I чарам сніцца чалавек...
Міфалагічныя апавяданні
Ганна Навасельцава
Выдавец: Віцебская абласная друкарня
Памер: 272с.
Віцебск 2016
— Слухай, каток! — гаворыць досыць стомлены гаспадар. — To мы, мабыць, не там шукаем... Чортаў мост быў пад зямлёй, то і вяпрук ці не ў нары якой хаваецца...
— Слухай, гаспадарок! Пад намі пекла! Думаеш, вяпрук там? Быць таго не можа! Каб чэрці яго злавілі, яны б хлеб людскі са свету зжылі! А хай сабе і так... Я ў пекла ані лапай!
— Слухай, каток! Ну чаго ты адразу? Пойдзем у пекла: чарцей зваюем, вепрука выратуем. Сам кажаш: за ім вядзецца людскі хлеб на свеце!
— Я табе, гаспадарок, і на зямлі сапраўднае пекла ўчыню! Сказаў жа! Ані хвастом у пекла! А каб цябе!
Прасіў-прасіў гаспадар, ды кот як зацяўся. He пайду ў пекла — і ўсё тут! Чаго толькі не абяцаў, нават мышэй за катка лавіць, — не дапамагло. Узлаваўся гаспадар, а кот яшчэ болей. “Я цябе, — кажа, — заваласы!” — “А я ж цябе за вусы!” — “Я цябе ў каршэнь!” — “А я цябе ў кішэнь!” — “Я табе нос абдзяру!” — “А я з цябе суп звару!”
Перагукваюцца так “зычліва” кот з гаспадаром, адзін другому жадаюць “найлепшага”, аж вынырвае з балотнага прадоння вялікі-вялікі чорт.
— Хто тут непакоіць маё валадарства? — гукнуў, аж рэха панеслася. — У пекла таго зацягну'
— Я трывожу тваё валадарства, — падскочыў катоў гаспадар. — Даўно хачу патрапіць да цябе ў пекла! Забяры мяне туды, забяры!
А кот жа тут як тут:
— He слухай, чорцейка, гэтага манюку! Гэтакім дурнем прыкінуўся, а сам вяльможны асілак! На зямлі як не ўсю нечысць звёў, дык у пекла хоча патрапіць, каб тое самае чыніць...
Чорт хоць і хітры, але разгубіўся:
— Нешта я не заўважаў, каб на белым свеце нечысці стала меней!
А кот яму ў адказ:
— А ці здаралася калі, каб чортаў мост знаходзілі ды пераходзілі?
— He, ніколі такога не было!
— А каб па чортавым балоце, як па сваім, хадзілі?
— I такога не было!
— To думай, рагаты-хвастаты! Рогі не шапку насіць!
Памацаў чорт рогі. I праўда, для чаго яны? Шапкі ж ён ніколі і не насіў. Горача ў пекле хадзіць у шапцы. Мабыць, для таго, каб палохаць... Дык гэтыя не надта і баяцца. Адзін зусім прычапіўся, што невядома, як ад яго адкаснуцца:
— А чорцейка! A мой залаценькі! Забяры ж мяне ў пекла, забяры! Збрыдзіў людскі свет, то пад зямлёю пабыць хачу! Буду там з катлоў смалу выліваць і вас, чартоў, за хвасты хапаць-вязаць. Падлічу, колькі тузінаў набярэцца.
— Трынаццаць! Тут і лічыць няма чаго! — вохнуў чорт. Гэта ж трэба дадумацца: іх, чартоў, за хвасты вязаць! Ну ўжо не, не патрэбны такі ў пекле. — А смалу з катлоў выліваць нельга...
— А раз нельга, то ён дацікуе і вылье! — махнуў кот лапай. — I да вядзьмаркі не хадзі!
— I чаго вы такія на маё балота прыцёгліся? — занепакоіўся рагаты-хвастаты.
— А цягаемся ўсюды так сабе, хаты не маючы, — цяжка ўздыхнуў каток. — Вось і падумалі вас, чартоў, выгнаць з пекла, а самім там жыць! У вас жа, мусіць, цёпла?
— Ды чаго думаць? He халодна! — адказаў за чорта катоў гаспадар.
— Хочаш, каля катла паляжы, — аж пацягнуўся ад задавальнення кот.
— А хочаш, вынырні на балота, ягад якіх назбірай, — летуценна прамовіў катоў гаспадар.
— У гэтым балоце ніякіх ягад няма! — уткнуў сваё чорт.
— Нічога, будуць! — кот прытупнуў лапай. — Зваюем вас, дык будзеце не смалу варыць, а ягаднік, нібы кветкі, садзіць...
— А хочаш, вынырні на балота, спеў птушыны паслухай, — зноў марыць катоў гаспадар.
— На гэтым балоце птушкі не пяюць! Няма іх! — асцярожна павёў сваё чорт.
— Нічога, будуць аж залівацца! — кот прыскокнуў на месцы. — Зваюем вас, чарцей, дык і птушкі на балота вернуцца... Будзеце ім гнёзды віць!
— А яшчэ, — замілавана ўздыхнуў чалавеча, — будзем па балоце хадзіць, песні спяваць, людзей склікаць!
— Ды не было тут ніколі людзей! — зніякавеў чорт. — Тут жа пекла блізка!
— Будуць, будуць людцы, — кот па-заліхвацку ўскочыў на нейкі корч-выварацень. — Будуць хаты будаваць, будуць песні спяваць, а вы, чэрці, будзеце ім слугаваць! — ды лапамі ў бакі разводзіць, маўляў, уяві сабе, калі зможаш.
— Слухайце, вандроўнічкі! — сабраўся чорт на гаворку. — Дамо вам золата, адно ідзіце адсюль!
— А многа золата? — заблішчэлі вочы ў ката.
— Ды цэлую торбу! За меней вы адсюль не пойдзеце, — сумна прамовіў чорт ды нырнуў у балота.
Неўзабаве цягне торбу золата. Бярыце, кажа, адно каб я вас тут болей не бачыў. Падхапіў кот чортаву торбу, а гаспадар:
— Так сабе не пайду! Вось гэты выварацень, на вепруковую галаву падобны, забраць хачу!
А чорту што? На яго балоце карчоў процьма. Бяры, кажа, ды ідзі.
Ды катоў гаспадар зноў сваё. Напярод, кажа, слова чартоўскае дай, што гэтага карча ў мяне назад не папросіш. Надакучыла чорту гэтакая цягамоціна. Ды ёсць табе маё чартоўскае слова, аж крычыць. Адно пакінь мяне ды маё балота ў спакоі.
To чалавеча падхапіў пад паху свой корч, а кот торбу закінуў за плечы ды рушылі назад. Ці многа ці мала ішлі, але мінулі балота, перайшлі цераз мост, вось і зорны лес за спінаю застаўся. Неяк сумна зрабілася катову гаспадару...
— Слухай, каток! Што мы ўсё маўчым? Хоць слоўцам перакіньмася!
— Мне з табой, з пякельнікам, гаварыць няма пра што. Радуйся, што жывым вяртаешся!
— Я і радуюся! А ты, каток, першы з дурняў!
— Чаму гэта?
— А золата цягнеш!
— А ты, гаспадарок, першы з разумнікаў!
— Чаму гэта?
— А гнілы корч цягнеш!
— Пачакай, пачакай яшчэ крыху! — смяецца чалавеча. — Да якой вёскі выйдзем, пабачым, чый будзе здабытак!
I што вы думаеце? Як толькі выйшлі кот з гаспадаром з лесу, то чортава золата ўсё ў гнілушкі і перакінулася...
— Мяў! Гора мне, вусатаму, гора... Цягнуў гэтакую цяжкую торбіну. I дарэмна ўсё! — загаласіў каток.
— Рохк! He тужы, коце! — стаіць перад катом ды яго гаспадаром сапраўдны вяпрук, ад гнілога карча — ані звання. — Я па свеце бегаў, ад нячыстай сілы ў яе ж хаце хаваўся, а праз кемлівасць твайго гаспадара цяпер выбаўлены...
— Яно! Чортава слова! — аж падскочыў коцейка. — Гэтага карча — цьху, вепрука — не папросяць назад!
— Цяпер я нячыстых не баюся! Буду па свеце свабодна пахаджваць, людзям хлеб ды радасць падладжваць! А вы што будзеце рабіць?
— I мы яшчэ па свеце паходзім! — адказаў каткоў гаспадар. — Ну што, вусаты, чый здабытак большы?
— Ды твой ужо! Твой, — лагодна адказвае каток.
Пабег вяпрук сваёй дарогай, а коцік з гаспадаром рушылі сваёй. Ізноў ім выпаў лясны шлях, бо, ведама ж, лясоў у нас вядзецца багата. Ды толькі яны з першымі дрэвамі параўняліся, а лясун тут як тут, з-за елкі выглядае, да зямлі прыпадае, нежаданых гасцей прагнаць хоча. Зіркнуў раз-другі ды з усіх ног да чорнага каменя, сваякоў сваіх зноў кліча.
— Ну і што, родненькія, будзем рабіці? Ходзяць тыя асілкі па зямлі, як хадзілі... — зажурыўся лясун.
— Ox! Мабыць, яны сапраўдныя. Трэба нам хутчэй уцякаць! Ай! Чаго б’ешся, бацюхна-касалапы?
— Я табе ўцяку! Забыўся, што мне бегаць цяжка?
— А мне што? Бяжы, як хочаш! Хоць на чатырох лапах куляйся!
— На чатырох толькі звяры бегаюць! — зароў бацюхна. — А я табе не абы хто! Я шанаваны! Найстарэйшы мядзведзь!
— А нам лёгка ды спрытна бегаць! — запішчэлі гаёўкі. — Толькі мы не хочам уцякаць! Мы яшчэ кветкі-краскі не ўсе сабралі!
— А мне няма калі бегаць! — клапатліва ўздыхнуў гаёвы дзед. — Я смык новы да скрыпкі майструю. Як прыйдзе вясна, тады зайграю, ад таго зашуміць маладое лісцейка так спеўна, як ніколі!
— А мне ёсць калі бегаць і ёсць куды! — паважна мовіў пушчавік. — Ад цёмнай пушчы праз поле ды праз вёску да найцямнейшай пушчы!
— Ты лясамі ідзі! Так цябе людзі не згледзяць. A то ходзіць вячысты дуб, нібы жывы... Яшчэ напалохаюцца, — знайшоўся лясун.
— He! Праз поле ды вёску мне карацей. А што напалохаюцца, тое нічога. Хоць песню якую пра мяне складуць.
— А тых, што пра цябе ўжо пяюць, няўжо мала? — не змаўчаў гаёвы дзед, які меў на пушчавіка крыўду за тое, што пушчы шануюць болей, чым яго гаі.
— Што маўчыш, шэранькі? — звярнуўся лясун да шэрагахіжага як да апошняй спадзяванкі. — Ты за асілкамі тымі следам хадзіў, можа, уведаў чаго?
— Хадзіў след у след! Перайшлі яны чортаў мост, што дагэтуль не ўдавалася нікому. Вепрука чарадзейнага выбавілі, чарцей добра напалохалі, з чортавага балота жывымі вярнуліся. Што ж мне сказаць? Паважаю! — спакойна азваўся шэры.
— I я паважаю... — слабенька гыркнуў мядзведзь-бацюхна. — Хоць і баюся...
— А я не баюся! Ох! Ох! Ох! — заскакаў задаволены карузлік, выхваляючыся, забыўся, што толькі-толькі хацеў уцякаць. — Mary рабіцца нябачным, то і не баюся...
— Што ж нам рабіць? — кумекаў так і сяк лясун. — Калі не баішся, то гэтак напалохай, каб яны пра тое, што асілкі, забыліся!
— А і напалохаю! — радасна падскочыў Ох-Вох. — Такая справа мне за гонар! Я хоць і маленькі, але ўчыню ўсё лепей за вялікіх! He толькі на яве палохаць магу, але і сны страшныя насылаць. Такую жудасць начарую, не тое што некаторыя... У хусцінку ўкруціліся і чакаюць нечага!
I зневажальна паглядзеў у бок мядзведзя.
Пакуль лясун са сваякамі радзіўся, ішлі сабе далей кот з гаспадаром. Клопату не маючы, нічога не ведаючы і не дбаючы. Сонейка летняе за край зямлі закацілася, то і асілкі нашы самыя сапраўдныя стаміліся ды паляглі спаць. Адразу ж гаспадар моцна захроп, а кот сам сабе ціхенька завуркатаў.
Спяць ды бачаць самы чарадзейны сон... Бачаць, як быццам да самага краю зямлі дайшлі-дабраліся. Праз лясы ды горы. А там само сонейка сваю брычку майструе, у якой цэлы дзень па-над зямлёй ездзіць. Колы падбівае, завіхаецца. Выглядае нішто сабе: світка залатая, боты бліскучыя. Вось адхінулася сонейка некуды, а гаспадар ды кажа катку:
— Што мы тут дарэмна сядзім? Хоць бы ад сонцавай брычкі адно кола сцягнуць...
— Ды што гэта ты! — замахаў лапкамі каток. — Сонейка высока ходзіць, усё бачыць, злодзеяў ураз знойдзе!
— А вось і не, вусаты-хвастаты! Высока ездзіць яно ў сваёй брычцы! А тая на трох колах не пабяжыць, то і сонейка не паедзе, не ўбачыць, не знойдзе!
— Ды навошта табе адно кола, бязвусы-бясхвосты? Ці ты сабраўся сесці на яго ды паехаць? Ці далёка хоць?
— А як давядзецца...
— А давядзецца проста з гары ды ў калдобіну' Як сабе хочаш, а я зладзеяватай думкі не папушчу! Вось зараз сонейка паклічу, няхай яно цябе пабачыць! — ды спрытна ўскочыў на медны плот, пад якім каля сонцавай сядзібы і хаваліся яны, сябры-змоўшчыкі. — Ну што, паклікаць? — пайшоў кот па плоце.