Гісторыя румынаў
Ёан-Аўрэд Поп
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 232с.
Мінск 2019
* Сучава былая сталіца Малдаўскага княства (1365-1565), сёння цэнтр аднайменнага жудэца ў Румыніі.
Вальныя соймы, або агульнадзяржаўныя сходы
Сярэднявечнае грамадства было падзеленае на станы (або прывілеяваныя групы), адасобленыя ад астатняй часткі непрывілеяванага насельніцтва, якая складала большасць. Да прывілеяваных груп ці станаў (саслоўяў) належала знаць (свецкія феадалы), духавенства і вольныя людзі, пераважна гараджане, якія самі зараблялі на сваё жыццё. У румынскіх дзяржавах структура станаў мела пэўную спецыфіку, бо, з аднаго боку, гарады ў іх былі яшчэ не дастаткова развітыя, а з другога, этнічны склад насельніцтва Трансільваніі быў досыць своеасаблівы. Так, у Валахіі і Малдове існавалі станы царкоўнікаў, феадалаў і дзяржаўных службоўцаў прыдворных, вайскоўцаў і гаспадаравай абслугі. Для вырашэння важных пытанняў уладар і яго рада склікалі вальны сойм, які фарміраваўся якраз з прадстаўнікоў духавенства, феадалаў (баяр) і вайскоўцаў. На сойме выбіраўся кіраўнік дзяржавы, прымаліся важныя гаспадарчыя і фінансавыя рашэнні, абмяркоўваліся мірныя дамовы і магчымасць прызнання васалітэту, вырашаліся пытанні, звязаныя з пачаткам або заканчэннем войнаў, вызначалася знешняя палітыка і да т. п.
Трансільванія не была цалкам незалежнай краінай, але таксама збірала свае асобныя соймы. Спачатку, да канца XIII ст., яны праводзіліся пад старшынствам трансільванскага ваяводы і на іх з’язджалася кіраўніцтва сямі камітатаў для вырашэння эканамічных, адміністрацыйных і, перш за ўсё, юрыдычных пытанняў. Неўзабаве разам са шляхтай на іх пачалі запрашаць і прадстаўнікоў саксаў, сэкеяў і румынаў (упершыню у 1291 годзе), і яны пачалі праводзіцца пры старшыняванні караля. Такім чынам соймы ў Трансільваніі ўжо ад пачатку мелі пэўную этнічную прыкмету, а з канца XV ст. набылі выразна нацыянальныя рысы. Гэтыя соймы прадстаўнікоў розных станаўназывалі таксама агульнымі сходамі. Аднак неўзабаве пасля поўнага заваявання Трансільваніі румыны, стаўшы народам падпарадкаваным, але застаўшыся праваслаўным (у сувязі з чым іх называлі «схізматыкамі»), пачалі дыскрымінавацца і ў XIV ст., за каралём Людвікам I Вялікім (1342-1382), былі ўвогуле выключаныя са складу ўдзельнікаў соймаў. Румынам не дазвалялася займаць кіроўныя пасады, бо яны не належалі да ліку «прывілеяваных», або, кажучы іначай, не мелі засведчаных дакументальна паўнамоцтваў -
так званых «прывілеяў». Кіраванне Трансільваніяй засталося ў руках трох станаў, або «аб’яднаных нацый» (што складаліся з набілітэту вугорцаў, саксаў і сэкеяў), якія спачатку называліся «братэрскім саюзам», а пазней «уніяй трох нацый».
Соймы з удзелам прадстаўнікоў розных станаў былі тымі інстытуцыямі, якія папярэднічалі сучасным парламентам, хоць іх чальцы не абіраліся, а прызначаліся згодна са знатнасцю паходжання, сацыяльным статусам і г. д. з прадстаўнікоў пэўных прывілеяваных груповак.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная будова
Усякая краіна складаецца звычайна з меншых тэрытарыяльных адзінак, якія могуць мець розныя назвы ад правінцый і дэпартаментаў да дыстрыктаў і камітатаў. Асобныя дзяржавы федэрацыі складаюцца нават з некалькіх краінаў, як, напрыклад, Германія, якую ўтвараюць федэральныя землі (ням. Land). Румынскія дзяржавы таксама падзяляліся на меншыя ўтварэнні, якія, як правіла, паступова аб’яноўваліся вакол палітычных цэнтраў, што існавалі да фарміравання цэнтралізаваных дзяржаваў. Адны такія ўтварэнні таксама называліся землямі (рум. tari ад лац. Теггае, землі), другія княствамі ці ваяводствамі. Пасля іх аб’яднання ў Малдове адзінкі, на якія падзялялася яе тэрыторыя, пачалі называць валасцямі, або цінўтамі (рум. Tinuturi), а ў Валахіі паветамі, або жудэцамі (рум. Judete). Цэнтрамі такіх тэрытарыяльных адзінках, як правіла, былі мястэчка (з рынкавай плошчай) ці крэпасць, дзе меў сядзібу прадстаўнік уладара. Адны паветы атрымлівалі сваю назву па імёнах рэк, на берагах якіх знаходзіліся (напр., Арджэш, Дымбовіца, Верхні Жыў (Горж), Ніжні Жыў (Долж), Бузэў, Прахава, Мотру і г. д.). Другія называліся Жалеш, Вылча, Балтэ, Ілфаў, Брэіла, Пэдурэц і г. д. Сярод воласцяў (цінўтаў) варта згадаць такія, як Бакэў, Баташань, Хацін, Чатаця-Албэ (сёння Білгарад-Дністроўскі), Ясы, Нямц, Роман, Тротуш, Сарока, Тутова, Цэціна, Кілія, Чарнаўцы, Лэпушна і г. д.
У Трансільваніі да яе заваявання вугорцамі і «гасцявой» каланізацыі ўсе землі належалі румынам, яны мелі свае княствы і герцагствы. Пазней на гэтых землях, падораных нобілям, вугорскае каралеўства ўтварыла камітаты з цэнтрамі ў старажытных крэпасцях, 94 | Гісторыя румынаў
якія некалі належалі мясцовым насельнікам, куды вугорскія каралі дасылалі сваіх прадстаўнікоў для кіравання камітатамі. На чале мясцовай улады ў кожным з сямі трансільвансжіх камітатаў (Унутраны Сальнок, Дэбыка, Клуж, Тўрда, Алба, Хунэдаара і Тырнава) стаяў ваявода. На захадзе ж рэгіёна, дзе таксама пераважала румынскае насельніцтва, камітаты непасрэдна ўваходзілі ў склад Вугорскага каралеўства (Біхор, Тыміш, Арад, Караш, Заранд, Сату Марэ, Марамурэш і інш.). Камітаты ўтвараліся паступова па меры здабыцця земляў з захаду на ўсход. Найбольш старажытныя камітаты, напрыклад, Біхор (найбліжэйшы да ўласна вугорскіх земляў), узніклі на пачатку XII ст., а найбольш познія, напрыклад, Тырнава (самы ўсходні), вядомыя з XIII ст. Кіравалі імі ад імя караля прадстаўнікі знаці (нобілі), якія і фарміравалі ўласныя ўладныя ўстановы і інстытуцыі. Найважнейшай сярод такіх інстытуцый быў камітацкі сойм, які збіраўся дзеля вырашэння мясцовых пытанняў, пераважна праўнага парадку. Паколькі трансільванскі ваявода склікаў вальны сойм усіх сямі камітатаў, асобныя камітацкія соймы тут пачалі паступова страчваць сваё значэнне і ператварыліся ў звычайныя судовыя паседжанні, а тое і зусім зніклі. Сем гэтых камітатаў былі згрупаваныя такім чынам, што па сутнасці ўтваралі адно тэрытарыяльнае цэлае.
Саксы, што жылі сярод румынаў пераважна на поўдні Трансільваніі, атрымалі ад вугорскага караля адмысловую тэрыторыю, якая пачала насіць назву «Сакскай зямлі», або «Каралеўскай зямлі» (бо была выдзеленая вугорскім каралём іх найвышэйшым уладцам). Першапачаткова яна была адным вялікім камітатам, але неўзабаве падзялілася на сем цэнтраў, або пасадаў (лац. sedes), ад якіх пазней аддзяліліся яшчэ два. Найважнейшым сярод іх быў горад Сібіў (лац. Cibinium, ням. Hermannstadt). Два сакскія дыстрыкты Брашоў (лац. Corona, ням. Kronstadt) і Бістрыца апынуліся ізаляванымі ад астатніх гарадоў-пасадаў. Вярхоўным кіраўніком саксаў вугорскі кароль прызначаў аднаго з кіраўнікоў камітатаў, што ўваходзілі ў склад Трансільваніі: часам ім мог быць нават трансільванскі ваявода. У кожным горадзе-пасадзе праводзіліся мясцовыя соймы, прадстаўнікі ад якіх накіроўваліся на вальны сойм усіх сакскіх гарадоў. У XV ст. у саксаў ужо была свая згуртаваная грамада, якая
называлася задзіночаннем {universitas) і адыгрывала вельмі актыўную ролю ў супольнасці трансільванскіх нацыянальных грамадаў.
Сэкеі, што жылі пераважна на ўсходзе Трансільваніі, таксама называлі сваю тэрыторыю паводле этнічнай прыкметы «Зямлёю сэкеяў», хоць разам з імі тут жылі і падпарадкаваныя ім румыны. Гэтая зямля таксама падзялялася на сем цэнтраў-«пасадаў», найважнейшым з якіх быў Адархэй (сённяшняя поўная назва АдархэюСэкуеск, Odorheiu Secuiesc, што значыць «Сэкейскі двор»), На чале іх стаяў прызначаны каралём магнат, якога часта выбіралі сярод трансільванскіх ваяводаў. Лад жыцця сэкеяў меў шмат агульнага з сакскім, хоць быў больш архаічным і не такім развітым. Сэкеяў было колькасна менш, чым саксаў; яны жылі ў горнай мясцовасці з халодным кліматам, не мелі гарадскіх паселішчаў і старадаўніх рамесных традыцый.
Румыны жылі ў Трансільваніі паўсюдна, але пасля іх заваявання і падпарадкавання Вугорскім каралеўствам ды наступнага наплыву вугорскага, нямецкага (сакскага) і сэкейскага насельніцтва афіцыйна не валодалі тут ніякімі тэрыторыямі, якія б належалі ім непасрэдна, хоць і спрабавалі стварыць свае аўтаномныя ўтварэнні. Іх шматлікія землі былі канфіскаваныя і раздораныя новым прышлым уладальнікам. Старажытнае тэрытарыяльнае ўпарадкаванне румынаў было перакроенае і пераразмеркаванае паміж навастворанымі камітатамі і гарадамі-пасадамі. I ўсё ж старыя традыцыйныя ўтварэнні княствы і ваяводствы не маглі быць знішчаныя хутка і цалкам, шмат якія з іх па-ранейшаму пазначаліся ў лацінскіх актах як «румынскія дыстрыкты» (лац. Districtus Valachorum) і захоўваліся ўнутры камітатаў і на землях, падораных саксам і сэкеям на працягу дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў. Цяпер маюцца звесткі пра амаль шэсцьдзясят такіх дыстрыктаў, палова з якіх знаходзілася ў Банаце напр., Хацэг, Фэгэраш, Марамурэш (адзінае румынскае ваяводства, цалкам ператворанае ў асобны камітат), Карансэбеш, Лўгаж, Бэюш, Медыэшул-Аўрыт і інш. У гэтых дыстрыктах румыны спрабавалі захоўваць свае адміністрацыйныя і судовыя інстытуцыі, асабліва пасля таго як былі пазбаўленыя тытула дзяржаўнай нацыі. Гарады ў румынскіх землях напачатку выглядалі як вялікія вёскі, хоць часам і яны былі абнесеныя абарончымі валамі і равамі. Але 96 | Гіапорыя румынаў
Фэгэрашская крэпасць
ў заходнім разуменні гарадское жыццё пачало прыходзіць сюды паступова разам з нямецкімі каланістамі. I таму да сярэдзіны XIV ст. ва ўсіх гарадах і мястэчках, якія на той час існавалі ў Вугошчыне і Трансільваніі (на лаціне іх называлі
civitates, па аналогіі з бургамі сярэднявечнымі замкамі), нямецкае насельніцтва пераважала. На чале кожнага горада стаяў галава (суддзя), пры якім існавала рада, складзеная з 12 законнікаў (прысяжных лаўнікаў). Тагачасныя гарады ў Вугоршчыне служылі каралю апорнымі пунктамі ў барацьбе з буйнымі феадаламі. У адрозненне ад Валахіі і Малдовы, дзе амаль ва ўсіх гарадах паступова пачало пераважаць румынскае насельніцтва, у Трансільваніі гарады заставаліся нямецкаю вотчынай, дзе паволі павялічвалася доля вугорскага насельніцтва, а вось румынам у гарадах і асабліва ў цэнтрах камітатаў сяліцца забаранялася.
Царква
У Сярэднявеччы чалавек не ўсведамляў жыцця па-за царквою і рэлігіяй. Таму царква мела вялікі ўплыў на грамадства, прычым не толькі ў духоўных, але і ва ўсіх іншых пытаннях ад права валодання зямлёй да вырашэння судовых зыскаў.