• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя румынаў  Ёан-Аўрэд Поп

    Гісторыя румынаў

    Ёан-Аўрэд Поп

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 232с.
    Мінск 2019
    65.28 МБ
    Некаторыя нават паходзілі з румынскіх родаў. Перыяд кіравання
    фанарыётаўдоўжыўся аж па 1821 год, але, нягледзячы наўзмацненне залежнасці ад асманаў, прыдунайскія румынскія княствы захавалі аўтаномію ва ўнутранай палітыцы, мясцовыя румынскія ўстановы не былі абмусульманеныя, таму і з гэтага гледзішча яны засталіся хрысціянскімі краінамі.
    9.2.	Унія трансільванскіхрумынаў з каталіцкай царквой
    Новыя палітычныя перамены, якія завяршыліся ўсталяваннем аўстрыйскай улады, не сустрэлі прыхільнага прыёму ў шматлікіх палітычных колах «вызваленых» краінаў. Асабліва незадаволеным было насельніцтва Трансільваніі й Вугоршчыны, у асяроддзі саксаў і вугорскіх нобіляў шырыліся беспарадкі. Найбуйнейшае антыгабсбургскае паўстанне ўзначаліў Ферэнц II Ракацы (1703-1711), у ім бралі ўдзел самыя шырокія пласты насельніцтва, і, апроч таго, яго падтрымалі Францыя і Расія. Прысутнасць новай улады адчувалася трансільванцамі самым непасрэдным чынам, яна абяцала стаць нават болей жорсткай, чым асманскі пратэктарат, які быў болып фармальным і апасяродкаваным. На пачатку румыны выразна не ўяўлялі, як праявіць сябе новая ўлада, але кожны цешыў сябе надзеяй на пэўныя змены ў старой структуры. Габсбургская імперыя магла стаць чыннікам раўнавагі, адмяніць або паменшыць дыскрымінацыю, прызнаць таксама румынаў за раўнапраўных грамадзян дзяржавы, нароўні з ужо афіцыйна прызнанымі нацыямі. I магчымасць гэтага ўзнікла адразу з увядзеннем у практыку рэлігійнай палітыкі Габсбургаў.
    Аўстрыйцы спалучалі вайсковую сілу са сродкамі ідэалагічнага ўздзеяння, бо лічылі, што побач з войскам, дзяржаўным апаратам і кіроўнай дынастыяй важную ролю ў ажыццяўленні ўладных функцый на новых тэрыторыях павінна адыгрываць і царква. Вядома, тут мелася на ўвазе каталіцкая царква, г. зн. рэлігія роду Габсбургаў і большай часткі падданых іхняй імперыі. Але ў Трансільваніі каталіцкая вера была пашыраная менш за астатнія. У каталікоў не было нават біскупства, бо пераважная большасць святароў прыняла Рэфармацыю, і былая маёмасць рымскай царквы была канфіскаваная пратэстанцкай дзяржавай. Езуіцкія манахі (ордэн езуітаў, адмыс-
    лова заснаваны Святым Прастолам у XVI ст. дзеля аднаўлення былой магутнасці каталіцызму) растлумачылі імператару стан рэчаў, прапанаваўшы для яго паляпшэння наступныя крокі: любыя намаганні наноў навярнуць пратэстантаў (г. зн. былых каталікоў) у каталіцызм не будуць мець прыкметнага поспеху, бо сапраўдных каталікоў тут мала менш за траціну насельніцтва, а яго большую частку складаюць дыскрымінаваныя праваслаўныя румыны, якія дзеля атрымання пэўных правоў пагадзіліся б на збліжэнне з каталіцызмам. Такое збліжэнне, на думку яго ініцыятараў, дало б аўстрыйцам як мінімум падвойную перавагу: з аднаго боку, гэта абмежавала б празмерную ўладу і ганарыстасць станавых сходаў, асабліва вугорскіх нобіляў, а з другога ператварыла б румынаў у вернападданых імперскай кароны. Вярхі станавых сходаў адчувалі небяспеку і выступалі супраць уніі, спрабуючы перацягнуць увагу румынаў да пратэстанцкіх веравызнанняў, асабліва да кальвінізму. Кальвінісцкі пратэктарат над румынскай царквой у Трансільваніі быў даўнім (з 1550 года) і меў на мэце цалкам ліквідаваць візантыйскую
    Афанасій Ангел, былы праваслаўны мітрапаліт, першы біскуп Румынскай уніяцкай царквы ў Трансільваніі
    традыцыю, якая нараджала апазіцыйны рух. Акрамя таго, далучэнне румынаў да рэфарматарскага руху ішло насуперак жаданню венскага двара, які не быўу гэтым зацікаўлены. Таму ў 1697-1701 гг. у Вене было распрацавана некалькі дакументаў, сярод якіх некаторыя сталі сапраўднымі дамовамі, дзе прадугледжвалася, што румыны прызнаюць прыярытэт Папы Рымскага і прымаюць некалькі дробных пачаткаў каталіцкага веравучэння, а ўзамен за гэта захоўваюць свой візантыйскі абрад, царкоўны каляндар, звыклыя святы ды звычаі
    й атрымліваюць пэўныя правы: у прыватнасці, румынскія святарыўніяты (якіх да уніі лічылі рабамі) становяцца раўнапраўнымі са святарамі іншых пашыраных у Трансільваніі веравызнанняў, што забяспечвае таксама роўнасць усёй румынскай нацыі з вугорцамі, саксамі і сэкеямі. Пра гэта абвяшчалася ў двух імператарскіх дыпломах (маніфестах) за 1699 і 1701 гг. Новую царкву, у сваёй аснове праваслаўную, або візантыйскую, з пэўнымі рысамі каталіцкага веравучэння, пачалі называць грэка-каталіцкай (тут «грэцкі» азначае праваслаўны). Яшчэ раней унію прынялі русіны (украінцы) і асобныя румыны з заходніх земляў (асабліва з Біхора і Сатмара). Здавалася б, пасля стагоддзяў прыгнёту і цяжкай дыскрымінацыі гэты фармальны акт нарэшце даваў трансільванскім румынам роўныя правы з іх гаспадарамі і тым самым надзяляў новаю годнасцю. Але пагадненне не было вытрыманае з той простай прычыны, што Аўстрыйскі Двор, сутыкнуўшыся з жорсткай апазіцыяй вугорскага набілітэту, не змог гарантаваць румынскай нацыі абвешчанай роўнасці. I тады расчараваныя румыны, са свайго боку, адмовіліся цалкам пераходзіць у новую веру. Праўда, амаль шэсць дзесяцігоддзяў (1700-1761) трансільванскіх румынаў афіцыйна называлі грэка-каталікамі «аб’яднанымі з Рымам», хоць цалкам такога аб’яднання так і не адбылося. У гэты перыяд румыны мелі толькі адну міжкарпацкую епархію ў рангу епіскапства, хоць раней у іх была мітраполія. Там, дзе насельніцтва імкнулася захаваць традыцыйнае праваслаўе, здараліся сутычкі, часам нават даволі жорсткія, што ўрэшце прывяло да паўторнага прызнання царкоўнай іерархіі румынаў-неўніятаў, якіх асабліва шмат заставалася на поўдні Трансільваніі (у раёнах Брашова і Сібіў). У выніку ў 1759-1761 гг. румынская праваслаўная царква ў Трансільваніі адрадзілася ў статусе епіскапату. Разам з тым, што б ні казалася пра румынскіх грэка-каталікоў, іх вярхі, якія атрымлівалі адукацыю ў Вене, Рыме, Будзе або Трнаве (горад у сучаснай Славакіі), падрыхтавалі і распачалі нацыянальна-палітычную барацьбу за сваё вызваленне, заснавалі ў горадзе Блаж вышэйшую школу для адукацыі сваёй нацыі (1754), з асяроддзя ўніятаў-румынаў выйшлі некалькі пакаленняў выдатных інтэлектуалаў і палітычных дзеячаў, выхаваных у тагачасным цэнтральнаі заходнееўрапейскім асветніцкім духу.
    9.3.	Рэфармацыя
    Як аўстрыйцы, так і фанарыёты спрабавалі рэфармаваць вышэйшае грамадства ў адпаведнасці з правіламі асвечанага абсалютызму, часам нават трымаючыся фармулёўкі аднаго з яго галоўных герояў: «усё для народа, нічога за кошт народа».
    Трансільванія была прынцыпатам (з 1765 г. вялікім прынцыпатам) у складзе Габсбургскай імперыі, кіраваў ёю губернатар, бо прынцэпсам цяпер быў сам венскі імператар. Станавыя сходы страцілі сваё значэнне, іх дзейнасць была абмежаваная і склікаліся яны нячаста. У 1740-1790-х гг. імператрыца Марыя Тэрэзія і імператар Ёзэф II ажыццявілі шырокі спектр рэфармацыйных захадаў, якія заключаліся ў рэарганізацыі вытворчых сілаў і вытворчых адносінаў, у рэлігійнай талерантнасці (нават да праваслаўных), у мадэрнізацыі адукацыі, у новым адміністрацыйным падзеле краіны, у ліквідацыі сярэднявечных аўтаномій прывілеяваных нацый (у прыватнасці, вугорскіх, сакскіх і сэкейскіх нобіляў), у аддзяленні выканаўчай улады ад судовай і г. д. Дзяржава ўмяшалася ў адносіны паміж
    Імператрыца Марыя Тэрэзія
    Імператар Ёзэф II
    нобілямі і сялянамі і, спрабуючы абмежаваць панскія злоўжыванні, устанавіла паншчыну (абавязковую працу) тры-чатыры дні на тыдзень, яна ператварыла звычайных грамадзян у спраўных падаткаплатнікаў, пачала прыцягваць іх да вайсковай службы і да т. п. У канцы стагоддзя (1785) імператар адмяняе асабістую залежнасць сялян і гэтым паляпшае іх становішча. Румыны, а большасць з іх адносіліся якраз да самага бяспраўнага сялянства, таксама пачынаюць адчуваць перавагі новых рэфарматарскіх захадаў: аднаўляецца праваслаўная царква, румыны атрымліваюць роўныя правы з саксамі, права сяліцца
    Канстанцін Маўракардат, з перапынкамі шэсць разоў гаспадар Валахіі і чатыры разы Малдовы
    ў гарадах (пасля стагоддзяў забароны), займацца рамёствамі, жаніцца без згоды гаспадара, яны перастаюць, як прыгонныя, быць «прымацаванымі да зямлі». Уздоўж горнай грады ў Трансільваніі і Банаце пачалі фарміравацца памежныя палкі і батальёны, што было варожа ўспрынята сэкеямі, але станоўча румынамі, бо паступленне на ваенную службу, калі не вяло да смерці ў баі, магло даць асабістую свабоду (прыгонныя румыны, якіх забіралі ў войска, станавіліся вольнымі людзьмі). Кансерватыўным набілітэтам такія змены ўспрымаліся як «рэвалюцыйныя» і выклікалі ў яго супраціў. Румынам жа асветніцкія рэформы давалі надзею.
    Гаспадары-фанарыёты, асабліва з дынастыі Маўракардатаў, таксама былі пачынальнікамі шэрагу рэформаў, упершыню апісаных у парыжскім часопісе «Mercure de France» («Французскі Меркурый») пад назваю Канстытуцыя. Праз увядзенне сацыяльных рэформаў дзяржава ўмешвалася ў дачыненні ўласнасці і адмяняла прымацаванасць да зямлі (асабістую залежнасць) прыгоннага селяніна, які зноў набываў права свабоднага перамяшчэння. I ўсё ж за селянінам
    захоўваўся абавязак бясплатна адпрацаваць на феадала пэўную колькасць дзён, якая была ў дзесяць разоў меншая, чым у Трансільваніі, і таму шматлікія трансільванскія румыны пераходзілі цераз Карпаты й сяліліся ў Валахіі ды Малдове. У той час у паўднёвых і ўсходніх прыгор’ях Карпатаў было заснавана нямала сёлаў «вугорцаў», г. зн. трансільванскіх румынаў, якія прыбылі з «Вугорскай краіны», і гэты факт сведчыць пра рэальна дамінантную тэндэнцыю перасялення трансільванскіх румынаў у Валахію і Малдову. Падатковая рэформа замяніла шматлікія выплаты адзіным фіксаваным гадавым і індывідуальным падаткам, выплата якога размяркоўвалася на чатыры часткі. Дзякуючы адміністрацыйнай рэформе пачалі аплачвацца службовыя пасады і праведзена мадэрнізацыя дзяржаўных установаў. Часам і Валахіяй, і Малдовай кіраваў адзін і той самы гаспадар-фанарыёт, які праводзіў агульныя (тоесныя ці падобныя) рэформы ў абедзвюх дзяржавах, рыхтуючы такім чынам палітычнае адзінства дзвюх гэтых краін.
    9.4.	Спрэчкі вакол «усходняга пытання»
    Нягледзячы на зацікаўленасць у правядзенні рэформаў і мадэрнізацыі і нават ажыццяўленне канкрэтных крокаў у гэтым кірунку, Цэнтральная і Паўднёва-Усходняя Еўропа па-ранейшаму моцна цярпела ад варажнечы і ўзброеных канфліктаў паміж дзяржавамі. Асманская імперыя ператварылася ў «вялікага хворага Еўропы», яна ўжо не магла ўладарыць над велізарнымі тэрыторыямі й хрысціянскімі народамі, якія яна заваёўвала пачынаючы з XIV ст. Прычынамі гэтага сталі і ўнутраная слабасць Турцыі, і глыбокі крызіс асманскага грамадства, і імкненне заваяваных народаў да нацыянальнага вызвалення, а таксама спрэчкі сярод вялікіх дзяржаваў у барацьбе за перадзел спадчыны асманскіх султанаў. На пярэднім плане канфлікту, які пачалі называць «усходнім пытаннем», стаялі Аўстрыя і Расія, а само пытанне зводзілася да адказу: каму з гэтых дзяржаваў валодаць тэрыторыямі, якія ўжо не магла ўтрымліваць Турцыя? Румыны, як і некаторыя іх суседзі, нямала пацярпелі ў выніку гэтых разборак, але таксама пастараліся атрымаць з іх сякія-такія перавагі. I ўсё ж чарада расійска-аўстрыйска-турэцкіх войнаў 1716-1812 гг., якія 138 | Гісторыя румынаў