўрусаў, а таксама ў сувязі з неабходнасцю весці супольную барацьбу супраць татар.
    6.8.	«Другая румынская вольніца». Малдова
    Пачынаючы з ХІІ-ХІІІ стст. на тэрыторыі паміж Карпатамі і Днястром таксама адзначаецца шэраг палітычных утварэнняў. Пры гэтым працэс палітычнага аб’яднання на гэтых землях адбываўся больш павольна, бо мясцовае насельніцтва нашмат часцей і даўжэй цярпела ад набегаў і рабунку качэўнікаў. Яны пачалі нападаць на Малдову раней, чым на Трансільванію і Валахію, безупынку спусташаючы гэты край, зводзячы люд у палон і сістэматычна спаганя84 | Гісторыя румынаў
    ючы даніну, і спыніліся гэтыя напады значна пазней. Такія набегі рабіліся печанегамі, полаўцамі, а болей за ўсё татарамі.
    Вугорскае каралеўства, часцяком супольна з Валахіяй, арганізоўвала супраць татар паходы на землі Малдовы, дзе адчувалася патрэба ў стварэнні магутнага ваеннага плацдарма для барацьбы з качэўнікамі. Утварэнне такога плацдарма магло быць здзейсненае за кошт пашырэння вугорскай палітычнай экспансіі на ўсход ад Карпатаў. Але такую самую мэту мела і Польшча, яшчэ адна каталіцкая дзяржава гэтак сама, як Вугоршчына. На фоне ж польска-вугорскага суперніцтва ў Малдове працягвалі развівацца мясцовыя палітычныя ўтварэнні. Будучы абвешчанай «апостальскім каралеўствам», Вугоршчына актыўна выкарыстоўвала ў сваёй экспансіянісцкай палітыцы каталіцкую царкву, пасылаючы ў малдаўскія гарады каталіцкіх прапаведнікаў. Яшчэ да татарскага нашэсця, пад 1227 г., у Малдове, якую лічылі «палавецкай», бо пэўны час гэтую тэрыторыю палітычна кантралявалі полаўцы, было створанае каталіцкае біскупства. Але ў 1234 г. Рымскі папа мусіў прызнаць, што тэрыторыю біскупства насяляюць усё-такі румыны, якія непадуладны каталікам, бо маюць сваіх епіскапаў грэцкага (візантыйскага) абраду і свае палітычныя ўтварэнні. Неўзабаве, у сувязі з татарскім нашэсцем гэтае біскупства было знішчанае і адноўленае ўжо значна пазней і пад іншаю назвай. А на пачатку XIV ст. яго ўладанні ў Малдове знаходзіліся пад пагрозай «уладароў мясцовых земляў», якія, безумоўна, належалі да ўсходняга царкоўнага абраду. Відавочна, што рэлігійнае вяршэнства навязанай Вугоршчынаю каталіцкай царквы ў Малдове было немагчымым без палітычнай улады. I вугорскія каралі шукалі вырашэння гэтай праблемы. Рымскі Папа разумеў, што для паспяховай дзейнасці Касцёла ў Малдове, трэба, каб біскупы «адпавядалі мясцовай нацыі» (румынам), ведалі румынскую мову ці абіраліся з саміх румынаў. Вугорскі кароль таксама падзяляў гэтую думку. У Трансільваніі, Банаце, Крышане і Марамурэшы тэрыторыях, непасрэдна акупаваных Вугоршчынай, румынаў пражывала нямала. Іх можна было схіліць да супрацоўніцтва і, надзяліўшы місіяй, паслаць у Малдову.
    У XIV ст. Марамурэш быў румынскім паветам у паўночнай частцы Трансільваніі, якая межавала з Малдовай, і перажываў пераходную
    стадыю інтэграцыі ў склад Вугорскага каралеўства, застаючыся арганізаваным, як і адміністрацыйныя адзінкі Валахіі, у форме ваяводства. Тут па-ранейшаму дзейнічалі румынскіяўстановы, рэгулярна адбываліся агульныя сходы князёў (мясцовых румынскіх феадалаў), якія вырашалі бягучыя праблемы ваяводства і абіралі свайго ваяводу. Так ці іначай, Марамурэш усё яшчэ быў румынскім ваяводствам (як некалі і ўся Трансільванія), і яго поўная інкарпарацыя ў склад Вугоршчыны адбылася значна пазней. Аднак у XIV ст. вугорская каралеўская ўлада зрабіла спробу замяніць румынскія інстытуцыі (структура ваяводства, вярхоўная ўлада княскага сходу, вяршэнства румынскага заканадаўства і г. д.) на новыя, прынесеныя з Захаду (структура камітата, улада набілітэту, вяршэнства каралеўскага заканадаўства і г. д.). Пэўная частка румынскіх феадалаў у Марамурэшы палічыла за лепшае дзеля захавання маёмасці і ўлады прыстасавацца да новых умоваў, але астатнія катэгарычна іх не прынялі і нават выступілі супраць вугорскага караля са зброяй. Тым часам вугорскі ўплыў на ўсход ад Карпатаў перажываў відавочна няпэўны перыяд як з прычыны незадаволенасці і паўстання румынаў, так і ў сувязі з ціскам Польшчы, якая імкнулася перацягнуць некаторых
    Малдаўскі ваявода Драгаш
    мясцовых лідараў на свой бок. Тады вугорскі кароль выбраў сярод марамурэшскіх румынаўпрыстасаванцаў, якія былі згодныя на супрацоўніцтва, вядомага мясцовага князя на імя Драгаш і ў сярэдзіне XIV ст. паслаў яго ў Малдову, каб схіліць тамтэйшае насельніцтва на свой бок; кіраваць жа той тэрыторыяй Драгаш павінен быў ад імя вугорскага ўладара. Маючы аднолькавае з мясцовым жыхарствам этнічнае паходжанне, Драгаш быў абраны ў адным з суседніх з Трансільваніяй і Марамурэшам раёне Малдовы
    ваяводам, заснаваўшы там нават сваю дынастыю, якая, праўда, пратрывала нядоўга. I ўсё ж мясцовыя румыны былі незадаволеныя вугорскім панаваннем і каталіцкім «місіянерствам», што падтрымлівалася Вугоршчынай. Гэтай сітуацыяй скарыстаўся іншы марамурэшскі румын на імя Багдан. У Марамурэшы ён быў ваяводам (г. зн. кіраўніком краю), хоць уваходзіў у групоўку тых, хто быў незадаволены вугорскім панаваннем. Урэшце Багдан падняў у Марамурэшы паўстанне, якое не згасала на працягу двух дзесяцігоддзяў (1342-1362), а потым на чале атрада з адной-дзвюх соцень праваслаўных князёў, пераваліўшы цераз горы, сышоў у Малдову. Малдоўскія жыхары прынялі яго прыхільна і, прагнаўшы Драгашавых нашчадкаў ды сваякоў, абвясцілі незалежнасць Малдовы ад Вугоршчыны. Так узнікла другая незалежная румынская дзяржава, якая захавалася да Новага часу. У 1365 годзе вугорскі кароль, сын таго, што быўразбіты Басарабам у бітве пры Пасадзе, паслаў супраць Багдана войска, але румынскі ваявода выйшаў пераможцам, умацаваўшы тым самым міжнароднае становішча сваёй краіны. Малдоўскія князі прызналі Багдана сваім «вялікім ваяводам», а яго нашчадак Раман I з 1390 года ўзяў сабе ганарлівы тытул гаспадара і «вялікага адзінаўладнага кіраўніка» Малдаўскай дзяржавы «ад горных вяршыняў да марскіх берагоў». Цягам некалькіх дзесяцігоддзяў войску малдоўскага