I чарам сніцца чалавек...
Міфалагічныя апавяданні
Ганна Навасельцава
Выдавец: Віцебская абласная друкарня
Памер: 272с.
Віцебск 2016
— Сваячкі даражэнькія! Будзем радзіцца як след! — запыніў тую гамонку лясун. — Нездарма ведае чорны камень змовы нашыя цёмныя. Будзьма і цяпер рабіць усё ладна! Трэба не сілай, але хітрасцю...
Ды толькі ён так мовіў, як над лесам яшчэ грамчэй разнеслася:
— Мы асілкі людскай волі!
Гоп! Гоп! Гоп!
Будзе нечысць скакаць у полі!
Гоп! Гоп! Гоп!
— Гэта ўжо пра нас! — крэкнуў гаёвы. — Маўляў, прасторныя гаі высечам, будзеце скакаць у чыстым полі ды пад нашу дудку! — а ў дудках ён быў вялікі мастак.
— Жах! Жах! — запішчэлі гаёўкі. — He хочам у полі! Там не так прыгожа! I там халодна!
— Ды пачакайце вы! — не сцярпеў такой валтузні шэры. — У сказе тым вяшчунства пра дванаццаць асілкаў, дванаццаць зорных хлопцаў. А тут толькі двое, ды другі нейкі нялюдскі: вусаты-паласаты ды, як і я, хвастаты.
Усе лесуновы сваякі ці то няўважліва слухалі, ці то недачулі, але напалохаліся яшчэ болей.
— Ох! Хвастаты! — загаласіў карузлік. — Цяжка нам прыйдзецца...
Хіжага ў лесе не любілі ды баяліся. I ніхто не хацеў сустракацца з такім, як ён. Хай сабе падобныя яны былі адно шэрымі пушыстымі хвастамі.
I ўжо зусім недалёка ад чорнага каменя:
— Мы асілкі знакаміты!
Гоп! Гоп! Гоп!
Будзе нечысць сеяць жыта!
Гоп! Гоп! Гоп!
— Гэта яны! Яны! — уздыхнуў пушчавік. — Я не сказаў вам, чаго яшчэ напрадказваў чарадзей... Тыя, зорныя, змусяць нечысць служыць людзям. Я не ведаю, што ды як. Але добра памятаю: у тое імгненне здраднік смяяўся!
— Можа, таму, што проста быў у гуморы? — глянуў на пушчавіка шэры.
— А ты сёння занадта гаваркі, — кінуў шэраму лясун. — Звычайна слоўца не скажаш, а тут...
— А тут не жарты, трэба і пагаварыць, — цвёрда мовіў шэры.
— I тое праўда! — лясун заўзята пляснуў замшэлымі далонямі. — Ну, пагаварылі і вось што вырашылі. Ты, шэры, у нас самы дужы на ногі. Цікуй за гэтымі... ці то зорнымі, ці то не... А мы іх на злом паспрабуем! Як сапраўдныя асілкі, то і нечуванае-нябачанае раней зробяць!
— Чаго б такога прыдумаць? — усе чакальна паглядзелі на пушчавіка, ды першым азваўся бацюхна-касалапы.
— А вось што... Гыррр!
Тым часам зрабілася ўжо відна, дык чарадзейны кот і яго гаспадар, праспяваўшы як не ўсю ночку, паклаліся пад кустом спаць. Сонейка цёпла грэла бакі, трава пад ракітай была шаўковаю, таму адпачывалася ім яшчэ лепей, чым у сваёй хаце. Толькі нядоўга сябрам-змоўшчыкам сніліся салодкія сны. Халодная крынічная вада намачыла аднаму поўсць, а другому адзенне.
— Мяў! Утапілі! — знянацку падскочыў кот ды зачапіўся пярэднімі лапамі за самую нізкую ракітавую галіну.
— Каравул! Забілі!!! — падскочыў і гаспадар, але да галля не дастаў.
— А чаму тады я цябе бачу? Мяў!
— I на небе ад цябе не пазбавішся!
— Дык, можа, ты ў пекла патрапіў, то і бачыш мяне! Сумленне тваё ці зварухнулася? Катка свайго, мяне, значыць, не шанаваў, не карміў!
— А ты чаго не кормлены, не шанаваны ў пекла патрапіў? Га?
— He, я ж на небе! Вось бачыш! — паматляў кот у паветры заднімі лапамі, пярэднімі ўсё яшчэ трымаючыся за галіну.
— To зараз я цябе, нябеснага, за хвост ды на зямлю! Праз цябе мы саслізнулі ў крыніцу!
— Пачакай! — кот сам гопнуўся долу. — Тут памеркаваць трэба. Спалі-спалі ды саслізнулі ў крыніцу, хоць яе самой ані блізка. Нешта я раней не чуў пра такое...
— Сапраўды, трэба крыніцу адшукаць! Схавалася ад нас! — адумаўся і гаспадар.
Сталі шукаць крыніцу, шлындуючы туды-сюды каля ракіты. Халоднае не знайшлі, але кот заўважыў нейкую дзіўнаватую бабулю, якая і не хавалася. 3 белай хусцінкі вытыркаецца мядзвежы нос... Спадніца, андарак. Ды відаць мядзвежыя лапы. Кошык трымае, з якім па ягады ходзяць, адно ягад там няма. Прыкульгвае, сваё балбоча:
— Вы мае саколікі ясныя! Бачу, ляжаць ужо нежывыя пад ракітай. Няхай маладзенькія ўстануць! Ды паліла жывою вадою. Як добра, што з сабою мела. To вы і прачнуліся, як з магілы ўсталі.
— Дзякуемтабе, старэнькая, задабрыню! — прачуліўся катоў гаспадар. — Так і спалі б далей, каб не ты...
— Вось-вось, спалі. А не сушылі б цяпер адзенне, — кот быў зусім не такі ўдзячны.
— Якое такое адзенне, каток? — удаў ласку гаспадар. — Ты ж яго не маеш! — і прытупнуў на няветлівага вусатага.
— Дзякуй, бабулька, што ты нас ажывіла, хоць мы і так былі жывыя! — кот нізка пакланіўся. — А ты часам не хворая? Зусім, гляджу, змядзведзілася...
— А мой ты саколік! Па лесе мядзвежым хадзіла, ягады збірала і з таго сама, як мядзведзіха, стала...
— Вось жа бяда прыдарылася! — шчыра паспачуваў катоў гаспадар.
-А ты ліні той жывой вады на сябе! — парадзіў кот. — Калі жывым зрабіць можа, то ж і ачалавечыць...
— А мне ўжо, старой, і так добра.
— Ну, добра дык добра! — быццам пагадзіўся кот, а сам з бабулі вачэй не зводзіць.
А тая ж — сама дабрыня. Мядком іх частуе, пра здароўечка пытаецца, а найболей — куды шлях трымаюць ды што рабіць мусяць. Кот памоўквае, а вось гаспадар пагаварыць рады... I што асілкі яны слаўныя, цудаў-юдаў зваявалі — не злічыць... I што ідуць яны так сабе, адно дзе нечысць пабачаць, там яе і б’юць. Якім чарцям рогі не зламалі, тым яшчэ зломяць!
Сцепанулася бабулька ад такіх страшных показак.
— Вы ешце мядок, ешце. Праўда, хлебца ў мяне няма... A так, дзякаваць, многа і не з’ясі! Гыррр! Каб вам горка было! Вось што, саколікі! Вы нечысць б’яце голымі рукамі, вы і чарадзейнага вепрука злавіць здолееце!
— А што за вяпрук? — адразу спахапіўся катоў гаспадар.
— А лычом скародзіць, нагамі барануе, вушамі сее і вее! Дзе ён прабяжыць — хлеб гарою ляжыць. Толькі злавіць яго цяжка...
— А чаго ж! — не спалохаўся катоў гаспадар. — Злавіць яго — справа! Будуць людзі з хлебам. Кажы, бабулька, што ды як...
А тая ж толькі гэтага і чакала! Давай баяць, як па зорам глядзець, праз чортаў мост перабрацца, у дрыгве не застацца... Сказаўшы ўсё чынна, зараўла сапраўдным мядзведзем ды пабегла ў лес.
— I дзіўная ж нейкая! Але добрая... — здзівіўся катоў гаспадар.
— Дурань ты! — зазлаваў кот. — Гэта не бабуля, а мядзведзь сапраўдны. He трэба нам таго вепрука лавіць! Няхай і далей за чортавым мостам бегае.
Ды гаспадар як зацяўся. Пайшлі лавіць — і ўсё тут! Колькі яГо кот ні прасіў — не дапамагло.
— Ну, добра! — нарэшце пагадзіўся каток. — Аднаго цябе я не кіну, бо прападзеш. Пойдзем разам!
А чаго ім доўга марудзіць? Узялі ды пайшлі. Надта не спяшаюцца, ежу сабе здабываюць, стомяцца — адпачываюць. Ці доўга ці мала ішлі, ды стаў лес такім высокім, густым, што і сонейка не відаць. Адны зоркі свецяцца. I ноччу, і днём. Гэтакая глушэча. Кот насцярожана вусамі водзіць, а гаспадар яго радуецца, маўляў, правільным шляхам ідзём...
Совы вухаюць, ценямі пад зорамі мільгаюць. Галіны калючыя, нібы жывыя, да падарожнікаў цягнуцца-цягнуцца... Нешта галёкае, крычыць, варушыцца ў непраглядных хмызняках. Хто? Што? Каб жа ведаць! А тыя крочаць сабе дый годзе... Наперадзе кот, а за ім гаспадар.
— Глядзі, каток! Якія зоркі высокія, як быццам сінія! — не можа наглядзецца на неба чалавеча.
— Гляджу, гляджу, — адказвае, азіраючыся па баках, кот.
— Мроіва ад іх чарадзейнае па зямлі сцеліцца, як нам сцяжынку значыць. Прыгажосць якая!..
— Прыгажосць, прыгажосць, — а сам то наперад крутанецца, то назад азірнецца.
— Ах! Якое дзіва, каток! Дзве зоркі жоўценькія з неба ўпалі і як быццам да нас па зямлі бягуць!
— Дзе жоўценькія зоркі? Што? Як? Навошта? — кот спалохана ўскочыў гаспадару на рукі ды абшчаліў лапамі за шыю. — Уцякайма што сілы!
Як загадаў кот, то гаспадар і пабег. Праз дрэвы паваленыя скача, а дзве зоркі міргаюць і за ім коцяцца. У калючае кустоўе ўбіўся, але выкараскаўся ўтрая хутчэй, як піыбаваў дагэтуль, a дзве зоркі паспяваюць... 3 гары пакаціўся, у канаву ўваліўся. Тут дзве зоркі і зніклі.
— Вылазьма хутчэй! — крычыць кот.
Торкнуліся яны туды, торкнуліся сюды — вылезці ніяк не могуць. Адно гаспадар нейкую кладку ў канавіне намацаў.
Ад няма чаго рабіць папаўзлі па гэтай кладцы: наперадзе гаспадар, а за ім кот. Слізгаліся-слізгаліся ды на нейкія купіны ўзбіліся. Азірнуўся чалавеча вакол — як ёсць балота! Адно зоркі сінія свецяцца над галавою... Узрадаваўся дый кажа:
— Слухай, каток! Правільным шляхам ідзём. Вось праз чортаў мост кульнуліся ды ў балоце апынуліся... Чуеш?
Але гэтым разам коцік не адазваўся. Напалохаўся гаспадар, стаў клікаць:
— Каток! Браток! Ты дзе падзеўся, паласаты? А каб цябе!
Нешта слізкае, выкачанае ў твані абшчапіла яго лапамі за шыю. “Ну! Капец мой прыйшоў! — падумаў катоў гаспадар. — Гэта ж ужо чэрці са мной братаюцца, перш чым у дрыгву зацягнуць... Нездарма ж за чортавым мостам пачынаецца чортава балота. Вось і катка майго паймалі. Дарэмна яго не паслухаў!”. Уздыхнуў чалавеча ды чакае смяротнай хвіліны...
— Мяў! — мяккія лапкі тузанулі гаспадара за каршэнь. — Як перабраліся праз чортаў мост, то пойдзем далей, гаспадарок! Па балоце яшчэ ісці няблізка.
— А ты ж мой вусаценькі! А ты ж мой паласаценькі!
— А што, гаспадар, як выберамся адсюль, ці будзеш мяне карміць-паіць і за мяне мышэй лавіць?
— А каб цябе, вусатага-паласатага, чэрці сцягнулі! Каб я ды цябе карміў-паіў ды яшчэ мышэй за цябе лавіў?!
— To ж я ў тваёй дабрыні не сумняваўся!
— Каток’
— Што, гаспадарок?
— А чаму мы пабеглі?
— А мы ад ваўка ўцякалі!
— To ж мы сапраўдныя-сапраўдныя асілкі! I ад ваўка уцяклі! I чортаў мост знайшлі! А казалі, што яго ніяк нельга ўбачыць. А тут усё проста!
— Дзіва, што проста! — пачухаў лапай патыліцу кот.
Пагаманілі так ды пайшлі далей. 3 купіны на купіну пераскокваюць, дрыгвяныя вокны абыходзяць. А з тых акон пара белая валіць, гусцейіпая за малако. У руку саўецца ды заграбучай жменяй цягнецца. Няпрошаных вандроўнікаў злавіць хоча. Тое ж не дзіва: пад чортавым балотам як ёсць пекла, дзе нячыстыя смалу вараць, самую з балота цягаючы. Вынырне з прорвы каторы, набярэ смалянога карчоўя, а пасля бултых назад. Яшчэ і падражніцца: маўляў, пачакайце, госцейкі дарагія, і вас паймаем, зацягнем! У смале зварым! Але не падаюць выгляду кот з гаспадаром, ідуць як ішлі... Наперадзе кот, а за ім гаспадар.
Ужо такая багна пад нагамі прыдарылася, што і ступіць цяжка. Месца сухога няма! Але не здаюцца вандроўнікі: кот вусамі водзіць, а гаспадар проста туды-сюды азіраецца, вепрука таго выглядае. Вось-вось, чакаюць, сярод балота з’явіцца неабсяжны жытнёвы палетак, а на ім жыта сцяной стаіць, вяпрук у жыце ляжыць. Задаволена рохкае... Але не відаць нешта ні таго вепрука, ні жыта, ні хоць бы якога прасвету ў балотнай чарнаце...