• Газеты, часопісы і г.д.
  • Імгненні...  Людміла Лазута

    Імгненні...

    Людміла Лазута

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 160с.
    Мінск 2014
    51.74 МБ
    Заглядваю ў лядоўню, каб згатаваць вячэру, бяру курыцу, запакаваную ў жоўты пластмасавы латок, і на табе атрымлівай заданне, спадарыня: успомніла, што мая ўвага сёння мімалётам спынялася на кавалачку газона за кустамі ля нашага пад’езда, куды на перакус збіраюцца мясцовыя бяздомныя каты і коткі, і мы тым часам з суседкай прыстасаваліся іх падчастоўваць. Так званая дапамога братам нашым малодшым. Было чаго спыніць увагу. Там хтосьці разам з ежай выкінуў і мяшэчкі з паперай. Жоўтыя латкі, куды мы налівалі малако для кацянят, таксама забрудзіліся. I вось нашая грамадска-каціная перакусачная выглядала неахайна. Непрыемнасцей чакаць не трэба, лепш іх папярэдзіць. Пайду прыбяруся, пакуль зусім не сцямнела. Пайшла.
    Уважліва прыглядваюся, паправіла акуляры, падняла галінкі куста не, нічога няма: ні смецця, ні «посуду». Няўжо хтосьці разбурыў усю каціную гаспадарку? Можа, і катоў разам прагналі? Учынкі ж розных людзей розныя, мо каму і дакучалі гэтыя каты. Так нехораша выйшла, раней трэба было ўсё гэта зрабіць, а зараз што? Дзе тых коцікаў шукаць, напалохаліся, відаць. Расхвалявалася, што суседцы скажу?
    Падыходзячы да дзвярэй, не страчваючы надзеі, яшчэ раз прыглядаюся і раптам бачу, што ўздоўж сцяны дома, нібы жывыя, аднолькава шпарка рухаюцца па траве абодва каціныя латкі, амаль паралельна адзін аднаму. Што за праява такая? Засумнявалася, падыйшла бліжэй. (А можа, са мной штосьці не так, ці мне падалося, ці сцёклы ў акулярах працёрці трэба?) He, нічога такога ні са мной, ні з акулярамі не здарылася жоўтыя латкі, добра прыкметныя нават у прыцемках, рухаліся.
    У галаве з хуткасцю маланкі адна здагадка змянялася другой: анамальная з’ява, рознасць тэмператур, ціску, мясцовы дамавік дзейнічае, знак іншапланецян!? Рашуча вырашаю назіраць далей. Заўважаю, што за латкамі штосьці такое невялікае варушыцца, таксама рухаецца ў тым жа напрамку, цёмнае і круглае, ледзь прыкметнае. Падкрадаюся бліжэй (ну, не зможа ж яно мяне з’есці) і разумею, што гэта вожык!!! Маленькі жвавенькі звычайны вожык! I паўзе ён за бацькамі, якія накалолі на свае спіны кашачы посуд і вязуць, відаць, у сваю яжыную кватэру. Вось дык прыгоды, ці паверыць у гэта можна? Адкуль вожыкі з’явіліся ў сталічным двары, хіба хто з лесу прывёз, навошта? Зрабіўшы гэтыя вышуковыя мрапрыемствы, мне стала зразумела, хто абрабаваў катоў, і ад таго яшчэ больш радасна ніхто іх сёння не крыўдзіў. А посуд я ім зноў прынясу, чысшейшы і навейшы.
    Пакуль радавалася, латкі ўжо рухаліся з другога боку ад сцежкі, старанна абмінаючы машыны на стаянцы. Нашто гэтыя латкі спатрэбіліся яжынай сям’і? Мо гасцей насклікалі? А вы, чытачы, выпадкова, не ведаеце, мо яшчэ ім відэльцы з абрусам патрэбныя?
    Спецыяльны аглядальнік
    Гэта была звычайная жанчына гадоў каля шасцідзесяці (на той час, з якога я яе памятаю), з прыгожым імем Сцепаніда: сярэдняга росту, з круглым тварам, яшчэ ладнай жаночай постацю, хоць і стаўшай з гадамі заметна важкай. He гледзячы на гэта, Сцеша была вельмі вёрткай. Але больш за ўсё ўражвалі яе вочы, і ні іх анатамічныя асаблівасці, не як у многіх, яны былі невялікія, шэрыя. Уражвала іх ласкавае ўменне ў кожным поглядзе на субяседніка даць адчуць, што з ім цікава і ўсё, што ён кажа, варта запомніць. Адментая акалічнасць характару чалавека. У глыбіні яе позірку нібы хавалася нейкая патаемная думка, і яе вельмі хацелася пачуць агучанай...
    Вось напісала, што звычайная, і захвалявалася. Добра ж ведаю, што не бывае звычайных людзей, тым больш жанчын. Кожны чалавек адзіны на ўвесь наш сусвет. Толькі мы часта пра гэта забываем і пачынаем параўноўваць, падраўноваць і падчэсваць. А на самой справе, немагчыма ж быць усім аднолькавымі, бо ў кожнага ёсць сваё асабістае вызначэнне, і не ад нас гэта залежыць, кожны робіць тое, каму што наканавана.
    Узяць хоць бы жыхароў нашай вёскі: дзядзька Васіль адмысловы штукар, цётка Ніна вышые абрус так, што кветкі на ім выглядаюць, як жывыя, а без песень дзядзькі Рыгора ні адно вяселле не абыйшлося. Калісьці нам, яшчэ падлеткам, казаў наш дзед Іван: «Не тое важна, на якую справу цябе, дзіцятка, вызначыў лёс, на вялікую, ці на зусім простую, важна, што рабіць яе трэба так, каб за цябе яе лепш ніхто не зрабіў. Такі падыход да справы заўсёды дае свой плён, а шчасце само цябе знойдзе». Ну, што ж тут яшчэ можна дадаць?
    Наша суседка Сцепаніда мела ўласцівы ёй талент ад самай маладосці. Зараз яна жыла адна. Муж не вярнуўся з вайны, бацькі даўно пакінулі гэты свет. Адной прыйшлося паднімаць на крыло абодвух дачок і малодшага сына. Пасля яе дзеці паспяхова ўзяліся паднімаць цаліну. Часта пішуць пісьмы, радуюцца працы і заробкам, абяцаюць праз каторы час зноў вярнуцца жыць на роднай зямлі. Вось наша Сцеша і чакае. Нікому не жаліцца, жыве сабе, як умее, усяму радуецца. Уступіць, бывала, на двор і кажа нашай маме: «Ці чула ты, што па радыё дождж абяцалі?» А на твары такая лагодная ўсмешка і столькі радасці ад гэтай навіны, што ўсе мы пачыналі таксама ўсміхацца. А мама тут як тут, усё хутка разумела і казала нам: «Чаго так доўга разважаць, будзе той дождж ці не? Хуценька збірайцеся, ды сухое сена з аселіцы ў пуню знясіце, яго там нямнога. Пра цётку Сцепаніду не забудзьцеся, у яе сена таксама ўжо сухое». А мы і радыя гэта ж колькі новага між іншым ад суседкі даведаемся, калі пашчасціць то першымі.
    Справа ў тым, што Сцепаніда якімсьці невядомым чынам ведала пра ўсе вясковыя падзеі і іх дасканальныя падрабязнасці, у тым ліку і даўно мінулыя. I так здатна ў яе атрымлівалася знаходзіць у справах сувязь часоў, што заставалася толькі здзіўляцца. Часам было і так, здавалася, яшчэ і не зрабілася нічога, вартага грамадскай увагі, а яна ўжо аб гэтым ведала, нават прадбачвала, чым «сэрцы заспакояцца». Аднойчы мы чулі, як тата запытаў суседку, ці не мае яна якое трэцяе спецыяльнае вуха, бо немагчыма было ўявіць, як можна было чуць, стоячы ў сваім двары, якімі словамі сварыліся між сабой Алена з Ганнай на другім канцы вёскі, у якую суботу вырашылі сватацца да Сцяпанавай дачкі, чаму перасталі прыходзіць у госці да суседзяў сваякі з зарэчнай вёскі і з якіх часоў усплылі недагаворкі між імі, калі запланавалі пачынаць рамонт
    маладажоны Рая з Колем, колькі слоікаў вішнёвага варэння ўжо загатавала на зіму здатная гаспадыня Ніна усё гэта і іншага не менш змяшчалася ў непамернай памяці нашай суседкі Сцепаніды і выходзіла праз яе вусны па патрэбе.
    Аб тым, што без працы нічога само з неба не падае, ведаюць многія, і Сцепаніда таксама. Каб першай адчуць пульс жыцця вёскі, яна з самай раніцы наведвалася да суседзяў: справа, злева, насупраць. Запальвала ў печы і ішла. Вярталася да сваіх абавязкаў гаспадыні ў залежнасці ад абставін, часам ужо і дровы згаралі, ледзь паспявала чыгункі з бульбачкай і капусткай у жар паставіць. Навошта ёй гэтыя паходы за навінамі былі патрэбныя, ніхто не разумеў. Затое з лёгкасцю карысталіся пры выпадках звесткамі з бяздоннага ларца ўсёбачнага вока добразычлівай Сцепаніды...
    Многа часу прайшло ад таго здарэння, праз якое да сённяшняга часу памятаюць у вёсцы і з задавальненнем пры выпадку распавядаюць сваім дзецям і ўнукам. He выключэнне і я. Уяўляю, як Сцепаніда, радуючыся цёпламу суботняму чэрвеньскаму вечару, стоячы перад маленькім люстэркам, падвязала пад вузлом валасоў квятастую хустку, апранула святочны жакет і рушыла да цэнтру вёскі, дзе моладзь наладзіла танцы. Уважліва прыглядалася, каб нічога не прапусціць. Здаецца усё, як заўсёды. Хіба толькі Галя нешта не вельмі ахвотна пайшла на вальс з Іванам мабыць, не спадабалася ёй, што ў перапынку ён доўга размаўляў з новай бібліятэкаркай, а ўпэўненасць, што размова была пра кніжкі, мізэрная. Ды нічога, справа маладая, памірацца. За вярсту бачна, што кахаюць яны адзін аднаго, мо і вяселле да восені зладзіцца. «Заўтра зранку зайду да суседзяў, Галіных бацькоў, прыгледжуся, ці рыхтуюцца да вяселля,» з такой думкай Сцепаніда накіравалася дамоў...
    He спяшалася. Надта ж ужо вечар прыгожы. Вакол панаваў пах язміна і ліпы, цёпла, мо і салавейка заспявае... «Не толькі ж пеўняў раніцай мне слухаць, пачакаю трошкі, водарам надыхаюся, паспею яшчэ выспацца,» з рамантычным настроем падумала Сцепаніда і прысела на кусок зрэзанага вялізнага дуба, які ляжаў каля веснічкаў яе хаты і ўжо многа гадоў выконваў ролю лаўкі. He прайшло і колькі хвілін, як яна пачула галасы і ўбачыла размытыя цемрай постаці. «Відаць, Іван Галю дамоў з танцаў праводзіць. Трэба схавацца, каб іх не спалохаць, хай сабе ідуць. А мо і пра вяселле што ненарокам пачую,» маланкава пранеслася ў галаве Сцепаніды. Хуценька падхапілася і схавалася ў вялізны куст бэзу, каля якога якраз і знаходзіўся дублаўка...
    Гэта і сапраўды былі Іван з Галяй. Відаць, ім таксама вельмі падабаўся і гэты цудоўны вечар, і гэты дуб не захацелі ісці далей і селі. Такой змены сюжэту Сцепаніда не чакала, але вылазіць было сорамна. На лаўца, як кажуць, і звер бяжыць пашчасціла нашай Сцешы, бо Галя раптам заспяшалася дамоў, успомніла, што заўтра з мамай паедуць першым аўтобусам у горад, трэба ж ужо пра вясельную сукенку клапаціцца. Весела падхапіліся і хуценька пайшлі як быццам, іх тут і не было. Ад непрадбачна пачутай звесткі пра вяселле ў жанчыны стала радасна на душы. Каму ж кепска, калі моладзь кахаецца і жэніцца? «Відаць, і мяне на вяселле запросяць, я ж Галінаму бацьку раднёй даводжуся, хоць і чацвёртай стрэчы,» такія думкі надта пасавалі гэтай цудоўнай ночы і Сцешынаму лагоднаму настрою. He хацелася нават варушыцца, маладая лістота бэзу прыемна краналася шчакі, і Сцепаніда не заўважыла, як заснула...
    Раніцай тата стаяў каля веснічак і чакаў, каб усе гаспадыні, што жывуць за мостам, паспелі прыгнаць
    Людміла Лазута	 сваіх каровак была наша чарга агульны статак пасвіць. Але ж штосьці незразумелае рабілася, калі каровы параўноўваліся з кавалкам дуба ля двара Сцепаніды: яны раптам спыняліся, паварочвалі галовы ў бок куста бэзу і пачыналі мычаць. Прыходзілася падганяць іх дубцом, каб рухаліся далей. А чаго ж гэта Сцепаніда карову не выганяе? Тата падыйшоў бліжэй: тручы кулакамі заспаныя вочы, Сцепаніда, седзячы ў кусце, разгублена круціла галавой, не разумеючы, дзе яна. Усім астатнім усё было зразумела... Харошы пост праспала.