Імгненні...
Людміла Лазута
Выдавец: Галіяфы
Памер: 160с.
Мінск 2014
За месяц ён падрос, еў за дваіх. Ужо не называў мяне малой, з большай павагай ставіўся да маіх зваротаў за дапамогай пры выкананні хатніх абавязкаў. Скончыліся спрэчкі за ровар, ён патрэбен быў ужо толькі пасля работы. Неяк вечарам у суботу Колік папрасіў тату распавесці пра дзеда, якога добра памятаў Сцяпан, бо дзед яго, малога тады Сцяпанку, часта
заклікаў паласавацца мёдам з пасекі, якая славілася на ўсё наваколле. Тата згадзіўся. Мы ўсе расселіся вакол яго на ганку. «Майго дзеда звалі Васілём. Быў ён не вельмі высокі, але дужа моцны. Меў тоўстыя пальцы на руках, шырокія далоні. Многа працаваў, у маладыя гады разам з братамі спрабаваў пашукаць шчасця ў іншых месцах, быў у Краснадары і ў Данецку, ды вельмі па родным краі сумаваў. Калі вярнуўся, то ўсім казаў, што прыгажэйшых мясцінаў, чым нашыя, ён не бачыў. Навучыўся рабіць вуллі, завёў пчолаў, так з’явілася ў нас пасека, любімая яго справа. Мой малодшы брат Іван вельмі любіў мёд, але дзядуля нам больш, як паўстакана ў дзень есці мёду не даваў, казаў, што пашкодзіць. Іван аднойчы да дзеда ўсё прыставаў: «Дай, да дай». Дзед Васіль раззлаваўся: «Вось калі памру, то хоць увесь тады гэты мёд з’еш». Іван уважліва паглядзеў на дзеда, ды кажа: «Калі тое яшчэ будзе, a мне мёду сёння хочацца». He разумеў малы, што дзеда гэтым пакрыўдзіць можна.
Неяк дзед па дровы ў лес паехаў. Вясна была мокрая, ўсе дарогі размытыя. Вязе ён дровы, а конь сярод вялікай лужы стаў: воз не можа з месца зрушыць, колы амаль што ўсе ў зямлю закапаліся. To з аднаго боку дзед воз падпіхвае, то з другога конь ні з месца. Потым выпраг каня, сам пацягнуў воз за аглоблі выцягнуў. Бабуля дома хвалявалася, што ён так доўга з лесу не вяртаўся, пытаецца: «Што здарылася?» Дзед паправіў вылезшую з ботаў штаніну і адказаў: «Дарогі зусім размытыя, а воз вялікі. He дзіва, што конь не мог выцягнуць я і то ледзьве асіліў». Усім было радасна за прадзеда-асілка і разам сумна, што яго ўжо нельга пабачыць. Гэтыя ўспаміны нас, дзяцей, яшчэ болей аб’ядноўвалі, бо ўсе мы лічыліся нашчадкамі дзеда, якога паважаў дзядзька Сцяпан, знакаміты смачнымі грушамі ў садзе.
Сябравалі Сцяпан з Колікам увесь час, пакуль мы жылі ў вёсцы. А гэтае дзіўнае першае лета сяброўства скончылася надта хутка. Цётка Іра прыехала за Колікам у канцы жніўня і была вельмі здзіўлена, бо перад ёю стаяў памужнеўшы, амаль з зусім дарослым поглядам вачэй, прыгожы вясковы хлопец. Ужо калі яны абдымаліся з намі каля аўтобуса, развітваючыся перад ад’ездам, прыйшоў Сцяпан з вялізным кошыкам, напоўненым прыгажунямі-грушамі. Паставіўшы кошык у аўтобус, ён сказаў: «Пачастуеш сяброў, яны такіх грушаў, можа, і не каштавалі. Прыязджай, ты добра ўмееш дапамагаць, без цябе я не спраўлю ўсю работу». Ад гэтых слоў Колік аж засвяціўся ад радасці. Падаўшы Сцяпану на развітанне руку, ён сказаў: «Дзякую Вам, я абавязкова прыеду». Гэта былі словы абсалютна ўпэўненага шчаслівага падлетка, які пры простай сялянскай працы побач са звычайным чалавекам змог убачыць штосьці такое, чаго раней не разумеў і атрымаў магчымаць адчуць прыгажосць развіцця, каб стаць іншым такім, якім яшчэ ніколі не быў, якім яго ніхто не ведаў раней, і не дзеля таго, што гэтага хацелі іншыя, а таму, што яму самому падабалася быць такім. I ніякіх педагагічных падыходаў не спатрэбілася, ніякай мудрагелістасці ў адносінах звычайная празрыстасць вясковага жыцця, якой, на жаль, нам часта не хапае ў нашым спешным, з подбегам, дарослым жыцці.
Так і працавалі кожнае лета Сцяпан з Колікам да самага заканчэння апошнім школы. Потым, як і ўсе юнакі, Колік стаў салдатам тэрміновай службы, там жа вывучыўся на шафёра, уладкаваўся працаваць вадзіцелем «Хуткай дапамогі» у сваім горадзе. Вясковыя летнія канікулы хутка скончыліся для ўсіх выраслі, раз’ехаліся вучыцца. I што тут казаць мы сталелі, a нашы бацькі старэлі, час жа ішоў.
Але сувязі між намі назусім не парваліся: дасылалі святочныя паштоўкі, калі-нікалі мелі тэлефонныя перамовы. Колік заўсёды цікавіўся вясковымі навінамі, дасылаў прывітанні Сцяпану. Аднойчы ў размове я сказала Коліку, што Сцяпан ужо мала ходзіць, вельмі расхварэўся, ногі ў каленях набрынялі, не слухаюцца, боль не дае перадыху нават на сон. У бальніцу ехаць адмаўляецца, не хоча пакідаць аднаго старэйшага брата, бацькі ж даўно памерлі...
Тэлефон званіў надта настойліва і трывожна так здаецца, мабыць, усім, хто, падхапіўшыся на прыканцы ночы, не ўключаючы святло (дзяцей каб не збудзіць), навобмацак са спалоханымі вачамі і сэрцам імчыцца да тэлефона, каб хутчэй спыніць гэты няўчасны звон.
Тэлефанаваў Колік, каб сказаць, што ён у камандзіроўцы, прывёз на спецыяльнай машыне хворага чалавека для далейшых лекаў па месцы жыхарства, гэта не вельмі далёка ад нашых мясцінаў. Атрымаў дазвол у кіраўніцва заехаць да нас, праз гадзіны дзве ўжо сустрэнемся.
- Хачу запытацца, ці зможаш разам са мной наведаць дзядзьку Сцяпана? Я яму лекі прывёз.
- Змагу, у мяне сёння другая змена. Але ж і напалохаў мяне твой начны званок.
- Прабач, я не падумаў пра гэта. Часу мне далі зусім мала.
- Сцяпан будзе вельмі рады. Я хачу ведаць, якія лекі ты прывёз, ты хоць і ездзіш на «Хуткай дапамозе», але ж толькі ў якасці шафёра, а не доктара.
- He турбуйся, сястрычка, я параіўся і купіў розных лекаў ад хваробы ног. I еду я разам з урачом, які суправаджаў нашага хворага (дай, Божа, ім абодвум здароўя). Вось вы разам і вырашыце, што спатрэбіцца дзядзьку Сцяпану...
Я слухала ўзбуджанага Коліка і думала аб тым, колькі намаганняў спатрэбілася майму брату, каб атрымаць гэтую камандзіроўку і дазвол заехаць да нас. Была шчаслівая нечаканасцю сустрэчы, учынкам Коліка і адначасова сумавала, бо ведала, што не прыдумана яшчэ сродкаў ад старасці...
Два найменні лекаў былі якраз для Сцяпанавай хваробы. Назіраючы, як радаваліся сябрукі адзін аднаму, адчувала, што іх сустрэча дапаможа дзядзьку на які час забыцца на ўсе хваробы. Думалася аб дзяцінстве і аб тым, як у тыя далёкія часы цяжка было нават уявіць, што ў глыбіні хітрых вачэй Коліка можа змяшчацца столькі пяшчоты, якую зараз ён дараваў хвораму чалавеку. Яна, гэтая трывалая мужчынская пяштота, стала самай лепшай з’явай сённяшняга Сцяпанавага жыцця. Зразумела таксама і тое, што аб такой, глыбока схаванай, частцы душы майго брата здагадаўся, відаць, дзядзька Сцяпан ужо тады, калі прыладжваў няўрымслівага хлопчыка да простай летняй сялянскай працы. Усяму свой час...
Мясцовыя асаблівасці
Сям’я Здановічаў у вёсцы была адметнай, а гэта выснова грунтавалася болып на саміх развагах гаспадыні Надзеі. Яна так лічыла! Працавала жанчына гандляркай у невялічкім вясковым магазіне, дзе прадавалася амаль усё, што было патрэбным для жыцця на сяле. Былі, канешне, і тыя тавары, што, часам, не толькі дапамагалі, але і шкодзілі пакупніку. Болей маю на ўвазе гарэлачку, асабліва ў чвэртках, якія так нявінна, нібыта бліскучыя маленькія рыбкі ў вадзе, паглядалі з вітрыннай палічкі на актыўных рыбакоў, быццам шэпчучы: «Ну, што тут так доўга думаць, так проста злавіць, колькі тут мяне ёсць, толькі ж пакаштаваць, калі на траіх». Няўстойлівыя так і рабілі, ды часта памыляліся, бо не яны лёгка лавілі гэтую бяда-рыбку голымі рукамі, а яна іх. Моц яе была не ў памеры, каб паваліць, a ў тым, каб заахвоціць здатнага пакупніка. Бывала так «наловяцца», што самі ў шчупакоў-ліхвяроў ператворацца.
Ох, і злаваліся жонкі на Надзею, калі тая напачатку дня прадавала іх гаспадарам такую «рыбку», нават без дастатковых сродкаў, часцяком на «павер», робячы адразу запіс у свой асаблівы сшытак. У большасці pasoy даўжнікі сродкі да канца месяца знаходзілі, але перападала і так: прыйдзе, напрыклад, Іванава Волька купіць макаронаў, а ёй неспадзявана прадавец і кажа: грошыкі павінна яшчэ і за мужа плаціць. Тая патыліцу чухае, незадаволена крэхча, у кашальку рублікі перабірае, але што рабіць плоціць, бо не хочацца ж «дурной славы». Калі хтосьці з такіх жанчын спрабаваў уздзейнічаць на Надзіна сумленне, то тая падрыхтавана, як з кулямета, тараторыла: «Мне выручка даведзена даведзена, факт! А ты сама пільнуй свайго
мужа. Мой жа не купляе». Хто б сумняваўся. Яе Пятро быў сціплым, маўклівым і вельмі працавітым мужчынам. Рабіў ён вартаўніком на калгасным двары. Ноччу беражэ народнае дабро, а днём па гаспадарцы капошыцца, калі ж чалавеча адпачываў? Паважалі яго ўсе: і старыя, і малыя. Вельмі мудрым па прыродзе сваёй ён быў чалавекам. Бывала, заўважваў якую-небудзь асабістую акалічнасць начнога жыцця аднавяскоўцаў пры абыходзе межаў у час нясення сваёй варты, на тым і канец ніхто больш пра гэта акрамя яго не даведаецца. У вёсцы казалі, што Пятро сам ездзіў да начальства прасіцца на вартаўніка, каб менш са сваёй вельмі прадбачлівай і дужа разумнай жонкай бачыцца. А так што ноччу ён на працы, днём яна гандлюе. Во як па-рознаму лёс людзей можа плысці па рацэ быцця, але нішто не гаварыла пра той крызіс, што напаткаў жыццё гэтай пары. Бо жаніўся наш Пятрук на Надзі па вялікаму каханню, нават ад звыштэрміновай службы у арміі адмовіўся (якую прапаноўваюць Далёка не кожнаму), так ляцеў да сваёй галубкі светлавалосай «пышачкі». Пажаніліся хутка, Пятро да парад маці не прыслухаўся, якая раіла не спяшацца, прыгледзецца трошкі. Любая нарадзіла яму двух дачушак, і жылі яны ціха і спакойна.
Здаецца, нічога асаблівага звычайная сям’я. Але Надзея лічыла інакш. Ёй заўсёды хацелася быць найлепшай, прыкладам для другіх. Ды ўжо так прыліпла да яе гэтае жаданне, што ператварылася ў псіхалагічны комплекс, моцную залежнасць, не раўнуючы нібы ў хваробу. Сукенкі сваім дзяўчаткам яна ніколі не заказвала ў мясцовых краўчых, купляла гатовыя ў горадзе, часам, на базе «даставала» штосьці замежнае і вельмі ганарылася з гэтай нагоды, бо было адзенне ў яе дзяўчынак не такое, як ва ўсіх, а самае лепшае. Калі да іх у двор забягала дзятва пабавіцца разам з яе
Людміла Лазута дзяўчынкамі, то яна абавязкова перыядычна клікала сваіх перакусіць пячэннем з малаком, добра ведаючы, што амаль усе астатнія дзеці дома перакусвалі малаком з хлебам, а ў лепшым выпадку з батонам. Калі ў гэты час быў дома Пятро, то ён, канешне, выносіў пячэнне ў двор і частаваў усіх дзяцей. Наконт пачастунку, праўда, Надзея не пярэчыла, бо, зноў жа, не кожны мог сабе дазволіць дзяцей пячэннем частаваць.