• Газеты, часопісы і г.д.
  • ЯК? Азбука паводзінаў  Сяргей Дубавец

    ЯК? Азбука паводзінаў

    Сяргей Дубавец

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 252с.
    Мінск 2009
    58.83 МБ
    ЯК ВІЛЬНЯВАЦЬ?
    Адчужэньне сябе — Вільня не замежжа — Барацьба фізыкі з мэтафізыкай — Прышчэпка ад русіфікацыі
    Бываць у Вільні, думаць пра Вільню, жыць у Вільні — тое, што я назваў словам вільняваць — абавязковая ўмова беларускае нацыянальнае, мэнтальнае, культурнае паўнавартасьці.
    Ведаю на Астравеччыне такую суполку — «Вільняр». Вільняр — ад Вільні. А што вільняр робіць? Вільнярыць, робіць Вільню. «Рабі пільна, і тут будзе Вільня», — старая прымаўка, якая лепш за любыя факты кажа нам пра тое, што значыць для беларуса Вільня. Прыклад, арыенцір, «куток жаданьняў».
    Але Вільня ў сэрцы — вядсмая, зразумелая й даступная нам праз усю гісторыю — каб не згубіцца сёньня, мусіць дапаўняцца Вільняю наяве.
    Адчужэньне сябе
    Чэслаў Мілаш піша, што слова «Вільнюс» у літоўскай мове зьявілася толькі ў 1918 годзе. Да нас яно прыйшло праз расейскую, дакладней, савецкую. Але для расейцаў, як і для палякаў, аддзяленьне Вільні не было перарэзанаю аортай усяго тысячагадовага духоўнага працэсу. Ім Вільня — страта каму дарагая, каму надзвычай дарагая, але не сьмяротная.
    Тое, што Вільня ўпершыню за ўсю нашу гісторыю апынулася за мяжою, — гэта выпрабаваньне беларускае тоеснасьці, якое можа разбурыць яе, а можа, наадварот, умацаваць. Мы
    становімся творчымі, калі ў нас ёсьць мара. Калі аблокі над намі складаюцца ў абрысы віленскага барока, калі вочы сьвецяцца так, як сьвяціліся ў нашых віленскіх асьветнікаў і герояў, калі проста думаеш пра тое, каб паблукаць у тых вулках ці пасядзець у кавярні, дзе прыходзіла натхненьне да Багдановіча і Купалы...
    Словам, вільняваць — гэта каб захаваць сваю тоеснасьць, каб жыць зь ёю заўтра, каб яна была ня проста тваёй нацыянальнай прыналежнасьцю, а тваім натхненьнем і жаданаю марай. Зразумела, не для сябе захаваць, каб было, a каб трансьляваць яе супляменьнікам, сябрам, блізкім.
    Вільня не замежжа
    I самой Вільні патрэбная наша прысутнасьць. Гэты спрадвеку мультыкультурны горад зладжаны прыродай і Богам так, каб у ім жылі ўсе — балты, славяне, габрэі, татары... Усе. Ужо ад самага пачатку гэта быў горад-суіснаваньне. Яшчэ да таго, як Гедымін пастанавіў будаваць Вільню. Яшчэ калі гэта была ня Вільня, а Крывы Горад, дзе ў пойме ракі гарэў балцкі зьніч, a побач, на гары, стаяў крывіцкі пасад. Тысячу гадоў таму. Колькі за гісторыю ні разбуралі Вільню, колькі ні забівалі яе жыхароў, колькі ні выгарала яна датла, колькі ні мянялася ўлада, усё адно — аднаўлялася Вільня ў сваёй мультыкультурнай сутнасьці.
    Шкада, што сёньня вільняваньне многія беларусы ўспрымаюць як эміграцыю — толькі з-за наяўнасьці мяжы. Калі празь дзесяць,
    дваццаць, пяцьдзясят гадоў мяжа ператворыцца ў фармальнасьць або зьнікне зусім, акажацца, што Вільня — ніякае не замежжа, і што яна захавала сваю сутнасьць калейдаскопу культураў, толькі нас там ужо ня будзе, бо сьвятое месца пустым не бывае, і што наша месца заняў нехта іншы.
    Барацьба фізыкі з мэтафізыкай
    У камэнтарах да эсэ з сэрыі «Як?» мне найчасьцей закідаюць гое, што аўтар жыве ў Вільні, за мяжой, у «дальнім», так бы мовіць, «зарубежжы», за сьцяной Эўразьвязу.
    У 1990 годзе, калі мы канчаткова пасяліліся ўВільні, быў яшчэ Савецкі Саюз, і пра дзяржаўныя межы, якія б падзялілі Беларусь і Літву, ніхто й думаць ня думаў. Адноўленая «Наша Ніва», дарэчы, таксама пачала выходзіць яшчэ ў СССР. Вільня была для менскае публікі адным з улюбёных месцаў для паездкі на дзень — як у кіно схадзіць. Ведаю шмат людзей, якія ўмудраюцца захоўваць для сябе гэтую традыцыю й сёньня.
    Аўтобус зь Менску ў Вільню ішоў дзьве з паловай гадзіны (цяпер — чатыры). Бо гэта ўсяго 170 км. Ад сталіцы бліжэй, чым да самага блізкага абласнога цэнтру Магілёва (200 км). Арэал беларускае мовы пачынаецца ў першай падвіленскай вёсцы, а да сёньняшняй тэрыторыі РБ ад Вільні і ўвогуле 30 км.
    Калі дадаць да гэтага, што ўся мяжа Беларусі й Літвы 650 км, што Віленскі край увесь населены ўперамешку беларускім і літоўскім людам,
    што Вільня — былая сталіца ВКЛ, а пасьля — Заходняе Беларусі, што Віленшчына — гістарычны рэгіён цэнтраімклівага прыцягненьня Вільні — і сёньня яшчэ (у памяці, праўда) улучае беларускую тэрыторыю ў радыюсе больш за сто кілямэтраў — разам з Маладэчнам, дык стане зразумела, што ўся гэтая «фізыка» ўваходзіць у супярэчнасьць з мэтафізыкай новых гістарычных рэаліяў — дзяржаўнай мяжы, Эўразьвязу і «дальняга зарубежжа».
    Прышчэпка ад русіфікацыі
    За апошнія дваццаць гадоў афіцыйная колькасьць беларусаў у Літве скарацілася ўдвая — да 37 тысяч. Гэта тлумачыцца ня толькі міграцыяй і натуральным сыходам, але й вобразам новай Рэспублікі Беларусь, якім ён сфармаваўся ў мясцовага «тутэйшага» насельніцтва. Калі б Менск выступаў для гэтых людзей у якасьці прывабнае й клапатлівае мэтраполіі, іх было б у дзесяць разоў болей. Але ёсьць тое, што ёсьць.
    Болылая страта — тое, што Вільня за гэтыя 20 гадоў быццам перастала быць для беларусаў духоўным цэнтрам, калыскай культуры й нацыянальнай ідэі, якой была на працягу стагодзьдзяў. Гэта зьвязана з тым, што віленскія беларускія актывісты натуральным чынам атрымалі літоўскія пашпарты й сталі дыяспарай, нацменшасьцю. У выніку радыкальна зьмяніўся вэктар іх дзейнасьці й самога мысьленьня. Калі яшчэ ў 1980-я гады яны ўяўлялі сябе нашчадкамі місіі Скарыны, Каліноўскага, «Нашай Нівы» і айцоў-заснавальнікаў БНР, гэта значыць — місіі
    навонкі, для Беларусі, дык закон існаваньня дыяепары скіраваў іх на ўласнае выжываньне, прымусіў думаць найперш пра сябе. Што да місійных паводле прыроды сваёй віленскіх беларускіх установаў — школы, СМІ — дык яны толькі набіраюцца сілаў пасьля цяжкага пэрыяду «зьмены вех».
    Па-сутнасьці, увесь комплекс віленскага духу й віленскіх фактаў — гэта тое, што ў нас саміх найбольш моцна супрацьстаіць расейскай асыміляцыі. Вільня — імунітэт беларуса ад таго, каб ператварыцца ў «тоже русского». Нездарма сёньняшнія русіфікатары так зацята змагаюцца менавіта зь віленскімі знакамі беларускай гісторыі й культуры.
    ЯК ВЫДАВАЦЬ?
    Самі сабе выдаўцы — Забіваць цьвікі мікраскопам — Хто такая Ала Кабаковіч? — Слоўнік сабачых імён — Канкурэнцыя
    У 1995 годзе, калі «Наша Ніва» пераяжджала ў Менск, нехта параіў мне знайсьці «круцяля», які б дапамог газэце разьвівацца.
    Газэта мелася з элітарнага месячніка ператварыцца ў папулярны тыднёвік. I таму быў патрэбны таленавіты прадусар-выдавец, які б, дзякуючы прыроднай інтуіцыі й сувязям, прывёў наша прадпрыемства да посьпеху.
    «Круцяля» я знайшоў. Патомны менскі габрэй узяўся за справу і... зьнік. Выйшла так, як часта выходзіць у Менску — стандартныя ўяўленьні не спрацоўваюць, а стэрэатыпы аказваюцца падманлівымі. Мой габрэй аказаўся запойным п’яніцам і адправіўся ў нірвану свайго менскага шчасьця. Спачатку, здавалася, ненадоўга, але выйшла — назаўжды.
    Самі сабе выдаўцы
    Але ролю адсутнага прадусара ўсё адно мусіць выконваць нехта. Бо літаратуры пішацца шмат, адно за адным прыходзяць новыя пакаленьні аўтараў, а сувязь з рынкам і з чытачом — амаль на нулі. Прадукцыя пыліцца на складах. I там, на складах, яе ганяюць-перастаўляюць туды-сюды, і ўсё гэта з гікам-крыкам, з крэпкім словам-слэмам... А што рабіць? Адбываецца імітацыя абароту прадукцыі ў сьценах закрытага складу.
    Аўтары самі сабе прадусары-выдаўцы. Але
    вядомая тэза, маўляў, «у таленавітым чалавеку ўсё таленавіта» тут не спрацоўвае. Аказваецца, таленавіты творца — гэта, як правіла, кепскі прадусар з крывымі рукамі, кепскі рэдактар бяз навыкаў прафэсіі, кепскі выдавец, чыя прадукцыя ажыцьцяўляе ня ўзьлёт, а пасадку таленту, прычым назаўжды. Кніжка, якая павінна нібыта акрыляць, лягае мёртвым грузам усяго свайго накладу, нібы магільная пліта. Кніжка не выходзіць за межы гіпэрвузкага кола сяброўлітаратараў, бо яе няма каму адтуль вывесьці. Прадусара няма. А сам аўтар зрабіць гэтага ня можа, ня ўмее, дый не павінен.
    Ясна, што знайсьці «круцяля» ў наш час усё больш цяжка. Але якраз у такой знаходцы — самы галоўны спадзеў беларускай літаратурнавыдавецкай справы. Хто вывезе яе прадукцыю са складоў? Хто наладзіць яе абарот на рынку? Хто пачне выдаваць ня толькі тое, што прыйшло само, але й на замову — тое, што можа мець посьпех у чытачоў?
    Забіваць цьвікі мікраскопам
    Праблема №2 вынікае зь першай — няма крытыкі. Быў такі паважаны жанр і зьнік. Закрытыя ў памяшканьні складу гатовай прадукцыі крытыкі ператварыліся ў рэклямнікаў. Зразумела, што пішуць яны цікава й вынаходліва, нашмат лепш за сапраўдных рэклямнікаў. Але, як той казаў, можна й мікраскопам цьвікі забіваць.
    Тым часам стала ў нас шмат паэтаў, і ніхто ня ведае, хто чаго варты. Ніхто не аналізуе, не параўноўвае, а калі й параўноўвае, дык як у тым
    сацрэалізьме — добрае зь лепшым. I вырашылі самі паэты спаборнічаць: хто гучней прачытае верш, той і больш таленавіты. Паэты крычаць, кніжкі выходзяць на склад, крытыкі рэклямуюць... I ўсё адбываецца ў тым самым закрытым памяшканьні.
    Калі няма крытыкі, гэта значыць, пэўных патрабаваньняў, зьнікае адказнасьць за словы, цярпіць доказнасьць, ірвецца пераемнасьць. У выніку нішто не прырастае, а ўвесь працэс ператвараецца ў прабуксоўку.
    Нядаўна на адным літаратурньім форуме ў сеціве прачытаў характэрную дыскусію. Зь нейкай нагоды згадвалася Ала Кабаковіч. А хто гэта такая? Ня ведаю, адказаў адзін літаратар. I я ня ведаю, адказаў другі. I я, азваўся трэці.
    Хто такая Ала Кабаковіч?
    Думаю, можа, мне мярэсьціцца? Бо як ты займаесься беларускай літаратурай, прычым ня лірыкай ці фікцыямі, а ацэнкай ды аналізам, ня ведаючы сваіх папярэднікаў? Неістотна, што жылі яны на пакаленьне ці два да цябе. Ты мусіш ведаць і савецкіх, і антысавецкіх, і даваенных, і нашаніўскіх, і 19-га стагодзьдзя — усіх, хто ўдзельнічаў у літаратурным працэсе і ўплываў на яго. Інакш — пра што размова?
    Таму, калі сустракаеш незнаёмае імя, не выяўляй свае дрымучасьці, лепш паспрабуй зараз жа запоўніць пустату. Вось што мяне зьдзівіла больш за ўсё. Сядзяць у інтэрнэце маладыя літаратары і прызнаюцца адзін аднаму ў няведаньні, хто такая Ала Кабаковіч. Замест таго,
    каб набраць у шукалцы гэтае імя й атрымаць дастатковую інфармацыю.
    Чаму так выходзіць? Лянота зазірнуць у Google?
    Ёсьць звыклая схемафункцыянаваньня ведаў. Скажам, было такое літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк». Вялікае мноства твораў, свая крытыка, сотні лёсаў... Мацярык. I вось прыходзіць пэўны этапны аўтар, усё гэта вывучае й стварае літаратуразнаўчае падсумаваньне — кнігу пра «Маладняк». Цяпер літаратурнаму нэафіту не абавязкова пераворваць увесь мацярык самому, дастаткова прачытаць гэтую кнігу. А калі такой кнігі няма або яе напісалі абы-як? Тады мусіпі усё вывучаць сам... 3 часам, калі пра «Маладняк» зьявіцца не адна, а некалькі кніг, прыходзіць чарговы этапны аўтар, які ўжо на іх падставе стварае падсумаваньне. I гэтак далей. Так выглядае схема пераемнасьці й разьвіцьця працэсу.