I чарам сніцца чалавек...
Міфалагічныя апавяданні
Ганна Навасельцава
Выдавец: Віцебская абласная друкарня
Памер: 272с.
Віцебск 2016
— I тое праўда! — зарыпеў пушчавік. — Выпрабаванні нашыя вам адно на карысць пайшлі. Асілак жа слаўны нікога пакуль са свету не зжыў. To, мабыць, і ёсць самы сапраўдны.
Мядзведзь з Охам-Вохам зладжана пераглянуліся:
— А мы такога, сапраўднага, даўно чакалі! Ох! Гыррр!
— Так яно, так! — ужо лагадней мовіў коцік. — Але ж ты, пушчавік, забыўся пра адно.
— Пра што гэта я забыўся? — пупгчавік хуценька зрабіў колькі крокаў назад і азірнуўся ў бок найцямнейшай пушчы. — Ты, шэры, не ведаеш, пра што я мог забыцца?
— А я не ведаю, пра што ты мог забыцца, — паглядзеў лясун на мядзведзя-бацюхну.
— Пра тое, на якім дрэве схаваў найсаладзейшы мядок? — паглядзеў касалапы на Оха-Воха. — He, пра гэта я памятаю.
— А ты не ведаеш, пра што я мог забыцца? — паглядзеў Ох-Вох на лесуна.
— Пра тое, чаго ты не памятаеш! — лясун цокнуў, як вавёрка. — Ты ж як удашся нябачным, то пра ўсё і забудзеш адразу’
— А я ведаю, пра што пушчавік забыўся! — пыхнуў шэры агнёвымі вачыма. — Пра тое, як дванаццаць зорных асілкаў у дрэвы абярнуў, у найцямнейшай пушчы схаваўшы!
— Адзінаццаць, — пушчавік паглядзеў на катка. —Дванаццаты ад мяне ўцёк!
— Дык ты ж казаў... — гопнуўся лясун з каменя на зямлю.
— Ды ці мала чаго я казаў... — паглядзеў на аблокі пушчавік. — Нешта нічога не памятаю...
— I чарадзея-здрадніка шукаў! Ох!
— А што яго шукаць? — пушчавік паглядзеў на шэрага. — Ляжыць вось сабе ў ваўчынай адзежыне. Асілкам гэтым нямытым дапамагаў, за намі цікаваў!
— А што за вамі цікаваць? — павёў хвастом шэры. — Як прычакаеш такіх, што не захочуць біцца, а стануць мірыцца, то адразу ўсіх і адчаруеш.
— Ды ўжо ж адчарую! — і пайшоў сабе па лесе. Дзе стукнуў, дзе грукнуў, аж паўсталі з адзінаццаці явараў адзінаццаць асілкаў.
Рукі да локцяў срэбраныя, ногі да кален у золаце, над брывамі зоркі гараць... Пакланіліся яны пушчавіку, сказалі ўдзячнае слова за ягоную мудрасць. Зарок далі, што не будуць на свеце адно бойкі шукаць, а будуць дапамагаць.
А найслаўнейшы асілак, каткоў гаспадар, між тым і кажа свайму катку:
— Ну што, мурзаты, пайшлі да хаты? Гэтыя хлопцы — сапраўдныя асілкі, а нам адно ў запечку сядзець. Чаго ж мы болей вартыя? Вялікія справы не для нас!
— Мяў! — загаласіў хвастаты. — Выхоўваў цябе, выхоўваў! Нават крапівой пярэсціў! Па карчы вепруковым скакаў, адно каб ты яго ў рукі ўзяў! I цяпер жа як мог шчыраваў, цябе па лесе ганяў! Ідзі з імі дванаццатым! Які табе запечак?!
Скача каток вакол гаспадара, сварыцца, лапкамі махае, a пушчавік на гэта глядзіць. А вусаты не сунімаецца:
— Я цябе, ці ведаеш, з печкі сцягну ды аб зямлю! Каб чалавекам быў. Адно б гуркі краў ды грады дратаваў! To гэта ж я тады суседзяў паклікаў! Вось зараз я цябе лапай!
I спрытна цягне да гаспадара лапу. Аж замест лапы — рука, да локця срэбраная... I хваста няма, і вусоў. I ногі да кален у золаце.
— Авой! — спужаўся каток. Ці ўжо не каток, а чалавек. — Як жа я цяпер буду скакаць ды лапамі ўсё хапаць?
— А не давядзецца болей шкоды чыніць! — пушчавік весела заварушыў галінамі. — У людской хаце цябе чары мае дагналі, то ў катка абярнулі, сілы на што іншае не маючы... А так бы дрэвам стаяў-сумаваў! Што ж, наймалодшы брат, будзеш трынаццатым! Будзеце ўсе разам па свеце хадзіць, каго сустрэнеце — здзіўляць, а справядлівасць — шанаваць!
Літаратурна-мастацкае выданне
Навасельцава Ганна Віктараўна
I ЧАРАМ СНІЦЦА ЧАЛАВЕК...
Міфалагічныя апавяданні
Рэдактар А.С. Казлоў
Тэхнічны рэдактар А.А. Ралавеп Дызайн С.С. Лапавухавай Вёрстка С.А. Уцінавай
Карэктар І.У. Марчанка
Падпісана да друку 15.03.2016. Фармат 62x84 */І6.
Папера афсетная. Рызаграфія.
Ум. друк. арк. 15,81. Ул.-выд. арк. 12,11. Тыраж 100 экз. Заказ 7497.
Выдавец і паліграфічнае выкананне: унітарнае паліграфічнае прадпрыемства “Віцебская абласная друкарня”. Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вырабніка, распаўсюджвальніка друкаваных выданняў:
№ 1/101 ад 2.12.2013, № 2/19 ад 26.11.2013.
Вул. Шчарбакова-Набярэжная, 4, 210015, г. Віцебск.
E-mail: vt@vitebsk.by
Навасельцава Ганна Віктараўна нарадзілася 11 мая 1983 года ў Віцебску. Скончыла факультэт беларускай філалогіі і культуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава (2006) і аспірантуру пры ім (2009). Кандыдат філалагічных навук, працуе на кафедры літаратуры ВДУ імя П.М. Машэрава.
Аўтар міфалагічнай аповесці "Святло зямлі Неўрыда” (2011), друкавалася ў абласных перыядычных выданнях, часопісах "Маладосць”, "Полымя", штотыднёвіку “ЛІМ", калектыўных зборніках.