• Газеты, часопісы і г.д.
  • ЯК? Азбука паводзінаў  Сяргей Дубавец

    ЯК? Азбука паводзінаў

    Сяргей Дубавец

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 252с.
    Мінск 2009
    58.83 МБ
    Беларусі падаецца па-беларуску. I ў СМІ гучыць беларуская мова, ня так шмат, як хацелася б, але гучыць. У школе пры ўсіх абмежаваньнях ды прафанацыях таксама ня пройдзеш зусім ужо міма мовы. У кнігарні заўсёды набудзеш кнігу па-беларуску. Словам, пры ўсім жаданьні беларускай мовы не праскочыш.
    Але найлепей навыкі мовы закладаюцца ў сям’і.
    Днямі ў забітым тралейбусе я міжволі слухаў, як за сьпінаю дзявочы галасок размаўляе праз тэлефон:
    — Слушай, ну, как бы, позвонн ему, Лукас его зовут, да, он, ну это, говорнт по-англнйскл, ну н скажн, короче, как бы, что я прнеду, да, ну, плюс сорок восем тоже, да. Там еіце, как бы, есть такой, ну Войтек, да, он это, ну белорусскоязычный, да. Нлп ему, нлн Лукасу скажн, как бы, короче...
    Гэтае «ну» звычайна прамаўляецца, каб папіхнуць наступнае слова, якое чамусьці ня надта хоча паказвацца на сьвет.
    Усё добра, мама
    Так з роту дзяўчынкі адна за адной вылазілі жабы, а я думаў пра тое, што моўная неахайнасьць — на любой мове — ніяк ня менш брыдкая за неахайнасьць у вопратцы альбо паводзінах. Якая нармальная мамаша выпусьціць дачку на вуліцу нямытай-неўчасанай? У хлапцоў з гэтым прасьцей, але для дзяўчынкі дагледжанасьць — адзін зь першых крытэраў грамадзкай ацэнкі. I калі яна, з усіх бакоў дагледжаная, адкрывае
    рот, а адтуль — струмень слоўнага сьмецьця, дык усе астатнія прывабнасьці блякнуць.
    Нібы ў працяг маіх думак за сьпінаю зноў зазваніў тэлефон, і я пачуў той самы дзявочы галасок:
    — Прывітаньне, мама. Гэта мой новы нумар. Я памяняла картку. Стары не працаваў, дык мусіла набыць новы. Дзякуй, мама. Даехала нармалёва. Добра, мама. Я табе затэлефаную...
    Размаўляйце па-расейску. На здароўе!
    Ну, зразумела, мама гэтай дзяўчынкі, хутчэй за ўсё, з майго пакаленьня, і вельмі імаверна, што я яе нават ведаю. Але ні абяртацца да дзяўчынкі, ні заводзіць зь ёй размоваў я ня стаў. Усё, што я пачуў, было проста — нармальна. Можа быць, крыху экзатычна, але навошта акцэнтаваць на экзатычнасьці? А норма акцэнту не патрабуе.
    Усё ж такі мудрыя сустракаюцца ў Беларусі бацькі. Яны выпускаюць у сьвет дзяцей з дадатковым запасам зручнасьці. I хто б з тых дзяцей ні вырас, недзе некалі ім проста лішні раз не давядзецца чырванець.
    Найпрасьцей закласьці навык беларушчыны дома, у малых. Бо па-расейску — вы й заўважыць не пасьпееце — яны навучацца самі.
    Гаварыць трэба так, як зручна. Кажыце па-расейску. На здароўе! Але, трапіўшы ў беларускае асяродзьдзе, умейце два словы зьвязаць па-беларуску. Каб не адчуваць этычнага дыскамфорту.
    л
    ЯК ЛЮБІЦЬ?
    Палюбіць вешальніка — Да нас прыехаў рэвізор! — Я цябе зьем... — Рас-тварэньне — Патрыятызм як здрада
    Калі цябе на кожным кроку заклікаюць любіць Беларусь, а пры тым укладаюць у гэты панятак зусім розныя рэчы, гаворка ідзе не пра тое, што ты Беларусь ня любіш і цяпер вось павінен палюбіць. Ясная рэч, любіш — ад самых несьвядомых сваіх гадоў. Проста ты ніколі не спрабаваў выславіць сваю любоў, а тут табе прапануюць гатовыя клішэ. I цяпер усё залежыць ад таго, ці дастаткова моцныя твае ўласныя пачуцьці і ці дастаткова самастойная ты асоба, каб зрабіць «прымерку» гэтых клішэ і зразумець, наколькі адпавядаюць яны тваёй душы і таму, як называюцца.
    Палюбіць вешальніка
    Вось, да прыкладу, дзяржаўная прапаганда на БТ пад выглядам Беларусі навязвае мне вобраз БССР — з тым самым савецкім фальшам
    пра высокія надоі і шчасьлівых вэтэранаў, з папсовымі канцэртамі «За Беларусь!», з апалягетыкай Сталіна, КГБ і Мураўёва-вешальніка, з да непрыстойнасьці ўпартым патрабаваньнем «любнть» Беларусь «по-русскн».
    Ну ніяк не стасуецца такая любоў ані з маім уласным досьведам Радзімы, ані зь яе людзьмі, ані зь яе краявідамі й фальклёрам, ані з творамі Купалы, Багдановіча, Гарэцкага, Арсеньневай, Геніюш, на якія адгукаецца сэрца, ані, натуральна, з мовай.
    Аднак ты заўсёды мусіш задавацца пытаньнем, якому цябе вучылі ў дзяцінстве: паслухай, a можа быць, гэта ты ня маеш рацыі? Можа быць, недаадчуваеш чаго? Можа, не прымаеш гэтых клішэ, бо ўжо заняў сваю душу іншымі? Адкуль ты ведаеш, што твае клішэ — правільныя?
    Разгадка ў тым, што не паміж клішэ мы выбіраем, а паміж любоўю й яе адсутнасьцю або чыімсьці падступным разьлікам. Выключыць з поля зроку тваё прыватнае пачуцьцё й заняцца перабіраньнем клішэ — значыць, асудзіць сябе на бясконцую рэвізію таго, у што некалі верыў.
    Да нас прыехаў рэвізор!
    I праўда ж, колькі цяпер людзей займаюцца рэвізіяй таго вобразу Беларусі, які стаў для цябе звыклым. Маю на ўвазе нават не заказуху, калі нацыянальны пантэон герояў «ачышчаецца» ад усіх неправаслаўных і калябарантаў. Шматлікімі добраахвотнікамі пераглядаецца літаральна ўсё, што ў тваім уяўленьні складае падмурак нацыянальнай ідэі й таго вобразу
    Радзімы, які дагэтуль аб’ядноўваў тваіх суайчыньнікаў у народ.
    Зрэшты, з рэвізорамі разабрацца даволі проста — яны нічога не ствараюць (прынамсі, пакуль не стварылі). А выкідаць нешта з сэрца толькі дзеля таго, каб там засталася пустата, ніхто ў здаровым розуме ня стане.
    3 клішэ дзяржаўнае прапаганды больш складана. Тут, каб адказаць сабе, «а можа гэта я ня маю рацыі?», трэба сапраўды прыслухацца да ўласнае сутнасьці й акрэсьліць, увабраць у вобразы, назваць словамі сваю дагэтуль неўсьвядомленую любоў.
    Але што такое любоў?
    Я цябе зьем...
    Любіць — ні добра, ні дрэнна. Проста любоў — тое істотнае, што адбываецца з табой за гэтыя некалькі дзясяткаў гадоў.
    Калі ў прыяцеля нарадзіўся сын — мабыць, першае дзіця ў нашым асяродку, — паміж іншых анэкдотаў у зьвязку з гэтым мне запомніўся адзін. Мы сьмяяліся з расповеду пра тое, як маці дзіцёнка стаяла зь ім на руках у нейкай менскай чарзе, а цёця ззаду, уперыўшыся ў малечу, з замілаваньнем прамовіла: «Ну какую будем сахарную ручку кушать — левую сахарную ручку нлн правую?»
    Любіць — гэта калі аж зьеў бы! Ты хочаш яго ўвабраць у сябе, праглынуць, пасадзіць да сябе ў сэрца пад замок! Альбо — наадварот. Каб ён цябе ўвабраў, праглынуў, зьеў. Усё гэта выразы таго самага жаданьня: растварыцца — ці яму ў табе, ці табе ў ім. Пры чым любоў да пэўнага чалавека
    нічым не адрозьніваецца ад любові да Радзімы, сваёй зямлі, дому.
    Растварыцца... Колькі разоў мы чулі пра тое, што нехта выказаў жаданьне быць пасьля сьмерці разьвеяным там ці там... Ён проста хацеўувайсьці ў сваю Бацькаўшчыну, быць паглынутым ёю. Але рэальнае месца, якое ён указваў, было толькі «дарожным знакам». Насамрэч ён хацеў, каб яго разьвеялі ў любові.
    Любоў — гэта тое, што царква акрэсьлівае словам «благодать». Гэта тая субстанцыя, якую называюць і Богам (Бог і ёсьць любоў). Мы не кантактуем з гэтай субстанцыяй наўпрост, бо яна існуе ў паралельным вымярэньні. Магчыма, мы ўсе з гэтай субстанцыі прыходзім і пасьля ў ёй зьнікаем. Дарма нехта думае, што ён кагосьці сустрэне на тым сьвеце. Ён жа нікога ня памятае з таго сьвету, адкуль прыйшоў.
    Насамрэч ён прыйшоў зь любові, у яе й вернецца. I ніякай канкрэтыкі. (Прынамсі, да другога прышэсьця.)
    Рас-тварэньне
    Калі ты думаеш, што спаткаеш ТАМ маму ці брата — яно так і ня так. Ты растворысься ў любові — іхнай, сваёй, усіхнай.
    Любоў для зямнога чалавека — растварэньне: кагосьці ў сабе ці сябе ў кімсьці. Рас-тварэньне — гэта тварэньне. Любоў — творчасьць. Творчасьць, якую нарадзіла чыёсьці натхненьне, нараджае натхненьне ў табе, хто гэты твор слухае, чытае, глядзіць.
    Любоў, Бог, творчасьць... Ніводзін сапраўдны
    верш, ніводная сымфонія, карціна не пісаліся безь любові. Гэта — рас-тварэньне.
    Мы знайшлі шмат сынонімаў для любові. Натхненьне, азарэньне, прасьвятленьне... Розныя кантэксты вымагаюць па-рознаму называць тое, сутнасьць чаго нязьменная.
    Любоў — можа быць, гэта воблака, а можа — зоры. I цяпер, калі ты ведаеш, што гэта такое, табе застаецца толькі прыслухацца да свайго сэрца. Што ты там чуеш?
    Патрыятызм як здрада
    Напрыклад, відавочная розьніца паміж паняткамі любіць радзіму і любіць дзяржаву. Радзіма, у адрозьненьне ад дзяржавы, не патрабуе ад нас адданасьці. А дзяржава, чым болып яна аўтарытарная, тым болей хоча ад нас вернасьці, якая насамрэч ёсьць любоўю да кіраўніка.
    За сваю гісторыю беларусы добра навучыліся імітаваць гэтую любоў да розных уладаў і кіраўнікоў. Так добра, што не адрозьніш любоў ад імітацыі. Мабыць, апошнім і самым жорсткім урокам гэтай адданасьці былі савецкія суды над беларускай патрыятычнай моладзьдзю ў 50-я гады мінулага стагодзьдзя. Сотні юнакоў і дзяўчат атрымлівалі катаргу за здраду савецкай радзіме. I так да канца й не маглі ўцяміць, чаму такому яны здрадзілі. Іх радзіма — Заходняя Беларусь — ніколі не была савецкай. Пасьля — нямецкая акупацыя. Чаму ж яны здрадзілі? Іх судзяць за беларускі патрыятызм, які тут называюць «здрадай савецкай радзіме».
    Гэтая розьніца паміж любоўю і клішэ перасьледуе нашу нацыю й сёньня, у незалежнай
    Беларусі. Хтосьці называе паноўны рэжым акупацыйным, а хтосьці — беларускімі ўладамі. Як разабрацца? I ці трэба разьбірацца? Дакладней, паміж чым і чым мы павінны разабрацца? Паміж ляяльнасьцю да рэжыму і любоўю да Радзімы.
    Ты жывеш на сваёй зямлі сярод сваіх людзей і займаесься сваёй справай — і ў гэтым сэнсе беларусы ніяк ня меншыя патрыёты, чым іхныя суседзі. Але гісторыя навучыла іх не атаясамліваць радзіму з рэжымам. Прышчэпка аказалася настолькі моцнай, што за любую правіну ўлады яны гатовыя вынесьці такі прысуд — акупацыйная ўлада.
    Ну вось, нічога новага я не сказаў. Але, акрэсьліўшы, што такое любоў, мы можам прасьцей арыентавацца ў закліках штосьці або кагосьці любіць.
    м
    ЯК МАНІФЭСТАВАЦЬ?
    Вызначэньне жанру — Пікет з разьлікам на арышты — Выпрабаваньне мовы на жывучасьць — Якія абаронцы, такія й каштоўнасьці
    Дзеля чаго праводзяцца акцыі, якія ня маюць ніякага грамадзкага розгаласу й працягу? На гэтае пытаньне ў мяне ёсьць тры адказы: дзеля самасьцьверджаньня актывістаў, дзеля «галачкі», дзеля няўмельства зрабіць усё належным чынам.
    Калі акцыя для таго, каб проста выйсьці з выклікам ды заявіць пра сябе на ўсю вуліцу, бо кроў грае і хочацца рызыкнуць — тады зусім няважна, што напішацца на транспаранце. Калі акцыя сьведама робіцца толькі для таго, каб затрымалі, штрафанулі ці пасадзілі на суткі — значыць, зьвесткі пойдуць у справаздачу парушэньняў правоў чалавека ў РБ, і мы ўнясем свой уклад у нэгатыўны імідж уласнай краіны. Калі ж разьлічвалі на першае, а атрымалася другое, значыць, ня здолелі зрабіць таго, што самі задумалі.