Імгненні...
Людміла Лазута
Выдавец: Галіяфы
Памер: 160с.
Мінск 2014
Людміла Лазута на траву, але пры чарговым прыбліжэнні галоснай Зоі схамянуўся, задраўшы галаву, намагаўся ўбачыць Зоін твар.
Э-э, ды ты зусім маладзенькая. Крычы, крычы, калі табе так лягчэй. 3 першым дзіцём заўсёды цяжка, з другім зусім болю не заўважыш мая жонка так казала, яна тут санітаркай працуе. Ты ж ёй пра ровар не кажы, чуеш?
Зоя, не маючы сілаў стрымлівацца, адначасова смяялася і плакала, не лепшым быў выгляд і Гэлі з Наталляй. Чалавек паспрабаваў яшчэ штосьці сказаць, але магутнае Зоіна: «Ой-й-й-й-ій! Адчапіся-я-я-я!» на хвіліну спыніла яго гамонку. Каб хутчэй справадзіць ад акна зваліўшагася на іх галовы «псіхолага-самавучку», падышлі да акна і Гэля з Наталляй. «Дзядзечка, ну, ідзіце ж Вы дамоў. Нам тут не да смеху». Ён, прыгладзіўшы валасы, паспрабаваў справіцца з кашуляй не атрымалася. Потым дадаў: «Дамоў нельга, пайду ровар шукаць. He сумуйце, дзяўчаткі. Я вам на развітанне смешную прыпеўку спяю, матчыну». Жанчыны закруцілі галовамі, замахалі рукамі, але ўсё было марна, для яго гэта нічога не азначала. Прытоптваючы нагамі на дарожцы пад акном, ён усё ж такі праспяваў куплет.
На гэтым канцэрт быў скончаны. Хтосьці хутка ішоў па дарожцы ад варот. Заўважыўшы гэта, наш «выканаўца» затрусіў у супрацьлеглым напрамку, пакінуўшы жанчынам падбадзёрліваючы настрой...
Як і абяцала акушэрка, усе трое справіліся нарадзіць дзяцей у час яе змены. Гэля, як яны ў сям’і марылі, нарадзіла дзяўчынку, Наталля на вялікую радасць мужа хлопчыка, а Зоя двойню. Часам смяяліся, згадаўшы дзядзьку без ровара, але з прыпеўкай.
Якімі шчаслівымі былі гэтыя дні дзеці на свет нарадзіліся!
Колік
Ён і да сённяшняга дня для ўсёй радні застаецца Колікам, хоць ніхто не памятае, калі і хто першы пачаў яго так зваць. Мабыць, усе адразу і адначасова, бо яму гэта вельмі пасавала. Па пашпарту ўсё, як належыць, Мікалай, сын мамінай малодшай сястры Ірыны, мой стрыечны брат. Яны жылі ў Расіі, паехалі калісьці з мужам на будаўніцтва і затрымаліся надоўга. Там Колік і нарадзіўся. Потым яго бацька знайшоў сабе маладзейшую жонку, Колік са сваёй мамай жылі ўдваіх. Летам цётка Іра прывозіла яго да бабулі, а потым, як бабуля пастарэла і здароўе пачало слабець, Колік кожныя летнія канікулы праводзіў у нас, так што гэты перыяд дзяцінства ва ўсіх нас назаўсёды звязаны з прысутнасцю Коліка і з мноствам прыгод з яго ўдзелам.
А на прыгоды ён быў здатны амаль што з нараджэння. Бабуля казала, што ён на дзіва вельмі іучна плакаў, калі быў яшчэ немаўляткам, хоць нарадзіўся вельмі худзенькім, дзе толькі сілы браліся. На сямейным савеце вырашылі, што трэба па чарзе ездзіць дапамагаць цётцы Іры гадаваць гэтага «крыклівага генерала». 3 шасці месяцаў Колік стаў надта хутка расці, a ў дзесяць месяцаў ужо пачаў хадзіць, з гэтым і пачаліся яго прыгоды. Аднойчы ён непрыкметна перакуліўся цераз парог і застаўся ў кладоўцы пасля таго, як бабуля выйшла адтуль і зачыніла дзверы. Яго шукалі, звалі, а ён не адклікаўся. Неяк аднаго разу ўсе збіраліся ехаць на свята ў суседнюю вёску, але не маглі зачыніць дзверы, бо зніклі ключы. Толькі праз гадзіну Колік паказаў, што ключы ляжаць у чыгуне са свіным кормам. А аднойчы самая малодшая маміна сястра перад Вялікаднём ездзіла ў горад набыць штосьці для сябе і гаспадаркі. 3 гэтай наявы паўвуліцы суседзяў далі ёй
грошы на дрожджы для святочных булак. Яна, канешне ж, купіла. Пакуль усе, седзячы вакол стала, слухалі яе распавяданні пра гарадскія навіны, Коліка чуваць не было. А калі адчулі незвычайнасць гэтай цішыні, то было ўжо позна, бо Колік сцягнуў з лаўкі кошык, схаваўся з ім пад сталом у пакоі і, пакрышыўшы на драбязу ўсе брыкецікі дрожджаў, перасыпаў іх між пальцаў, пры гэтым штосьці мурлыкаў сабе пад нос. Бабуля ў той вечар не ведала, як суседзям у вочы глядзець, шкалікам размяркоўваючы паміж імі дрожджы.
За мяне Колік быў старэйшы ўсяго на адзін год, але лічыў малой (я і на самой справе была самай меншай у сям’і), паводзіў сябе важна, не ленаваўся падкрэсліваць гэта ў падыходзячы момант. А такіх і іншых момантаў хапала кожны дзень, яны былі розныя, прадбачыць іх наперад было зусім немагчыма, хіба толькі можна было гэта зрабіць, калі ўвесь дзень трымаць Коліка за руку. Часта, вяртаючыся пасля работы, тата ўжо па дарозе ад суседзяў даведваўся пра навіны і падзеі дня, таму павінен быў іх рэгуляваць. Звычайна, ён сядзеў на кухні (мама найперш старалася даць яму штосьці перакусіць перад вячэрай, і ў нашым выпадку гэта было вельмі мудра). Усе дзеці стаялі насупраць яго. Патрабавалася прысутнасць усяго асабістага дзіцячага складу, асабліва старэйшых, якія (так лічылася ў нашай сям’і) былі ў адказе за паводзіны малодшых. Тата пачынаў пытаць у Коліка: «Скажы, калі ласка, сынку (тата быў хросным бацькам Коліка), чаму ты адчыніў веснічкі і выпусціў у агарод гусей цёткі Ганны? Яны там усю яе капусную рассаду з’елі!» Усе паварочвалі свае галовы ў бок Коліка, хвалюючыся і за яго, і за сябе. Ён спачатку нахіляў сваю віхурыстую (як і характар) галаву ўніз, пры гэтым нам здавалася, што яго вялікія вушы пачыналі хутка лавіць напрамкі для выйсця і знаходзілі яго. Тады ён смела выпростваў худзенькую
Людміла Лазута шыю і, гледзячы на тату, казаў: «Я ж і заўважыў зранку, што цётка Ганна спяшалася і не паспела для гусей травы нарваць, яны так жалобна гагаталі, я іх і выпусціў, каб трошкі пад’елі. Зусім не чакаў, што яны надумаюцца ў агарод за рассадай ісці». Мама падыходзіла да таты і казала, што ў яе шмат гэтай рассады, таму яе хопіць і нам, і цётцы Ганне.
«Чаму ў тваёй сястры на назе такі вялікі сіняк? Навошта ты ў яе ровар адбіраў?» пытаў тата ў наступны дзень. Колік гучна ўздыхаў, уважліва глядзеў сваімі вялікімі сінімі вачыма на мяне, разумеючы, адкуль тата валодае гэтымі звесткамі, потым гучна адказваў: «А я не адбіраў, я проста хацеў, каб яна навучылася на хаду саскокваць з педаляў, у жыцці гэта можа спатрэбіцца». Тата ўважліва паглядзеў на ўсіх нас, потым запытаў: «Ну, саскочыла яна, абадраўшы скуру на назе, але чаму ж ты адразу на гэтым ровары, як маланка, пагнаўся па вуліцы, здолеў пераехаць упоперак хваста курыцы цёткі Ліды, ды так, што з яе ажно яйка выпала? I дзе гэта ўвесь час старэйшыя былі?» I зноў працавалі Колікавы лакатары, трэба ж было старэйшых з гульні вывесці, яны якраз тады пры сваіх справах знаходзіліся. «Хросны, я ж не спецыяльна тое яйка выціскаў, проста цікава было, хто хутчэйшы я на ровары ці курыца, а яйка неспадзявана выпала. Сам вырашыў праехацца, нікому не казаў». I так выходзіла, што пацярпелых не было, бо курыца, як таго не было, шчаслівая пабегла дамоў. Хіба што мая абдзёртая нага, але пра яе ўсе хутка забылі, у тым ліку і я. Згадзіліся, што былі парушаны правілы руху: за перавышэнне хуткасці язды ўвесь наступны дзень Коліку забаранялася нават падыходзіць да ровара. У мяне ён павінен быў прасіць прабачэння штосьці прабурчэў.
Так працягвалася б яшчэ доўга, калі б аднойчы Коліка не падвёз на кані Сцяпан, які разам з бацькамі
і яшчэ з двума братамі жыў праз тры хаты ад нас. Ён быў на гадоў сем маладзейшы за нашага тату. Сярод дзетвары Сцяпан быў знакаміты тым, што ў іхнім садзе расла вельмі адмысловая груша, такой больш ні ў кога не было. Калі грушы паспявалі, то былі жоўтыя, нібы свяціліся на дрэве, сакавітыя, салодкія, як мёд. Сцяпан нас частаваў імі, але ж даваў усяго па адной, і то не кожны дзень пачастунак зарабіць трэба было. Як і яго браты, Сцяпан жонкі не меў. Мама казала, што ў маладосці ён быў закаханы ў татаву малодшую сястру, але яна памерла ад дыфтэрыі ў шаснаццацігадовым узросце. Больш яму ніхто не падабаўся. Аднойчы, праўда, ён даў згоду на знаёмства з дзяўчынай з суседняй вёскі, нават паехалі з братам суботнім летнім вечарам у сваты. Усім было цікава, ці зладзілася справа. Мама раніцай, сустрэўшы Сцяпана ля калодзежа, запытала: «Ну, як справы, ці добрая ж дзяўчына?» Сцяпан, невядома чаму, падняў пустое вядро, потым зноў паставіў яго і адказаў: «Сярэдняя». Было ўсім зразумела, што вяселля ў хуткім часе не будзе...
Аб чым там дамовіліся маўклівы і спакойны Сцяпан і наш непаседлівы Колік, мы не ведалі, але вечарам ён у нашага таты папрасіў дазволу ранкам ісці на калгасную работу: трэба дапамагаць Сцяпану сена вазіць. Тата, параіўшыся з мамай, згадзіўся, бо Сцяпан быў чалавек сур’ёзны, кепскаму хлопца не навучыць. Кодік радасна папрасіў даць яму замест майкі кашулю з доўгімі рукавамі, каб сенам рукі не пакалоць, і, павячэраўшы, хутка лёг спаць заўтра ж рана ўставаць.
Раніцай Сцяпан заехаў за нашым чатырнаццацігадовым працаўніком. Колік з сур’ёзным выглядам важна ўзлез на пусты яшчэ воз, трымаючы мяшэчак з перакусам. Было вельмі хвалююча і адначасова радасна бачыць, як яны селі побач: дарослы, шыракаплечы мужчына і худзенькі, з доўгімі рукамі і нагамі падле-
Людміла Лазута так, абодва з загарэлымі тварамі і ў аднолькавых (толькі рознага памеру) «брызянтоўках» на звісаючых між драбінаў возу нагах. Так і пачалася паміж імі дружба. Коліка раніцай нават будзіць не патрэбна было, падхопліваўся, хутка снедаў і ішоў на калгасны двор, дзе яго страчаў Сцяпан.
За колькі дзён Колік ужо сам запрагаў каня ў воз, ведаў, як патрэбна ўкладваць сена, каб воз быў вялікі, але не разваліўся па дарозе. Аднойчы яны далі мне дазвол разам праехаць на высокім возе з сенам. Як жа прыгожа было бачыць перад сабой павозкі з сенам, якія цягнулі паважныя, прыгожыя коні. Іх ніхто не падганяў, каб не растрэсці гэтыя дзівосныя будавіны. Здавалася, што яны, як караблі, плывуць па зялёным моры луга. Паветра было насычана водарам траў, ужо скошаных і яшчэ расквечаных у розныя колеры, чакаючых сваёй пары, каб потым стаць смачным сенам, якое ператворыцца ў салодкае, адмысловае малако. Мне ўсё гэта здавалася надта дзіўным, хацелася спяваць, але я нават не варушылася, баялася, што сена зараз раз’едзецца і мы ўсе разам павалімся. Трымалася за вяроўку, якой па цэнтру быў сціснуты воз. Па выгляду Сцяпана і Коліка хвалявання зусім не было відаць. Яны амаль што ўвесь час маўчалі, толькі ўсміхаліся, калі воз калыхаўся на няроўнай лугавой дарозе і я войкала ад страху. Колік важна трымаў лейцы, калі-нікалі паварушваў імі, каб конь ведаў, што гаспадар на месцы.