• Газеты, часопісы і г.д.
  • Імгненні...  Людміла Лазута

    Імгненні...

    Людміла Лазута

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 160с.
    Мінск 2014
    51.74 МБ
    Дружны рогат прысутных хутка прывёў заспаную спадарыню ў пачуццё. Тата чакаў, трэба ж было Сцепанідзіну карову да статку забраць. Калі сваячка падыйшла з поўным вядром сырадою, ён жартоўна заўважыў: «Суседка, мо табе ў раённую газету працаваць уладкавацца? Будзеш добрай спецыяльнай аглядальніцай навінаў». Моўчкі Сцепаніда колькі хвілінаў сур’ёзна паглядала ў яго бок і раптам з нечаканай усмешкай адказала: «Якой «аглядальніцай»?! Я ж нічога не бачыла, толькі чула, вельмі ж цёмна ў кусце было...»
    Мушу дадаць, што нават гэтае здарэнне не паўплывала адмоўна на развіццё таленту Сцепаніды. I нават у больш сталым узросце яна не абыходзілася без прыгод, якія здараліся пры зборы інфармацыі. Яе працягвалі любіць вяскоўцы, бо ткала кросны інфармацыі яна лепш за іншых без злосці, подласці, нават, наадварот з жаданнем дапамагчы носьбітам навінаў. Здаралася, што дапамагала. Памятаючы пра «трэцяе» вуха Сцепаніды, у некаторых надоўга прападала жаданне сварыцца. А што тычылася кахання хай сабе распавядае, каму ж яно шкодзіць? Супраць гэтага нікога не быдо.
    Струны рвуцца
    Вяселле гулялі ўсяго два дні, бо жаніх быў прыезджы, ажно з самога Уралу, і пераезду вясельнага картэжу ад нявесты да жаніха адбыцца не магло, да авіяпералётаў вяскоўцам было так далёка, як да самога неба. Яно, канешне, можна было б і цягніком, як раіў самы старэйшы жыхар вёскі дзядзька Серафім, але ж на каго пакінуць сваю і калгасную гаспадарку? Ды і з другога боку колькі гэта патрэбна напояў і ежы з сабой узяць, каб хапіла на ўсё падарожжа, вяселле ж не павінна спыняцца на сярэдзіне? Улічваючы тое, што амаль трэцяя частка жыхароў вёскі была раднёй маладой, а астатнія суседзямі ці сябрамі, то ўсім мірам вырашылі, што вяселле будзе ў скарочаным варыянце з частковай кампенсацыяй: замест аднаго з паловай дзён у нявесты і ў жаніха паасобку будуць поўныя два дні ў нявесты, на адным месцы. А жаніх з’явіцца з дружбантамі ад сваёй цёткі. Гэтая акалічнасць трошкі засмучала моладзь (калі па праўдзе то не толькі яе), бо адзін дзень весялосці ў прыемным асяроддзі, з дзіўна таленавітымі і знакамітымі на ўвесь раён музыкантамі, трыма Алесямі (гарманіст, скрыпач і барабаншчык), усё ж быў скасаваны. Ды што ж рабіць? Хочаш ці не, але абставін заставацца іуляць на панядзелак нават у самых заўзятых і адмысловых весялуноў не заставалася.
    Але калі добра разгледзець гэтую справу, то ўжо і грэх было праяўляць незадаволенаць, бо магчымасцей для дэманстравання наяўных, расквітнеўшых за паўгода ад апошняга вяселля талентаў, у кожнага было дастаткова. Вазьмі хоць дзядзьку Павала хіба можна было ўявіць яшчэ дзень назад, што ён, паважны і зухаваты ўдавец з кучаравай, хоць ужо і сівой шавялюрай на галаве (можа, з гэтай нагоды яго і клікалі ў вёсцы
    Павалам замест Паўла па пашпарце), пасля трэцяй чарачкі працяжна, на прыгожай высокай ноце зацягне: «Жнвёт мая отрада-а в высоком терему-у-у,» пры гэтым абмахваючыся ад гарачыні, нібы веерам, ражэчкам хусткі ўсё яшчэ прыгажуні Алены, цёткі жаніха, якая жыла ў суседняй вёсцы. Праз Алену і адбылося знаёмства нашых маладых, бо гэта ж яна сказала свайму пляменніку Валодзю, калі той прыехаў да яе пагасціць: «Жаніцца табе ўжо час, і нідзе ты лепшай жонкі, чым Міколава Галя, не знойдзеш. Прыгледзься да яе». Той і прыгледзеўся, паклікаў Галю ў жонкі, яна згадзілася вось вяселле і гудзіць. Ладная пара атрымалася. Абое чарнявыя, рухлявыя, выхаваныя ў працы яны з паўслова разумелі адзін аднаго. Каханне не прымусіла сябе доўга чакаць з’явілася раптам, як быццам па словах Алены, якая ў гэтай справе не памылілася, бо з дзяцінства ведала і Валодзю, і Галю.
    Сама Алена жыла адна, мела ўжо больш за сорак гадоў, але замуж не выйшла, хоць і прэтэндэнты на яе руку і сэрца трапляліся. Высокая, ладна складзеная, з прыгожа ўложанай вакол галавы касой, яна і сёння выклікала зайздрасць у многіх жанчын, але не звяртала на гэта ўвагі усмешка не сходзіла з яе губ і вельмі пасавала да цёмных вачэй і разружавеўшагася твару. Сватаўся да яе аднойчы і Павал, а сватам ў гэтай справе ён запрасіў быць свайго суседа, адмысловага спевуна і веселуна. Алена запрасіла гасцей за стол, пачаставала, а калі трэба было ўжо трымаць адказ, сказала: «За свата твайго, Павал, пайшла б, а за цябе, пакуль што не». Яе «пакуль што» не давала спакою гэтаму чалавеку, надзею ён не страціў. I, мабыць, меў рацыю, бо іначай, як растлумачыць тое, што на вачах усіх гасцей Алена дазваляла Павалу абмахвацца яе хусткай?..
    Песню пра церам спявалі з пачуццём, потым перайшлі на частушкі. Дзіўная справа, здаецца, што
    ўжо ведаеш наперад, хто якую сваю «каронную» частушку заспявае, а кожным разам знаходзяцца новыя, нібы шла паміж працай у кожнага падрыхтоўка, як у тэатры, новага рэпертуару. Калі час і жаданне людзі знаходзілі? А можа, у тым і ёсць асаблівасць жыцця ў вёсцы, побач з прыродай, што ўсе гэтыя трапныя прымаўкі, пагаворкі, філасофскія казкі і прыпеўкі там нараджаюцца ў людзей самі па сабе, з’яўляюцца, як новае лісце на дрэвах вясной, і ніхто не заўважае, калі гэтая дзея адбываецца. «Кожнаму сваё,» так часта сцвярджаў дзядзька Серафім, калі яго жонка дапытвалася, напрыклад, чаму ж ён зноў не паспеў да дажджоў, як усе людзі, дроў нарыхтаваць. А у самыя крытычныя моманты ён дапаўняў:
    Памідоры, агуркі Восенню ў карзіне. Хтосьці ездзіць на кані, Хтосьці ў лімузіне.
    Ну, што тут яшчэ тлумачыць?..
    Весялосць лілася цераз край. I маладыя, і госці былі задаволены, не стаміліся, не гледзячы на тое, што амаль дзве гадзіны цягнуўся абмен падарункамі. Сват паважліва, з прыгаворкамі і жартамі выклікаў на падарунак спачатку хросных і родных бацькоў, потым сваякоў, апасля сяброў, суседзяў. Падарункі ўсім дэманстраваліся, часам былі з якой-небудзь неспадзянкай. Сярод гасцей былі і тыя, хто адорваў маладую сям’ю цялушкай, авечкай, ці нават парсючком. Такі падарунак, канешне, не паказваўся, але каб аб ім не забылася, сват некалькі разоў гучна аб’яўляў, што ён усё запісаў на столі супраць покуці, і вызначаў тэрмін перадачы абяцаных жывых дароў. Потым наступіў час нявесты: яна не толькі ўручала свае падарункі бацькам і блізкім родным жаніха, але і нядоўга танцавала пад гукі гармоніка і скрыпкі з кожным з іх. Пры гэтым сват
    Людміла Лазута	 нахвальваў прыгажосць і годнасць Галі. Параўноўваючы яе то з ясным сонейкам, то з чырвонай ружай, то з хуткім, працавітым ручайком, то са спелай вішанькай, звяртаўся да жаніха, яго бацькоў і радні з пажаданнем любіць, берагчы і шанаваць такую дбайную маладзіцу і абяцаў бацькам Галі трымаць на гэтым фронце пільны кантроль. Кожнаму госцю наліваўся кілішак ад маладых. Адорванне вельмі прыемная і цікавая для ўсіх частка вяселля, бо кожны бок меў магчымасць паказаць на людзях сваю павагу, любоў і добрыя адносіны, цеплыню сэрца і шырыню душы. Нездарма людзі кажуць, што не тое страціў, што аддаў, а тое, што схаваў.
    Тым часам, паціху набліжаўся вечар. Немясцовыя госці адзін за адным ад’язджалі, разыходзіліся і вяскоўцы па вечаровых гаспадарчых справах, заставалася толькі некалькі суседзяў. Ды і то праўда куды ім спяшацца, калі да роднай хаты ўсяго колькі крокаў (праўда, часам вельмі цяжкіх), а вясельныя сталы яшчэ не пустыя, можна на развітанне пачаставацца, пагутарыць спакойна.
    Пара ўжо і музыкам складваць свае інструменты. Самы сталы з іх, скрыпач, падышоў да гаспадара, штосьці ў яго запытаўся і накіраваўся да гаспадыні Ліды, маці Галі, якая якраз развіталася з чарговым госцем. Нахінуўшы галаву, ён запрасіў яе на танец. Ліда спачатку разгубілася, але, глянуўшы на Мікалая, усё зразумела і, хутка развязаўшы вышыты фартушок, сціпла працягнула руку Алесю. Той кіўнуў гарманісту і пад шыкоўныя гукі вальса, закружыўся разам з Лідай. Чароўныя ноты спынілі размовы нешматлікіх прысутных. Штосьці незвычайнае і адначасова вельмі сапраўднае было ў гэтым танцы двух немаладых людзей. Яна, гэтая незвычайнасць, адсвечвалася неспадзяванай пяшчотай на тварах прысутных, нават здавалася, што сцішыўся час. Нечаканым і дзіўным было не толькі
    Людміла Лазута	 тое, што танчыў скрыпач, прыгожымі рухамі постаці і сівой галавы выклікаючы захапленне ў прысутнай моладзі, не тое, што Ліда на якісьці момант на вачах усіх зрабілася маладой і вабнай жанчынай і не тое, што замілаванне жонкай Мікола ўжо не мог схаваць у глыбіні сваіх сініх стомленых вачэй. Кожны разумеў адбываецца нешта такое, што ніколі больш не будзе мець паўтору і ніколі не забудзецца...
    Танец быў нядоўгім. Алесь падвёў Ліду да Мікалая, падзякаваў за дазвол патанцаваць з яго жонкай. Той, у сваю чаргу, выказаў вялікае задавальнне добрым музычным аздабленнем вяселля, каля веснічкаў моцна паціснуў руку кожнаму музыканту. На тым і развіталіся. Уваходзячы ў хату, Мікалай беражліва пагладзіў гладкія валасы Ліды і, гледзячы ёй у вочы, прашаптаў: «Вось і аддалі замуж дачушку, разумніца ты мая...»
    Быў у вёсцы чалавек, які добра разумеў такі нечаканы вясельны фінал. I гэта дзядзька Серафім, сведка гісторыі, што адбылася амаль што дваццаць пяць гадоў назад. У гэтай жа хаце было вяселле, толькі маладымі былі Ліда і Мікалай. А сватам на гэтым вяселлі быў дзядзька Серафім. Музыкамі якраз былі тыя ж Алесі, толькі шмат маладзейшымі. Запаліла каханне ў сэрцы Алеся прыгажуня нявеста з першага погляду скрыпач, як ні стараўся, нічога з сабой не мог зрабіць, маладая кроў, як вядома, на каханне хуткая. Гулянка ў жніўні была, вокны вечарам ва ўсёй вясельнай хаце былі адчынены, у тым ліку і з боку ад нявесты. Пакінуўшы сябрам скрыпку з парванай струной, Алесь пайшоў на вуліцу і, стоячы пад акном за спіной Ліды, ціха і горача шаптаў ёй аб каханні і ўпрошваў збегчы з вяселля разам з ім. Але Мікалай, дзякуй Боіу, з аднаго погляду ўсё зразумеў і ціха, але строга запытаў: «Ты чаго, Алесь, тут пад акном стаіш, табе ж у хаце іграць трэба, людзей весяліць. Сябры так не робяць».
    Апусціўшы вочы, напоўненыя слязьмі, Алесь сумна і з цяжкім сэрцам прамовіў: «Струны рвуцца, Мікалай».
    Госці так нічога і не заўважылі. Вяселле адбылося, як і мела быць. Струну Алесь змяніў. Музыкі пранікнёна рабілі сваю справу, было весела. А што скрыпач быў сумны то гэта хіба творчы настрой. Можа, ён па характару такі сур’ёзны... Свату ж Мікола даручыў не спускаць з Алеся-скрыпача вачэй на ўсялякі выпадак...