• Газеты, часопісы і г.д.
  • ЯК? Азбука паводзінаў  Сяргей Дубавец

    ЯК? Азбука паводзінаў

    Сяргей Дубавец

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 252с.
    Мінск 2009
    58.83 МБ
    Перагледзьце прэсу пра Аўтуховіча й вы зразумееце, што ўсё зноў зводзіцца да выдачы эмоцыяў за факты. Фармулёвак — ясных і зразумелых для ўсіх — няма. Але няма ў выніку й адпаведнага суперажываньня. Розгалас вакол Аўтуховіча, як і вакол іншых ахвяраў рэжыму, на вялікі жаль, робіцца не па-журналісцку, a па-блогерску, ён складаецца зь недагаворак і прыносіць адваротны эфэкт. Нікому нічога незразумела.
    Затое на мітынгу ўсё няяснае падаецца як факт і ісьціна. Толькі ўсё менш людзей прыпыняюць хаду каля такіх мітынгаў. А чаго яны патрабуюць? — пытаецца цётачка ў каляжанкі. Ды чагосьці свайго, адказвае тая, як тут разьбярэш...
    Штурмаваць не амон, але розум
    Адны здымаюць кінафільм-агітку пра тое, што «Малады фронт» дрэнны, другія — што
    добры. I там і там нацяжкі тырчаць белымі ніткамі. Можа быць, варта аб’яднаць намаганьні, і тады выйдзе праўда? I словы будуць даказаныя да канца?..
    Тым часам «Малады фронт» праводзіць у траўні марш «За незалежнасьць». А што здарылася зь незалежнасьцю? Ды быццам нічога. I на двары не 25 сакавіка... Гэта ня ўлады зьдзіўляе й не амон, а самых што ні ёсьць прыхільнікаў незалежнасьці. Аказваецца, марш праводзіцца на ўгодкі ганебнага рэфэрэндуму 1995 году — за нацыянальную сымболіку і родную мову. Чаму так і не сказаць? Чаму не правесьці марш за мову? Але няма канкрэтыкі, няма праблемы, няма й масавасьці.
    Кажуць, на акцыю выйшлі 13 чалавек... Быццам за 30 гадоў гісторыя зрабіла віток ад трынаццаці да многіх тысяч і назад да трынаццаці. Толькі многія таксама нікуды ня дзеліся. Проста яны перасталі разумець, што адбываецца. Ім недагаворваюць.
    Думаю: а за што б сам пайшоў сёньня? За мову, бадай. I не на пратэставую акцыю (што толку! не для ўладаў гэта патрэбна, а для людзей), а на нейкае сьцьвярджальнае сьвята ў гонар мовы ці на нейкі разумовы штурм. Вось, мабыць, што трэба штурмаваць — не амонаўскія шыхты, a ўласны розум.
    Як ясна адлюстроўваюць сваю эпоху газэты, фільмы, кнігі пачатку 1990-х, ці 1950-х, ці 1920-х... Выразныя карціны часу. А сёньня? Што наш няшчасны нашчадак дазнаецца пра гэтыя дні з блогаў? Ён даведаецца, што гэта была эпоха блогаў. Крыху міма і без асаблівага сэнсу.
    Куды падзявалася адраджэньне?
    А што, скажыце, стала з нашым нацыянальным адраджэньнем? Тым, на хвалі якога Беларусь выйшла з СССР? Ці хто-небудзь гэтую справу працягвае? Такое адчуваньне, што недзе нешта робіцца, толькі няясна што. Агульнай стратэгіі не праглядаецца. Дый адраджэньня — найперш, пашырэньня мовы ў грамадзтве — не відаць і не чуваць.
    Можа быць, трэба неяк зноў сабрацца ўсім разам, як тады, у 1988-м, у Чырвоным касьцёле, і, незалежна ад партыйнасьцяў, назапашаных крыўдаў і антыпатыяў зьверыць гадзіньнікі? Многае зьмянілася вакол нас і ў нас саміх, толькі адраджэньне засталося на ранейшым месцы. Значыць, калі што й рабілася, дык ня так, і гэта трэба прызнаць. I рухацца кудысьці ў іншы бок.
    Некаторыя адраджэнцы цяпер апусьцілі рукі ды спасылаюцца на аб’ектыўнасьць, маўляў, беларусам наканавана быць «дзьвюхмоўнымі». Але гэта ўжо не адраджэньне, бо ў любой варыяцыі азначае дамінаваньне расейшчыны й заняпад беларушчыны. А тое, што патэнцыял беларушчыны яшчэ не раскрыты, зусім ня значыць, што яе трэба хаваць.
    Відавочна, што аўтарытарны рэжым супраць пашырэньня беларускай мовы. Але ж ёсьць яшчэ народ, які ўвесь гэты час прыглядаецца й не бярэ слова. I ўсё яшчэ не гатовы яго ўзяць. Бо тут рэжым, там апазыцыя. Але каб народ сфармаваў сваё стаўленьне да лёсу мовы і да свайго ў ім удзелу, якраз і задумвалася адраджэньне — чын усёй інтэлігенцыі. Куды яна падзявалася?
    Яна сышла з палітыкі, у якой для яе ня стала месца.
    У недаказаных словаў ёсьць, вядома, адна перавага. Яны дазваляюць заклікаць іншых і пры тым быццам вызваляюць цябе ад адказнасьці. Далей можа быць і зусім няясна, хто там і як працягвае займацца зьніклымі, змагацца з рэжымам ці доўжыць справу нацыянальнага адраджэньня. Незавершаныя дэклярацыі дапускаюць незавершанасьць дзеяньня. А мітусьлівы недагавораны час быццам дазваляе не называць усяго гэтага хлусьнёй.
    ЯК ДАРАВАЦЬ?
    Паход у вясёлы дом — Грахі савецкіх часоў — Пралетарскія цноты — Дараваць можна ўсё —
    Гавары...
    Дараваньне — гэта паразуменьне бакоў, у выніку якога не застаецца крыўдаў.
    Табе могуць дараваць на словах, але крыўда застаецца ў сэрцы.
    Калі ты сам сабе нашкодзіў або саграшыў, другім бокам можа выступіць тваё alter ego або, напрыклад, сьвятар.
    Прыяцель распавёў, што на споведзі расказвае бацюшку пра тое, што хадзіў у вясёлы дом. Кожны раз ён туды ходзіць і кожны раз каецца. Але, прызнаўся прыяцель, палёгку на душы адчувае тады, калі выходзіць зь вясёлага дому, а не ад бацюшкі.
    Паход у вясёлы дом
    У перакручаным сьвеце чалавек бывае й не заўважыць, што саграшыў. Зь іншага боку, і бязьвінны ўчынак, што ў пагалосках атэстуецца як грэх, трэба, нібыта, замаліць.
    Апошнім часам, аднак, прыяцель мой крэпка задумаўся пра свае паводзіны й лягічным шляхам прыйшоў да высновы, што ягоныя паходы ў вясёлы дом — ніякі ня грэх, а нешта накшталт візытаў у цырульню ці лазьню. Есьць, маўляў, фізіялёгія, і ніякага дачыненьня да душы яна ня мае. Маўляў, я ж нікому ня здрадзіў і шкоды не зрабіў, а нават і жарсьцю гэта ўсё толкам не назавеш. Можа быць, гэта ўвогуле — «ісьцязаніе»
    плоці з мэтай вызваленьня духу, проста паводле Кірылы Тураўскага, нездарма ж выходжу адтуль ачышчаным (сьвят-сьвят-сьвят).
    Ну вось. Пасьля гэтага й бацюшку прыяцель не забыў, але эпізод зь вясёлым домам са сваёй споведзі выключыў.
    He мая справа ацэньваць гэткія паводзіны прыяцеля. Мне цалкам дастаткова іншага — што ў цяжкой сытуацыі ён сваіх сяброў ня кідае. Хоць ведаю я й такіх цнатліўцаў, якія нават бравуюць тым, што на іх разьлічваць нельга. Унутраныя клопаты чалавека — яны й ёсьць унутраныя, грэшныя ці бязгрэшныя. Мы ж гаворым пра адносіны да іншых.
    (Праўда, што тады рабіць з максымай пра ўдасканаленьне сьвету праз удасканаленьне сябе?)
    Грахі савецкіх часоў
    Гісторыя прыяцеля й вясёлага дому, як мне ўяўляецца, прэтэндуе на вечнасьць. Але для нас гэта ўсё яшчэ збольшага кніжная гісторыя, у якой мы з савецкіх часоў вычытвалі такія грахі, якія ў рэчаіснасьці нават і ўявіць сабе было немагчыма. Цяпер, як той казаў, часы мяняюцца і мы разам зь імі. Патроху мяняецца й ацэнка грахоўнасьці тых ці іншых паводзінаў.
    Памятаеце, «нашы людзі ў булачную на таксі ня езьдзяць»? Я й сёньня ведаю шмат людзей, якім сродкі дазваляюць узяць таксоўку, але яны, спазьняючыся, будуць душыцца ў тралейбусе або пашыбуюць на край сьвету пешшу, толькі б захаваць самаацэнку сябе як «нашых людзей».
    Грахі савецкіх часоў складаліся ў даволі
    стандартны набор. Карыстаньне таксоўкай нітавалася з распустай гэтаксама, як, скажам, абед у рэстаране. Сьпіс нездаровых жарсьцяў дапаўняўся слуханьнем «заходняй музыкі», доўгімі валасамі ў хлапцоў. А свая машына, свая дача, свая ўласнасьць увогуле ўяўляліся прытоеным злачынствам — паводле ўсеагульнае грамадзкае згоды.
    Ня дзіва бывае й сёньня пачуць папрок таксоўкай. Але пры тым па-за ўвагай публікі застаюцца сапраўдныя дэфармацыі маралі. Напрыклад, здрада ў сяброўстве цяпер — ледзьве не нармальная зьява. Прынамсі, малакаго абурае, дый не гавораць пра гэта. Як, між іншым, і пра здраду Радзіме.
    Пралетарскія цноты
    У колішнія часы чалавек разглядаў сваю цемнату, забітасьць і адлучанасьць ад шырокага сьвету як належную для савецкага грамадзяніна цноту. Жыць напоўніцу, «на шырокую нагу» было заганна. Некаторыя зьвязваюць гэта з чалядніцкай спадчынай паўсталага пралетарыяту. Мэтафарай гэтага сталі дамы савецкіх сялянаў. Яны будаваліся з парадным уваходам з вуліцы, хоць, як правіла, гэты ўваход забівалі цьвіком, а хадзілі ззаду — з двара, да сябе дадому — як слугі.
    Са здрадай Радзіме спрэс выходзілі перагібы, бо вернасьць Радзіме навязвалася зьверху. Сяброўства, наадварот, культывавалася нефармальна, найперш — адліжнай маладой культурай шасьцідзясятнікаў, багомнікаў Папы
    Хэма. Культ сябра стаў цэнтральным, пра што б ні ішлося — пра вайну, пра спорт, пра альпіністаў-геолягаў. Сяброўства стала сымбалем веры некалькіх пакаленьняў савецкіх людзей. А здрада ў сяброўстве ўспрымалася як страшны грэх. 3 такіх рэчаў не сьмяяліся.
    Сёньня ж у самым цэнтры сталіцы можна пабачыць вялікі рэклямны шчыт са слоганам «Прадаём сяброў». Гэтак дасьціпнікі заклікаюць купляць аўтамабілі.
    На жаль, дэфармацыя маралі не адбываецца выбарачна. I колькі ні кажы, што мы захавалі найлепшае, што мелі за савецкім часам, гэта ня так. Відаць, гэта сьведчыць пра адзінства маралі, дзе доблесьці й грахі складаюць адно цэлае. I калі «паплылі» грахі, дык «плывуць» разам зь імі й доблесьці.
    Сёньня рэстаран з таксоўкай перасталі быць такімі ўжо забароненымі пладамі. Паступова ■становіцца нормай і прыватная ўласнасьць.
    Хваравіты працэс стабілізацыі новых каштоўнасьцяў — хаатычны й драпежны, са злодзейскай аглядкай. I колькі ні надзімаюць жываты новыя гаспадары жыцьця, колькі ні называюць адзін аднаго «гаспадамі», іх чалядніцкую сутнасьць па-ранейшаму выдаюць забітыя парадныя пад’езды.
    Дараваць можна ўсё
    Пры ўмове, што злачынства, шкода або грэх прызнаюцца ўсімі бакамі. Прызнаньне-раскаяньне ляжыць у аснове любога дараваньня.
    Вось пішуць, што турэцкія гісторыкі просяць
    прабачэньня за генацыд армянаў. Значыць, яны спадзяюцца на дараваньне, і генацыд можна прабачыць?
    Сьвет зладжаны такім чынам, каб жыць уперад, а не назад. Адсутнасьць раскаяньня і, у выніку, дараваньня супярэчыць натуральным законам разьвіцьця. Мы спыняемся й пачынаем прабуксоўваць на месцы.
    Гісторыкі гэта разумеюць, чаго ня скажаш пра чыноўнікаў. Турэцкі ўрад упарта не жадае ня толькі папрасіць прабачэньня, але нават назваць тое, што адбылося, генацыдам.
    Мы спыняемся, калі КГБ не знаходзіць у сабе мужнасьці прызнаць факты злачынных масавых рэпрэсіяў. Калі грамадзкі актывіст умыкае з касай суполкі ў Ганалулу. Калі міністар адукацыі не ўсьведамляе, што загнаў беларускае школьніцтва ў кут. Мы дранцьвеем не ад самога злачынства, а ад адсутнасьці працягу-раскаяньня ці хоць бы прызнаньня. Быццам у кінафільме нашага жыцьця ўвесь час ірвецца стужка.
    Гэта ня важна, што ты ня лічыш свой грэх грахом, калі ёсьць тыя, хто так лічыць. Пагавары зь імі. Дар мовы дадзены табе для гэтага. Можа быць, табе ўдасца пераканаць іх, што твой учынак — нармальны, і калі так, дык ні раскаяньня, ні дараваньня не патрабуецца. He пераканаеш — мусіш раскаяцца, каб жыць далей.